Па дарозе зь Вільні на Полацак здалёк відаць сьпічастыя вежы каталіцкага храма.
Гэта – касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля. Сьвятыня ўзьнікла ў Лаварышках у
сярэдзіне 17 стагодзьдзя. Касьцёл не аднойчы перабудоўвалі. Сучасны выгляд
храм займеў напачатку 20 стагодзьдзя. Моц апірышча веры і вастрыню трапнага
слова ў сьвятыні сымбалізуе рыцарскі меч, прымацаваны да касьцёльнага амбону.

Самі Лаварышкі неўзабаве будуць адзначаць пяцісоты юбілей: першая згадка пра
аднайменную вёску датуецца 1523 годам. Храністы адзначалі, што ў ваколіцах
каралеўскага сяла жыве нямала тых, хто нібы багоў шануе зьмеяў.

Паводле мастака, пчаляра і юрыста Барыса Шандрохі, які жыве непадалёку, назва
населенага пункта паходзіць ад роду заняткаў колішніх мясцовых жыхароў. Вяскоўцы тут
варылі лаву – адмысловым чынам выплаўлялі жалеза. Камякі жалезнай руды і сёньня
часта можна сустрэць проста на паверхні зямлі. Штопраўда, мэталургіяй тут ужо даўно не
займаюцца.

Празь мястэчка праходзіць стары каралеўскі тракт з Полацка ў Вільню, якім некалі,
бязвусым юнаком ці мужчынам у росквіце сіл, крочыў Францішак Скарына. Празь пяцьсот
гадоў пасьля гэтага, ужо ў нашыя часы, група энтузіястаў зь беларуска-літоўскай
акадэмічнай супольнасьці пастанавіла ўвекавечыць ягоны маршрут адмысловым
праектам “Культурны шлях Францішка Скарыны”. І для гэтага навукоўцы і грамадзкія
дзеячы летам 2021 году правялі адмысловыя экскурсіі – асобна па тэрыторыі Беларусі,
асобна – па літоўскай зямлі. Першым пунктам у маршруце патэнцыйных турыстаў пасьля
перасячэньня дзяржаўнай мяжы маюць стаць Лаварышкі.

Вось-жа адна з вуліцаў у Лаварышках названая ў гонар Францішка Скарыны. Зрэшты,
ваколіцы вёскі цесна зьнітаваныя зь беларускай гісторыяй ня толькі таму, што тут некалі
крочыў будучы вялікакняскі першадрукар.

— Лаварышкі і ваколіцы найперш зьвязваюцца зь імем Браніслава Тарашкевіча, аўтара
першай беларускай граматыкі, – паведаміў старшыня Таварыства беларускай культуры ў
Літве Аляксандар Адамковіч. – Ён нарадзіўся тут недалёка на хутары Мацюлішкі, пасьля
жыў у Чарнулішках, быў ахрышчаны у Лаварышскім касьцёле. Праўда, як я разумею, па
храналёгіі тут стаяў тады яшчэ іншы касьцёл, а зараз ужо пабудавалі каменны, трошкі, на
два дзесяцігодзьдзі, пазьней.

Увогуле сам касьцёл і Лаварышкі зьвязаны з чатырма беларускімі дзеячамі – гэта
Тарашкевіч, як я назваў, гэта Баляслаў Пачопка, гэта Янкоўскі, вядомы фалькларыст,
сябра Браніслава Тарашкевіча, які зьбіраў і запісваў тут у ваколіцах беларускія песьні,
дарэчы, ён усе свае зборы перадаў у Менск у Акадэмію навук, таму мясцовым
краязнаўцам, хто цікавіцца, варта паехаць туды і пашукаць гэта ў архівах. І таксама тут
служыў вядомы беларускі ксёндз Ян Семашкевіч, больш вядомы як беларускі паэт Янка
Быліна.

Таму вось бачым: невялікая вёска па-за межамі Беларусі, на памежжы, дзе
перакрыжаваліся лёсы адразу некалькі выдатных выбітных асобаў, зь якіх два каталіцкія
сьвятары, адзін лацінскага або заходняга абраду і другі – ўсходняга абраду, які далучыўся
да адраджэньня ўніяцтва. Я думаю, што ўсё ж такі прыйдзе час, і неяк гэтыя асобы
павінны быць ушанаваныя і адзначаныя ў Лаварышках. Альбо праз назву вуліцаў альбо
бібліятэкі, школы і гэтак далей.

Пакуль-жа годна ўшанаваны ў Лаварышках толькі аўтар беларускай граматыкі Браніслаў
Тарашкевіч. Зрэшты, высілкамі беларускіх грамадзкіх дзеячоў тут прайшла выстава,
прысьвечаная грамадзкаму дзеячу, навукоўцу, літаратару і сьвятару Баляславу Пачопку.
Толькі вось ці зьвернуць увагу паспалітыя беларусы на гэтую зямлю, што стала радзімаю
для пляяды іхных выбітных суайчыньнікаў?

— Мы бачым па статыстыцы і расповедах, што тут шмат прыязджае беларусаў,
прыязджаюць менавіта жыць, – зазначыў Аляксандар Адамковіч. – І за савецкім часам
шмат людзей перасялілася, і зараз, ужо за часамі незалежнасьці. Таму гэтае мястэчка
яны таксама не пакідаюць. Але зразумела, што большасьць проста едзе тым шляхам зь
Менска ў Вільню праз Лаварышкі, праз вось гэтую мытню, прапускны пункт – і ўсё. Але я
ня толькі спа- дзяюся, я ўжо бачу і думаю, што гэтае вяртаньне беларускіх сьлядоў тут
адбываецца, і неўзабаве, як мне падаецца, тут будзе адзін з экскурсійных пунктаў па
шляху з Менска або з Полацка ў Вільню.

Непадалёку ад касьцёла Сьвятога Яна Хрысьціцеля, на Лаварышскіх могілках пахаваныя
бацькі і іншыя, больш далёкія сваякі Браніслава Тарашкевіча. 12 лютага 2022 году на
цьвінтары ў прымежных Лаварышках стала на адну беларускую магілу больш. У лепшы
сьвет пайшла апошняя родная пляменьніца Браніслава Тарашкевіча Леанарда Урбановіч.
У доўгую і незваротную дарогу за небакрай яна вырушыла на восемдзесят дзявятым
годзе жыцьця. Паводле старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандра
Адамковіча, са сьмерцю Леанарды Урбановіч “завяршылася цэлая эпоха беларускай
старонкі гісторыі Лаварышак і ваколіцаў”.