Калі вільготны і пранізьлівы лістападаўскі вецер пачынае гаспадарыць у лябірынтах віленскага Старога гораду, цяжка паверыць, што нехта добраахвотна зьменіць утульнасьць кавярні на вулічны змрок. Але вось ужо каторы год запар дом № 19А на вуліцы Didžioji (Вялікай) становіцца месцам прыцягненьня віленчукоў і гасьцей літоўскай сталіцы. Пад гукі цымбалаў і беларускай песьні тут адбываецца сустрэча зь мінуўшчынай.

Сёлета нагода для збору грамады беларускіх і літоўскіх інтэлектуалаў асаблівая: мінула 500 гадоў з выхаду ў сьвет кнігі “Апостал” у Вільні. Менавіта тут, у доме бурмістра Якуба Бабіча, паўтысячы гадоў таму запрацаваў друкарскі варштат Францішка Скарыны, назаўжды зьмяніўшы культурны код Усходняй Эўропы.
Юбілейнае дзесяцігодзьдзе
Мэмарыяльная табліца памяці Францішка Скарыны з надпісам на літоўскай і беларускай мовах зьявілася ў Вільні на сьцяне дома № 19А па вуліцы Didžioji ў лістападзе 1990 году. Гэткім чынам віленчукі пастанавілі адзначыць юбілей вялікакняскага першадрукара. Тады меркавалі, што датай нараджэньня Францішка Скарыны варта лічыць 1490 год.
Праз 25 гадоў пасьля тых падзеяў сябры Віленскага беларускага клюбу “Сябрына” вырашылі ўшанаваць чарговы юбілей асьветніка. Гэтак была запачаткаваная добрая традыцыя праводзіць у літоўскай сталіцы адразу па некалькі мерапрыемстваў памяці Францішка Скарыны, у тым ліку ўскладаньне кветак да мэмарыяльнай табліцы, экскурсія ў бібліятэку Віленскага ўнівэрсытэту, у якой захоўваецца адзіны ў Літве (ён жа адзін зь дзевяці ў сьвеце!) экзэмпляр “Апостала”, адмысловыя Скарынаўскія чытаньні і іншыя мерапрыемствы. Першай-жа імпрэзай стала Міжнародная навуковая канфэрэнцыя “Кніжная традыцыя Вялікага княства Літоўскага”. Такім вось чынам, пачынаючы з 2015 году, Вільня штовосень пераўтвараецца ў пляцоўку для цэлага шэрагу мерапрыемстваў пад агульнай назоваю “Тут Скарыны дух жыве”, адзначаючы юбілеі то праскай Бібліі, то “Малой падарожнай кніжкі”, то вось цяпер “Апостала”.
Ля мэмарыяльнай дошкі Францішку Скарыну ініцыятар штогадовага правядзеньня ў літоўскай сталіцы ўрачыстасьцяў памяці першадрукара, кіраўнік Віленскага гарадзкога клюбу “Сябрына” Валянцін Стэх падвёў вынікі своеасаблівага сьвяточнага марафону.
— Тады, на самым пачатку, мы яшчэ не плянавалі такога працяглага марафону даўжынёю ў дзесяць зь лішкам гадоў, але празь нейкі час падумалася: хоць 2016 год не юбілейны, але ўсьлед за ім ідзе 2017-ты, юбілейны год, бо ў 1517 годзе, шостага жніўня, у Празе была надрукаваная першая кніга Францішкам Скарынам. Пасля — 2022 год, зноў жа, 500-ыя ўгодкі першай кніжкі, надрукаванай ім у Вільні і на тэрыторыі ўсяго Вялікага княства Літоўскага. Затым — 2025 год. Ну і такім чынам усё гэтае дзесяцігодзьдзе абяцала стаць юбілейным. І так, фактычна, яно і адбылося, — адзначыў віленскі грамадзкі дзяяч. — Беларускі клюб “Сябрына” быў ініцыятарам, але арганізоўваліся мерапрыемствы ў першую чаргу сумесна зь Віленскай гімназіяй імя Францішка Скарыны. Не было году, каб гімназісты гэтай навучальнай установы не ўзялі ўдзелу ў мерапрыемствах па ўшанаваньні памяці нашага першадрукара. Апошнія гады да нас далучыўся Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Ну і ў цэлым павінен сказаць, што без дапамогі таго-ж Дэпартамэнту нацыянальных меншасьцяў пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі, Віленскага гарадзкога самакіраваньня, людзей, якія проста прыходзілі і аказвалі тую ці іншую дапамогу, нам цяжка было-б справіцца.

Гэній супраць рынку
Сёлетнія ўрачыстасьці выйшлі далёка за межы дзяжурных камплімэнтаў “славутаму земляку”. У сьценах Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і ля самой дошкі разгарнулася завочная палеміка паміж рамантыкамі і прагматыкамі.
Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі малюе вобраз Скарыны як тытана Адраджэньня: доктар мэдыцыны, батанік, стваральнік Каралеўскага саду ў Празе, лекар манархаў.
— Усе народы гэтай аграмаднай на той час дзяржавы атрымалі кнігу. Такім чынам роля, і маштаб, і асоба Францішка Скарыны пераўзыходзіць маштаб уласна Беларусі, хоць, безумоўна, мы ганарымся тым, што ён наш зямляк, як і яго сын, і нават ягоны ўнук падпісваліся, што яны паходзяць з Полацка. І чым далей ідзе час, праходзіць паўтысячы гадоў, а асоба Францішка Скарыны, памяць пра яго ня гасьне, а, наадварот, становіцца ўсё ярчэй гэтая зорка, якая некалі зазьзяла тут, — запэўніў Сяргей Харэўскі.
Але дасьледчык Аляксандр Паршанкоў прапануе спусьціцца з нябёсаў на зямлю і зірнуць на сытуацыю з крытыкай. У параўнаньні зь Нямеччынай таго часу, дзе дзейнічала цэлае “пакаленьне Лютэра” і кнігадрукаваньне было магутнай індустрыяй, становішча ў ВКЛ выглядала драматычна.
— Мы канстатуем з болем і жалем, што ў нас ёсьць адзін Скарына. І насамрэч гэта няправільна — ставіць яго на пастамэнт і выносіць яго ўгору. Чаму? Таму, што гэта канстатуе нашую галечу. У Нямеччыне дзейнічала цэлае пакаленьне кнігадрукароў, а ў нас быў толькі адзін чалавек, спадчына якога была не запатрабаваная… Апошняя кніга Скарыны — 1525 год, наступная кніга, выдадзеная ў нашых шыротах на кірыліцы, — гэта 1562 год, “Катэхізіс” Буднага. То-бок насамрэч мы павінны канстатаваць, што мы праваліліся, мы былі лузэрамі ў той час, як у Эўропе гэтыя тэндэнцыі былі папулярнымі, — правакаваў аўдыторыю Паршанкоў падчас сваёй лекцыі “Францішак Скарына: паміж рэнэсансным Захадам і візантыйскай традыцыяй Вялікага княства Літоўскага”.
Гэтая жорсткая ацэнка не прыніжае Скарыну, а, наадварот, падкрэсьлівае маштаб ягонага асабістага подзьвігу. Ён быў чалавекам, які прывёз тэхналёгіі будучыні ў асяродзьдзе, яшчэ не гатовае іх масава прыняць. Гэта было падарожжа на машыне часу: з рэнэсанснай Італіі ў яшчэ гатычнае Вялікае Княства. Зрэшты, імпартаваць ідэю было толькі паловай справы. Для яе рэалізацыі патрабавалася стварэньне цэлай вытворчай інфраструктуры. Скарына мусіў стаць ня толькі перакладчыкам і асьветнікам, але і арганізатарам складанага тэхналягічнага працэсу, якога дагэтуль не існавала на гэтых землях.
— Што такое зрабіць кнігу? Гэта, натуральна, праца не аднаго полацкага майстра, а шматлікіх мастакоў, разьбяроў, майстроў, уласна друкароў і, канечне, папера. Бо за два гады да таго, як Скарына надрукаваў у гэтым доме кнігу, давялося спачатку зрабіць паперню. І празь дзейнасьць Скарыны Вільня і Вялікае княства Літоўскае атрымалі нават паперу. Гэта быў калясальны цывілізацыйны крок наперад. Пасьля ягоная справа не загасла. Нават ягоныя шрыфты і друкарскае абсталяваньне перанялі браты Мамонічы, таксама нашыя землякі з Магілёва. І сёньня, усьведамляючы ролю, маштаб, талент Францішка Скарыны, мы аддаем даніну памяці яму і будзем сьвята памятаць нашае колішняе братэрства, сяброўства, будзем памятаць пра супольны лёс усіх народаў Вялікага княства Літоўскага, — паабяцаў Сяргей Харэўскі.
Паводле Аляксандра Паршанкова, цяпер асабліва важна аб’ектыўна ацэньваць учынак Скарыны і ўважліва глядзець на ягоны час. Зрэшты, погляд на Скарыну будзе залежаць ад таго, што будзе адбывацца з Беларусьсю, перакананы дасьледчык.
— Калі там застанецца дыктатура, якая ёсьць на сёньня, то погляд на Скарыну застанецца калгасным. Гэта “апостал сялянства” і нічога іншага. Калі прыйдзе новае пакаленьне, якое зможа паглядзець больш свабодна на гэты час, то мы ўбачым шмат больш цікавага і шмат больш важнага. Таму што сапраўды эўрапейскія кантэксты, эўрапейская гісторыя канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў неверагодна цікавая. Гэта проста дэтэктыў. Калі ты туды занырнеш, ты ня можаш адтуль выняць галаву, настолькі гэта цікава і настолькі гэта важна для твайго штодзённага жыцьця, — запэўніў Аляксандр Паршанкоў.
Уроцлаўскі дэтэктыў
Традыцыя віленскіх сустрэчаў — гэта яшчэ і прэзентацыя навуковых сэнсацыяў. І 2025 год не падвёў. Навіна прыйшла з архіваў Уроцлава: дасьледчыкі знайшлі фрагмэнты паперы з друкарні Скарыны, якія ў XVI стагодзьдзі былі выкарыстаныя… для пераплёту зусім іншай кнігі.
— Магу пахваліцца сваёй знаходкай: у кастрычніку я знайшоў пераплёт 1528 году, зроблены ва Ўроцлаве, для якога як матэрыял была выкарыстана папера з выданьняў Скарыны. То-бок фактычна гэты пераплёт, гэты кодэкс дапамагае нам аднавіць эпізод жыцьця Скарыны, а менавіта ягонае знаходжаньне ва Ўроцлаве ў пачатку 1520-х гадоў. І, здаецца, чалавека няма ўжо амаль 500 гадоў, і тут раптам вось — новы артэфакт, новая знаходка, і мы па-новаму глядзім на ягонае жыцьцё, і гэта ня можа не натхняць, — прызнаўся Аляксандр Паршанкоў.
Гэтае адкрыцьцё, як і дэманстрацыя Паршанковым запазычаных Скарынам гравюраў (своеасаблівы візуальны “сэканд-хэнд” таго часу), робіць постаць асьветніка жывой і зразумелай. Ён не стаяў на пастамэнце — ён быў жывым прадпрымальнікам, які выкарыстоўваў чужыя клішэ, каб зрабіць кнігу таньнейшай, чыя папера падарожнічала па Эўропе і жыла сваім жыцьцём. Зрэшты, рэаліі таго часу дыктавалі свае правілы гульні. Імкнучыся зрабіць кнігу больш даступнай, друкары — і Скарына ня быў выключэньнем — часта карысталіся ўжо гатовымі візуальнымі матар’яламі. Гэта стварала дзіўную, на першы погляд, сытуацыю, калі адны і тыя-ж гравюры вандравалі з каталіцкіх і пратэстанцкіх выданьняў у праваслаўныя, аб’ядноўваючы Эўропу ў адзіную культурную прастору.
— Вядома, для заходняга сьвету 1517 год — гэта перадусім год Лютэра. І ў нямецкай культуры прынята гаварыць пра “пакаленьне Лютэра”. Бо ў Нямеччыне на той час ужо існавала цэлае пакаленьне людзей, якія рабілі тое, што рабіў Скарына. Яны былі друкарамі, яны несьлі асьвету, яны былі ўжо адаптаванымі пад рынак. А ў Вялікім княстве Літоўскім усё выглядала зусім па-іншаму. Рынку не існавала. Кнігі былі запатрабаваныя, але гэта, безумоўна, было зацікаўленасьцю ня вельмі шырокіх колаў грамадзтва. І ў гэтым мы павінны адразу бачыць вялікую розьніцу паміж Заходняй Эўропай і паміж Усходняй Эўропай, Вялікім княствам Літоўскім, — падкрэсьліў Аляксандр Паршанкоў.
Оптыка малітвы
Бадай, самым кранальным момантам сёлетніх віленскіх скарынаўскіх сустрэчаў стала сьведчаньне таго, што слова асьветніка — гэта ня толькі музэйны экспанат.
“Апостал”, юбілей якога адзначылі сёлета, меў непасрэднае літургічнае прызначэньне. І сёньня, праз 500 гадоў, гэтая функцыя твораў Францішка Скарыны адраджаецца. Сьвятар віленскай беларускай праваслаўнай грамады Канстанцінопальскага патрыярхату айцец Георгі Рой распавёў, што тэксты першадрукара рэгулярна гучаць падчас набажэнстваў.
— Ён быў у нечым вельмі-вельмі беларускім. Таму што, калі браць нашы рэлігійныя пытаньні: ёсьць католікі, ёсьць праваслаўныя, ёсьць пратэстанты, дык я хачу сказаць, што гэты чалавек нейкім чынам змог аб’яднаць у сабе, у сваёй дзейнасьці ўсё, што ёсьць адметнага ў гэтых трох нашых канфэсіях. Чаму ён робіць гэтыя выданьні? Ён натхнёны духам Рэфармацыі, духам Лютэра, духам пратэстантызму, які нясе слова Божае, Біблію, усім людзям. І тое, што зь ягоных многіх выданьняў толькі адно мае літургічны характар, для царквы (“Апостал”) — гэта хутчэй выключэньне ў яго дзейнасьці, бо сама па сабе ідэя даць Біблію людзям чытаць — гэта была такая досыць рэвалюцыйная і нават небясьпечная ідэя. Напрыклад, я лічу, што ў Маскве яго кнігі палілі манахі, таму што яны пабачылі, што людзі гэтыя кнігі могуць чытаць. Потым ён атрымлівае адукацыю ў каталіцкім асяродзьдзі, і ён фармуецца як вучоны ў каталіцкіх унівэрсытэтах. Але ён гэта ўсё робіць для праваслаўнага насельніцтва, для разьвіцьця візантыйскай, праваслаўнай хрысьціянскай традыцыі Вялікага Княства Літоўскага, — перакананы сьвятар.
Больш за тое, айцец Георгі зьвярнуў увагу на дзіўны сінтэз навукі і веры ў творах палачаніна. У сваіх акафістах Скарына тлумачыць цуд бязгрэшнага зачацьця праз… законы фізыкі:
— Ён зьвяртаецца да оптыкі, і, выкарыстоўваючы гэтыя аптычныя прыклады, ён тлумачыць хрысьціянскія догматы, — паведаміў а. Георгі Рой.
І самае галоўнае — гэтыя словы не засталіся ў мінулым. Калі праскія выданьні Скарыны, кнігі Бібліі Старога Запавету, а таксама віленская “Малая падарожная кніжка” прызначаліся хутчэй для прыватнага чытаньня, то “Апостал“ меў непасрэднае літургічнае прызначэньне. І ў гэтым — асаблівая сымболіка. Празь пяць стагодзьдзяў тэксты, надрукаваныя ў доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча, зноў жыва загучалі ў літургіях беларускай праваслаўнай супольнасьці.
— І ў нашай беларускай парафіі гэты тэкст гучыць рэгулярна. Мы зьбіраемся і молімся. Мы чытаем гэтыя словы Скарыны. Яны жывыя. Яны прайшлі 500 год, і яны жывыя. Напрыклад, калі я даходжу да такіх момантаў, у мяне проста дрыжыкі: “Ах, Скарына, які ты малайчынка! Ах, як ты ўмела гэта ўсё выказаў, як ты ўмела гэта ўсё паказаў”. Таму я сапраўды захапляюся гэтым чалавекам, і я раблю ўсё для таго, каб тое, што ён надрукаваў, рэальна жыло. Каб людзі гэтымі самымі словамі зьвярталіся да Бога і спазнавалі сьвет, любоў і мудрасьць Усявышняга, — прызнаецца сьвятар.
Дух жыве
Дзякуючы дзесяцігодзьдзям няспыннай працы імя Францішка Скарыны стала неад’емнай часткай віленскага ляндшафту. Яно ўвекавечанае ня толькі ў камені мэмарыяльнай дошкі, але і ў новых турыстычных маршрутах, у памятных манетах, у самой атмасфэры горада, які памятае свайго першадрукара.
— І гэта немалаважна. Гэта ўздымае нас, так бы мовіць, на эўрапейскі узровень, мы становімся ў вачах эўрапейскай супольнасьці ня горшымі за іншых, – падкрэсьліў Валянцін Стэх.
Вялікі юбілейны марафон завершаны. Але арганізатары віленскіх сустрэчаў глядзяць наперад. Іх мэта — не ператварыць ушанаваньне памяці Скарыны ў фармальную руціну, а захаваць жывы нэрв гэтай традыцыі, нават калі для гэтага спатрэбіцца пераасэнсаваць фармат будучых імпрэзаў. Зрэшты, галоўнае ўжо зробленае: Скарына — у Вільні. Ён прысутнічае тут у жывой памяці людзей, якія штогод у лістападзе прыходзяць да дома Якуба Бабіча.
— Для сапраўднага скарыназнаўства нічога не заканчваецца, і я ўпэўнены, што далей будзе яшчэ цікавей. Я ўпэўнены, што справа будучыні — гэта дасьледаваньне не самога Скарыны, а кантэксту, — перакананы Аляксандр Паршанкоў.
— На гэтым свеце, на жаль, а можа, якраз і добра, што таксама ёсьць: нішто ня вечна. Ня вечныя і мы… Даруйце, ня стане мяне, так, але хацелася-б, каб тая справа, якую я, якую іншыя мае паплечнікі распачыналі ў свой час, захавалася. Ня проста захавалася, а каб набыла далейшае разьвіцьцё. А ўжо што з гэтага атрымаецца, ну, як кажуць, адзін Бог ведае. Што да Скарынаўскіх чытаньняў… Кожны год праводзіць іх мне падаецца немэтазгодным. Гэта выльецца ў паўторы, у нешта такое не зусім натуральнае. Гэта трэба рабіць з пэўнай пэрыядычнасьцю, можа, раз на пяць гадоў, можа, раз на дзесяць гадоў… Што іх трэба рабіць, я ніколькі не сумняваюся, і я думаю, што яны будуць рабіцца, — запэўніў Валянцін Стэх.
Гісторыя працягваецца. І пакуль вільготны вецер разьбіваецца аб старыя муры, а беларуская песьня гучыць на вуліцы Вялікай, Скарына застаецца нашым сучасьнікам.
