18 траўня 2021 г. прамінула вось ужо пяць гадоў, як ў лепшым сьвеце апынуўся віленскі беларускі мастак Алег Аблажэй. З нагоды гэткага смутнага юбілею ў касьцёле Сьвятога Барталамея адбылася імша ў памяць мастака і літаратара, тамсама прайшла выстава ягонай творчасьці. Хуткабежны час ня здолеў прытупіць боль страты, і віленчукі са скрухаю і ўдзячнасьцю згадваюць Алега Аблажэя, аднаго з тых, хто трыццаць пяць гадоў таму ў Літве адрадзіў беларускае грамадзкае жыцьцё.
— Гэта быў чалавек абавязковы, пунктуальны, удумлівы, сацыяльна актыўны, – паведаміў старшыня Віленскага клюбу “Сябрына” Валянцін Стэх. – Я яго ведаю здаўна, я ведаю яго з пачатку 1986 года. Ён быў у ліку аднаго зь першых, з кім я сустрэўся пасьля таго, як атрымаў адрасы падпісчыкаў штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Як толькі я вярнуўся з войска – уласна кажучы, у войску гэта й пачалося ўсё – я тут-жа стаў набываць беларускія, на беларускай мове, маю на ўвазе, кніжкі, а крыху пазьней падпісвацца на беларускія пэрыядычныя выданьні. І тады я задаўся пытаньнем: паводле статыстыкі, не адзін дзясятак тысячаў беларусаў жыве ў Літве, асноўная частка якіх знаходзіцца менавіта ў Вільні. І дзе я чую хоць адно, як кажуць, жывое беларускае слоўца? Анідзе! І калі да мяне даслаў свой ліст, адкрыты ліст, лекар з Новай Вільні Валдас Банайціс, літовец, які пісаў чысьцюсенькай беларускай мовай, гэта было як гром сярод яснага неба. Вядома, я тут-жа адгукнуўся на яго гэты допіс, між намі завязалася ліставаньне, а яшчэ празь нейкі час мы сустрэліся і проста задаліся пытаньнем: калі я выпісваю гэтую газэту, калі выпісвае ён, паўтараю, не беларус – літовец, дык, можа, такіх людзей больш? Сталі думаць над тым, як нам пашырыць кола гэтых беларусаў. Не скажу, каб адгукнуліся ўсе, але адгукнуліся вельмі многія, і ў ліку адных з першых, хто адгукнуўся, якраз і быў Алег Аблажэй.
Незадоўга да таго, як выправіцца ў апошнюю дарогу за небакрай, Алег Аблажэй адзначыў свой шэсьцьдзесят другі дзень народзінаў. Ён зьявіўся на сьвет у вёсцы Лезьнявічы, што на Гарадзеншчыне. Неўзабаве лёс прывёў мастака ў Вільню. У літоўскай сталіцы Алегу Аблажэю собіла ня толькі стаць вядомым мастаком – графікам і жывапісцам. Ягоныя ілюстрацыі аздобілі багата літоўскіх і беларускіх кнігаў, а таксама старонкі беларускай газэты ў Вільні “Рунь”. Не чужы быў Алегу Аблажэю і талент літаратара-публіцыста, а дзякуючы ягонай перакладчыцкай працы па-беларуску загаварылі героі твораў літоўскіх пісьменьнікаў. Летась-жа творчую спадчыну Алега Аблажэя дапоўніла ілюстраваная самім аўтарам кніга-казка “Красамоўнае сэрца”.
— Памятаю першы раз, калі яны з жонкай Крыстынай Балаховіч наведалі мяне, – згадаў Валянцін Стэх. – Мы вельмі-вельмі доўга размаўлялі, дзяліліся сваімі думкамі. Менавіта тады ўжо падчас нашай першай сустрэчы ў нас зьявілася ідэя наведаць Зоську Верас, якой мы яшчэ ня ведалі, але ведалі пра яе існаваньне з публікацыі Ўладзіміра Ягоўдзіка ў “Літаратуры і мастацтве”. Вось гэта неўзабаве мы і зьдзейсьнілі, і ажыцьцявілі: у мяне захаваўся фотаздымак з тае першае нашае вандроўкі у Лясную хатку, у якой жыла Зоська Верас. Сама ідэя заснаваньня ў Вільні беларускага клюбу ў нас і ўзьнікла у другой палове лістапада 1986 года падчас сьвяткаваньня 80-х угодкаў газэты “Наша ніва” ў Лясной хатцы. Гэтая ідэя атрымала падтрымку, і ўжо напрыканцы траўня 1987 года мы мелі дазвол гарадзкіх савецкіх партыйных і прафсаюзных органаў на права заснаваньня клюбу. У 1989-м годзе, калі сталі набліжацца чарговыя ўгодкі пакараньня сьмерцю беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, аднаго з правадыроў паўстання 1863-1864 гадоў, мы вырашылі арганізаваць мітынг. Да ўдзелу ў гэтым мітынгу мы запрасілі як мясцовых беларусаў, гэтак і беларусаў з Беларусі. Мы фактычна, нягледзячы на тое, што ўжо нейкі час існавалі, ўсё роўна яшчэ рабілі толькі першыя крокі. Для нас гэта было вельмі важна.
Алегу Аблажэю і Крыстыне Балаховіч у ліку іншых спакрэвічаў собіла прадстаўляць беларускі народ напярэдадні і падчас трагічных падзеяў студзеня 1991-га году. За пяць гадоў да гэтага віленская сям’я мастакоў стала ля вытокаў першай у пасьляваеннай Літве беларускай грамадзкай арганізацыі – Віленскага клюбу “Сябрына”.
— Я думаю, што нашы адносіны, нашы дачыненьні ацаніць у першую чаргу можна было-б як няспынныя, – сказаў Валянцін Стэх. – Што да іх інтэнсіўнасьці, гэта пытаньне іншае. Напачатку стасункі былі вельмі інтэнсыўнымі, мы ўсё рабілі разам, Алег як мастак многім дапамог, асабліва на пачатку дзейнасьці “Сябрыны”: ён быў аўтарам і плакатаў “Сябрыны”, ён быў аўтарам і запрашэньня да “Сябрыны”, ён часта афармляў нашы мерапрыемствы. Пасьля, калі зьявілася Таварыства беларускай культуры, цяжка было разарвацца на два франты, і таму адны людзі засталіся ў “Сябрыне”, а другія сталі аддаваць перавагу ТБК.
Алега Аблажэя ня стала пяць гадоў таму. Зрэшты, віленчукі-беларусы і да сёньня не перасталі адчуваць ягоную нябачную прысутнасьць. Творчая спадчына віленскага творцы аднымі карцінамі не абмежавалася. Вершы Алега Аблажэя раз-пораз аздабляюць беларускую прэсу. Ягоныя філязофскія эсэ ў аўтарскім выкананьні гучаць на аўдыёзапісах, якія ў свой час зрабіў рэдактар і вядоўца беларускай перадачы Літоўскага радыё “Тутэйшы час” Андрэй Старавойтаў. З кнігаю Алега Аблажэя “Красамоўнае дзіва” дарослыя вернуцца ў чароўны сьвет дзяцінства, а дзеці пераканаюцца, што цудам ёсьць месца і ў звычайным жыцьці.
І верыць, і баяцца, і прасіць
Ты будзеш, хоць і ведаеш, што нельга,
І хадакі жалезныя насіць,
І жыць, нібыта ў сьвеце паралельным,
І зь вернай да апошняга сястрой
Надзеяй не разлучышся ніколі,
І будзеш ты змагацца сам з сабой
Самотным воінам у чыстым полі…
Алег Аблажэй