Родныя мясьціны Браніслава Тарашкевіча – вёска Мацюлішкі знаходзіцца пры
старым вялікакняскім гасьцінцы зь Вільні ў Полацак. Дом, у якім нарадзіўся аўтар
“Беларускай граматыкі”, можа стаць у будучыні адным з пунктаў адмысловага
турыстычнага маршруту паводле праекту “Культурны шлях Францішка Скарыны”.
Зрэшты, ахвотнікі прайсьціся сьлядамі вялікакняскага першадрукара, крыху
адхіліўшыся ад вызначанага накірунку, змогуць наведаць і іншыя вартыя ўвагі
аб’екты. Адным з гэткіх пунктаў зьяўляецца вёска Барэйкішкі, дзе знаходзіцца дом-
музэй беларуска-польскага паэта Ўладзіслава Сыракомлі.

Тут не мае ні дом, ні глеба,
Што родзіць хлеба небагата.
Мая тут толькі сінеч неба,
Якое ўзносіцца над хатай.

Вось гэтак колішні фальварак Барэйкаўшчыну апісаў славуты паэт, перакладчык і
вандроўнік Уладзіслаў Сыракомля. Літаратар правёў тут апошнія дзевяць год свайго
жыцьця, пераехаўшы ў Барэйкаўшчыну зь Вільні ў 1853 годзе.

— Уладзіслаў Сыракомля нарадзіўся ў Смольгаве Менскай губэрні. Гэта было ў царскія
часы, нашых краін не было на мапе Эўропы, – паведаміў супрацоўнік Дому-музэю
Ўладзіслава Сыракомлі ў Барэйкішках, экскурсавод Юзаф Шастакоўскі. – Потым іх сям’я
пачала пражываць у Залуччы. Сям’я Людвіка Кандратовіча (літаратурны псэўданім яго
Сыракомля) – гэта была шляхецкая, але безьзямельная сям’я. І бацька Аляксандар
Кандратовіч, і сын Уладзіслаў жылі з таго, што арандавалі землі. У дадзеным выпадку
вось гэтая тэрыторыя Нямежа належала графу Бенедыкту Тышкевічу.

У Залуччы ў сям’і Кандратовічаў здарылася няшчасьце: памерла чарговае дзіця.
Выжылі толькі двое сыноў, Уладзіслаў і Казімір, пяцёра-ж дзяцей памерла. Сям’я
пераехала ў Вільню. Пасяліліся яны ў Вільні ў доме Мюлераў. Гэта былі сваякі Станіслава
Манюшкі, кампазытара, які, таксама нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі.

— Але там была вельмі шумная вуліца – вуліца Нямецкая. Блізка было скрыжаваньне
чатырох вуліц – Віленскай, Дамініканскай, Нямецкай і Троцкай. Таму яму як паэту там
было жыць вельмі цяжка. Ад шуму балела галава, – сказаў Юзаф Шастакоўскі. –
Сыракомля потым апісаў гэта ўсё ў вершы “Сьмерць салаўя”, у якім сябе ён параўнаў з
салаўём. І вось калі ён даведаўся, што тут граф Бенедыкт Тышкевіч, які жыве ў Нямежы,
шукае арандатара, ён з задавальненьнем сюды прыехаў і тут правёў 9 шчасьлівых гадоў.
Тут ён напісаў больш за 20 твораў, у тым ліку і паэму “Маргер” пра барацьбу ліцьвінаў з
крыжакамі.

Фальварак Барэйкаўшчына, што амаль на дзесяцігодзьдзе стаў домам і ня домам для
Ўладзіслава Сыракомлі, меў раней ня менш славутых гаспадароў з роду Тышкевічаў.
Адным зь іх стаў пачынальнік беларускай фатаграфіі граф Бэнэдыкт Тышкевіч. Ягонымі
дзядамі былі Канстанцін і Яўстахі Тышкевічы – заснавальнікі Віленскага музэю
старажытнасьцяў, першага ў краіне. А Бэнэдыкт Тышкевіч працягваў справу прашчураў
тым, што фіксаваў з дапамогаю фатаграфічнае камэры тагачаснае жыцьцё бліжніх сваіх –
і заможных, і не зусім. Зрэшты, на Віленшчыне Бэнэдыкт Тышкевіч прабавіўся нядоўга,
эміграваўшы ажно ў Амэрыку. А ў Барэйкаўшчыне пасяліўся на правах арандатара Людвік
Кандратовіч.

Нягледзячы на нараканьні літаратара, барэйкаўшчынская зямля вызначылася
ўрадлівасьцю: за восем гадоў, што пражыў тут паэт, на сьвет зьявіліся ажно 24 ягоныя
літаратурныя творы. Сярод іх – першы ў Літве турыстычны даведнік пад назоваю
“Вандроўкі па Літве ў промнях ад Вільні”. Пісаў Сыракомля пры добрым надвор’і на
адмысловым стале зь вялікіх жорнаў, што й цяпер стаіць на падворку сядзібы.
— Яго творчасьць тады прыраўноўвалася да творчасьці Адама Міцкевіча, – падкрэсьліў
Юзаф Шастакоўскі. – Адам Міцкевіч памёр на 7 гадоў раней, у 1855 годзе. Функцыі
вяшчальніка Свабоды пераняў Уладзіслаў Сыракомля. Сыракомля заўсёды раўняўся на
высокую паэзію Адама Міцкевіча. Ён гэтую паэзію ведаў, чытаў. Яму была знаёмая паэма
“Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча. І пасьля таго, як у 1862 годзе памёр Сыракомля,
прайшло 35 гадоў, і ў 1897 годзе грамадзкасьць захацела свайму любімаму паэту
паставіць помнік. І помнік быў пастаўлены ў форме стала, на якім намалявана ліра,
антычны сымбаль культуры, на левым баку – лаўровы ліст, на правай – галінка літоўскага
ці беларускага дуба. У нас дубы аднолькавыя, мы суседзі. І надпіс: “Тут з 1853 па 1860 год
жыў Уладзіслаў Сыракомля” на польскай мове.

Сядзіба Ўладзіслава Сыракомлі ператварылася ў мэмарыяльны музэй на сто пяцідзясяты
юбілей паэта, у 1973 годзе. Спачатку ў кабінэце літаратара, а пазьней – ва ўсім правым
крыле пабудаванага ў 19 стагодзьдзі дома знайшлі прытулак асабістыя рэчы Ўладзіслава
Сыракомлі, ягоная мэбля, партрэты, а таксама багатая творчая спадчына. Клопатамі
стваральнікаў музэйнай экспазыцыі за адным сталом сабраліся добрыя сябры паэта,
славутыя віленчукі, якія часта наведвалі фальварак Барэйкаўшчыну, гасьцюючы ва
Ўладзіслава Сыракомлі.

— Яны ніколі не прыязджалі сюды адначасова. У адну нядзелю – адзін, у другую – іншы.
Але мы іх пастараліся сабраць разам, – патлумачыў Юзаф Шастакоўскі. – Вось гаспадар
– задуменны Уладзіслаў Сыракомля. Зьлева ад яго, з матыльком, гэта выдавец, аўтар
першага даведніка па Вільні Адам Кіркор. Гэта Яўстафі Тышкевіч, той, які заснаваў
Віленскае навуковае таварыства, сябрам якога быў Уладзіслаў Сыракомля. У акулярах –
гэта Станіслаў Манюшка, кампазытар.

Праславіў Уладзіслава Сыракомлю ягоны дэбютны верш “Паштальён”, які паэт напісаў у
1844 годзе паводле трагічнай гісторыі, пачутай у мястэчку Мір у карчме паблізу касьцёла.
Пераклад “Паштальёна” на рускую мову паэтам Леанідам Трэфалевым стаў папулярнай у
Расіі народнай песняй “Когда я на почте служил ямщиком…”.

Творчасьць Уладзіслава Сыракомлі ў 19 стагодзьдзі высока цанілася. Зрэшты, на кожную
каштоўнасьць знойдуцца ахвотнікі прыбраць яе да рук. Гэткі келіх не абмінуў ані Адама
Міцкевіча, ані Ўладзіслава Сыракомлю – энцыкляпэдыі вызначаюць творцу як “польскага”,
“польска- літоўскага” ці нават “літоўскага” паэта. Вершы ягоныя прасякнутыя
патрыятызмам. Штопраўда, патрыятызм Уладзіслава Сыракомлі быў не літоўскім, ня
польскім, а “лякальным”, як вызначаў Адам Мальдзіс, гэта значыць, беларускім.

Родавы герб шляхціца Людвіка Кандратовіча “Сыракомля”, што, уласна, азначае “сырая
калода”, паходзіць ад старажытнага гербу “Абданк”, досыць шырока распаўсюджанага ў
Вялікім княстве Літоўскім. Напрыклад, меў яго й славуты віленскі архітэктар, аўтар
праекту перабудовы Віленскай архікатэдральнай базылікі Сьв. Станіслава і Сьв.
Уладзіслава Лаўрын Гуцэвіч.

Прыналежнасьць да шляхецкага стану не перашкаджала Ўладзіславу Сыракомлю
займаць цалкам ліберальныя пазыцыі. Асноўным лейтматывам творчасьці Ўладзіслава
Сыракомлі было вызваленьне беларускага народу ад прыгнёту. Змагацца за гэта са
зброяй ён заклікаў і ў беларускіх вершах, такіх, як напрыклад, „Добрыя весьці“, напісаным
ў 1848 годзе. Паэт пісаў:

Гэй, згіне вораг, як Бог нам паможа
За нашу крыўду, за горкі наш жаль.
Запяём песьню: “Хвалім цябе, Божа!”.
Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль.