11 сакавіка 1990 году Найвышэйшая Рада Літоўскай Рэспублікі падпісала Акт, які
абвесьціў пра аднаўленьне незалежнасьці дзяржавы. У гістарычным дакуманце
сьцьвярджалася, што аднаўляецца зьнішчанае чужою сілаю ў 1940-х гадох
дзеяньне суверэнных паўнамоцтваў Літоўскай Дзяржавы. Дакумент грунтаваўся на
падпісаным 16 лютага 1918 г. Акце аб незалежнасьці Літвы, які ніколі не прыпыняў
праўнай моцы. Сігнатарамі Акту сталі старшыня Вярхоўнае Рады Літоўскай
Рэспублікі Вітаўтас Ландзбэргіс і іншыя сябры парляманту. За прыняцьце Акту пра
аднаўленьне незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі галасавалі 124 дэпутаты, шэсьць
устрымалася. Супраць абвяшчэньня Літвы незалежнай рэспублікай не галасаваў
ніхто.

— Мы паставілі 3 шэрагі супрацьтанкавых мін. Мы ставілі супрацьтанкавыя міны
падчас путчу. Да таго часу мы гэтага тут не рабілі. Толькі падчас путчу. А тут вось быў
бар’ер з блёкаў. Я зрабіў тут адзін вельмі магутны зарад і адзін там, – распавядае
абаронца свабоды Літвы капітан Юозас Баршкеціс.

У студзені 1991 году яму собіла абараняць будынак Сэйму ад нападнікаў. Для
пасьпяховага супрацьстаяньня расейскім салдатам абаронцы капалі падземныя тунэлі,
рыхтаваліся да прымяненьня супрацьтанкавых мін і нават авіябомбаў.

— Мы ўжо былі ў парляманце ў 20:00 8 студзеня. Ну, з тых часоў я там і застаўся, –
сказаў Юозас Баршкеціс. – Да гэтага мы рыхтаваліся да паўстаньня з 1982 году. У нас
назапасілася выбухоўка, а таксама і супрацьтанкавыя міны. Савецкая армія была такая
дэмаралізаваная, таму што афіцэры былі не дурныя, бачылі, як камуністы крадуць, дык, а
яны што-ж? Заробкі ў іх невялікія, дык яны нам шмат прадавалі. Мы мелі шмат сакрэтных
сховішчаў для той выбухоўкі. У лясох у чатырох раёнах у нас былі сховішчы.

Паводле Юозаса Баршкеціса, ваяваць такім чынам ужо думалі, таму што больш нельга
было пакутаваць ад камуністычнага рэжыму.

— Мы таксама куплялі машыны, змаглі прывезьці сюды і авіяцыйныя бомбы. Мы
прывезлі чатыры авіябомбы. Хаця дарогі перакрылі, нам усё собіла зрабіць ноччу. Дык
гэта ўсё ў нас было ў сутарэньнях гэтага будынку, – паказаў Юозас Баршкеціс на будынак
Сэйму Літоўскай Рэспублікі. – У мяне гэта было так падрыхтавана: калі парлямант
захопяць, калі будзе штурм, то заставалася толькі дэтанатар паставіць – і ўсё. Калі-б
хтосьці заставаўся жывы (мы зрабілі падземны тунэль-выхад), адыходзячы, яны ўзарвалі-
б парлямант, каб тут не было калябаранцкага ўраду, калябарантаў чырвоных, камуністаў,
маскоўскіх памагатых, марыянетачнай улады, каб тут засталіся толькі руіны.

Падзеі халоднага студзеня 1991 году паказалі, што адно толькі заваяваць свабоду
недастаткова. Яе таксама трэба зьберагчы. Таму літоўскі народ шчыльнымі радамі

выйшаў на вуліцы сталіцы, як і ў сакавіку 1990 году, калі была абвешчаная
незалежнасьць.

— Калі Незалежнасьць аднаўлялася, тут было даволі шмат мітынгаў, – згадаў Юозас
Баршкеціс. – У красавіку 1990 г. была блякада сыравіны з Расеі на тры месяцы, каб
спыніць заводы. Паліва не было, таму многія куплялі паліва ў савецкай арміі або ехалі ў
Беларусь. У красавіку 90-га з заводаў па ўсёй Літве на аўтобусах прывезьлі рабочых. Тут
уся плошча была запоўненая аўтобусамі з прыхільнікамі “Адзінства”.

На думку Юозаса Баршкеціса, аднаўляць незалежнасьць дзяржавы чальцам
парляманту давялося тэрмінова, бо Савецкі Саюз рыхтаваўся прыняць закон, паводле
якога ніводная рэспубліка не магла выйсьці са складу СССР бяз згоды іншых рэспублік.

— Калі 24 лютага 1990 г. праходзілі выбары, у той выбарчай кампаніі абіралі толькі тых
камуністаў, якія галасавалі-б за незалежнасьць, абяцалі сваім выбаршчыкам, што “мы за
незалежнасьць”. Вось тых і выбралі. Яны сабраліся ўвечары 10 сакавіка і абвясьцілі. Што-
ж, была радасьць. Столькі было радасьці, што нарэшце была абвешчана доўгачаканая
незалежнасьць, – падзяліўся Юозас Баршкеціс.

Аднаўленьне незалежнасьці Літвы і жаданьне літоўскага народа мірна аднавіць сваё
права на самастойнае жыцьцё і пабудову ўласнай дзяржавы было важным як для
тытульнай нацыі, так і для нацыянальных мяншыняў. Жыхары краіны, незалежна ад
нацыянальнасьці, аб’ядналіся, каб абараніць сваю свабоду. Людзі без ваганьняў
адстойвалі незалежнасьць, уласную свабоду, магчымасьць жыцьця, іншага, чым
ранейшае. Сярод тых, хто выступаў супраць імпэрскай улады, разам зь літоўцамі,
украінцамі, рускімі, палякамі, жыдамі і людзьмі іншых нацыянальнасьцяў былі й беларусы.
На віленскіх плошчах луналі беларускія нацыянальныя бел- чырвона-белыя сьцягі.

— Было сапраўды прыемна бачыць, што суседзі беларусы падтрымліваюць нас, – сказаў
Юозас Баршкеціс. – Мы ведалі, што будзе той крах, але ня верылі, што можна заваяваць
свабоду толькі са сьцягамі і песьнямі.

Праз 30 гадоў пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы, у жніўні 2020 года, у Беларусі
пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў
галасаваньня. Дзеяньні ўдзельнікаў акцыяў былі выключна мірнымі. Тым ня менш
праваахоўныя органы выкарыстоўвалі гвалт, каб задушыць пратэсты і перасьледваць
іншадумцаў. Беларусы пачалі масава пакідаць радзіму. Адразу пасьля выбараў у
Польшчу, Украіну, Латвію і іншыя краіны выехалі дзясяткі тысяч беларусаў. Літва таксама
працягнула шчырую руку салідарнасьці і дапамогі народу Беларусі. Агульны досьвед
суседніх краін паказвае, што шлях да свабоды вельмі няпросты.

— Там некаторыя думаюць: вось гэтага Лукашэнку сёньня, маўляў, зьняць, замяніць на
іншага – і ўсё будзе ў парадку. Не! Ён прадстаўляе камуністычную намэнклятуру, якой у
Беларусі, можа быць, каля 200 тысяч, якія з савецкіх часоў заўсёды былі. І яны гатовыя
праліць мора крыві, – засьцярог абаронца свабоды Літвы. – У Беларусі тых, якія ўмелі
думаць, пачалі забіваць на 20 гадоў раней, чым у Літве. Таму там у 1990 годзе была
больш складаная сітуацыя. Гэтаксама было-б і ў Літве, калі-б савецкая ўлада
пратрымалася-б яшчэ 20 гадоў, мы-б не атрымалі незалежнасьці. Менавіта ў гэты момант
мы самі адчувалі: калі мы не выкарыстоўваем шанец, які дае нам гісторыя, – усё!
Камуністы паняволяць нас назаўсёды.

Беларусы павінны разумець, усе жыхары, што камуністычная намэнклятура пры ўладзе
знаходзіцца яшчэ з савецкіх часоў. І яны не адмовяцца ад гэтай улады. Лукашэнка –
прадстаўнік усёй гэтай намэнклятуры. І яны гатовыя праліць мора крыві людзей, якія
будуць змагацца за свабоду. Ні ў якім разе яны ад ўлады не адмовяцца. Таму ўсім, каго
перасьледуюць, трэба зьехаць з Беларусі, выратаваць, вызваліць гэтых свабодных,
творчых людзей. Таму што толькі свабодны чалавек можа нешта стварыць. Раб ніколі
нічога ня створыць.