Ужо ў чацьвёрты раз Цэнтар культуры Новай Вільні (Naujosios Vilnios kultūros centras) прывітаў міжнародны фэстываль беларускай фальклорнай песьні “Беларусь старажытная”. 16 верасьня 2023 г. у музычнай імпрэзе ўзялі ўдзел гурты з трох краінаў: Літву прадставілі калектывы “Тургялянка” і “Сьвітанак”, з Польшчы прыехалі ансамблі “Жэмэрва” і “Асочнікі”, а са скарбамі народнай мудрасьці жыхароў Латвіі гледачоў пазнаёміў гурт “Абра”. Пашырылі праграму фэстывалю сваімі выступамі сьпявачка і музыка, магістарка мастацтваў Паліна Курановіч і бард Юры Несьцярэнка. 

Фота facebook.com/aliaksandr.adamkovich

Сярод высокіх гасьцей IV фэстывалю беларускага фальклору “Беларусь старажытная”, фундатарамі якога сталі Дэпартамэнт нацыянальных мяншыняў пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі і Асацыяцыя беларусаў Вялікай Брытаніі, былі намесьніца бурмістра г. Бельск-Падляскі і сакратар г. Бельск-Падляскі Тамара Карыцка, сянюнас Новай Вільні Юрыюс Грыдзюшка, кіраўнік клюбу “Gervėčiai” Альфонсас Аўгуліс, а таксама Дзьмітрыюс Паповас, колішні дырэктар Новавіленскай гімназіі “Žaros”, дзе адбыўся першы фэстываль “Беларусь старажытная”.

Арганізацыйныя-ж клопаты па правядзеньні імпрэзы традыцыйна ўскладзеныя былі на плечы сяброў сталічнага Культурнага цэнтру імя Якуба Коласа, а таксама Таварыства беларускай культуры ў Літве. Старшыня адной зь першых грамадзкіх арганізацыяў літоўскіх беларусаў Аляксандар Адамковіч распавёў рэдактару газэты “Рунь” пра старажытную Беларусь, што паўстае ў песьнях, якія складаюць рэпэртуар фэстывалю, пра сталых удзельнікаў музычнай імпрэзы і яе дэбютантаў, пра пазачасавую каштоўнасьць твораў, якія гучаць са сцэны, а таксама і пра часьцяком ня надта відавочныя выклікі, зь якімі даводзіцца сутыкацца арганізатарам фэстывалю “Беларусь старажытная”.

— Спадару Аляксандру, кажуць, што пэўная падзея павінна паўтарыцца тройчы, каб стаць традыцыяй. Сёлетні Фэстываль беларускай фальклорнай песьні “Беларусь старажытная” – ужо чацьвёрты. Ці сьведчыць гэта пра тое, што ў беларусаў Літвы зацьвердзілася новая сталічная завядзёнка, ці яшчэ няма ўпэўненасьці ў тым, што “Беларусь старажытная” – гэта ўсур’ёз і надоўга?

– Я спадзяюся, фэстываль “Беларусь старажытная” – усур’ёз і надоўга. Яму ўдалося перажыць вельмі складаныя ўмовы, эпідэмію, недахоп фінансаваньня, і ён, выжыў, захаваўся. І ўжо ў многіх на слыху. Таму хочацца гэты некаторым ці не хочацца, фэстываль паўстаў і будзе жыць…

— У любой, бадай, справе арганізатарская доля ня надта зайздросная – вядома, даводзіцца вырашаць процьму разнастайных пытаньняў, і вынік, на жаль, не заўсёды бывае сувымерны з высілкамі, затрачанымі на ягонае дасягненьне. У чым падчас падрыхтоўкі ўжо чацьвёртага Фэстывалю беларускай фальклорнай песьні палегчыліся задачы ініцыятараў музычнай імпрэзы, а ў чым, наадварот, ускладніліся?

– Калі пачаць з палёгкаў, то, зразумела, тое, што фэстываль становіцца традыцыйным,  аблягчае працу пры стварэньні самой формы мерапрыемства, паколькі за час правядзеньняў яна ўжо выпрацоўваецца, і, адпаведна, пошук выканаўцаў становіцца аўтаматычным – мы ведаем, каго і як шукаць. Таксама за гэты час ужо напрацоўваюцца кантакты, а таму ня трэба губляць час на іх пошук. Зьявіліся за гэты час і сталыя спонсары, якія, бачыўшы папярэднія фэстывалі, ужо ўпэўненыя, што ён будзе (ня трэба пераконваць, што сапраўды такое мерапрыемства адбудзецца). Таксама пры рэкламе фэстывалю заўжды можна спасылацца на праведзеныя, што дадае дадатковыя балы.

Што датычыць арганізатарскай працы – то, сапраўды, яна самая складаная і самая няўдзячная. І ў нашым выпадку гэта не выключэньне. Калі глядзець фэстываль, то здаецца, што ўсё гладка і проста. Але, на жаль, ніхто з гледачоў ня бачыць усе цяжкасьці і праблемы, празь якія праходзяць арганізатары. Здавалася-б, што тут такога: запрасіў калектывы, яны выступілі – і справа зробленая. Але за ўсім гэтым стаіць складаная праца ад пошуку сродкаў да пошуку саміх калектываў. Асабліва гэта адчуваецца пры недахопе фінансаў, якія неабходна разьмеркаваць. У той час многім здаецца, што ты банк, і ў цябе  бясконцая колькасьць грошаў, якія  ты проста “замыліў” і не хочаш іх плаціць людзям. Гэта першы канфлікт, які можа ўзьнікнуць і часам узьнікае пры падрыхтоўцы мерапрыемства. Нягледзячы на гэта, у нас выпрацаваўся прынцып – калектывы ў нас выступаюць бясплатна, без ганарараў. І тут няма ніякіх выключэньняў. Таму тыя, хто хоча зарабіць на сваім выступе, павінны шукаць іншы фэстываль.

Фота facebook.com/aliaksandr.adamkovich

Зразумела, што, арганізоўваючы фэстываль, сутыкаешся з пэўнай доляй рызыкі. Гэта найперш – у апошні момант пэўны калектыў альбо вядоўцы змогуць адмовіцца ўдзельнічаць з розных прычынаў. Пралічваючы гэты фактар рызыкі, часта запрашаем больш калектываў, чым неабходна для праграмы. У выніку можа атрымацца сытуацыя, калі, сапраўды, калектываў зашмат і канцэрт зацягваецца, бо прыязджаюць усе, у тым ліку і “падстраховачныя”, і ты нікому ня можаш адмовіць. Гэта адна зь цяжкасьцяў пры падрыхтоўцы фэстывалю. І зразумела, пралічыць усе рызыкі ты ня можаш. І часам могуць быць правалы з-за таго, што не ўлічыў нейкі фактар. 

Тым ня менш, супрацоўнічаючы з пэўнымі калектывамі ўжо некалькі гадоў, ведаеш, што ад іх можна чакаць, які калектыў надзейны, які ня вельмі…

І галоўная складанасьць – гэта, зразумела, пошук фінансаваньня і іншых сродкаў, каб правесьці фэстываль. Наколькі ўсё ні было-б бясплатным, заўжды знойдзецца, за што неабходна заплаціць. І выдзеленых грошаў ніколі не хапае. Таму даводзіцца шмат чаго прыдумляць, каб выйсьці са становішча недахопу сродкаў: ад пошуку валянтэраў да пошуку тых людзей, якія могуць падтрымаць матар’яльна (не заўжды фінансава). Таму любая дапамога, нават валянтэрская, вельмі каштоўная. І я задаволены, што колькасьць валянтэраў павялічваецца, і на чацьвёртым фэстывалі шмат людзей бясплатна дапамагала ў ягоным правядзеньні, за што ім вялікая ўдзячнасьць.

Таксама вялікая ўдзячнасьць і Новавіленскаму цэнтру культуры за вялізную дапамогу ў правядзеньні фэстывалю. Па-сутнасьці, яны ставяцца да яго як да свайго мерапрыемства, і мы ад іх бясплатна атрымліваем усю неабходную дапамогу: ад тэхнічнага забесьпячэньня да дапамогі чалавечымі рэсурсамі.

Такім чынам, фэстываль жыве і разьвіваецца. Скажам так, без аказанай  Новавіленскім цэнтрам культуры дапамогі фэстывалю выжываць было-б складана.

— Ці вызначыўся ўжо традыцыйны склад абавязковых удзельнікаў Фэстывалю “Беларусь старажытная”? Кім яны зьяўляюцца?

– Так, існуе і традыцыйны склад удзельнікаў фэстывалю. Ветэранамі зьяўляецца фальклорны гурт беларусаў Падляшша “Жэмэрва”, а таксама нядаўна створаны калектыў “Асочнікі”. Гэтыя гурты ўзялі ўдзел ва ўсіх нашых фэстывалях. Не асабліва адстае і гурт “Тургялянка”. З чатырох фэстываляў яны прынялі ўдзел у трох. Радуе таксама і супрацоўніцтва зь літоўскім гуртом “Язьняле”. Яны нават у свой рэпертуар дадалі беларускія фальклорныя песьні, якія яны выконвалі падчас выступу. Праўда, пакуль удзельнічалі яны толькі ў двух фэстывалях. Гэтыя гурты можна аднесьці ўжо да традыцыйных удзельнікаў фэстывалю. 

На жаль, з розных прычынаў, эпідэміі, пасьля палітычных, не атрымалася супрацоўніцтва з фальклорнымі гуртамі зь Беларусі, найперш з Палесься. Хаця мы можам нават ганарыцца, што дзякуючы гуртам зь Пінскага Палесься і распачалося жыцьцё нашага фэстывалю. Хутчэй за ўсё, тым бабулькам больш не давядзецца прыняць у ім удзел, тым ня менш, яны будуць залатымі літарамі ўпісаныя ў гісторыю “Беларусі старажытнай”, і для нас  гонар, што яны ў нас прымалі ўдзел.

Таксама ёсьць гурты, якія прынялі ўдзел адзін-два разы. Тут хочацца адзначыць гурт Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны “Лянок”. Тым больш, гімназія нам дапамагае з вядоўцамі, ужо два разы. 

Важна адзначыць, што далучаюцца гурты ня толькі зь Літвы. Мы маем сталае супрацоўніцтва з гуртамі з Польшчы “Жэмэрва” і “Асочнікі”, і вось ужо другі раз запар выступае фальклорны гурт з Латвіі “Абра”.

Фота facebook.com/aliaksandr.adamkovich

— Новым калектывам уліцца ў цеснае кола фэстывальных заўсёднікаў, напэўна, ня проста. Ці наадварот?

– Усё залежыць ад калектыва і яго запатрабаваньняў да арганізатараў фэстывалю. Паўтаруся, у нас умова адна – мы нікому з удзельнікаў ня плацім ганарараў. Але такія ёсьць, што прыходзяць і гатовыя выступіць, але хочуць, каб мы за выступ заплацілі. На жаль, паўтаруся для многіх, – гэта мерапрыемства не камэрцыйнае, яго мэта – не зарабіць грошы, таму тыя, якія думаюць іначай, могуць па-просту не губляць ні свайго, ні нашага часу.

Адносна іншых пытаньняў праблемаў ня бачу. Галоўная наша ўмова – рэпэртуар павінен адпавядаць тэрміну “фальклор”. Праўда, калі-некалі робім невялікія выключэньні, скажам, як гэтым разам выступ Юрыя Несьцярэнкі. Але, лічу, часам такія адступленьні павінны быць. Бо і гледачоў трэба “разгрузіць”. Як бы не хавалі гэтага, фальклор усё-ж такі складаны да ўспрыняцьця жанр, і трэба быць падрыхтаваным, каб доўгі час глядзець фальклорны канцэрт. 

Таксама можам рабіць выключэньні для некаторых выканаўцаў, якія пацярпелі ад рэжыму, каб іх падтрымаць.

— Якой паўстае старажытная Беларусь у творах, што гучаць з вуснаў удзельнікаў музычнай імпрэзы? Дзе межы гэткага дзівоснага краю?

– Старажытная Беларусь паўстае старажытнай. Думаю, кожны, хто быў на канцэрце, цудоўна зразумеў, што сьпевы, мэлёдыі, танцы, якія былі прадстаўленыя на фэстывалі, маюць не адно стагодзьдзе. Такім чынам, як назва, так і зьмест мерапрыемства прадэманстравалі гледачу, што Беларусь пачалася не з 1994 г. і не з 1917 г., а з глыбокай даўніны, і што беларуская культура можа сябе прадставіць вельмі архаічнымі музычнымі жанрамі і старажытнымі напевамі. Пасьля канцэрту мне адзін знаёмы рускі сказаў: “Ну вось, я нарэшце зразумеў, што такое гарлавы сьпеў”. Такім чынам, калі вы хочаце пачуць спевы і мэлодыі, якія гучалі на нашых землях цягам тысячагодзьдзяў – прыходзьце на наш фэстываль. Так што нашыя межы там, “дзе мужныя продкі ў хвоях паснулі… дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…”.

— У процівагу эстраднай культуры, удзельнікі фэстывалю “Беларусь старажытная” прэзэнтуюць творчасьць традыцыйную. Чаму гэтак сталася? Часьцей за ўсё паспалітым гледачом бывае запатрабаваная хутчэй акурат эстрада…

– Гэта, відаць, ці не самае складанае пытаньне. Магчыма, задума ажыцьцявіць гэты фэстываль зьвязаная ня толькі з маёй грамадзкай, але і навуковай дзейнасьцю. Я і бакаляўрскую, і магістарскую працу абараніў па фальклоры. Таму фальклор мне вельмі блізкі, і тут, можна сказаць, я займаюся ім на прафэсыйным узроўні. І сам абыйшоў, відаць, не адну сотню кілямэтраў, зьбіраючы фальклорныя запісы. Пазьней адбываліся сталыя кантакты з фальклорнымі гуртамі, найперш “Жэмэрвой”, дзе Дарафей Фіонік прапанаваў з калектывам выступіць у Вільні. З таго ўсё і пачалося.

Таксама часта мне закідваюць, што гэтым фэстывалем я перабег дарогу Згуртаваньню [беларускіх грамадзкіх арганізацыяў Літвы, якое штогод ладзіць Сьвята беларускай песьні]. З гэтым я катэгарычна ня згодны. Ні на адным са сьвятаў песьні яны не прэзентуюць традыцыйны фальклор. Калі там часам і выступае традыцыйны фальклорны гурт, то ён не зьяўляецца асноўнай часткай праграмы. Па-другое, Сьвята песьні, якое ладзіць Згуртаваньне, не прывязанае ні да канкрэтнага месца, ні да канкрэтнага горада. Увесь час месца правядзеньня мяняецца. У нас-жа фэстываль прывязаны да Новай Вільні, да Новавіленскага культурнага цэнтру, які стаў адным зь яго арганізатараў. Таму я ня бачу ні нагоды, ні сэнсу параўноўваць гэтыя два мерапрыемствы. Аб’ядноўвае іх толькі адно – беларуская мова. І, самае галоўнае, мы прадстаўляем традыцыйную, аўтэнтычную беларускую культуру, а Згуртаваньне – стылізаваную.

І, зразумела, гэта моцна адбіваецца і на гледачах. Будзем шчырымі і скажам, што фальклор, фальклорная песня – не на шырокую публіку і нават не на аматара, фальклор збольшага – на спэцыяліста і адмыслоўца, які цікавіцца традыцыйнай культурай, і таксама на носьбіта традыцыйнай культуры (але, на жаль, носьбітаў гэтай традыцыйнай культуры, асабліва ў Новай Вільні, у нас няма). Таму адназначна гэта працуе на зьмяншэньне колькасьці гледачоў і ўскладняе іх пошук.

Але, як паказала практыка, запатрабаванасьць у фэстывалі ёсьць. Калі ў мінулым годзе гледачоў было ня так і шмат, то гэтым разам зала была амаль запоўненая. Людзі прыйшлі. І, на маю думку, тут спрацавала некалькі фактараў. Ня толькі сувязь з каранямі, узгадаць, што беларусы, і паслухаць беларускія песьні, але і ўласная памяць. Так ці іначай гэты фэстываль многіх гледачоў вяртаў у іх басаногае дзяцінства, калі ў вёсках яшчэ ў тым ці іншым аб’ёме гучалі гэтыя традыцыйныя сьпевы. Таму, акрамя эстытычнай функцыі – атрымаць задавальненьне ад беларускай песьні, была і дыдактычная функцыя – найперш успомніць сваіх бацькоў, вёску, суседзяў. Таму людзі і прыйшлі. Як бачым, на першым месцы ня толькі прыгожае, але і памяць, вяртаньне ўжо ў страчаны сьвет дзяцінства, калі побач з табой былі яшчэ жывыя бацькі, дзяды, прадзеды…

Фота facebook.com/aliaksandr.adamkovich

— За Саветамі ў Беларусі, як, зрэшты, і па-за яе межамі, пачалося, так і не закончыўшыся і дагэтуль, існаваньне неаўтэнтычнай, спрошчанай да дэкаратыўнасьці “народнай творчасьці”. Як, на Вашую думку, правесьці мяжу паміж псэўдафальклорам і сапраўднымі скарбамі народнай мудрасьці?

– Пытаньне, а ці трэба гэта рабіць. Можа, няхай гэтыя жанры так і існуюць паралельна і ўзбагачаюць нашу культуру і традыцыі, а глядач сам выбірае, што яму бліжэй – традыцыйная ці спрошчаная песьня.

— Наракаюць, што з цывілізацыйнымі зьменамі нівелюецца значэньне пэўных скарбаў фальклору. І насамрэч, ужо даўно ані сяўба, ані жніво адпаведнымі песьнямі не суправаджаюцца. У чым-жа, на Вашую думку, заключаецца каштоўнасьць твораў з рэпэртуару ўдзельнікаў Фэстывалю беларускай фальклорнай песьні?

– Не зусім пагаджаюся. Традыцыйная культура не зьнікала. Магчыма, мы проста менш зьвяртаем увагі на яе. Паглядзіце на самае простае – чорны кот перабег дарогу. Гэта што? Гэта традыцыйная культура. Ці не большасьць гарадзкіх жыхароў з чаго пачынаюць свой дзень? Яны глядзяць ці чытаюць гараскоп. А гэта што? Паглядзіце, колькі людзей карыстаецца паслугамі экстрасэнсаў. Вельмі часта не да доктара, не да адваката ідуць, а куды? – правільна, да бабкі-варажбіткі з картамі. Таму традыцыйная культура была, ёсьць і будзе.

І фальклорныя скарбы нікуды ня зьніклі. Яны запісаныя, захаваныя, вельмі лёгка пры неабходнасьці рэканструююцца. Проста моцна зьмяніўся сам лад жыцьця, і многія абрады перасталі быць неабходнымі. Колькі зараз людзей сее ці жне тое-ж самае жыта? Вось і адказ.

Таму я лічу, што на дадзены момант самае галоўнае – тое, што гэтыя песьні зафіксаваныя, сабраныя і зьберагаюцца. І так ці інакш перадаюцца наступным пакаленьням. Калі раней гэта перадавалася з вуснаў у вусны, то зараз гэта робіцца праз сучасныя тэхнічныя сродкі.

Важна зараз, лічу, не плакацца пра зьнікаючы фальклор і традыцыйную культуру, важна распаўсюджваць, прапагандаваць гэту традыцыйную культуру. Каб не забывалася яна, каб не сыходзіла са сцэны, і ў многіх выпадках, як і ў нашым, процістаяла папулярнай культуры. І такім чынам, акрамя эстэтычнай функцыі, мела-б яшчэ і выхаваўчую, і вучыла-б нас любові да продкаў, да зямлі, да традыцыі і мовы.

Можна заўважыць, пакуль сьпяваліся гэтыя песьні, так жыла беларуская нацыя, як перасталі сьпяваць, так і зракліся каранёў. Таму, пакуль на нашых сцэнах будуць гучаць сьпевы нашых бабуль і дзядуль, датуль беларуская нацыя не загіне.

Тыя, каму не пашчасьціла наведаць IV Фэстываль беларускай фальклорнай песьні “Беларусь старажытная”, могуць ліквідаваць гэткі прабел падчас прагляду відэазапісаў імпрэзы аўтарства Андруся Старавойтава:

Беларускі фальклорны фестываль “Беларусь старажытная” (Пачатак) https://www.youtube.com/watch?v=uwnOZE-F7qA

Беларускі фальклорны фестываль “Беларусь старажытная” (Частка ІІ) https://www.youtube.com/watch?v=Vn88gR1a0FU

Беларускі фальклорны фестываль “Беларусь старажытная” (Частка ІІІ) https://www.youtube.com/watch?v=y1isRz6ADco&t=199s

Беларускі фальклорны фестываль “Беларусь старажытная” (Частка ІV) https://www.youtube.com/watch?v=UkKoReygsl4&t=9s

Беларускі фальклорны фестываль “Беларусь старажытная” (Частка V) https://www.youtube.com/watch?v=aOBy5Rupv6s