Як цяпер, так і раней літоўская сталіца прыцягвала беларусак з мэтраполіі з розных прычынаў, але аднолькава моцна. Некалькі гадоў таму ў Вільню прыехала журналістка і мастачка Ганна Русінава. Рэпартэрскую дзейнасьць на тэлеканале “Белсат” яна сумяшчае з працаю алоўкам, фарбамі ды пэндзлем. Зрэшты, ня толькі імі. Ня так даўно ў творчасьці Ганны Русінавай пачаўся новы этап – маляваньня з дапамогай частак уласнага цела.
Гісторыя мастацтва ведае шмат прыкладаў, калі творца абіраў незвычайныя сродкі для ажыцьцяўленьня сваёй задумы. І чым дрэннае, скажыце, спалучэньне яркіх фарбаў зь літоўскім сьнегам на карціне, якую стварылі рукі беларускай дзяўчыны? Нягледзячы на ўяўную прастату выкананьня, у свае творы мастачка ўкладвае глыбокі сэнс.
— Калі я малюю, я расслабляюся і я забываюся, пранікаюся ў сітуацыю і ўсе свае эмоцыі і хваляваньні я адлюстроўваю менавіта на палотнах. Я лічу, што для кожнага павінна існаваць свая форма выказваньня, і праяўленьне таго, што чалавек адчувае. Я, як і усе беларусы, вельмі хвалююся праз тое, што зараз адбываецца ў нашай краіне. Я хачу выказваць сваю нязгоду, сваё незадавальненьне і ўвогуле перадаць боль людзей праз свае карціны.
— Спадарыня Ганна, як паўстаюць вашыя новыя творы? Што яны сымбалізуюць?
— Зараз наступілі цёмныя часы ў Беларусі, вось гэтыя ўсе падзеі робяць адбітак на мне, я праз сваё ўспрыманьне бачу і адчуваю, што пакутуюць людзі, іхныя душы, цела чалавека. Як мы бачым, тут адбітак цела чалавека, вось тут бачна, якім чынам цела чалавека падвяргаецца катаваньням, вось, узьнікаюць сінякі, але ёсьць таксама промень сьвятла, надзеі, які праступае праз усю карціну, пра што ўвогуле і мараць усе беларусы – быць свабоднымі, вольнымі і незалежнымі.
— Зь якім настроем вы стваралі гэтую карціну? Зь вясёлым ці сумным?
— Усе свае карціны ўвогуле я ствараю зь вельмі такім падаўленым, нязгодным настроем. Спачатку ў мяне ўсё было ў адным стылі, такім, можна сказаць, больш хаатычным, незразумелым, што адбываецца, але зараз я перайшла на больш рэалістычныя матывы, бо проста ўжо немагчыма стрымаць, цярпець гэты гвалт, і будзе сэрыя карцін, прысьвечаная АМАПу. Вось будучая мая праца, на якой я зрабіла ўпор на тое, каб паказаць несправядлівасьць увогуле таго, што адбываецца, тады як вобраз Мадонны зь дзіцём, як вобраз Маці Беларусі, якая трымае ў руках АМАПаўца, немаўля ў вопратцы, абмундзіраваньні АМАПу, і гэта значыць: “Ну, не для гэтага цябе ўзгадавалі”. Не для гэтага, каб рабіць такія злачынствы зараз, зьдзеквацца над людзьмі ўвогуле.
— Што натхніла Вас на творчасьць у новым адмысловым стылі?
— Вось гэтыя ўсе катаваньні, затрыманьні, арышты, штрафы, гэты зьдзек проста над людзьмі, безумоўна, знайшоў водгук у мяне. Я вельмі нязгодная з тым, што адбываецца, і як бы нават самі па сабе ўзніклі вобразы, якім чынам праз мастацтва, праз свае карціны я магу перадаць вось гэты неспакой сваёй душы.
— Як зьмянілася Вашае ўспрыняцце рэчаіснасьці пасьля жніўня 2020 году?
— Безумоўна, падзеі жнівеньскія, і ўвогуле цяперашняя сытуацыя ў Беларусі вельмі негатыўна ўплывае на мяне як на звычайнага чалавека, але таксама гэта знаходзіць водгук у маім мастацтве. Я ўвесь час думаю пра Беларусь увогуле, што там адбываецца, і менавіта тыя падзеі, вось гэты гвалт, ну ўвогуле яны не пакідаюць абыякавымі ня толькі мяне, але і ўсіх навокал людзей, якія знаходзяцца ў Літве, на іх гэта ўплывае, і на мяне асабіста, бо я сама зь Беларусі, і проста немагчыма маўчаць.
— Чаму Вы асабіста ня можаце застацца абыякавай? Чаму для вас гэта важна?
— Для мяне важна быць разам побач са сваім народам у гэтай барацьбе, у гэтым змаганьні. І паказаць таксама ім, што іх памятаюць, пра іх не забываюць, нават у іншай краіне за мяжой, і што мы павінны ўвесь час паказваць сваю салідарнасьць і падтрымку. Толькі разам мы зможам чагосьці дамагчыся, і, безумоўна, такая падтрымка ўсяляе ўпэўненасьць, і людзі проста разумеюць, што ў іншых краінах яны заўсёды знойдуць сабе падтрымку, і гэта натхняе іх таксама.
— У вашай дзейнасьці па жыцьці спалучаюцца дзьве іпастасі. Мастак і журналіст па-рознаму рэагуюць на падзеі штодзённасці. Хто ўнутры Вас перамагае?
— Для мяне больш за ўсё гэтыя падзеі ўплываюць, магчыма, часам як мастака. Як журналісту тут, канешне, зусім іншыя умовы. Тут няма праблем з паліцыяй ці з чымсьці, тут усё ладзіцца адкрыта і, магчыма, розныя людзі могуць зьбірацца разам, рабіць маршы, шэсьці, мітынгі, і асьвятляць гэта менавіта журналістам тут няма складанасьцяў. Тут усё дазволена. І таму калі складаная сітуацыя ў Беларусі, я хачу нейкім чынам падтрымаць беларусаў, і праз мастацтва, я думаю, магчыма нейкі сэнс данесьці ня толькі да беларускага гледача, але і для замежніка, бо мастацтва – гэта ўсеагульная форма, праз якую магчыма расказаць шмат істотных рэчаў, якія будуць зразумелыя кожнаму, нават тым, хто знаходзіцца нават па іншы бок барыкадаў, тым, хто робіць гэтыя агрэсыўныя дзеяньні і душыць народ.