Нядаўняя спроба грамадзянаў Беларусі ў чарговы раз дэмакратычным шляхам зьмяніць лёс сваёй Айчыны не пакінула абыякавымі, бадай, нікога зь людзей заангажаваных. Трагічныя пэрыпэтыі ў Беларусі вось ужо больш за год пакідаюць сьлед ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці беларусаў замежжа – як грамадзкай, палітычнай, так і культурнай.

Традыцыйна штогод напрыканцы чэрвеня літоўскія беларусы сьвяткуюць дзень летняга сонцастаяньня. Не абмінаюць гэтую завядзёнку і на паўночным захадзе Літвы. Там непадалёку ад неспакойнага ўзьбярэжжа Балтыйскага мора здаўна зьбіраюцца купалаваць беларусы з усіх куткоў Літвы і дзяржаваў-суседак.

Цягам папярэдняй музычнай імпрэзы клайпедзкіх беларусаў была закладзеная новая традыцыя: звыклае купальскае сьвята тут пераўтварылася ў першы ў гісторыі фэстываль пад назоваю “Беларускае Купальле на беразе Балтыйскага мора”. Маладому сьвяточнаму мерапрыемству собіла зьяднаць юных і ўжо добра навучаных жыцьцём прадстаўнікоў розных краінаў балтыйскага рэгіёну. На жаль, гэтым разам замежныя госьці прыехаць у Клайпеду не змаглі. Зрэшты, як кажуць у Літве, няма такога дрэннага, што ня выйшла-б на добрае.

— Гэтае сьвята ў нас адрозьніваецца тым, што яно ўпершыню ня стала міжнародным. Да гэтага мы абавязкова запрашалі ў госьці бліжэйшых суседзяў: з Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Беларусі. А з ўсім вядомых абставінаў прыехаць ніхто ня змог. І мы абышліся сваімі сіламі. І ня дрэнна. І гэты момант дапамог нам выкарыстоўваць сваіх выканаўцаў. І мы ўпершыню пабачылі сьпевакоў зь Вільні: барда Сяргея Шарамета, Сяргея Шанкіна. Мы далі магчымасьць ім больш выкарыстоўваць свае таленты, якія не маглі ў той час быць болей адкрытыя, – сказаў арганізатар клайпедзкага Купальля, старшыня суполкі “Крыніца” і прэзыдэнт Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх арганізацыяў Літвы Мікалай Логвін.

Гэтым разам клайпедзкае Купальле аздобілі музычныя кампазыцыі, якія выконвалі ня толькі мастацкія калектывы, але і сольныя вакалісты. У партовы горад прыехаў ансамбль беларускай песьні “Сьвітанак” Беларускага культурнага цэнтру “Крок”, г.Вісагінас, і ягоны мастацкі кіраўнік Сяргей Шабадалаў. Новая Вільня дэлегавала на сьвята летняга сонцастаяньня ў Клайпеду Сяргея Шарамета і Сяргея Шанкіна. Адказнасьць за годную сустрэчу гасьцей ляжала на плячох удзельнікаў дзіцячага ансамбля “Верасок” і вакальнага ансамбля “Купалінка” беларускай суполкі “Крыніца”, мастацкім кіраўніком якіх зьяўляецца Валянціна Сьнігур.

— Цудоўна, што і на літоўскай зямлі беларусы ўжо каторы год зьбіраюцца разам і запрашаюць сда сябе сваіх сяброў, каб адзначыць гэтае сьвята. Але ў кожнага ў душы жыве той куток, дзе мы нарадзіліся, жылі і таксама сьвяткавалі гэтае непаўторнае летняе таямніцтва, – прамовіў вядоўца імпрэзы Сяргей Шабадалаў.

Купальле на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора цягам доўгага часу непазьбежна ўбірала ў сябе традыцыі бліжэйшых суседзяў. Зрэшты, і беларусы, і літоўцы, і латышы ладзяць у дзень летняга сонцастаяньня спуск ўласнаручна сплеценых вянкоў па імклівай плыні, варажбу на суджанага, карыстаюцца ачышчальнай сілаю купальскага агню ды зачароўваюцца магіяй беларускай песьні.

— Я думаю, што, напрыклад, у мінулым годзе, калі да нас заехалі госьці зь пяці краінаў, гэта быў такі моцны штуршок, які дасьць магчымасьць гэтаму сьвяту пашырацца. У нас ёсьць намер запрасіць гасьцей і з усіх краін, якія яднае Балтыйскае мора: і са Швэцыі, і зь Нямеччыны, і з Калінінградзкай вобласьці, і ёсьць намер зрабіць гэта сьвята на самай справе міжнародным і, магчыма, яго сьвяткаваць не адзін вечар, а два-тры дні ці болей, – падзяліўся плянамі Мікалай Логвін. – Гэта – народнае свята, якое сьвяткуюць нашы продкі амаль на працягу тысячагодзьдзяў. Яшчэ не было хрысьціянства на гэтых землях, а купальскую ноч сьвяткавалі і ў Літве, і ў Беларусі. І я маю спадзявацца, што гэтае сьвята будуць сьвяткаваць і нашыя ўнукі таксама.

Пэрыпэтыі, што скаланулі беларускае грамадзтва напачатку жніўня 2020 году, адбіліся і на важнай музычнай імпрэзе клайпедзкіх беларусаў. Паслухаць, як непадалёку ад партовага гораду зьвіняць песьні беларусаў Балтыі, завіталі і тыя, каму собіла стаць жыхаром Клайпеды зусім нядаўна. Эміграваць ня ў Вільню, а да ўзьбярэжжа Балтыйскага мора пастанавіў і беларускі дасьледчык-біёляг, цяпер супрацоўнік Марскога дасьледчага цэнтру Клайпэдзкага ўнівэрсытэту Дзьмітрый Лукашанец.

— З аднаго боку, сьвяткаваць у такі час, тым больш у такім фармаце, можа быць, ня надта добрая ідэя. З другога боку, жыць у такім трагічным стане таксама нельга. Мы жылі ў Беларусі са жніўня па люты і таксама нейкія сьвяты сьвяткавалі. Усё-ж жыцьцё працягваецца, – зазначыў дасьледчык.

— На мой розум, кожны беларус, які жыве ў Літве, сочыць за тымі падзеямі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі, і спадзяецца, што гэта будзе ня так доўга. І адмовіцца ад тых сьвятаў, якія мы адзначалі не адзін год, я думаю, ня варта, бо кожны дзень сумаваць не патрэбна, – заявіў Мікалай Логвін.