Гаспадара фальварку Барэйкаўшчына графа Бенедыкта Тышкевіча называюць
адным зь піянэраў фатаграфіі ў Літве-Беларусі. Пратаптаная графам сьцяжына
стала добрым шляхам для безьлічы беларускіх фатографаў – нашых сучасьнікаў.
Дзякуючы іхным высілкам, можна пабачыць Вільню, якой ужо няма.

Марыянеткі на вуліцы Замкавай ў ямах і друзе, гатэль “Наруціс”, завалены тым, што
неўзабаве стане вулічным брукам, царква Параскевы Пятніцы ў будаўнічых
рыштаваньнях і прабіты цьвікамі правадыр сусьветнага пралетарыяту – далёка ня кожны
жыхар сучаснай літоўскай сталіцы згадае Вільню ў гэткім абліччы.

А менавіта так і горад, і ягоных насельнікаў пабачылі беларускія фотамастакі Галіна
Маскалёва, Уладзімір Шахлевіч, Сяргей Кажамякін і Ўладзімір Парфянок. Іхныя працы
ўтварылі выставу “Правінцыялы ў Вільні”, што пабачыла сьвет у лістападзе 2021 году ў
сталічнай галерэі “Трывіюм”.

— “Правінцыялы” – гэта аўтаіранічная назва маладых на той час беларускіх
фатографаў, – патлумачыў куратар выставы, віленскі літаратар і фатограф Андрэй
Антонаў. – Менск быў і застаецца ў вялікім фатаграфічным руху глыбокай правінцыяй.
Тая аўтаіронія была зразумелая абсалютна ўсім. Група так называлася, потым яна
распалася, кожны ідзе сваім шляхам.

Аўтараў фотаздымкаў, што склалі выставу “Правінцыялы ў Вільні”, называюць
прадстаўнікамі Менскай школы фатаграфіі. Зрэшты, на думку аднаго з удзельнікаў гэтай
групы Ўладзіміра Парфянка, “Менская школа фатаграфіі — гэта групоўка фатографаў,
якім у сваіх творах удалося выйсьці за межы агульнапрынятай савецкай фатаграфіі”.
Чальцы групоўкі шукалі новыя тэмы і аб’екты, спрабавалі розныя тэхнікі апрацоўкі
выявы, працавалі з ананімнай фатаграфіяй. Проста зафіксаваць рэальнасьць ім было
недастаткова.

— Гэта вучні сьветлай памяці Валерыя Лабко, – паведаміў Андрэй Антонаў. – Гэта
вучні, якіх ён заахвочваў, якім паказваў іншыя шляхі ў фатаграфіі, апрача таго, як ісьці ў
Дом быта працаваць або станавіцца ўдзельнікам салоннага руху, які быў тады папулярны.
Сёньня гэта такі атавізм. Яны адзін аднаму неяк спадабаліся і разам выстаўляліся.
Закадравым маторам быў Лабко, але яны самі па сабе даволі разьвітыя і актыўныя
хлопцы.

Аднымі зь першых працаў некаторых удзельнікаў Асацыяцыі творчай фатаграфіі
“Правінцыя” сталі вулічныя сцэнкі, побытавыя замалёўкі і фрагмэнты гарадзкога
асяродзьдзя сталіц краінаў Балтыі – Рыгі і Вільні.

Зрэшты, вандроўкі беларускіх фатографаў у Вільню адбываліся і зь іншай, ня менш
важнай прычыны.

— У Вільні была і па сёньняшні дзень ёсьць самая вялікая і талковая ў рэгіёне бібліятэка
фоталітаратуры. І гэтыя фатографы прыязджалі менавіта далучыцца да чагосьці,
адукавацца. Самаадукацыя была адной з прычын паездак у Вільню.

— Фатаграфія – гэта вельмі індывідуальны занятак. Нягледзячы на тое, што нібыта ўсе
працэсы стандартызаваныя, усё роўна здымае фатограф, адбірае фатограф. Вільня па
сваёй фотагенічнасьці – зусім іншы горад. У адрозьненьне ад Менску, дзе вялікія
прасторы, шмат сьвятла, горад сонца, высокае неба, тут гэтага няма. Тут уключаеш зусім
іншы рэжым. Для іх гэта – экзотыка, якую ты мусіш утаймаваць, і гэта таксама выклік для
іх. Я думаю, для любога фатографа паўночныя гарады – гэта троху выклік, — сказаў
Андрэй Антонаў.

Фрагмэнты быцьця паўночных гарадоў, зафіксаваныя камэрамі правінцыялаў, клопатамі
віленскага літаратара і фатографа Андрэя Антонава ўтварылі выставу пад назоваю
“Правінцыялы ў Вільні”.

Паводле яе куратара, фотаздымкі “правінцыялаў” створаныя з ракурсаў, не характэрных
для віленскіх фатографаў, а таму цудоўна дапаўняюць старонкі альбому Вільні, што ўжо
незваротна зьнікла.

— Я гэтую выставу прыдумаў, таму што гэта ўсё ляжыць у іх у архівах. Для аўтараў гэта
ўсё ня мае вялікага значэньня, бо яны займаюцца зусім іншымі рэчамі. Яны тут бываюць
рэдка. Гэтыя працы вартыя асобнай выставы, таму што фатаграфія працуе з памяцьцю.
Гэтыя здымкі нідзе больш не цікавыя, па вялікім рахунку. Для фатаграфіі важная эмоцыя, і
яе штурхае наперад менавіта фальшывая памяць, фальшывы ўспамін, прыдуманыя намі
сны, тыя, якія мы ня сьнілі, фатаграфію робіць толькі гэта. Фатаграфія становіцца
фатаграфіяй менавіта дзякуючы памяці, – падсумаваў Андрэй Антонаў.