Калі пяць вякоў таму Францішак Скарына пастанавіў пераехаць у Вільню, гэты
горад быў сталіцай дзяржавы ў стане вайны. Тады Вялікае княства Літоўскае ў
чарговы раз баранілася ад агрэсіі Маскоўскага княства. Напачатку той ваеннай
кампаніі, 8 верасьня 1514 г. адбылася знакамітая бітва пад Воршай. Тады
трыццацітысячнае войска Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана
Канстанціна Астрожскага разьбіла восемдзесят тысячаў маскавітаў. У гісторыю
гэтая дата ўвайшла як Дзень беларускай вайсковай славы. Да гэткай славы
беларусы імкнуцца і сёньня, ізноў зьяднаўшыся пад імем Канстанціна.
24-га лютага 2022 году Расея напала на Ўкраіну. Беларускія ўлады зрабілі сваю
дзяржаву ў гэтай вайне суагрэсарам. З тэрыторыі Беларусі ўкраінскія населеныя пункты
дзясяткі разоў абстрэльвалі ракетамі. Расейская авіяцыя разьмясьцілася на беларускіх
аэрадромах.
Паводле выданьня The Washington Post, напярэдні вайны міністр абароны Беларусі
Віктар Хрэнін даваў кіраўніку Міністэрства абароны Украіны Аляксею Рэзьнікаву слова
афіцэра, што зь беларускай тэрыторыі ўварваньня ня будзе. Насуперак Хрэнінаваму
слову, расейцы напалі на паўночны ўсход Украіны ў тым ліку і з Гомельшчыны.
— Сёньня мы маем вельмі дрэнную сытуацыю – мы маем акупаваную Беларусь, –
сказаў кіраўнік львіўскага “Беларускага крызыснага цэнтру” Аляксей Францкевіч. – Кожны
дзень зь Беларусі ляцяць ракеты ў бок Украіны. І сёньня ў нас няма часу на нейкую
раскачку, часу, каб нешта абмяркоўваць. Мы павінны ўжо пачынаць дзейнічаць. Сёньня
настаў гэты час.
Беларусы як унутры, так і па-за межамі сваёй айчыны неаднакроць рашуча
пратэставалі супраць агрэсыўных дзеяньняў Расеі ва Украіне і выказвалі падтрымку
ўкраінскаму народу. Зрэшты, шматлікія беларусы пастанавілі бараніць незалежнасьць
Украіны са зброяй у рукох.
— На жаль, сёньня лёс Беларусі у тым ліку вырашаецца ва Ўкраіне, – паведаміў
Аляксей Францкевіч. – То бок у нас, на маю думку, зьявіўся такі гістарычны момант, калі
Ўкраіна пераможа гэту імпэрскую дзяржаву, у нас зьявіцца гістарычны момант пачаць
дэакупацыю Беларусі. У нас зьявіцца мажлівасьць вызваліць усіх беларусаў, зьмяніць
гэтую ўладу, апавясьціць незалежныя, дэмакратычныя выбары і самае галоўнае –
распачаць усе гэтыя дэмакратычныя рухі, вызначыцца з праэўрапейскім напрамкам і гэтак
далей.
Неўзабаве пасьля шостых выбараў прэзыдэнта Беларусі і іхных крывавых наступстваў,
у Львіве, што на захадзе Ўкраіны, пачаў дзейнічаць Беларускі крызысны цэнтар.
Беларусам, якія вымушаныя былі з палітычных прычынаў пакінуць Радзіму,
арганізацыя аказвала юрыдычную і псыхалягічную дапамогу, тлумачыла, як знайсьці
жытло і працу, школу і сямейнага доктара, а таксама спрыяла ў атрыманьні польскіх
гуманітарных візаў. Паводле Аляксея Францкевіча, пасьля нападу Расеі на Ўкраіну
дзейнасьць цэнтру давялося пераарыентаваць.
— Калі мы абвясьцілі аб стварэньні Беларускага крызіснага цэнтру, першымі да нас
зьвярнуліся добраахвотнікі з 2014-2016 году, якія сутыкнуліся са шмат якімі праблемамі,
пытаньнямі: тое-ж самае грамадзянства, людзі страцілі свае пашпарты ў зоне АТО-ООС,
– распавёў Аляксей Францкевіч. – І калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне, мы
першыя дні, першыя месяцы займаліся эвакуацыяй беларусаў, а потым пераключыліся:
гэта ЗСУ, гэта вайсковая дапамога, і дапамога часовым перасяленцам. Як усе ўкраінцы,
як усе мясцовыя арганізацыі, мы робім адну справу.
Некаторыя добраахвотнікі зь Беларусі бралі чынны ўдзел у баявых дзеяньняў на баку
Ўкраіны яшчэ ў 2014 годзе.
Вось-жа ў сакавіку 2022 году як ваяры са стажам, так і нэафіты ўтварылі адмысловую
ваенную фармацыю ў складзе Ўзброеных Сілаў Украіны. Беларускі добраахвотніцкі
батальён назвалі ў гонар правадыра Студзеньскага паўстаньня 1863-64 гадоў Кастуся
Каліноўскага.
— Вельмі добра, што сёння ёсьць, скажам, гонар нашай нацыі – гэта нашы хлапцы, якія
ваююць ва Ўкраіне, падразьдзяленьнях таго самага Палка Каліноўскага, “Пагоні”, у іншых
падраздзяленнях воінскіх часьцей ва Ўкраіне – гэта вельмі добра, – сказаў Аляксей
Францкевіч. – Гэта факт – гэта гонар нашай Беларусі, гэта тыя людзі, якія насамрэч і
вызваляць Беларусь у далейшым. Патрэбна перамагаць расейцаў, пасьля чаго ў нас
абавязкова зьявіцца шанец займацца дэакупацыяй Беларусі. І Беларусь будзе таксама
вольнай і незалежнай краінай.
У траўні 2022 году батальён імя Кастуся Каліноўскага стаў палком. У складзе новай
вайсковай адзінкі зьявіліся два батальёны – „Волат“ і “Ліцьвін”. З нагоды ўзбуйненьня
вайскоўцы займелі новую атрыбутыку – шаўроны з надпісам “Полк Каліноўскага”, а
таксама палкавы сьцяг.
Адмысловы штандар Палку імя Кастуся Каліноўскага перадалі… віленскія беларусы. Пра
гэта паведаміла афіцыйны сьпікер вайсковага падразьдзяленьня Крысьціна Станкевіч,
пазыўны “Чабор”.
Паводле яе, галоўны баявы сымбаль воінскага падразьдзяленьня выраблены ў
адпаведнасьці з ўсім воінскім канонам.
Палкавы сьцяг асьвяцілі падчас Сьвятой імшы ў Віленскай Архікатэдры базіліцы Сьвятых
Станіслава і Ўладзіслава. Літургію адслужыў рэзыдэнт-сьвятар Сьвятыні Міласэрнасьці
Божай айцец Эліяс Маркаўскас. Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі штандар
уручылі прадстаўнікам палка.
— Для Рады БНР ёсьць вялікім гонарам уручыць вам баявы штандар і такім чынам
выказаць вам удзячнасьць і блаславеньне ад беларускага народу, вольным голасам якога
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зьяўляецца ўжо болей стагодзьдзя, – сказала ў
адмысловым звароце да ваяроў старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. – Малю
Ўсёмагутнага за нашую агульную перамогу і каб апекаваўся кожным і кожнай з вас, пакуль
ня вернемся ўсе разам у сваю родную Беларусь. Памажы вам Божа! Жыве Беларусь!
Слава Украіне!
Асьвячэньне сьцягу палка імя Кастуся Каліноўскага сымбалічна адбылося менавіта ў
Вільні: за пяць гадоў да гэтага тут, на самай вяршыні Замкавай гары, у працэсе
архэалягічных досьледаў знайшлі парэшткі ўдзельнікаў Студзеньскага паўстаньня і іхных
правадыроў Зыгмунта Серакоўскага і Кастуся Каліноўскага.
Напрыканцы лістапада 2019 году інсургенты знайшлі вечны спачын на віленскіх могілках
Росы.