Сёлета Віленская гімназія імя Францішка Скарыны ўжо ў другі раз стала асяродкам
адмысловага музычнага міжкультурнага дыялёгу. Беларускія, літоўскія, польскія і
ўкраінскія сьпевы зьліліся на дзіцячым фэстывалі пад назоваю “У шматгалосай
Вільні гучыць і мая родная песьня”. Гэтак называецца адмысловы міжнародны
дзіцячы фэстываль. Віленская гімназія імя Францішка Скарыны ўжо двойчы стала
месцам яго правядзеньня. Нездарма: літоўскія беларусы ў арганізацыі маштабных
музычных імпрэзаў маюць вялікі досьвед.
— Галоўнае ў гэтым – тыя фэстывалі беларускай песьні, якія прыдумаў наш Лявон
Адамавіч Мурашка, першы прэзыдэнт Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх арганізацыяў
Літвы. І я ўдзельнічала амаль ва ўсіх, – сказала выкладчыца музыкі Валянціна Кавальчук.
– І ў старшыні Таварыства беларускай школы спадарыні Алены Забельскай і ўзьнікла
такая ідэя: а чаму-б не зрабіць такое дзіцячае сьвята, зь дзецьмі?
— У нас ёсьць фэстываль беларускай песьні, які праходзіць для, скажам, больш
дарослай публікі, – пацьвердзіла Алена Забельская. – Таму ў нашай гімназіі, бо ў нас
вучацца дзеці, зарадзілася такая ідэя: зрабіць дзіцячы фэстываль беларускай песьні.
Вельмі хацелася-б, каб вось у гэтым шматгалосьсі гучала свая, родная беларуская мова,
родная беларуская песьня.
Упершыню сьмелая задума арганізатараў маштабнай музычнай імпрэзы
ажыцьцяўлялася ў ня надта спрыяльны час: на колькасьць удзельнікаў першага
фэстывалю істотна паўплывала эпідэмія каранавіруса. Сёлета гэаграфія мерапрыемства
пашырылася на дзьве краіны. Беларусаў польскага Падляшша на музычнай імпрэзе
прадстаўляў вакальны ансамбль „Зьнічка”, які складаюць вучні Другога
агульнаадукацыйнага ліцэю з дадатковым навучаньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы.
— Гурт пастанавіў скарыстацца запрашэньнем і прыехаў сюды, таму што мы любім
сьпяваць, любім глядзець, як іншыя сьпяваюць, весяліцца разам і таму мы тут, – сказала
мастацкі кіраўнік вакальнага ансамбля „Зьнічка” Ганна Фіта. – Для кожнага Вільня
асацыюецца з чымсьці іншым. Для больш сталых асобаў, напэўна, нейкая настальгія
яшчэ ёсьць. Для маладых – гэта сталіца, якую яны з ахвотаю наведалі-б і спазналі-б.
З ахвотаю наведалі сталіцу і беларусы зь літоўскага ўзмор’я. Ня дзіва: спакрэвічам з
Клайпеды не ўпершыню даводзіцца дзяліцца скарбамі сваёй багатай культуры з
прадстаўнікамі іншых народаў.
— Ну як мы маглі прапусціць такое дзеяньне? Мы-ж беларусы, – зьдзівілася Валянціна
Сьнігур, мастацкі кіраўнік дзіцячага ансамбля “Верасок” беларускага аб’яднаньня
“Крыніца” з Клайпеды. – Песьні пяюцца і на беларускай мове, і ў горадзе Вільні беларусы
таксама ёсьць, і беларускія песьні сьпяваюць, ну, а мы хоць і з марской стараны, але-ж
мы далучыліся, таму што мы таксама сьпяваем беларускія песьні.
Паводле задумы арганізатараў фэстываль дзіцячай песьні “У шматгалосай Вільні гучыць і
мая родная песьня” аб’яднаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасьцяў. Гэтак да музычнай
імпрэзы ў Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны собіла далучыцца і польскамоўным
вакалістам – ансамблю песьні і танца “Малы Явар” Рудамінскага шматкультурнага цэнтра.
Разнастайную праграму фэстывалю склалі ня толькі калектыўныя, але і сольныя выступы.
Паасобку і дуэтам бараніць гонар альма-матэр собіла вучням Віленскай прагімназіі імя
Сіманаса Даўкантаса.
— Мэта – папулярызацыя нашых літоўскіх народных песень, нашых песень пра Літву, пра
нашу краіну, а таксама знаёмства зь іншымі культурамі і песьнямі іншых культураў, –
патлумачыла настаўніца музыкі Віленскай прагімназіі ймя Сіманаса Даўкантаса Саната
Жылінскене. – Гэта сапраўды неабходна, гэта спрыяе самавыяўленьню, папулярызацыі
музыкі, знаёмству зь іншымі групамі і іншымі культурамі.
Рэпэртуар удзельнікаў фэстываля склалі народныя і аўтарскія, лірычныя і жартаўлівыя
песьні падкрэсьлена неагрэсыўнага, мірнага зьместу. Нездарма: удзельнікаў музычнай
імпрэзы аб’ядноўвае агульная гістарычная спадчына. Вось-жа да ліку галасоў колішніх
насельнікаў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў на сьвяце дадалася і ўкраінская мова –
вучаніцы Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны Сафія Дмітрэнка і Дзіяна
Вінцукявічутэ выканалі старыя шлягеры “Чэрвона рута” і “Чэрэмшына”.
— Этнічная ўкраінка настолькі запаліла нас сваёй мовай, гэтымі песьнямі, сваім
тэмперамэнтам, што нам таксама захацелася, – патлумачыла Валянціна Кавальчук.
– У нашай гімназіі вучацца вучні розных нацыянальнасьцей, розных веравызнаньняў, але
гэта – ня самае галоўнае, напэўна, – заўважыла Алена Забельская. – Галоўнае тое, што
яны ўсе вучаць разам з намі нашую родную беларускую мову. Таму мы аб’ядналі ўсіх
людзей розных нацыянальнасьцяў адной нашай роднай мовай.
Міжнародны Фэстываль дзіцячай песьні “У шматгалосай Вільні гучыць і мая родная
песьня” ўдалося арганізаваць пры падтрымцы Віленскага самакіраваньня. Сёлета
прафундаваная на высокім сталічным узроўні міжнародная музычная імпрэза ўвайшла ў
сьвяточную праграму рэспубліканскага маштабу, разьлічаную на цэлы год.
— Гэта – частка вялікай праграмы, прысьвечанай у тым ліку і юбілею Францішка Скарыны,
які мы адзначаем у гэтым годзе, – патлумачыла Алена Забельская.
— Я думаю, што нам ёсьць куды расьці, – прызналася Дзіяна Стахновіч. – У Вільні ёсьць
шмат нацыянальнасьцей, і з кожным годам наш фэстываль будзе больш маштабным і
больш цікавым.