З 1948-га года ў Клайпедзе існуе мараходная школа. З часам гэтая ўстанова адукацыі мяняла свой статус, цяпер яна называецца Літоўскай марской акадэміяй, ці, дакладней, вышэйшай марской школай. Рыхтуюць там высокакваліфікаваных маракоў і ўнівэрсальных спэцыялістаў для марской індустрыі. Сярод навучэнцаў сустракаюцца і беларусы. У акадэміі спадзяюцца, што з часам там нашых спакрэвічаў стане больш. Ня дзіва: вось ужо два гады акадэмію ўзначальвае колішні капітан, парлямэнтар і дыплямат, ураджэнец Беларусі Вацлаў Станкевіч. На гістарычнай радзіме яму собіла пражыць толькі чатыры гады, але не забыўся спадар Вацлаў на свае карані, і гаварыць на роднай мове не развучыўся.

— Спадару Вацлаве, беларускі сьвет ведае пляяду выбітных грамадзкіх, рэлігійных і культурных дзеячоў з аднолькавым прозьвішчам – гэта і віленскі сьвятар ксёндз Адам Станкевіч, і ўладальнік кнігарні непадалёку ад Віленскай беларускай гімназіі Станіслаў Станкевіч, і мовазнаўца Ян Станкевіч…

— Гэта мае сваякі. Адзін Станіслаў Станкевіч – гэта родны брат майго бацькі, Янка Станкевіч – гэта ўжо таксама мой сваяк. Так што я з гэтых Станкевічаў, я таксама нарадзіўся ў Арлянятах, мае бацькі, як я помніў, называлі не “Арляняты”, а “Вурляняты”. Я вырас усё-ж такі ў Літве… гістарычна так, я беларус, нарадзіўся ў Беларусі. Гэта было даўно, у 1954 годзе. У 1958-м годзе, як мне было чатыры гады, бацькі з намі, зь дзецьмі, пераехалі ў Літву, у Віленскі раён, вёска Буйвіджай, дзе я і вырас. Так што я беларус, але вырас і атрымаў адукацыю ў Літве.

— Чым Вас завабіла мора?

— Рос я ў вёсцы у савецкія часы, ў калгасе працаваў, і мне хацелася заўсёды чагосьці большага. Сям’я ў нас вялікая, сямёра дзяцей, і я быў другі паводле ўзросту, і такім чынам, канчаючы школу, я вырашыў паступіць у мараходнае вучылішча, дзе мы цяпер знаходзімся з вамі, размаўляем. Я прыехаў у гэтую ўстанову ў 1971 годзе, тады быў малады і прыгожы, цяпер толькі прыгожы, паступіў і ў 1974 годзе атрымаў дыплом і пачаў працаваць па сваёй прафесіі. Працаваў на працягу 17 гадоў, хадзіў у мора і потым стаў капітанам. На вялікіх караблях працаваў. Ну вось так у маім жыцьці паявілася і мора, марскія ўсе справы.

— Ці хто-небудзь з вашай сям’і падзяліў Ваш лёс?

— Не. Усе нармальныя людзі, усе працавалі, працуюць, жывуць, як патрабуе прырода ад чалавека, на зямлі. Я часам жартую, што ёсьць шэсьць разумных і адзін марак. Гэта я.

— Што ў моры такога ёсьць, чым вы вырашылі зацікавіцца?

— Ну, ведаеце, у дзяцінстве я вельмі шмат чытаў, дарэчы, і цяпер гэта мая любімая справа, і я прадстаўляў заўсёды сябе ў самалёце чы на караблі. Хацелася штосьці такога гераічнага. Клайпеда ад Віленскага раёна, ад Вільні недалёка, прыехаў у Клайпеду, паступіў і так стаў мараком. Потым, калі атрымаў дыплём, трэба было працаваць, так усё і склалася, што на працягу 17 гадоў рабіў марскую кар’еру, дайшоў да вяршыні сваёй кар’еры – я стаў капітанам-дырэктарам, потым ужо працаваў у другіх установах.

— Якія моры, якія акіяны Вам собіла зьведаць?

— Давялося мне працаваць і ў Атлантыцкім акіяне, ўзбярэжжа Афрыкі, Заходняй Афрыкі, скандынаўскіх краінах: Нарвэгія, Фінляндыя, ўзбярэжжа Канады, Амэрыкі…

Цягам сямнаццаці гадоў Вацлаў Станкевіч пасьпяхова будаваў кар’еру марака. Пасьля гэтага ён пастанавіў паспрабаваць сябе ў палітыцы. Гэтак былы капітан яшчэ на восем гадоў стаў чальцом літоўскага парляманту. Асноваю палітычнай дзейнасьці колішняга марака сталі замежныя справы Літвы. У 2003 годзе Вацлаў Станкевіч быў кандыдатам на пасаду прадстаўніка Літвы ў адміністрацыі па аднаўленьні Іраку. Собіла яму стаць і спэцыяльным дакладчыкам па пытаньнях Беларусі ў Парляманцкай асамблеі Рады Эўропы. Аднак на ўсіх высокіх пасадах Вацлаў Станкевіч не забываўся і пра сваё.

— Пасьля марскога пэрыяду ў жыцьці Вы пастанавілі стаць палітыкам, а яшчэ пазьней – дыпляматам. У чым прычына гэткай рэзкай зьмены ў жыцьцядзейнасьці?

— 17 гадоў – гэта, ўсё-ж такі, можа, і ня вельмі шмат, але ўсё-ж такі пэрыяд часу, за гэты час ў мяне зьявілася сям’я, дзеці, і так, ведаеце, натуральна паявілася пытаньне, што, можа, трэба спрабаваць працаваць, як і ўсім людзям. Я пачаў працаваць з восені 1991 года на прадпрыемстве “Клайпедзкі транспартны флот” віцэ-прэзідэнтам кампаніі. Прэзыдэнтам кампаніі быў, дарэчы, таксама беларус Арсень Мікалаевіч Біч. Я быў яго намесьнікам.

А як пачалася праца ўжо тут у Клайпэдзе, ня трэба было ісьці ў мора, ужо захацелася мне паспрабаваць сябе ў палітыцы. Я заўсёды цікавіўся палітыкай трохі, і я ў 1993 годзе, калі не памыляюся, ўдзельнічаў у лакальных выбарах у Клайпэдзе, прайшоў па гэтых выбарах і пачаў працаваць у гарадскім савеце як дэпутат. Зьявілася такое жаданьне удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах, я і ў Сойм Літвы прайшоў.

Адзін з кірункаў працы маёй і мэта такая, каб палепшыць жыцьцё маракоў. І мне трохі ўдалося зрабіць для справы маракоў: зьмяніць уставы і гэтак далей. Галоўная праца ў палітыцы ў мяне была – замежныя справы Літвы. Я на працягу шасьці гадоў кіраваў камісіяй па справах НАТА. Гэта была вельмі палітычная пасада, таму што, як я пачаў працаваць на гэтай сьцязе, Літва яшчэ не была ў НАТА. А вельмі важна было зрабіць так, каб Літва ўступіла, была прынята ў НАТА. І дэ факта мы дасягнулі гэтага, Літва – краіна НАТА, мы вельмі ганарымся гэтым, так што там была палітычная праца, але я не забываў і маракоў, працаваў і стараўся рабіць усё магчымае, каб палепшыць жыцьцё літоўскіх маракоў.

— Якія акулы больш небясьпечныя – марскія ці палітычныя?

— Ну, я думаю, палітычныя. Для мяне як для прафэсіянала мора – гэта зусім зразумелая справа. Хоць сёння я магу ісьці на мосцік капітана, і я ведаю, што трэба было б рабіць. Так што, я думаю, акулы палітычныя – значна цяжэй гэта ўсё зразумець і спарадкаваць сваё жыццё ў гэтай галіне. Палітыка – гэта сьлізкая справа.

У 2005 годзе Вацлаў Станкевіч быў абраны самым талерантным чалавекам года па вэрсіі рэдакцыі газэты “Клайпеда”. Адпаведныя рысы характару прыдаліся і ў будучыні: палітык пасьля заканчэньня кадэнцыяў у Сойме Літвы распачаў кар’еру дыплямата. Цягам дзесяці гадоў Вацлаў Станкевіч кіраваў консульствамі Літвы спачатку ў расейскім Калінінградзе, а пазьней – у польскіх Сэйнах. Урэшце ў 2019 годзе род ягоных заняткаў ізноў памяняўся даволі істотна.

Ужо больш за два гады беларус, прафэсійны марак, колішні чалец Сэйму Літвы і дыплямат Вацлаў Станкевіч узначальвае ўнікальную ўстанову адукацыі ў Клайпедзе – Літоўскую вышэйшую марскую школу. Мы даведаліся ў яго, ці шмат нашых спакрэвічаў становяцца навучэнцамі літоўскай мараходкі, якія зьмены чакаюць Клайпеду ў недалёкай будучыні, а галоўнае – як-жа собіла Вацлаву Станкевічу захаваць беларускасьць гэтак далёка ад гістарычнай радзімы.

Назад у альма-матэр

Вацлаў Станкевіч – прадстаўнік знакамітага ў беларускім сьвеце і па-за яго межамі роду Станкевічаў зь вёскі Арляняты, што на Гарадзеншчыне, у ваколіцах Крэва. Адтуль паходзяць і мовазнаўца Ян Станкевіч, і віленскі “кнігар” ды паэт Станіслаў Станкевіч, і ксёндз Адам Станкевіч. Між тым грэцца ў промнях славы сваіх знаных сваякоў Вацлаў Станкевіч ня схільны. Зь юнацтва яму собіла абраць свой жыцьцёвы шлях – па салёных хвалях белапеннага сіняга мора.

Адпаведную адукацыю сын беларускай зямлі прыдбаў у Літоўскай мараходнай школе. Штопраўда, зь цягам часу стракатыя сьцягі караблёў акіянскага порту становяцца нямілымі нават самым адчайным бадзягам. Пасьля сямнаццаці гадоў хаджэньня па марох і акіянах Вацлаў Станкевіч заняўся палітыкаю і стаў чальцом Сэйму Літоўскай Рэспублікі. Пазьней яго яшчэ на дзесяць гадоў завабіла дыпляматычная праца. Між тым у 2019 годзе спадару Вацлаву собіла вярнуцца ў сьцены альма-матэр – гэтым разам у якасьці дырэктара навучальнай установы.

— Ужо два гады Вы ўзначальваеце гэткую навучальную ўстанову, адкуль некалі выйшлі. Як гэта?

— Я сапраўды 10 гадоў у Міністэрства замежных спраў Літвы працаваў на розных дыпляматычных пляцоўках. Але прыйшоў час выбіраць другую працу. Я даведаўся, што тут праводзіцца конкурс на пасаду дырэктара гэтай установы, і я падаў свае дакумэнты. Неяк так склалася жыцьцё, што я стаў дырэктарам. І гэта цікава, вельмі прыемна і вельмі адказна, таму што цяпер трэба паказаць добрую працу, цяпер важна зрабіць так, ( а дарэчы, у Літве больш такіх вышэйшых навучальных ўстановаў няма, толькі гэтая), каб я мог кансалідаваць увесь калектыў, і гэта справа вельмі адказная, таму што ёсьць у нас прафэсары і навучэнцы, а я просты чалавек, просты капітан. Але два гады паказалі, што, здаецца, мы працуем у правільным накірунку.

Зь першых дзён знаёміцца з морам, з вадой, зь ветрам

— Што хацелася і што ўдалося за гэтыя два гады зьмяніць?

— Не зусім падабалася, што студэнты вучацца 2-3 гады, мы іх пічкаем тэорыяй, а потым яны ідуць ужо як кадэты, як юнгі, на практыку ў моры. Маё разуменьне было заўсёды, і я прайшоў такі шлях, што пазнаньне мора, ветра, шторма павінна быць зь першага курса. Так за гэтыя два гады мы з калегамі дасягнулі таго, што нашы студэнты, першы курс, які будзе паступаць і прыйдзе да нас, зь першых дзён яны атрымаюць патрэбны інструктаж і будуць выходзіць у Куршскі заліў, потым на некалькі дзён – і ў Балтыйскае мора. Мы арандуем невялікі ветразевы карабель, і яны выходзяць у мора. Першы курс! Я гэтым вельмі задаволены, і я ганаруся, таму што зь першага курса ўжо нашы студэнты, будучыя маракі, маюць магчымасьць знаёміцца з Балтыйскім морам. А далей яны ўжо пасьля другога, трэцяга курса ідуць ужо на сур’ёзныя караблі, ідуць у Атлянтыку і другія моры.

Такім чынам яны атрымліваюць вельмі добрую падрыхтоўку, і ўжо пасьля другога-трэцяга курса яны ўжо – сапраўдныя маракі.

Было шмат крытыкі. “Куды ты, дырэктар, пасылаеш дзяцей? Яны-жа дзеці!”. Я зьвяртаюся да тых гадоў, як я паступаў: я паступіў, калі мне было 17 гадоў. Цяпер прыходзяць да нас зь першага верасьня 19-20-гадовыя. Я кажу, што гэта ўжо ня дзеці, гэта дарослыя людзі, і калі яны хочуць стаць сапраўднымі маракамі, трэба зь першых дзён знаёміцца з морам, з вадой, зь ветрам. Так і робім.

— Падчас шторму на каго спадзяюцца маракі?

— Толькі на сябе. І мне здаецца, цяжка спаткаць марака, які ня верыць у Бога. Таму што бывае ўсякае. Але ўсё-такі ад таго, як працуе каманда, залежыць вельмі шмат. І вельмі шмат залежыць ад капітана.

Мора ў Беларусі няма, а маракі будуць!

— Ці шмат беларусаў запісваецца ў мараходку? Гэта літоўскія беларусы ці ўраджэнцы Беларусі?

— Такіх беларусаў зь Беларусі ня шмат, але ўжо ёсьць. І на першым курсе, і на трэцім. Цяпер мы вельмі актыўна супрацоўнічаем зь Беларусьсю, зь беларускімі агенцтвамі, каб была значна большая група беларускіх студэнтаў у нашай акадэміі, так што, я спадзяюся, і зацікаўленасьць ёсьць, я бачу зацікаўленасьць з боку Беларусі, але ёсьць і такіх, як я, у якіх бацькі – беларусы, а яны нарадзіліся ўжо ў Літве. Такія ёсьць, такіх шмат.

— Чым-небудзь адрозьніваюцца беларусы ў гэтым марскім сусьвеце ад іншых маракоў?

— Не скажу так, што нехта павінен нарадзіцца мараком. І я нарадзіўся ў вёсцы, нарадзіўся ў Беларусі і рос у вёсцы ў Літве, а потым стаў мараком-прафесіяналам. Так што не адрозьніваюцца тыя маладыя хлопцы, якія ў нас цяпер ёсьць непасрэдна з Беларусі. Я бачыў у іх вельмі добрую падрыхтоўку ў сярэдняй школе. Вельмі добрую. А маракамі – тут будзе залежыць і ад мяне, ад маіх калег, ад нашай прафэсуры і ад гэтых маладых людзей. Так што нічога страшнага, што няма мора ў Беларусі, а маракі будуць!

Марская брама Беларусі

— Клайпеду часта называлі беларускай марской брамаю. Паводле Вашых адчуваньняў, як адбіліся на гэткім статусе падзеі, што пачаліся ў жніўні мінулага году ў Беларусі?

— Усё-ж такі наша ўлада ідзе ў тым кірунку, што усё, што залежыць ад нашых палітычных дзеячаў, робіцца, каб Беларусь у будучыні была дэмакратычнай краінай і і ўвайшла ў сям’ю дэмакратычных краін: Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Украіна і так далей. І Літве будзе нялёгка, таму што мы можам не атрымаць беларускіх грузаў, значна менш, але ўсё-ж такі ў стратэгічнай мэце мы ідзём да таго, каб Беларусь была дэмакратычнай краінай.

— Як-бы Вы ацанілі тое, што адбываецца там, на Вашай гістарычнай радзіме?

— Вось часта ў Літве я чую, як літоўцы правільна гавораць, што Латвія, Эстонія – гэта нашыя сёстры, нашыя браты… Я ўпэўнены, што беларусы – таксама браты і сёстры паміж нашымі краінамі, маю на ўвазе Літву і Беларусь. Усё-ж такі адны гістарычныя карані. Мая мара была заўсёды, каб Беларусь, як і Літва, была дэмакратычнай краінай, і каб мы маглі спакойна па-братэрску жыць сумесна. На жаль, гэтага яшчэ няма, але ў будучыні – усё магчыма.