Амаль зімоваю парою, напрыканцы лістапада, у самым сэрцы літоўскай сталіцы зьявілася новая алея – Алея Беларусі. І нагодай для яе зьяўленьня ў Вільні сталі вусьцішныя падзеі, што ужо каторы месяц працягваюцца ў суседняй зь Літвой краіне.

Пасьля таго, як напачатку жніўня 2020 г. у Беларусі былі абвешчаныя афіцыйныя вынікі выбараў прэзыдэнта, краіна выбухнула масавымі пратэстамі. Вуліцамі, бадай што, кожнага беларускага горада шматколькаснымі маршамі ня раз прайшліся неабыякавыя да будучыні сваёй Радзімы людзі. Сярод іх – рабочыя, спартоўцы, жанчыны і нават пэнсіянэры.

На працягу шаснаццаці месяцаў пратэстнай актыўнасьці беларусаў істотна паменела. Ня дзіва: праўладныя сілавікі жорстка рэагуюць на любую праяву дзейнасьці іншадумцаў. У краіне ліквідуюць недзяржаўныя арганізацыі, забараняюць дзейнасьць незалежнай прэсы, непадкантрольныя дзяржаве сродкі масавай інфармацыі абвяшчаюць экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Праваабаронцы налічваюць у Беларусі амаль 900 палітычных зьняволеных.

У знак падтрымкі беларускай дэмакратычнай супольнасьці ў Вільні пастанавілі стварыць Алею Беларусі. Гэтак ад нядаўняга часу называецца ўчастак левага берагу ракі Нярыс уздоўж вуліцы Гоштаўта паміж мастамі на Зьвярынец. Пасадку шаснаццаці рабінаў тут ініцыяваў дэпутат Сойму Літвы, колішні міністар сельскай гаспадаркі Гедрус Сурпліс.

— Сёньня нашай акцыяй “Алея Беларусі. Вігілія свабоды” мы пакажам, што саджаць трэба рабіны, а не людзей і не свабоду, – прамовіў палітык падчас урачыстага адкрыцьця Алеі Беларусі. – Мы будзем саджаць вітаміны для кволай дэмакратыі Беларусі. Нагадаем, што мы не адчуваем сябе ў бясьпецы побач з рэжымам, які фальсыфікаваў выбары, пасадзіў у турму сотні палітычных апанэнтаў, захапіў самалёты і закладнікаў, спрыяў кантрабандзе людзей. Мы спадзяемся на новыя сумленныя дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, і як найхутчэй, бо ўжо мінула 16 месяцаў. Сёньня побач з Сэймам, калыскай літоўскай дэмакратыі, мы закладзем пачатак алеі Беларусі і перададзім яе на волю гараджанаў і гасьцей горада. Я спадзяюся, што ў розных формах і надалей будзе адбывацца вігілія дэмакратыі — нястомнае пільнаваньне свабоды.

Гедрус Сурпліс нагадаў, што Беларусь ужо 16 месяцаў жыве зь незаконнымі прэзыдэнцкімі выбарамі і нелегітымным прэзыдэнтам, што прызнаў і Сэйм Літвы.

— Мы пасадзілі 16 дрэваў, па адным на месяц. Калі вясной сытуацыя ня зьменіцца, мы пасадзім столькі дрэваў, колькі на той час пройдзе месяцаў, – паабяцаў палітык.

— Зараз Эўропа, ды і ўвесь сьвет, адказвае на той выклік, які, да жалю, кідае ўсяму цывілізаванаму сьвету вось гэткі неадэкватны сусед. Уладу ў суседняй з вамі краіне захапіў чалавек цяпер ужо неадэкватны. Але ў любым выпадку гэта абсалютна не легітымна: ён прайграў выбары, ён павінен сысьці, ён гэтага не зрабіў, ён не знайшоў у сабе годнасьці для таго, каб пакінуць гэтае крэсла, зь якім ён, скажам так, парадніўся, – прамовіла прэсавая сакратарка экс-кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна. Яна ўзяла чынны ўдзел у пасадцы рабінавай алеі непадалёку ад літоўскага парляманту. Апрача яе, асабістую і калектыўную адказнасьць за шаснаццаць рабінаў нясуць літоўскія і беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы, а таксама прадстаўнікі акадэмічнай супольнасьці.

— Фактычна, мы абралі такую ўстойлівую форму, каб сказаць людзям Літвы, Беларусі і сьвету, што мы не забыліся на галоўную мэту – каб у Беларусі адбыліся нармальныя дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары паводле міжнародных стандартаў, – паведаміў Гедрус Сурпліс. – І мы абралі дрэвы, таму што падзея можа адбыцца і скончыцца, і прайсьці, а дрэвы будуць стаяць тут. Гэта будзе называцца “Алея Беларусі і вігілія дэмакратыі”, і яны заўсёды будуць нагадваць, што гэтая мэта – справядлівыя дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі – застаецца.

Падчас пасадкі рабінавай алеі рыдлёўкамі ўзброіліся і супрацоўнікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандар Адамковіч і кіраўнік Віленскага клюбу “Сябрына” Валянцін Стэх.

— Паколькі я непадалёку адсюль працую, мне будзе зручна час ад часу сюды наведвацца, глядзець: прыжылося дрэва ці не прыжылося, калі яно часам, ня дай Бог, захварэе, што можна зрабіць, каб яго вылечыць, каб прывесьці яго ў належны стан, – сказаў Валянцін Стэх.

Выбар дрэваў для закладкі алеі ў гонар беларускай дэмакратыі быў не выпадковы. Сярод іншых відаў дрэваў, што фармуюць гарадзкі ляндшафт, рабіна вызначаецца сымбалічнасьцю.

— Рабіна славіцца сваімі вітамінамі. Вось мы сёньня і саджаем вітаміны для кволай дэмакратыі Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што яны зноў умацуюць жыхароў Беларусі, што яны не расчаруюцца, не апусьцяць рукі і працягнуць змагацца за дэмакратыю, калі будуць у Вільні ці проста згадаюць, што ёсьць такая алея. У літоўскай міталёгіі рабіну саджалі, каб адганяць д’яблаў. Хай кожны тут робіць свае высновы, – заявіў Гедрус Сурпліс.

Паводле Валянціна Стэха, у нашым рэгіёне, то бок у Літве і ў Беларусі, рабіна фактычна займае другое месца пасьля дуба па папулярнасьці, па колькасці легенд, складзеных пра гэтыя дрэвы.

— Калі ўзяць, скажам, колеры, зноў-жа: цьвіце рабіна вясной, цьвіце белым колерам, ягады зьяўляюцца летам, але сьпеласьці дасягаюць у верасьні, у кастрычніку, і колер гэтых ягад вельмі нагадвае колер чырвонай часткі нашага бел-чырвона-белага сьцяга, – зазначыў кіраўнік Віленскага клюбу “Сябрына”.

— Выдатна, што сёньня пайшоў сьнег: мы бачым белую пэрспэктыву, – адзначыў Гедрус Сурпліс. –. Ідэя была ў тым, што калі-небудзь, калі дрэвы будуць большыя, калі будуць чырвоныя ягады, і выпадзе першы сьнег, у нас будзе вельмі прыгожая бел-чырвона-белая паласа ля Вяльлі, якая зноў-жа злучае Літву і Беларусь. Самае галоўнае, што гэтая алея, гэтае пільнаваньне дэмакратыі сапраўды нагадвае нам, што побач зь Вільняй, побач зь межамі Эўразьвязу, павінен быць урад, які вызнае эўрапейскія каштоўнасьці і, перш за ўсё, не расчароўвае народа Беларусі. Гэта тое, што мы бачылі з тых пратэстаў у Беларусі і ва ўсім сьвеце: я думаю, што гэта ясна паказвае, што беларускі народ хацеў іншых выбараў, сумленных выбараў, яны хочуць жыць па-іншаму, і ў імя гэтай мары беларускага народа пасаджаныя гэтыя 16 дрэваў.

Паводле аматараў акультных навук, рабіна зьяўляецца жаночым дрэвам. Менавіта жанчынаў у першую чаргу бярэ гэтае дрэва пад сваю нябачную ахову. Нездарма: цягам апошніх месяцаў рэй у беларускім грамадзтве пачалі весьці жанчыны. Такім чынам, стварэньне Алеі Беларусі ад самага пачатку было напоўненае глыбокім сымбалізмам. Вось-жа і месца для пасадкі шаснаццаці рабінаў было абранае таксама не выпадкова.

— Менавіта тут, у гэтым месцы тады, калі ў Літве адбывалася гэтак званая Сьпеўная рэвалюцыя, стаяў вагончык, у якім многія з нашых літоўскіх беларусаў давалі інтэрвію, у якім яны зьвярталіся да сваіх суайчыннікаў, у тым ліку да тых, якія знаходзіліся сярод вайскоўцаў. Гэтае месца мне не проста знаёмае, а дарагое яшчэ з тых часоў, калі тут вакол стаялі барыкады, каб прайсці зноў жа трэба было пастарацца. Месца выбрана неблагое, – падкрэсьліў Валянцін Стэх.

Стваральнікі Алеі Беларусі плянуюць саджаць па адным дрэве ў месяц, пакуль у Беларусі будуць заставацца нелегітымныя ўлады, палітычныя вязьні, гвалт з боку праўладных сілавых структураў. У выпадку, калі на ўзьбярэжжы ракі ня хопіць месца, акцыю плянуецца прадоўжыць у сталіцах іншых эўрапейскіх дзяржаваў. У рэшце рэшт, зусім не ў азеляненьні літоўскай сталіцы заключаецца сэнс усіх гэтых дзеяньняў.

— Калі так здарыцца, што больш ня будзе дзе саджаць тыя дрэвы, і сытуацыя ня зьменіцца, спадзяюся, што да нас далучацца і іншыя краіны Эўропы, і мы гэтую акцыю працягнем у Варшаве, Празе, Бэрліне, – паабяцаў Гедрус Сурпліс. – Гэта незавершаны працэс. Самае галоўнае, што мы пільнуем і паказваем, што для нас важны народ Беларусі, іх імкненьне да дэмакратыі. Ну, а як дэпутат Сэйму, як намесьнік старшыні Камітэту па замежных справах, я разумею, вядома, што трэба аказваць палітычны ціск, міжнародны ціск на больш высокім узроўні і сапраўды сфармаваць кааліцыю эўрапейскіх партнэраў, якія проста скажуць: людзі, у 21 стагодзьдзі самалёты не выкрадаюць, мігрантаў не пераганяюць праз суседнія межы. Таму нам сапраўды трэба падтрымаць гэты ціск на самым высокім палітычным узроўні ў Вашынгтоне, Бэрліне і гэтак далей.