За 35 кілямэтраў на паўночны захад ад Вільні, на ўзьбярэжжы ракі Нярыс, або Віліі,
што зьнітоўвае Літву і Беларусь, знаходзіцца невялікае мястэчка з даўняй
гісторыяй, пакручастай, як мясцовыя сьцяжынкі. Гэта Кярнаве, ці традыцыйна па-
беларуску Кернаў.

Паводле “Хронікі Быхаўца”, Кернаў заснаваў Кунас, сярэдні сын легендарнага
рымскага князя Палямона. Падчас адной з вандровак валадар быў узрушаны
неверагоднай прыгажосьцю тутэйшых краявідаў. Летапіс паведамляе:

…Пануючы ў Жамойцкай зямлі, пачаў Кунас павялічваць ды пашыраць свае ўладаньні і
выходзіць за раку Вяльлю ў зямлю Завельскую. І, перайшоўшы раку Сьвятую, знайшоў ён
месца вельмі прыгожае, і спадабалася яму тое месца вельмі, і ён пасяліў там свайго сына
Кернуса, і назвалі тое месца па імені Кернуса Кернавам.

У кнізе “Краіна Беларусь. Вялікае княства Літоўскае” пісьменьнік Уладзімір Арлоў
даводзіць, што “гэтае паселішча, разьмешчанае на Віліі, было такім самым асяродкам
полацкай калянізацыі, як і Крывіч-горад (Вільня): вынікі архэалягічных раскопак там
дэманструюць тыповы набор знаходак, характэрны для тагачасных беларускіх гарадоў”.
Дасьледчыкі знайшлі тут два тыпы пахаваньняў. Адных нябожчыкаў спальвалі, другіх –
хавалі ў зямлі. У некаторых магілах 13-14 стагодзьдзяў былі знойдзеныя нацельныя
крыжыкі. Паводле гісторыка Алега Дзярновіча, асаблівасьці пахаваньняў можна
патлумачыць сінтэзам культураў мясцовых балтаў і мігрантаў- славянаў. Менавіта гэта
дазволіла ў 2004 годзе ўнесьці Кернаў у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.
Упершыню летапісы згадваюць пра існаваньне Кернава ў 1279 годзе. Паводле
дасьледчыкаў, паселішча мела вялікае дзяржаватворчае значэньне: тут жылі рамесьнікі з
рэдкімі ўменьнямі, ювеліры і гарбары, адсюль ажно да Рыгі дабіраліся першыя літоўскія
купцы Рэмейшыс і Студзіла. Багатае мястэчка бараніў складаны комплекс зь пяці
гарадзішчаў. Драўляныя ўмацаваньні месьціліся на пагорках, утвораных самой прыродаю.
Зрэшты, у другой палове 14 стагодзьдзя, падчас крыжацкіх атак, замкі былі спаленыя,
жыхары горада перабраліся ў іншае месца, а сьляды іхнага побыту паглынула зямля.
Захаваныя прыродным спосабам скарбы вялікакняскай гісторыі цягам некалькіх
дзесяцігодзьдзяў зьяўляюцца аб’ектам пільнай увагі архэолягаў. Таму Кернаў часта
называюць літоўскай Трояй.

Кернаўскія ваколіцы поўныя сапраўдных скарбаў. Пра гэта сьведчаць шматлікія легенды.
Паводле іх, золата і дыяменты тут хаваюцца пад вялікімі камянямі. Пабачыць іх бляск
можна ўначы. Зрэшты, зрабіць гэта набярэцца храбрасьці далёка ня кожны. Ня дзіва: па
кернаўскіх пагорках начамі ходзіць зачараваная каралеўна з чорным сабакам на
срэбраным ланцугу. Зрэшты, спакойны сон тутэйшых жыхароў ахоўвае князь Даўмонт у
ваўчыным абліччы. Некалі, ходзячы па навакольных лясох, князь вызваліў з пасткі
чароўнага белага ваўка. Той аддзячыў за ўратаваньне, паабяцаўшы, што князь пражыве
два жыцьці – чалавечае і ваўчынае. Неўзабаве князь загінуў ад падступнай рукі хцівага
забойцы. Аднак цела не знайшлі, толькі жалезныя латы і каля іх – ваўчыныя сьляды. А
князь, паводле легенды, у абліччы ваўка і дагэтуль ахоўвае свае колішнія ўладаньні.
Скульптура Жалезнага ваўка месьціцца перад касьцёлам Сьвятой Марыі Маці Божай
Шкаплернай, закладзеным тут яшчэ князем Вітаўтам у 1420 годзе. Жалезны воўк зьвязаны зь легендай пра заснаваньне Вільні. Менавіта ён прысьніўся аднойчы падчас
паляваньня вялікаму князю Гедыміну. Сон князя патлумачыў жыў паганскі вяшчун
Лізьдзейка. Ён параіў паставіць на тым месцы горад, слава пра які разьнясецца на
чатыры бакі сьвету, як рык жалезнага ваўка ў княскім сьне. Легенды кажуць, што пасьля
таго, як Літва была ахрышчаная, а паганскае капішча Перуна-Пяркунаса ў Вільні
зьнішчанае, Лізьдзейка перасяліўся разам з вайдэлоткамі на адзін з пагоркаў у Кернаве.
Некаторыя дасьледчыкі называюць Кернаў першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага.
Маўляў, менавіта адсюль у 1321 годзе вялікі князь Гедымін перанёс сваю рэзыдэнцыю
спачатку ў Трокі, а яшчэ праз два гады – у Вільню. За статус першай сталіцы Вялікага
княства Кернаў спаборнічае ня толькі зь легендарнай Ворутай, але і цалкам рэальным
Навагарадкам. Зрэшты, ня дзіва: усе гэтыя гарады зьвязаныя зь імем караля Міндоўга.