Напачатку сакавіка 2022 году ў Вільню пасьля кароткага перапынку вярнулася
традыцыйнае сьвята ў гонар апекуна Літвы сьвятога Казіміра. Аднавілася ў гэтыя
дні і яшчэ адна традыцыя, немалаважная найперш для беларусаў Літвы.

Урачыстасьці па ўшанаваньні памяці сьвятога Казіміра ў Вільні і ваколіцах вядуць сваю
гісторыю з пачатку 17 стагодзьдзя. На галоўных вуліцах літоўскай сталіцы ненадоўга
разгортваецца традыцыйны кірмаш. Народныя майстры і рамесьнікі прапануюць
шматлікім пакупнікам унікальныя плады працы ўласных рук. Неад’емнаю часткай кірмашу
ў гонар сьвятога Казіміра зьяўляюцца адмысловыя віленскія вербы – самы папулярны
сакавіцкі сувэнір.

Вясною 2021 году ўпершыню за ўвесь час прыгожую сьвяточную віленскую традыцыю
перапыніла пандэмія. Праз год старадаўняя завядзёнка аднавілася – гэтым разам апрача
атмасфэры доўгачаканага сьвята несучы і адбітак пэрыпэтыяў вайны Расеі супраць
Украіны.

Некалькі гадоў таму віленскія ўрачыстасьці ў гонар нябеснага заступніка Літвы і
Польшчы дапоўніліся яшчэ адной традыцыяй. У віленскай катэдральнай базыліцы
Сьвятога Ўладзіслава і Сьвятога Станіслава пачалі праводзіць сьвятую імшу на
беларускай мове. Гэтым разам эўхарыстыю ў капліцы Сьвятога Казіміра, дзе з пашанаю
захоўваюцца рэліквіі апекуна літоўскай сталіцы, цэлебраваў рэзыдэнт-сьвятар Сьвятыні
Міласэрнасьці Божай а. Эліяс Маркаўскас.

— Шаноўныя браты і сёстры, сёньня мы ў сьвятога Казіміра хочам запытацца: “Пане,
хто можа жыць у Хрыстовым чаўне?”, – пачаў сьвяточнае казаньне сьвятар. – Сапраўды,
гэты сьвет, у якім мы жывём, кожны дзень выпрабоўвае нас, і мы знаходзімся, як і тыя
вучні ў гэтым чаўне, і хвалі заліваюць гэты човен, так што гэты човен ужо напаўняецца, і
нам здаецца, яшчэ адна хвіліна – і ён патопіцца, а разам зь ім патопімся і мы ўсе.

“Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем?”. Магчыма, гэтыя словы кожны з нас паўтарае
вельмі часта, асабліва тады, калі мы спатыкаемся зь якімсьці няшчасьцем, вайной, калі
чалавек хварэе. Магчыма, тыя, якія спаткаліся з вайною ва Ўкраіне, таксама сёньня кожны
дзень і кожную хвіліну пытаюцца ў Езуса Хрыста: Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы
гінем? Не хвалюе цябе, што забіваюць нашых дзяцей? Нашыя беларусы, калі выходзілі на
плошчы, абвяшчалі для ўсяго сьвету, што хочуць быць свабоднымі, а над імі зьдзекваліся,
і білі іх, і забівалі іх, кідалі ў вязьніцы, яны таксама пыталіся і сёньня пытаюцца ў Езуса
Хрыста: Настаўнік, не хвалюе цябе, што мы гінем?

Гэткае пытаньне, паводле рэзыдэнта-сьвятара Сьвятыні Міласэрнасьці Божай айца
Эліяса Маркаўскаса, варта задаваць менавіта ў капліцы сьвятога Казіміра. Нездарма: за
сваё нядоўгае жыцьцё каралевіч з роду Ягеллонаў пасьпеў вызначыцца годнасьцю і
пабожнасьцю. Сын караля Польшчы, вялікі княжыч літоўскі сьціпла праводзіў жыцьцё ў
малітвах. У лепшы сьвет ён вырушыў 4-га сакавіка 1484 году ў Ніжнім замку ў Гародні.
Неўзабаве пасьля сьмерці княжыча пачаў разьвівацца ягоны культ як сьвятога. Шматлікія
вернікі станавіліся сьведкамі цудаў пры магіле Казіміра. Каля труны княжыча ўваскрэсла
дачка віленскага месьціча Ўршуля.

Дасьледчыкі адзначаюць, што адзін зь першых цудаў сьв. Казіміра зьвязаны з тэатрам
ваенных дзеяньняў вайны 1512-1522 гг. на ўсходніх межах ВКЛ, у тым ліку з Аршанскай
бітвай 8 верасьня 1514 г. Наогул да канца першай траціны 17 стагодзьдзя налічылі больш
за 400 цудаў, зьвязаных зь імем каралевіча. Гэта дазволіла Папе Рымскаму Ільву

Дзясятаму кананізаваць Казіміра яшчэ ў 1521 годзе. Аднак адмысловая папская була
зьнікла ў агні вайны.

Праз восемдзесят гадоў гаворку пра абвяшчэньне каралевіча Казіміра сьвятым узнавілі
віленскія езуіты. У 1602 годзе труну Казіміра адчынілі і знайшлі цела каралевіча
нятленным. Праз два гады ў віленскай катэдры адбыліся кананізацыйныя ўрачыстасьці.
А яшчэ праз тры дзесяцігодзьдзі ў сталічным храме зьявілася адмысловая капліца, якая
перажыла шматлікія пазьнейшыя перабудовы катэдральнай базылікі ў практычна
некранутым стане.

— Казіміру не была чужой беларуская мова, мы таксама гэта ведаем, – перакананы
а.Эліяс Маркаўскас. – Гэта не была такая мова, якой мы сёньня размаўляем. Але яна
была гэтым фундамэнтам беларускай мовы. Але самае галоўнае, што сьвяты Казімір
умеў гаварыць мовай сьвятой пяцідзясятніцы, мовай Сьвятога Духа, а гэта – мова любові,
мова дабра. Такой мовы трэба нам з вамі, гэтаму сьвету, які церпіць ад зла. Гэтай мовы
трэба нам, людзям, якія пытаюцца ў Езуса Хрыста: “Настаўнік! Не хвалюе цябе, што нам
цяжка? Што нам баліць сэрца за церпячых людзей? Ці не хвалюе цябе тое, што забівае
хрысьціянін хрысьціяніна, што мы жывём у такой вялікай небясьпецы, за тое, што мы
кожны дзень баімся, і за тое што гэтая вайна можа пастукацца і ў нашыя хаты, што гэтая
вайна можа прыйсьці і да нашага народа?”. Сьвяты Казімір! Дапамажы нам, добры
пабожны каралевіч, каб мы зразумелі, што, нягледзячы на усё, зарукай нашай зьяўляецца
вера.

Сьцены капліцы сьвятога Казіміра аздабляюць фрэскі працы Мікеланджэла Палоні. На
адной зь іх паўстае зь мёртвых дзяўчынка Уршуля, на другой – у расчыненай труне
знаходзяць некранутае тленам цела каралевіча. У нішах капліцы стаяць драўляныя
скульптуры вялікіх князёў літоўскіх і польскіх каралёў. Цэнтральнае месца ў капліцы
займае аздоблены шматлікімі ахвяраваньнямі алтар, пры якім знаходзіцца і знакамітая
выява Сьвятога Казіміра. На ёй нябесны заступнік Вільні – з трыма рукамі. Паводле
легенды, калі мастак прыгледзеўся да намаляванага абраза, яму здалося, што правая
рука надта доўгая. Загрунтаваўшы яе, ён намаляваў іншую руку, прыкладзеную да сэрца,
але яму не ўдалося зафарбаваць першую. Аўтар выявы тройчы замалёўваў лішнюю
канцавіну сьвятога, і яна тройчы праступала праз усе слаі фарбы. Таму гэта палічылі
цудам і пастанавілі пакінуць выяву як ёсьць. Нягледзячы на мірны і пабожны лад
нядоўгага жыцьця каралевіча Казіміра, менавіта яго бачылі ў вобразе рыцара на белым
кані, які двойчы натхняў ваяроў Вялікага княства Літоўскага на перамогу ў бітвах падчас
вайны з Маскоўскім княствам.

— Вера і адвага няхай дапаможа нам перамагчы зло, – заклікаў а. Эліяс Маркаўскас. –
Вельмі шмат на ўкраінскай зямлі ліецца нявіннай крыві. Гэтая кроў зьяўляецца заплатай і
ачышчэннем за расейскую хлусьню, за тыя каштоўнасьці, якія апошняя так старалася
экспартаваць у нашыя сэрцы. І таму гэтая кроў стаецца сьвятой. І таму гэтая кроў няхай
ачышчае. Сьвяты Казімір! Ты, які жыў на каралеўскім двары, які мэтай свайго жыцьця ня
бачыў гэтыя палаты і багацьці, які мэтай свайго жыцьця выбраў веру, праўду і любоў,
дапамажы нам.