У памяць пра падзеі пасьля леташніх выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь па ўсім сьвеце прайшлі жалобна-урачыстыя імпрэзы. Ня стала выключэньнем і Вільня. Цэнтар Лукішскай плошчы ў Вільні надоечы стаў месцам сустрэчы беларусаў: тых, хто жыве ў Літве здаўна, і тых, хто апынуўся тут зусім нядаўна. Гэтым разам нагодаю для масавага сходу пад бел-чырвона-белымі сьцягамі стала гадавіна выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 9-га жніўня 2020 году.
Напярэдадні выбараў
Увагу міжнароднай супольнасьці выбары кіраўніка беларускай дзяржавы прыцягнулі значна раней за дзень, на які былі прызначаныя. У шэрагу папулярных прэтэндэнтаў на галоўную ў краіне пасаду апынуліся відэаблогер Сяргей Ціханоўскі і колішні кіраўнік “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка. Апошні тры гады таму ў межах праекту “Дарогамі Францішка Скарыны з “Белгазпрамбанкам”” прывёз у Вільню знакаміты твор беларускага першадрукара – “Малую падарожную кніжыцу”.
Ані Віктара Бабарыку, ані Сяргея Ціханоўскага Цэнтральная выбарчая камісія ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі не зарэгістравала. Неўзабаве абодва трапілі за краты паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У першай палове ліпеня беларускія праваабарончыя арганізацыі налічылі ў краіне два з паловай дзясяткі палітычных зьняволеных. Беларусы сьвету адгукнуліся на гэткія падзеі акцыямі салідарнасьці з палітвязьнямі. Не засталіся ўбаку і жыхары літоўскай сталіцы.
— У нас ужо альтэрнатыўныя кандыдаты і чальцы іх ініцыятыўных груп сядзяць, часткова сядзяць, прынамсі, некаторыя ўжо не былі зарэгістраваныя, таксама кандыдаты, і вядома, мы спрабуем выказаць сваю салідарнасьць і падтрымку ўсім палітвязьням і ўсім беларусам, якія зараз выходзяць на плошчу, рызыкуючы сваёй працай, вучобай, таксама, магчыма, сем’ямі, – сказала арганізатарка віленскай акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітычнымі вязьнямі Вікторыя Андруковіч. – Непасрэдна гэтую акцыю мы праводзім каля Міністэрства замежных справаў Літвы таму, што мы падрыхтавалі зварот да міністра, які ў панядзелак будзе ў Брусэлі на паседжаньні, і мы хочам, каб ён распавёў пра сытуацыю ў Беларусі, а таксама падняў пытаньне па Беларусі на гэтым паседжаньні. Па-першае, гэта пытаньне санкцыяў, не на Беларусь, а непасрэдна на чыноўнікаў, а таксама асабіста на прэзыдэнта, а таксама спроба прыпыніць усе эканамічныя стасункі з праўладным бізнэсам і кампаніямі, арганізацыямі, таксама мы спадзяемся на падтрымку рэпрэсаваных і іх сем’яў у Беларусі, каб яны прапанавалі візу і таксама прытулак – для іх гэта вельмі важны таксама момант.
— Людзі робяць тое, што яны могуць рабіць. Мы, можа, нават і часьцей бы зьбіраліся, але атрымліваецца толькі раз на тыдзень. Але мы будзем прыходзіць сюды, будзем нагадваць нашым уладам, будзем нагадваць усім жыхарам Літвы і, можа, ня толькі Літвы пра тое, што ў Беларусі адбываюцца страшныя рэчы. Гэта – дыктатура, прычым крывавая дыктатура, Лукашэнка – гэта ня проста дыктатар, гэта, як вядома, злодзей, і нават забойца, і пра гэта трэба казаць, трэба казаць адкрыта, трэба казаць гучна, трэба, каб гэта пачулі, – падкрэсьліў удзельнік акцыі, віленскі грамадзкі дзяяч Яўген Кеппул.
Юбілей абвяшчэньня сувэрэнітэту
Шырокае кола не абыякавых да вусьцішных падзеяў у Беларусі жыхароў Літвы ды гасьцей краіны сабралася сёлета 27 ліпеня на віленскай плошчы Вінцаса Кудзіркі. Нагодаю для сходу стаў трыццаты юбілей прынятай у 1990-ым годзе Дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі. Круглая дата, фактычна незаўважаная на афіцыйным узроўні, аб’яднала прадстаўнікоў некалькіх народаў у жывым ланцугу – “шляху да вольнай Беларусі”.
— Калі-б не рэфэрэндум, то мы-б зараз сьвяткавалі трыццацігодзьдзе нашай незалежнасьці, таксама як і нашыя браты, балтыйскія краіны, – зазначыла Вікторыя Андруковіч. – Сёньня і мы маглі-б гэта сьвяткаваць, але, на жаль, у Беларусі ўжо дваццаць шосты год людзі змагаюцца з рэжымам, які наступіў пасьля савецкай улады. І гэта няспыннае кола, у якім мы жыве. І зараз мы ня здольныя сьвяткаваць гэты дзень, але мы можам праявіць, выказаць нашую салідарнасьць, выказаць нашую падтрымку ўсім ахвярам рэжыму, усім тым, хто зараз сядзіць за кратамі, усім тым, хто зараз змагаецца ў Беларусі.
У дзень запуску АЭС
Сымбалем пратэсту ў Беларусі стаў колішні гімн польскай “Салідарнасьці”, які пераклаў на беларускую мову паэт Андрэй Хадановіч. Упершыню песьня пад назоваю “Разбуры турмы муры” прагучала 19 сьнежня 2010 году, падчас чарговых выбараў прэзыдэнта Беларусі.
Гучаў гэты музычны твор і ў Вільні, у дзень сымбалічнага запуску Беларускай атамнай электрастанцыі, напярэдадні ўгодкаў пачатку расейска-грузінскай вайны, калі беларускія, літоўскія, украінскія, грузінскія і расейскія грамадзкія і палітычныя дзеячы сабраліся ў віленскім скверы ймя Барыса Нямцова насупраць амбасады Расейскай Фэдэрацыі. Удзельнікі акцыі рашуча асудзілі рэпрэсыўныя дзеяньні расейскай і беларускай уладаў.
— Зараз у Беларусі адбываюцца палітычныя зьмены. І гэта не пытаньне пэрсанальнай улады Аляксандра Лукашэнкі. Гэта пытаньне таго, куды Беларусь будзе рухацца далей – ці яна рухаецца ў бок Расіі, ці ў бок Еўразьвяза, і якія каштоўнасьці становяцца базавымі ў Беларусі, – паведаміла чынная ўдзельніца акцыі, беларуская палітычная дзяячка Вольга Карач. – І зразумела вось, калі мы паглядзім на ўсю выбарчую кампанію, якая ідзе, – гэта такі вельмі яскравы падзел паміж людзьмі, якія падзяляюць патрыярхальную культуру, якія жадалі-б вярнуцца ў Савецкі Саюз, якія падтрымліваюць брутальны тып лідэрства, гвалт, менавіта рэпрэсіі, і з другога боку – людзі, якія хацелі-б павагі да правоў чалавека, якія вельмі паважаюць, што мы ўсе розныя, і якія проста хацелі проста такога нармальнага мірнага жыцьця, але бачаць сябе менавіта ў складзе эўрапейскай сям’і.
Выбары і экзітпол
Цяжка знайсьці чалавека, які не сачыў-бы за падзеямі лета 2020 году ў Беларусі. Жнівеньскія дні, што скаланулі сьвет, крывавы ўраджай, які яны сабралі, а таксама непаўторнае яднаньне беларускага народа пад нацыянальнымі сымбалямі не пакінулі абыякавымі й жыхароў Літвы.
Кульмінацыя выбарчай кампаніі ў Беларусі была прызначаная на 9-га жніўня 2020 году. Шостыя ў гісторыі Беларусі выбары прэзыдэнта краіны вызначыліся беспрэцэдэнтнай яўкай выбаршчыкаў на ўчастак для галасаваньня, што быў утвораны на тэрыторыі амбасады Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы. Чарга ахвотных аддаць свой голас у падтрымку таго ці іншага кандыдата ў кіраўнікі дзяржавы ўжо з раніцы асноўнага дня галасаваньня расьцягнулася амаль на цэлы квартал.
Не зважаючы на летнюю сьпёку, грамадзяне Беларусі цярпліва чакалі дазволу прайсьці праз браму дыпляматычнай установы. Пасьля абумоўленай пандэміяй каранавірусу праверкі стану здароўя ды іншых працэдураў выбаршчыкі сьпяшаліся прагаласаваць, каб даць і астатнім шанец на волевыяўленьне.
За працэсам галасаваньня сачылі вылучаныя грамадзтвам назіральнікі. Вынікі народнага волевыяўленьня фіксавалі прадстаўнікі незалежнага экзітполу ў межах праекту “Беларусь 2020 – Экзітпол за мяжой. Вільня”.
— Падчас хакатону, які адбыўся ў ліпені – тады быў праведзены такі хакатон, у якім людзі выказвалі думкі і ідэі, як зрабіць так, каб падлічыць галасы сумленна, і на гэтай ініцыятыве зрабілі платформу “Голас” – таксама была ідэя зрабіць экзіт-полы, – паведаміла каардынатарка праекту “Беларусь 2020 – Экзітпол за мяжой. Вільня” па сувязях са СМІ Марыя Пятачэнка. – Праблема ў тым, што ў Беларусі вельмі цяжка правесьці незалежнае дасьледаваньне, амаль немагчыма. Але гэта можна зрабіць за мяжой, каля беларускіх амбасадаў. І таму людзі проста пачалі вось гэтую ідэю падтрымліваць. І, напрыклад, у Вільні – мы не з палітычнай партыі, мы не з грамадзкіх аб’яднаньняў, мы проста сябры, якія сябруюць у фэйсбуку, у тэлеграме, проста людзі пачалі расказваць пра гэтую ініцыятыву, мы так сталі далучацца і так вось адбылося.
— Да мяне пачалі гэтую ініцыятыву. Я ўжо даведалася, што гэта дзьве дзяўчынкі былі, Тацяна і Юля, дзякуй ім вялікі, яны пачалі зьбіраць подпісы, каб стаць назіральнікамі, – сказала ініцыятарка правядзеньня экзіт-полу ў Вільні, грамадзкая актывістка Валерыя Кунгене. – Але так адбылося, што подпісы павінны быць не аднолькавыя, павінна было дзесяць розных подпісаў быць. Гэта значыць, на аднаго назіральніка яны павінны сабраць дзесяць розных подпісаў. І пайшоў такі ланцужок. Адзін за адным, адзін за адным, усе пачалі шукаць людзей, хто-б мог падпісацца, хто хоча стаць назіральнікам, і ўсе пачалі аб’ядноўвацца ў адну вялікую групу, дзе ўсе адзін аднаго падтрымліваюць і дапамагаюць адзін аднаму. Дзякуй вялікі тым людзям, якія дапамагалі гэты ўвесь час. Мы самі езьдзілі на сваіх машынах, аб’язджалі ўсіх, каб сабраць гэтыя подпісы, мы трацілі свае грошы, мы зьбіралі ахвяраванні на тое, каб дапамагчы, каб былі нейкія сродкі, папіць вады, дэзінфектары і гэтак далей. І так усё паехала. Потым пачалі дадавацца людзі, якія пачалі займацца экзіт-полам.
— Усё прайшло вельмі добра. Канешне, былі розныя выбаршчыкі, былі людзі, якія адмаўляліся з намі размаўляць падчас экзіт-полу, яны адмовіліся ад адказу, такія людзі таксама былі. Былі людзі, якія маюць розныя палітычныя погляды, напрыклад, учора адбылася вялікая спрэчка каля амбасады паміж жанчынай сталага ўзросту, якая падтрымлівае аднаго кандыдата, і групай мужчын, якія падтрымліваюць іншую кандыдатку. Але вось тут на месцы працуюць супрацоўнікі літоўскай паліцыі, яны выйшлі яны вельмі прафэсыйна разрулілі той канфлікт, як бы таму як бы можна сказаць, што ўсё прайшло добра, то бок мы ня мелі ніякіх праблем зь людзьмі, агрэсіі і гэтак далей, – распавяла Марыя Пятачэнка. – Мы напісалі ліст у амбасаду аб тым, што мы хочам правесьці экзіт-пол, мы атрымалі адказ – адзінае слова “получілі”, на гэтым было ўсё. Больш з намі амбасада не камунікавала наконт экзіт-полаў. Таксама ў амбасадзе ў гэтыя дні з самага пачатку былі нашыя назіральнікі, на жаль, зараз іх ужо няма, бо амбасада саставіла графік падчас эпідэміялагічнай сытуацыі, калі могуць прысутнічаць назіральнікі, і калі нашы назіральнікі прыйшлі, графік ужо быў зроблены, і так атрымалася, што зараз іх папрасілі пакінуць амбасаду, таму што іх больш няма ў графіку. Таму падчас падліку галасоў ня будзе нашых незалежных назіральнікаў, і таму таксама будзе нам вельмі цяжка падлічыць яўку, ў сэнсе, параўнаць пратаколы. Мы толькі можам ведаць, колькі людзей заходзіць і выходзіць з амбасады, можам толькі іх падлічыць.
— Паколькі я яшчэ акрэдытаваны назіральнік, я веру ў нашу камісію, хоць мяне тут адтуль і выгналі, нас усіх выгналі, незалежных назіральнікаў, але я веру ў нашую камісію, веру, што ўсё будзе чэсна, таму што па яўцы ў нас усё сыходзілася, усе гэтыя дні было ўсё добра, – сказала Валерыя Кунгене. – Гэта было вельмі складана для маёй сям’і. Але мы аб’ядналіся беларусамі. Зараз мы мацней за ўсё, калі мы разам. Паглядзіце сёньня, як выйшла, як усе аб’ядналіся і пайшлі адзін за аднаго. Гэта ня марна. Гэта варта вельмі вялікага, Тое, што мы ўсе разам. Мы адзіная сям’я і няважна хто за каго прагаласуе, якія вынікі будуць – няважна. Абсалютна не. Мы сям’я.
Марыя Пятачэнка выказала меркаваньне, што паводле дзеючага заканадаўства няма такой нормы права, якая ёсьць, напрыклад, у іншых краінах: калі чалавек прыйшоў на выбарчы ўчастак да восьмай гадзіны, ён мае права прагаласаваць, нават калі ўчастак зачыніцца.
— У Беларусі такой нормы няма, на жаль, людзі, якія не пасьпеюць трапіць на ўчастак да восьмай гадзіны, яны ня змогуць прагаласаваць. Прапускаюць вельмі няшмат людзей – каля трыццаці чалавек у гадзіну, было раніцай, што два чалавекі адначасова, але зараз пускаюць па адным чалавеку. То бок толькі адзін чалавек можа быць на ўчастку. То бок гэта дзесьці пяць-сем хвілінаў на чалавека. Гэта вельмі марудна, – зазначыла грамадзкая дзяячка.
Віленскі пратакол
Паводле афіцыйнага пратаколу аб выніках галасаваньня па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь свой голас здолелі аддаць паўтысячы чалавек. На выбарчым участку нумар 96 у амбасадзе Беларусі ў Літве пераканаўчую перамогу атрымала Сьвятлана Ціханоўская. За яе згодна з афіцыйнымі дадзенымі прагаласавалі 318 выбаршчыкаў, паводле дадзеных экзітпола – 368. Зрэшты, дзясяткі беларусаў аддаць свой голас так і не пасьпелі.
— Так, я быў учора ля амбасады, вельмі жадалася прагаласаваць. Папярэднія дзьве прэзыдэнцкія кампаніі я ня ўдзельнічаў, таму ўчора вырашыў загадзя прыйсьці. Я прыйшоў дзесьці пасьля 11:00, дзесьці паміж 11:00 і 12:00, я правёў восем гадзінаў у чарзе, на жаль, я так і ня трапіў на галасаваньне. Наперадзе яшчэ перада мной дзесьці, мы падлічылі, чалавек 70 было, і вельмі вялікая чарга за мной яшчэ была. І ўсе мы – нас дзесьці чалавек трыста, можа болей – ня трапілі на ўчастак, – сказаў віленскі пекар Кастусь Ларкоў.
— Я хацела аддаць свой голас за чалавека, які што-небудзь зьменіць. І адзіны чалавек, які мае такую моц – гэта Сьвятлана Ціханоўская, – падзялілася жыхарка Вільні Кацярына Маркава. – Першая спроба, якую я зрабіла, была раніцай. Мяне прывёз мой муж, дзесьці каля 10:00 мы былі там. Мы паглядзелі, што вельмі доўгая чарга, і вырашылі паехаць зь дзецьмі ў парк. Мы пагулялі ў парку, вярнуліся і ўбачылі, што чарга яшчэ больш. Я сказала, што я буду стаяць колькі заўгодна, і што я хачу прагаласаваць. Так, вялікая чарга, ну, я пастаю гадзіну, дзьве, тры, калі спатрэбіцца, і я прагаласую. Потым мы стаялі гадзін пяць, і мы былі ўпэўненыя, што мы дакладна дастаім і аддадзім свой голас. Калі прайшло пяць гадзін, некаторыя людзі каля мяне пачалі сумнявацца. Але я была ўпэўненая, што мы дастаім, як так можа быць, што мы не дастаім, гэта-ж ня так далёка. Я пачала губляць надзею ў 19:00, але, я так думаю, што толькі ў 19:30 я пачала разумець, што мая надзея марная.
— Адчуваньне такое… Ведаеце, у беларусаў адчуваньне ўжо даўно гэткае: як быццам цябе абакралі, – са скрухаю зазначыў Кастусь Ларкоў. – Тое, што крадуць галасы, мы гэта так разумеем, але тут нават адабралі права галасаваць. І гэта адчувалася, што была нейкая штучна зладжаная валакіта на ўчастку: вельмі марудна прасоўвалася чарга, і мы ўжо, стоячы, адчувалі, што наўрад ці мы зможам прагаласаваць. Але адчувалася і падтрымка беларусаў: адзін аднаго ў чарзе падтрымлівалі, частавалі, і ў знак салідарнасьці людзі, ведаючы, што ня змогуць прагаласаваць, усё-такі стаялі да 20:00, каб быць разам, каб падкрэсьліць сваю салідарнасьць і каб адзначыць, што ўсе мы разам. І нават у размовах, трэба падкрэсліць, што не было ніякіх спрэчак: усе ведалі, што стаяць супраць аднаго чалавека.
Галасы маюць вагу
Грамадзяне Беларусі, якія не пасьпелі прагаласаваць ў апошні дзень выбараў кіраўніка сваёй дзяржавы, на наступны дзень узялі чынны ўдзел ў акцыі салідарнасьці, што адбывалася ў сэрцы літоўскай сталіцы. Да мітынгу, лёзунгам якога стала выслоўе “Беларускія галасы маюць вагу”, таксама далучыліся літоўскія палітыкі і грамадзкія актывісты.
֫— Наша акцыя – гэта акцыя салідарнасьці. Яна плянавалася як акцыя ў падтрымку права абараніць свой голас мірна і права тых, хто зараз затрыманы, палітвязьняў, права ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны. Але адбылося найгоршае, адбыліся сутычкі, бойкі, стрэлы ў людзей, раненьні і затрыманьні. І мы зараз стаім у салідарнасьць нашай свабоды, нашага права абараніць свабоду. Гэтая акцыя – людзі прыйшлі сюды, бо яны ўжо ня могуць маўчаць, яны ўжо ня могуць заснуць, проста на гэта моўчкі глядзець і цярпець. Людзі масава ідуць галасаваць. Людзі масава дапамагалі падчас усёй кампаніі назіральнікам, незалежным медыям, людзі пастаянна дапамагаюць адзін аднаму ў чэргах да выбарчых ўчасткаў, раздавалі адзін аднаму пітную ваду. Людзі кансалідуюцца, людзі і ўчора кансалідаваліся, я ўпэўнены, гэтым позьнім вечарам і ноччу ў Менску. Менавіта гэтае памкненьне, гэты рух, гэтае адчуваньне і паклікалі людзей сюды сёньня выйсьці. Мы адчуваем еднасьць зь беларусамі, няглзедзячы на тое, што мы за мяжой. Шмат хто з нас унутры карыць сябе за тое, што я тут, а ня там. Але і тут мы можам зрабіць шмат чаго і мы прыйшлі сюды выказаць салідарнасьць і зьвярнуцца да літоўскіх уладаў, каб яны ўвялі строгае эмбарга, санкцыі супраць чальцоў рэжыму. Гэта нашая пазыцыя, – паведаміў арганізатар мітынгу, грамадзкі дзяяч Кірыл Крывіцкі. – Учора я заўважыў вельмі добрую акцыю, добрую арганізацыю такой падзеі: склалі сьпіс тых людзей, хто не пасьпеў прагаласаваць. Гэтыя ўсе людзі, большасьць зь іх напісала скаргі ў амбасаду, што не забясьпечылі ўмовы, і гэта вельмі важна, і ўжо прыходзяць першыя адказы ад іх. Гэта звычайныя бюракратычныя адказы, але ўсё роўна ёсьць зваротная рэакцыя, то бок ёсьць доказы, ёсьць падпісаныя дакументы. Іншае тое, што адбываецца зараз у Менску – гэта вулічныя акцыі. Гэта менавіта ўжо сам пратэст. Гэта іншая справа, гэта зусім іншы кошт, і той факт, што людзі выходзяць на вуліцу, абараняюць свой голас, ведаючы, што іх чакае затрыманьне і зьбіццё, гэта кажа, што людзі гатовыя рызыкаваць, людзі ўжо наеліся досыць.
— Мінулай ноччу, калі сказалі, што ў Беларусі зьнік інтэрнэт, што Беларусь адсечаная, што супраць моладзі паслалі тую жахлівую вайсковую тэхніку, якую паслалі ў 1991 годзе супраць бяззбройнай Літвы, калі забівалі людзей, калі танкі раздушылі маладую дзяўчыну, калі сам Усхопчык, які быў у Беларусі прызначаны віцэ-міністрам замежных справаў, удзельнічаў у перастрэлцы каля Дому друку, калі нашаму маладому абаронцу Вітаўтасу Лукшысу прастрэлілі твар, і пасьля гэтага Ўсхопчык атрымаў прытулак у Беларусі, высокую пасаду, зьбег ад суду, і Лукашэнка яго ня выдаў Літве, дык я пабачыў, што ў Беларусі людзі гэткага тыпу пры ўладзе будуць рабіць тое самае, што рабілі ў Літве. Мне было цяжка чуць гэтай ноччу, што Беларусь адсечаная, я ня мог заснуць, мне сьніліся тыя падзеі, што адбываліся тады ў Літве. Таму я шчыра прыйшоў сюды сёньня, ведаючы, што ня надта шмат магу зьмяніць, але ўсім сэрцам хачу сказаць беларускаму народу, што маральная і духоўная моц вышэй за любую зброю, – паведаміў прысутны на мітынгу удзельнік падзеяў 13 студзеня 1991 г. Каспарас Гянзбігеліс.
— Прачынаецца ўсё грамадзтва, і прага да свабоды ня мае гендэру, і гэта менавіта тое, што нас яднае. Заўсёды ёсьць стэрэатыпы пра мужчын і пра жанчын. Але зараз гэта ўсё адыходзіць на такі другасны план, што гэта проста зараз няважна, і важна толькі тое, што калі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі, сьцяг узьняла Сьвятлана Ціханоўская. Калі былі затрыманыя кандыдаты Віктар Бабарыка і Валеры Цэпкала, сьцяг узялі іх адпаведна кіраўніца штаба і жонка, – паведаміў Кірыл Крывіцкі. – Важна, каб у рэжыма не было схэмы, па якой яны маглі-б затрымаць. Яны мужчыну кандыдата могуць заўсёды затрымаць, а кандыдата жанчыну, маці дзяцей, яны ня могуць абвініць у тэрарызме. Руйнуюцца апошнія этычныя падмуркі, на якіх трымаецца ўсё. Я вельмі ўсьцешаны тым, што ёсьць пераемнасьць і адчуваньне еднасьці і прага да свабоды і ў мужчын і ў жанчын.
Бестэрміновы мітынг
Удзельнікі акцыі салідарнасьці і неабыякавыя да трагічных падзеяў у Беларусі людзі пачалі прыносіць да амбасады Беларусі ў Літве кветкі і зьнічы. Неўзабаве пасьля выбараў насупраць дыпляматычнай установы распачаўся бестэрміновы пікет.
— Мы за перамены, супраць Лукашэнкі, – сказаў грамадзкі дзяяч Міхаіл Пракудзін. – Насамрэч палітыкі могуць абвінаваціць людзей у тым, што яны зараз выходзяць, абараняючы сваё права на свабоднае жыцьцё ў сваёй краіне, каб ня жыць пад ваеннай дыктатурай. Так, незразумела, наколькі гэта эфектыўна, але інтэрнэт адключаны, у раёнах дэцэнтралізаваны любы супраціў. Ведаеце, кожную раніцу я тэлефаную сваім сябрам, каб даведацца, жывыя яны ці не. Выходзіць ці не — ня мне вырашаць, бо я – ня зь імі зараз. Калі яны пойдуць, мне лепш аказаць падтрымку адсюль. На дадзены момант у мяне ёсьць кампутар, я зьвязаўся з некалькімі сваімі сябрамі і спрабую неяк даць інфармацыю, хоць нават інтэрнэт пачынае працаваць зь перабоямі, але ў кагосьці ён ёсьць. Мы сабралі невялікую групу людзей, каб адправіць інфармацыю на месца здарэньня. Пакуль сёньня ўсё ціха, магчыма, людзям дадуць перадышку. Мэта толькі адна: Лукашэнка забойца, я так скажу, але ніхто не адкажа, як ад гэтага пазбавіцца. Я лічу, што ўсе мэтады добрыя. Былі распрацаваныя шматлікія ініцыятывы, у тым ліку апытаньне выбаршчыкаў, якое мы тут правялі на мінулым тыдні. Была платформа “Голас”, альтэрнатыўны падлік галасоў, куды людзі дасылалі фатаграфіі сваіх бюлетэняў. Былі ўнікальныя коды праверкі, напісаныя нам распрацоўшчыкамі, а таксама zubr.in, якім незалежныя назіральнікі з усіх акругаў давалі максімум інфармацыі аб фальсыфікацыях. Ёсьць беларусы, якія выходзяць, а ёсьць такія, якія цяпер займаюцца інтэлектуальнай працай. Уся інфармацыя пра фальсыфікацыі будзе даступнай на ўсіх мовах. Беларусы ёсьць у Літве, ёсьць па ўсім свеце, і ўсе неяк камунікуюць. Там шмат руху, каардынацыі, чагосьці я нават магу і ня ведаць. Нехта спрабуе дапамагчы. Яны цяпер занятыя гэтай тэмай. Цяпер, маючы ўсе гэтыя дадзеныя, яны дапамагаюць людзям фармавацца. Плынь інфармацыі вялікая. Вялікая праблема ў тым, што ў Беларусі няма інтэрнэту. А цяпер зь некаторымі знаёмымі, як я патлумачыў, мы стараемся даваць інфармацыю людзям. Так, і цяпер ёсць фактар, што прыехала Сьвятлана Ціханоўская. Пакуль Сьвятлана адпачывае, хай адпачывае, паглядзім, што будзе далей. Людзей шмат і кожны нешта робіць.
Да бестэрміновага пікету далучыліся і прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў.
— Я тут з 12 жніўня, то бок зь першага дня такога мірнага пікету, – паведаміла прадстаўніца супольнасьці віленскіх палякаў Аліна Абалевіч. – Перш за ўсё, я прыйшла падтрымаць беларусаў, якія жадаюць свабодных дэмакратычных і справядлівых выбараў, падтрымаць тых, хто змагаецца за правы чалавека і хто ўвогуле не паважае правы чалавека на дадзены момант у Беларусі. Я хачу, каб беларусы маглі мірна, згодна з канстытуцыяй, выказваць свае погляды, а ня быць за гэта катаванымі, забітымі і арыштаванымі. Мне цяжка гаварыць ад імя ўсіх палякаў, бо нас каля 200 тысяч, але нас сапраўды прадстаўляе адзіная партыя, прыхільніцай якой я не зьяўляюся. Але насамрэч існуюць розныя меркаваньні. Думаю, розніца ў меркаваньнях ёсьць, але тое, што каля гадзіны таму тут сабралася каля 70 палякаў са сьцягамі, з плакатамі ў падтрымку беларусаў і палякаў у Беларусі, сьведчыць аб тым, што мы можам падтрымліваць адзін аднаго, дэманстраваць адзінства. Было-б добра, каб мы часьцей аб’ядноўваліся, каб змагацца за свае правы ці прадстаўляць свае інтарэсы, але, безумоўна, ёсьць прадстаўнікі розных арганізацый і розных палітычных поглядаў, што ёсьць добра. Я спадзяюся, што мы так шматколькасна сустрэнемся ў наступны раз, а можа, і большай колькасьцю, зь іншай прычыны, калі ня трэба будзе змагацца і падтрымліваць, а радавацца таму, што ў Беларусі заваявана свабода.
Дзень белай стужкі
Кульмінацыяй гарачых жнівеньскіх дзён, што скаланулі сьвет, стала адмысловая акцыя салідарнасьці зь беларускім народам.
Дзень чорнай стужкі, што традыцыйна адзначаюць у Літве штогод 23-га жніўня, згадваючы падпісаньне пакту Молатава-Рыбентропа, стаў Днём белай стужкі: амаль 50 тысячаў чалавек у белых строях паўсталі жывым ланцугом ад Вільні да Меднікаў на самай мяжы зь Беларусьсю.
— Як тады, так і цяпер, людзей было безьліч, як тады, так і цяпер гэта зьявілася праяўленьнем салідарнасьці: тады з нашага боку ў бок Літвы, а зараз з боку Літвы ў бок нас, нашых суайчыньнікаў і Беларусі, беларускага народа, – паведаміў старшыня Віленскага беларускага клюбу “Сябрына” Валянцін Стэх. – Карыстаючыся з нагоды, хачу выказаць вялікую падзяку літоўскай дзяржаве за тую ўвагу, якую яна надае падзеям у Беларусі. Вельмі шмат розных знакаў увагі неабыякавасьці і салідарнасьці зь беларускім народам у яго барацьбе за свабоду і дэмакратыю, супраць тыраніі.
Паводле старшыні суролкі латышоў Літвы Гунты Роне, адмыслова на Дзень белай стужкі з Рыгі прыехалі маладыя людзі. З сабою яны прывезьлі 50-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг.
— Вядома, прычына, па якой мы сабраліся, вельмі трагічная і цяжкая, але сабрацца было патрэбна. Уражаньні ў мяне такія, што народ Літвы, асабліва моладзь сапраўды, таксама як і беларуская моладзь, класныя. Сапраўды. Для іх няма чужой бяды. Яны ўспрымаюць гэта як сваю ўласную бяду. І таму, вядома, ім вялікі дзякуй, і арганізацыя таксама была вельмі добрая, вельмі прыгожая. Нам вельмі-вельмі спадабалася, – падзялілася паэтка Ванда Марцінш.
— Уражаньні найлепшыя. Я гляджу гэта ў трошкі гістарычным ракурсе на гэта, згадваю гісторыю нашых краін, а яна налічвае звыш 700-800 гадоў, яна нагадвае тыя часы, калі мы разам жылі ў адной і той-жа дзяржаве, калі разам адстойвалі нашыя памкненьні да незалежнасьці, да той жа свабоды, ужо тады, разам змагаліся як з Тэўтонскім ордэнам, так і з навалай зь Вялікага княства Маскоўскага, я думаю, што ў нас ў дадзены момант проста на генетычным узроўні аднавіліся вось тыя нашыя добрыя стасункі, – сказаў Валянцін Стэх.
Праз год
Гадавіна выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь сабрала на Лукішскай плошчы ў Вільні шмат беларусаў. Ня ўсе зь іх упэўнена валодаюць роднай моваю. Ня кожны яшчэ зусім нядаўна ведаў, што нацыянальнымі беларускімі сымбалямі зьяўляюцца герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг. Але менавіта пад гэтымі сымбалямі яны аб’ядналіся год таму. Аб’ядналіся, бо прагнулі пераменаў.
— Ад гэтага дня 9 жніўня чакалі пераменаў. І на мой погляд, перамены адбыліся. Яны адбыліся ў тым, што пачалася наша рэвалюцыя. Зараз, праз год, можна пачуць розныя меркаваньні, чым яна скончылася ці ня скончылася, а я лічу, што рэвалюцыя яшчэ трывае, пакуль мы няскораныя. І таму мы хутка пераможам, – заявіў берасьцейскі грамадзкі дзяяч, цяпер палітэмігрант Андрэй Шарэнда.
Нягледзячы на прамінулы год, у памяці прысутных дагэтуль ня сьцёрліся падзеі як 9 жніўня 2020 году, так і пазьнейшых дзён і месяцаў. Гарадзенец Даніла Юзікіс у Вільні знаходзіцца зь сярэдзіны лета. Аднак Радзіму ён пакінуў неўзабаве пасьля выбараў, пабываўшы ў сячкарні рэпрэсыўнай машыны.
— 9-га жніўня я быў у цэнтры горада, калі ў Гародні быў марш, – распавёў Даніла Юзікіс. – Больш за ўсё мне запомніліся падчас гэтага маршу аўтобусы АМАПаўцаў, якія стаялі непадалёку ад галоўнага гарадзенскага парка, чакаючы, калі марш наблізіцца да галоўнай плошчы, Савецкай. Увесь гэты рух аб’ядноўваў людзей. Гэтыя пачуцьці нельга забыць. Яны захаваюцца ў маёй памяці на ўсё жыцьцё. Будзе што дзецям распавесьці, гэта ўжо дакладна.
Жыхарка Менску Сьвятлана напярэдадні выбараў марнымі надзеямі на лепшае сябе ня цешыла, аднак зарэгістравалася назіральніцай на адзін з выбарчых участкаў у беларускай сталіцы. Штопраўда, патэнцыйныя выбаршчыкі ніяк не разумелі, навошта ёй гэта спатрэбілася.
— Мяне не пусьцілі, хаця я была акрэдытаваная на гэты дзень, – распавяла Сьвятлана. – Я сядзела на ганку разам з астатнімі назіральнікамі, і ў мяне такі быў клікер, я лічыла, колькі чалавек усяго зайшло. І калі я ўбачыла гэтую плынь велізарную ўсіх зь белымі стужкамі ці бранзалетамі, ці нават нейкімі белымі пакетамі вакол рукі. Натуральна, вынік зусім не супаў з тым, што вывесілі ўжо з супрацоўнікамі АМАПу пасьля 23:00 вечарам. Я не паехала да стэлы і даведалася пра тое, што адбылося ўжо, толькі калі ўключылі інтэрнэт. Гэта былі страшныя тры дні, усе нічога ня ведалі. Мне пісала сястра, якая жыве у Дубаі, і сяброўка зь Нямеччыны: “што ў вас? Ты жывая? Ці ўсё добра?”. Таму што яны ведалі маю пазыцыю, ведалі, што я ніколі не застануся ўбаку.
Берасьцеец Андрэй Шарэнда сустрэў дзень выбараў прэзыдэнта Беларусі ў зьняволеньні. У турме ён ад пачатку выбарчай кампаніі 2020-га году прабыў больш за 70 дзён. У студзені 2021-га году за кратамі апынулася ягоная жонка – актывістка руху “Эўрапейская Беларусь” Паліна Шарэнда-Панасюк. Два гады ў калёніі агульнага рэжыму маці дваіх непаўнагадовых дзяцей атрымала за нібыта зьнявагу дзяржаўнага службоўца і прэзыдэнта, а таксама за гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Зьняволеньне чакала і Андрэя Шарэнду, але напачатку ліпеня ён пастанавіў пакінуць Беларусь.
— Можна сказаць, ад майго мінулага жыцьця не засталося нічога, – паведаміў актывіст. – Здаецца, усё згублена. Згублена Радзіма, згублена жонка. Зараз у незразумелым стане дзеці знаходзяцца, якiя толькі-толькі зараз прыедуць да мяне. Але для мяне засталося каханьне, каханьне да сваёй жонкі, любоў да Радзімы. Гэта заўсёды трымае мяне, і я ўпэўнены ў нашай перамозе.
— У маім жыцьці зьмянілася наогул на 180° усё. Я 40 гадоў жыла ў сваім горадзе ў сваёй кватэры, працавала ўвесь час, у мяне праца была 9 апошніх гадоў адна і тая ж. Мама, сабака, дзіця… І мне прыйшлося ў верасьні за 20 хвілін сабрацца і з адным маленькім заплечнікам выехаць. Я зусім ня думала, што я тут застануся і дагэтуль, – сказала жыхарка Менску Сьвятлана.
— У мяне маці жыве ў Эквадоры, і таму я спачатку паляцеў да яе, але, пражыўшы там чатыры месяцы, я зразумеў тое, што я занадта далёка ад свайго народа ўсё-ж. Я проста сядзеў і не знаходзіў сабе месца. Таму я вырашыў вярнуцца хаця-б сюды. Я тут, прынамсі, сапраўды ўжо буду бліжэй да сваіх, – паведаміў гарадзенец Даніла Юзікіс.
Чынны ўдзел у міжнароднай акцыі пад лёзунгам “Не забудзем! Не даруем!” узялі беларускія і літоўскія грамадзкія і палітычныя дзеячы, сярод іх – і лідэр дэмакратычнай апазыцыі Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
— Мы ўжо зрабілі шмат, і я ўпэўнена, што мы зможам зрабіць яшчэ больш. Усе гэтыя месяцы кожны дзень мы, беларусы, робім выбар ісьці наперад, нягледзячы на стомленасьць, нягледзячы на сумневы, і гэта няпросты выбар, але яго ніхто ня зможа спаліць ці выкінуць, як бюлетэні год таму. Ніхто ня зможа скрасьці гэты выбар – дайсьці да перамогі, вярнуць свой гонар і свой голас. Год таму мяне пазбавілі свабоднага права застацца ў Беларусі, але, як і ўсё, я выбіраю ў яе вярнуцца, – прамовіла Сьвятлана Ціханоўская.
Сьляза ў Божым воку
Апрача афіцыйных прамоваў, гадавіну чарговых выбараў прэзыдэнта Беларусі аздобіў марш ад Лукішскай плошчы да амбасады Беларусі ў Літве.
Напярэдадні, 8-га жніўня, там адбыўся вечар супольнай малітвы пад назоваю “Сьляза ў Божым воку, Беларусь”. Чынны ўдзел у малітоўным сходзе ўзялі беларусы і літоўцы, сьвятары і парафіяне, вядомыя палітыкі і паспалітыя грамадзяне, неабыякавыя да трагічных падзеяў у суседняй краіне. Вечар малітвы арганізавалі чальцы часовай групы Сэйму Літвы “За дэмакратычную Беларусь”. Маліліся па-літоўску і па-беларуску за параненых і забітых рэжымам у Беларусі, за вязьняў сумленьня і свабоды, за іхных бацькоў і дзяцей, за Шлях Свабоды, супраць хлусьні і разбуральнай для нацыі дзейнасьці.
Пасьля малітвы яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі і запалілі зьнічы пры імправізаваным мэмарыяле ў гонар грамадзянаў Беларусі, што загінулі на Радзіме і па-за яе межамі цягам апошняй чвэрці стагодзьдзя за сваю грамадзкую і палітычную пазыцыю. Месца жалобы і смутку неабыякавыя грамадзяне напрыканцы мінулага году ўтварылі каля агароджы беларускай амбасады. Нядаўна шэраг жалобных партрэтаў дапоўніў яшчэ адзін фотаздымак. На ім – кіраўнік “Беларускага дому ва Ўкраіне” Віталь Шышоў. 3-га жніўня 2021-га году яго знайшлі павешаным у кіеўскім парку.
Колькі яшчэ жалобных партрэтаў дапоўняць народны мэмарыял? Колькі яшчэ беларусаў вымушаныя будуць стаяць перад выбарам: разьвітацца з Радзімай ці з воляй? Колькі яшчэ крыві патрыётаў спатрэбіцца, каб паліць дрэва беларускай свабоды? Што-ж, паводле беларускага палітыка Паўла Севярынца, свабода расьце з касьцей, пасеяных сьвятымі, паўстанцамі і ціхімі, непрыкметнымі героямі. Зрэшты, удзельнікі акцыі ў памяць пра падзеі 9-га жніўня 2020 году вусьцішныя думкі ад сябе гоняць.
— Неяк я, выходзячы на акцыі, думала, што я дакладна ня буду выходзіць на акцыі ў зімовым адзеньні, што гэта ўсё вырашыцца да лістапада, потым – да Новага года, потым да 15 сакавіка. І зараз ужо вось год прайшоў. Я не хачу думаць, што гэта ўсё зацягнецца яшчэ і яшчэ – робіцца максімальна, што можна ў гэтых абставінах, – сказала Сьвятлана.
— У далейшым я хацеў-бы шукаць нейкую працу, хаця-б таму, што літоўскай мовы я ня ведаю, на жаль, трэба будзе яе трошкі падвучыць, буду шукаць працу і так паволі жыць, – падзяліўся плянамі Даніла Юзікіс. – Мне Вільня вельмі падабаецца як горад. Калі нават параўноўваць з Гародняй – наогул цудоўны горад. Мне тут вельмі падабаецца. Буду жыць і спадзявацца на тое, што калісьці я змагу вярнуцца назад да сябе, назад у Гародню, пабачыць усіх сваіх сваякоў, сяброў, якія там засталіся. Больш нічога і не застаецца.
— Увесь час, які я буду знаходзіцца тут, я буду дапамагаць беларускім палітвязьням, распавядаць пра іх, дапамагаць сем’ям палітвязьняў і рабіць усё, каб нашая перамога была як мага хутчэй, – паабяцаў Андрэй Шарэнда. – Ня трэба чакаць год, ня трэба чакаць увогуле нічога, трэба дзейнічаць! Галоўнае – не спыняцца, і ўсё будзе!