Літва першай з рэспублік СССР распачала гэтак званы парад сувэрэнітэтаў. Гэта адбылося 11 сакавіка 1990 году. Цяпер у гэтую дату краіна сьвяткуе Дзень аднаўленьня незалежнасьці. У тым важным працэсе чынны ўдзел бралі й літоўскія беларусы. У згадках сведкаў тых падзеяў ёсьць бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцах Вільні, стварэньне першых грамадзкіх арганізацыяў, шматлікія мітынгі і выбухоўка пад будынкам літоўскага парлямэнту.

Як беларусы дапамагалі літоўцам яшчэ ў пачатку стагодзьдзя

Штогод 11 сакавіка ў Літоўскай Рэспубліцы адзначаюць адмыслова. Менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе дэпутаты Вярхоўнай Рады Літоўскай Рэспублікі амаль адзінагалосна прынялі „Акт пра аднаўленьне Літоўскай дзяржавы“. Гістарычны дакумант грунтаваўся на падпісаным 16 лютага 1918 году „Акце пра незалежнасьць Літвы“, які, як сьцьвярджалася, ніколі не прыпыняў праўнай моцы.

Вярхоўная Рада Літоўскай Рэспублікі абвяшчала: зьнішчанае чужою сілаю ў 1940 годзе ажыццяўленьне сувэрэнных правоў Літоўскай дзяржавы аднаўляецца. Падпісантамі дакуманта сталі старшыня Вярхоўнай Рады Вітаўтас Ландсбэргіс і іншыя парлямэнтарыі. За прыняцьце Акту пра аднаўленьне незалежнасьці галасавалі 124 дэпутаты, шэсьць устрымаліся. Супраць абвяшчэньня Літвы зноў незалежнай дзяржавай не галасаваў ніхто.

Імкненьне да незалежнасьці падтрымлівалі прадстаўнікі ня толькі тытульнай нацыі, але і нацыянальных мяншыняў. Беларусы, жыды, палякі ды іншыя жыхары Літвы таксама змагаліся за свабоду і незалежнасьць дзяржавы. Ня дзіва: абвяшчэньне незалежнасьці Літоўскай дзяржавы 16 лютага 1918 году таксама адбывалася пры актыўным удзеле прадстаўнікоў нятытульных нацыяў.

— Незалежнасьць ня ёсьць справай аднаго дня. Незалежнасьць ёсьць пэўны працэс. І адраджэньне незалежнасьці таксама, — падкрэсьліваў у інтэрвію беларускамоўнай тэлевізійнай перадачы „Віленскі сшытак“ на Літоўскай тэлевізіі журналіст Віталь Каракорскі. — І ў тыя гады ў гэтым працэсе ўдзельнічалі прадстаўнікі ўсіх нацыяў, якія пражываюць у Літве. Гэта трэба памятаць. Таму што ёсьць такія, хто ня хоча гэтага памятаць.

Журналіст, аўтар тэлеперадачы для жыдоў Літвы „Мэнора“ Віталь Каракорскі. Вільня, Літва, 5 сакавіка 2019 г.
Журналіст, аўтар тэлеперадачы для жыдоў Літвы „Мэнора“ Віталь Каракорскі. Вільня, Літва, 5 сакавіка 2019 г.

Грамадзкі дзяяч, колішні старшыня Рады нацыянальных суполак Літвы, чалец Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Віталь Каракорскі нагадаў: у 1918 годзе ў адраджэньні літоўскай дзяржаўнасьці вельмі моцны ўдзел бралі частка беларусаў і частка жыдоў. Прычым ініцыятыва гэтага ўдзелу сыходзіла зь літоўскага боку.

— Літоўцы вельмі добра разумелі, што ім адным ніяк не выпадае [адраджаць уласную дзяржаву], таму што шмат людзей іншых нацыянальнасьцяў побач жывуць. І яны прапанавалі яшчэ ў 1917 годзе на Віленскай канфэрэнцыі прадстаўнікам нацыянальных меншасьцяў увайсьці ў Дзяржаўную раду — Тарыбу, — расказаў Каракорскі. — Ініцыятыва была падтрыманая. Падтрымалі яе менавіта беларусы і жыды. Расейцы ня ўдзельнічалі, таму што, якія-б яны дэмакраты ні былі, яны ўсё роўна былі за „адзіную і непадзельную“, нават не манархісты, нават дэмакраты, сацыял-дэмакраты і канстытуцыйныя дэмакраты, антыбальшавікі, хто заўгодна, але — за „адзіную і непадзельную“. Былі, ёсьць і будуць.

— Так і сёньня мы не павінны забываць, што гэтая салідарнасьць была. Вось у мяне ў архіве ёсьць здымак менавіта таго дня — 11 сакавіка 1990 году: пэўныя маладыя хлопцы стаяць тут, у Вільні, з плакатам „Мы за вольную Літву! Ня верце хлусьлівым інтрыгам Масквы. Беларусь з вамі“. Дарэчы, вельмі актуальны лёзунг і сёньня, — дадаў Каракорскі.

Актывісты на Катэдральнай плошчы. Вільня, Літва, 11 сакавіка 1990 г. Фота з асабістага архіву Віталя Каракорскага
Актывісты на Катэдральнай плошчы. Вільня, Літва, 11 сакавіка 1990 г. Фота з асабістага архіву Віталя Каракорскага

„Ня верылі, што свабоду можна заваяваць толькі са сьцягамі і песьнямі“

На думку грамадзкага дзеяча, старшыні Віленскага гарадзкога клюбу „Сябрына“ Валянціна Стэха, зрухі ў тагачаснай супольнасьці пачаліся пасьля прыходу да ўлады ў СССР Міхаіла Гарбачова і абвешчанай ім перабудовы.

— Гэтая перабудова не адразу дала сябе адчуць, — зазначаў Валянцін Стэх. — Гады з два размовы пра яе раз-пораз узьнікалі, але каб нешта мянялася — гэтага ня скажаш. І толькі ў 1987 годзе пра яе загаварылі больш актыўна.

Паралельна з абвешчанай перабудовай у ЛССР абуджалася нацыянальная свядомасьць і грамадзкая актыўнасьць жыхароў краіны. Стварыць першую ў пасьляваеннай Літве беларускую грамадзкую арганізацыю супольнасьць інспіравалі ў 1986 годзе доктар Валдас Банайціс і паэтка Зоська Верас. Насуперак дэструктыўнай дзейнасьці савецкіх спэцслужбаў „Сябрына“ — напачатку як клюб аматараў беларускай народнай творчасьці — дэ-юрэ пачала існаваць у чэрвені 1988 году.

— Нічога іншага тады не было, але нас і гэта тады перапаўняла, — расказваў Валянцін Стэх. — Нам тады было нязвычна адчуваць сябе паўнавартаснымі грамадзянамі, роўнымі сярод роўных. Мы сталі запатрабаванымі. Да нас людзі пацягнуліся. Мы не рабілі розьніцы паміж беларусамі, літоўцамі, палякамі ці рускімі, мы рабілі галоўны акцэнт на неабыякавасьці да беларускай культуры, да беларускай народнай творчасьці, у прыватнасьці. І незалежна ад нацыянальнасьці, ад узросту, ад адукацыі мы ўсіх гэтых людзей з прыемнасьцю прымалі да сябе.

Пачатак адраджэньня дэмакратычнай Літвы засьведчыў першы несанкцыянаваны мітынг, які адбыўся ў Вільні каля помніка Адаму Міцкевічу 23 жніўня 1987 году. Ягоныя ўдзельнікі публічна асудзілі сумна вядомы „пакт Молатава-Рыбентропа“, заключаны за 48 гадоў да гэтага паміж СССР і Трэцім рэйхам (паводле сакрэтнага пратакола да гэтага дакуманту, Адольф Гітлер і Іосіф Сталін падзялілі сфэры ўплыву ва Ўсходняй Эўропе, і СССР пазьней анэксаваў тры краіны Балтыі).

Налета, 3 чэрвеня 1988 году, 35 асобаў былі абраныя ў ініцыятыўную групу „Літоўскага руху за перабудову“ („Саюдзіса“), а 22–23 кастрычніка таго ж году ў віленскім Палацы культуры й спорту адбыўся ўстаноўчы зьезд гэтай грамадзка-палітычнай арганізацыі. Ад беларусаў Літвы ў якасьці дэлегатаў на яго былі запрошаныя першы старшыня „Сябрыны“ Мікалай Матач і Валянцін Стэх. Тады ж апошні стаў дэпутатам Сэйму першага скліканьня „Саюдзіса“.

Нягледзячы на абвешчаную Гарбачовым перабудову і зьвязаную з гэтым „адлігу“ ў грамадзкім і палітычным жыцьці, савецкія спэцслужбы заставаліся пільнымі. Пасьля таго, як быў утвораны „Саюдзіс“, кіраўніцтва КДБ ЛССР заклікала даць новай арганізацыі „ідэалягічны адпор“. У процівагу „Саюдзісу“ ў лістападзе 1988 году ў Літве паўстала прасавецкая арганізацыя „Адзінства“. Стваральнікі гэтак званага Сацыялістычнага руху за перабудову афіцыйна дэкляравалі намер далучыць да пераменаў усіх грамадзянаў, дасканаліць і гуманізаваць сацыялізм, кіруючыся прынцыпамі раўнапраўя прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў, а таксама сацыяльнай справядлівасьці.

Насамрэч гэтая суполка супраціўлялася аднаўленьню незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі і патрабавала ўвесьці ў краіне наўпроставае кіраваньне прэзыдэнта СССР, аднавіць дзейнасьць савецкіх канстытуцыяў, распусьціць парлямант. У „Адзінства“ уваходзілі савецкія вайскоўцы, супрацоўнікі разнастайных арганізацыяў, людзі з прабальшавіцкімі поглядамі. Члены руху ў Вільні, Клайпедзе й іншых гарадох Літвы арганізоўвалі мітынгі і забастоўкі на прадпрыемствах.

На думку літоўскага гісторыка Чэславаса Лаўрынавічуса, мэтаю „Адзінства“ было ўтрымаць Літву ў структуры Савецкага Саюзу, але сур’ёзных аргумантаў для рэалізацыі гэткіх плянаў практычна не было.

Старшыня Віленскага гарадзкога клюбу „Сябрына“ Валянцін Стэх. Вільня, Літва, 26 лютага 2022 г. Фота з асабістага архіву
Старшыня Віленскага гарадзкога клюбу „Сябрына“ Валянцін Стэх. Вільня, Літва, 26 лютага 2022 г. Фота з асабістага архіву

Паводле Валянціна Стэха, тыя беларусы, якія гуртаваліся вакол клюбу „Сябрына“ і заснаванага ў сьнежні 1988 году Таварыства беларускай культуры ў Літве, падтрымалі якраз-такі Літоўскі рух за перабудову — „Саюдзіс“. Яны стаялі на мітынгах разам зь літоўцамі і прадстаўнікамі іншых народаў ля Тэлерадыёкамітэту і ля парляманту, ля тэлевізійнай вежы і ля Дому друку.

— Як вядома, паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1989 году, у Літве [у той момант] пражывала 62 169 беларусаў. Падчас аднаўленьня незалежнасьці Літвы тутэйшыя беларусы падзяліліся на тры групы. Адны ўспрымалі перамены ў грамадзтве з радасьцю. Другія, наадварот, былі расчараваныя актуаліямі. Трэцяя-ж і асноўная група пасыўна назірала за развіцьцём падзеяў. І такіх людзей было больш за ўсё. Суадносіны паміж тымі, хто быў за незалежнасьць Літвы, і тымі, хто выступаў за захаваньне СССР і Літвы ў складзе гэтай дзяржавы, былі на карысьць першых. Такіх людзей было шмат, яны былі актыўнымі, — згадваў Валянцін Стэх.

Сярод тых, хто выступаў супраць панаваньня савецкай улады, разам зь літоўцамі, украінцамі, рускімі, палякамі, жыдамі і людзьмі іншых нацыянальнасцяў былі й беларусы. На віленскіх плошчах луналі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі, даўно тут ня бачаныя.

— Я думаю, гэта можна зьвязаць са зьяўленьнем першых беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у Літве: і клюбу „Сябрына“, і Таварыства беларускай культуры. Як толькі яны зьявіліся, адразу-ж паўстала пытаньне пра сымболіку, — расказваў Валянцін Стэх. — Я памятаю, Алег Аблажэй, Крысьціна Балаховіч і Лявон Луцкевіч (літоўскія беларусы, якія аднымі зь першых далучыліся да адноўленай беларускай грамадзкай дзейнасьці ў пасьляваеннай ЛССР. — Заўв. рэд.) пераконвалі ўсіх, хто, мажліва, і ня ведаў пра гэты сьцяг, што менавіта гэты сымбаль — наш, менавіта ён павінен лунаць па-над нашымі галовамі, а не тагачасны савецкі дзяржаўны беларускі сьцяг.

Удзельнікі тых падзеяў, прадстаўнікі літоўскага народу, прызнаваліся: ім было сапраўды прыемна бачыць, што іх падтрымліваюць суседзі-беларусы, бо яны ведалі, што будзе крах сістэмы, але ня верылі, што свабоду можна заваяваць толькі са сьцягамі ды песьнямі.

— Хадзілі мы [на мітынгі] з мужам, муж літовец, і я заўсёды з гонарам казала: паглядзі, колькі беларусаў, колькі маіх. Беларускіх сьцягоў сапраўды было вельмі шмат, — казала жыхарка Вільні Ангеліна Якшцене, унучка беларускага грамадзкага дзеяча і асьветніка Станіслава Станкевіча.

Мітынг каля Сэйму Літвы. Вільня, Літва, 17 сакавіка 1990 г. Скрыншот відэа з асабістага архіву Ангеліны Якшцене
Мітынг каля Сэйму Літвы. Вільня, Літва, 17 сакавіка 1990 г. Скрыншот відэа з асабістага архіву Ангеліны Якшцене

Вынікі савецкага панаваньня ў Літве сям’я Ангеліны Якшцене зьведала на сабе: яе дзед у міжваенным дваццацігодзьдзі меў на вуліцы Вострабрамскай беларускую кнігарню, за што пасьля прыходу савецкай улады ў 1944 годзе патрапіў у высылку на дзесяць гадоў, а ягоныя дзеці Міраслава і Яраслаў Станкевічы доўгі час вымушаныя былі захоўваць інфармацыю пра сваё паходжаньне ў таямніцы.

— Помню таксама пачуцьцё нейкага гонару, што ты ўдзельнік гэтых падзей. Мы сапраўды жылі ў вельмі цікавыя часы. Беларусы рабілі тое, што лічылі патрэбным, бо яны рабілі сваю свабоду таксама. Я думаю, што мы рабілі тое, што хацелі рабіць. Мы хацелі дапамагаць — мы дапамагалі. Гэта былі тыя актуаліі жыцьця. Гэта было самае галоўнае на той момант ва ўсім нашым жыцьці. А як інакш? Тыя падзеі, якія адбываліся ў тыя гады ў Літве, гэта было для Літвы самае галоўнае, і само сабой, што гэта было галоўнае для кожнага чалавека, бо ад гэтага залежала яго жыцьцё, — казала Ангеліна Якшцене.

І „Саюдзіс“, і „Адзінства“ арганізоўвалі шматколькасныя мітынгі. Улады, паводле Валянціна Стэха, не перашкаджалі правядзеньню гэтых мерапрыемстваў, разводзячы іх у прасторы і часе.

— Калі незалежнасьць аднаўлялася, тут было даволі шмат мітынгаў. У красавіку 1990 году была блякада [паставак] сыравіны з Расеі на тры месяцы, каб спыніць заводы. Паліва не было, таму многія куплялі паліва ў Савецкай арміі або ехалі ў Беларусь. У красавіку 1990-га з заводаў па ўсёй Літве на аўтобусах прывезьлі рабочых. Перад Сэймам уся плошча была запоўненая аўтобусамі з прыхільнікамі „Адзінства“. І тады Вітаўтас Ландсбэргіс, старшыня Вярхоўнай Рады, пачаў супакойваць іх, казаць, што мы, маўляў, дзеля ўсіх жыхароў Літвы будзем шчыраваць, нам няважна, ці гэта рускія, ці беларусы, ці ўкраінцы, — дзеля ўсіх, бо гэтая ўлада абраная на вольных выбарах, — згадваў удзельнік тагачасных падзеяў, адстаўны капітан Юозас Баршкеціс.

Адстаўны капітан Юозас Баршкеціс. Вільня, Літва, 22 лютага 2022 г.
Адстаўны капітан Юозас Баршкеціс. Вільня, Літва, 22 лютага 2022 г.

„Мы рыхтаваліся да паўстаньня з 1982 году“

Падзеі канца 80-х — пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя крамлёўскія прапагандысты назвалі „парадам сувэрэнітэтаў“. Не дзіва: цягам трох гадоў усе савецкія рэспублікі прынялі дэкларацыі пра незалежнасьць. Першай гэта зрабіла Літва. На думку Юозаса Баршкеціса, аднаўляць незалежнасьць дзяржавы чальцам літоўскага парлямэнту давялося тэрмінова, бо савецкія ўлады ўжо рыхтаваліся прыняць закон, паводле якога ніводная рэспубліка не магла выйсьці са складу СССР бяз згоды на тое іншых рэспублікаў.

— Калі 24 лютага 1990 году праходзілі выбары, у той выбарчай кампаніі абіралі толькі тых камуністаў, якія галасавалі-б за незалежнасьць, якія абяцалі сваім выбаршчыкам: „Мы за незалежнасьць“. Вось тых і выбралі. Яны сабраліся ўвечары 10 сакавіка і абвясьцілі [аднаўленьне незалежнасьці]. Што-ж, была радасьць. Столькі было радасьці, што нарэшце была абвешчаная доўгачаканая незалежнасьць, — згадаў Юозас Баршкеціс.

Але толькі заявіць пра свабоду недастаткова. Яе таксама трэба абараніць і зьберагчы. Гэта прадэманстравалі падзеі халоднага студзеня 1991 году. Тады жыхары Літвы ізноў выйшлі на вуліцы сталіцы — каб абараняць стратэгічна важныя будынкі ад савецкіх вайскоўцаў, якія спрабавалі іх захапіць.

Капітану Юозасу Баршкецісу давялося стаць абаронцам Сэйму Літвы. У студзені 1991 году ён разам з паплечнікамі бараніў будынак парламента краіны ад нападнікаў. Для паспяховага супрацьстаяння чужынскім салдатам абаронцы капалі пад Сэймам тунэлі, рыхтаваліся да прымянення супрацьтанкавых мін і нават авіябомбаў.

Супрацьтанкавы роў каля Сэйму Літвы. 1991 год. Фота з асабістага архіва Юозаса Баршкеціса
Супрацьтанкавы роў каля Сэйму Літвы. 1991 год. Фота з асабістага архіва Юозаса Баршкеціса

— Мы ўжо былі ў парлямэнце 8 студзеня ў 20.00. Ну, з тых часоў я там і застаўся, — расказваў Юозас Баршкеціс. — Мы рыхтаваліся да паўстаньня з 1982 году. У нас назапасілася выбухоўка, а таксама і супрацьтанкавыя міны. Савецкая армія была дэмаралізаваная, таму што афіцэры былі не дурныя, бачылі, як камуністы крадуць, дык, а яны што-ж? Заробкі ў іх невялікія, дык яны нам шмат прадавалі. Мы мелі шмат сакрэтных сховішчаў для той выбухоўкі. У лясах у чатырох раёнах у нас былі сховішчы.

Паводле Юозаса Баршкеціса, ваяваць такім чынам планавалі, таму што больш нельга было пакутаваць ад камуністычнага рэжыму.

— Мы таксама змаглі прывезці да Сэйму і чатыры авіяцыйныя бомбы. Хаця дарогі перакрылі, нам усё выйшла зрабіць ноччу. Дык гэта ўсё ў нас было ў сутарэньнях Сэйму, — сказаў Юозас Баршкеціс. — У мяне гэта было так падрыхтавана: калі парлямэнт захопяць, калі будзе штурм, то заставалася толькі дэтанатар паставіць — і ўсё. Калі-б хтосьці заставаўся жывы (мы зрабілі падземны тунэль-выхад), адыходзячы, яны ўзарвалі-б парлямэнт, каб тут не было калябаранцкага ўраду, калябарантаў чырвоных, камуністаў, маскоўскіх памагатых, марыянетачнай улады, каб тут засталіся толькі руіны.

Дзевяць чалавек зь ліку тых шматлікіх беларусаў, якія ўзялі непасрэдны ўдзел у падзеях напачатку 1991 году, былі ўзнагароджаныя Медалём памяці 13 Студзеня, які яны атрымалі з рук прэзыдэнта Літоўскай Рэспублікі Альгірдаса Бразаўскаса.

Беларусы, узнагароджаныя Мэдалём памяці 13 Студзеня. Вільня, Літва, 1994 г. Фота з асабістага архіву Валянціна Стэха
Беларусы, узнагароджаныя Мэдалём памяці 13 Студзеня. Вільня, Літва, 1994 г. Фота з асабістага архіву Валянціна Стэха

„Мы не сумняваліся ў тым, што Вільня — гэта сталіца Літвы“

Неўзабаве пасьля таго, як Літва абвясьціла пра аднаўленьне незалежнасьці, савецкія ўлады ў чарговы раз паспрабавалі ўбіць клін паміж дзвюма суседнімі краінамі. Пасьля няўдалай спробы ўзяць пад кантроль развіццё палітычных падзеяў у Літве ў студзені 1991-га савецкае кіраўніцтва працягвала імкнуцца перахапіць ініцыятыву і вярнуць страчаныя ў краіне пазіцыі.

За цаной не стаялі: нават у апошні дзень путчу ў Маскве, 21 жніўня 1991 году, у Вільні адбыліся сутыкненьні літоўскіх добраахвотнікаў з вайскоўцамі аддзелу спэцыяльнага прызначэньня Савецкай арміі, у выніку чаго загінуў добраахвотнік Артурас Сакалаўскас. За месяц да гэтага, 31 ліпеня, прадстаўнікі аддзелу міліцыі асаблівага прызначэньня напалі на кантрольна-прапускны пункт у Медніках на літоўска-беларускай мяжы. Сем літоўскіх службовых асобаў былі забітыя, жыцьцё аднаго ўдалося ўратаваць.

А яшчэ раней, неўзабаве пасьля падпісаньня Акту пра аднаўленьне незалежнасьці Літвы, 29 сакавіка 1990 году, Вярхоўны Савет БССР прыняў заяву, у якой патрабаваў вярнуць Беларусі „спрадвечна беларускія землі“ у выпадку, калі Літва выйдзе са складу СССР. Гэтую заяву фактычна падтрымаў Гарбачоў, адзначыўшы, што тэрыторыя Літвы ўключае ў сябе шэраг рэгіёнаў, якія раней належалі Беларусі.

Беларускі палітычны дзяяч Зянон Пазьняк у артыкуле „Віленскі фэльетон“ узгадвае гэты час так: „11 сакавіка Літва абвясьціла аднаўленьне незалежнай дзяржаўнасьці. Масква абурылася, і 29 сакавіка 1990 году Прэзыдыум Вярхоўнага Савета БССР (за подпісам [старшыні Мікалая] Дземянцея) запатрабаваў ад ЛССР вярнуць Беларусі Вільню і прылеглыя беларускія тэрыторыі. У Вільні шок. З „Саюдзіса“ пастаянна званілі ў БНФ, прасілі прыехаць дапамагчы ўладзіць пытаньне. Мы цудоўна разумелі, што гэта несур’ёзная маскоўская гульня, што Дземянцей круглая пешка і што Крэмль хоча зьнішчыць БНФ і ўмацаваць у Вільні камуністаў. Трэцяга красавіка ў адмысловым паведамленьні БНФ ацаніў намеры Масквы і выступ Дземянцея як „палітычны шантаж“. Ня больш. Ніхто сур’ёзна заявы Дземянцея не ўспрымаў. Такія, як Дземянцей, ніколі ня будуць змагацца за вяртаньне Вільні. Яны (камуна-расейскае кіраўніцтва БССР) <…> гатовыя былі прадаць Маскве ўсю Беларусь і сто разоў самі прадацца“.

Дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжэнтайціс. Вільня, Літва, 24 лютага 2022 г.
Дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжэнтайціс. Вільня, Літва, 24 лютага 2022 г.

Паводле дырэктара Інстытуту гісторыі Літвы Альвідаса Нікжэнтайціса, пэўныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да літоўцаў выказвала ня толькі вышэйшае савецкае кіраўніцтва, але і некаторыя беларускія партыйныя дзеячы.

— Міхаіл Гарбачоў заяўляў: калі Літва хоча выйсьці, няхай аддае Клайпедзкі край і Вільню. Здаецца, і партыйны сакратар Гродзенскай вобласьці выказваўся пра гэта. Між іншым, я не знайшоў ніводнага публічнага выказваньня прадстаўнікоў Беларускага народнага фронту пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі да літоўцаў наконт гэтага, — зазначаў Альвідас Нікжэнтайціс.

Ці магла-б Літва стаць незалежнай бязь Вільні? Супрацоўнік Інстытуту гісторыі Літвы доктар гуманітарных навук Чэславас Лаўрынавічус лічыць, што гэта было-б надзвычай драматычным і нават трагічным развіцьцём падзеяў.

— Ці было-б гэта рэальным? Калі адбываюцца такія рэчы — усё рэальна, — пацьвярджаў Альвідас Нікжэнтайціс. — <…> Вядома, мог быць такі варыянт, што Літва магла аднавіць незалежнасьць бязь Вільні. Але я думаю, што гэтак адноўленая незалежнасьць сапраўды не зрабіла-б літоўцаў вельмі шчасьлівымі.

Паводле Альвідаса Нікжэнтайціса, вядомы інтэлектуал, аўтар канцэпцыі УЛБ, паляк зь літоўскімі каранямі Ежы Гедройць казаў, што суседзям трэба адкрываць межы, і гэтае выказваньне варта прымяніць і да стасункаў літоўцаў зь Вільняй. Гісторык лічыць, што варта зразумець: гэты горад дарагі і іншым народам. Таму належыць раскрыць тут пласты і беларускай, і габрэйскай, і польскай спадчыны, не забываючыся на літоўскую.

У 1978 годзе ў лісьце да Чэслава Мілаша літоўскі літаратар Томас Венцлава падкрэсліваў, што для літоўцаў Вільня — гэта падобны на Ерусалім сымбаль гістарычнай пераемнасьці й ідэнтычнасьці. Мысьляр сьцьвярджаў, што, спрачаючыся пра Вільню, спрачаюцца пра гістарычны ранг гэтага горада: ці ён мае быць рэгіянальным, ці належаць да традыцыйных усходнеэўрапейскіх сталіцаў, а таксама — пра ранг і выжывальнасьць Літвы: „Літва бязь Вільні — гэта дзяржава-эфэмэрыда, а зь Вільняй яна вяртае цэлую сваю мінуўшчыну і ўсю гістарычную адказнасьць“.

— Мы не сумняваліся ў тым, што Вільня — гэта сталіца Літвы, і ня ставілі пытаньне, якое гучала з боку некаторых прадстаўнікоў Беларусі, каб Вільню вярнуць, перадаць ці яшчэ якім-небудзь чынам забраць у Літвы. Гэткага пытаньня ў нас не ўзьнікала, — падкрэсьліў Валянцін Стэх.