Напачатку лютага 2021 году сьвет шырока адзначыў 275-годзьдзе славутага палкаводца, нацыянальнага героя Польшчы, Літвы і Злучаных Штатаў Амэрыкі і народнага героя Беларусі Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі. Урачыстасьці з нагоды юбілею кіраўніка вызвольнага паўстаньня 1794 году прадоўжыліся летам у Вільні, пад дахам Дому нацыянальных суполак. Тут супрацоўнікі установы і чальцы Віленскага беларускага клюбу “Сябрына” зладзілі выставу карцінаў земляка Тадэвуша Касьцюшкі – беларуска-літоўскага мастака Барыса Шандрохі.

Памяць пра Тадэвуша Касьцюшку жыве ў сьвеце і па сёньняшні дзень, – прамовіў старшыня Віленскага беларускага клюбу “Сябрына” Валянцін Стэх. – Помнікі яму стаяць і ў Злучаных Штатах Амэрыкі, і ў Польшчы, і ў Швэйцарыі, і ў Аўстраліі. Самая высокая гара гэтага кантынента таксама была названа ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі. Але найбольшай папулярнасьцю і павагай гэта імя карыстаецца ў Польшчы. Да жалю, і ў Літве, і ў Беларусі такога вось ушаноўваньня памяці аб ім няма. Але, як сказаў Уладзімір Арлоў, “Прыйдзе час, і Касьцюшка будзе афіцыйна лічыцца нашым нацыянальным героем. Той факт, што мы зьбіраемся тут, гэта значыць, у Мерачоўшчыне, кожны год, зьяўляецца сьведчаньнем нашага вяртаньня ў Еўропу, да нашых эўрапейскіх ідэалаў, за якія змагаліся паўстанцы Касьцюшкі”. Я думаю, што яскравым пацьвярджэньнем таму, што ня толькі на ўзроўні апазіцыі, але і на дзяржаўным узроўні гэтая асоба будзе прызнаная нацыянальным героем, зьяўляецца адкрыцьцё нашай сёньняшняй выставы. Аўтарам гэтай выставы зьяўляецца зямляк, суайчыньнік Тадэвуша Касьцюшкі Барыс Шандроха, які нарадзіўся зусім побач з Мерачоўшчынай – з тым маёнткам, у якім у свой час нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка.

Паводле Барыса Шандрохі, ён зь дзяцінства захапляўся выяўленчым мастацтвам і гісторыяй, таму на шматлікіх ягоных працах адлюстраваныя пэўныя гістарычныя аб’екты і падзеі. Нездарма: маленства мастака прайшло ў ваколіцах колішняга фальварка Марачоўшчына, малой радзімы Тадэвуша Касьцюшкі.

Я не прафэсійны мастак, не прывязаны да гэтай прафэсіі, і, як гавораць, не жыву з гэтага і не зарабляю на гэтай дзейнасьці, – сказаў Барыс Шандроха. – Проста мне падабаецца маляваць тое, да чаго ў мяне ляжыць душа. А душа ляжыць у першую чаргу да гісторыі. Тым больш, што ў літоўскага і беларускага народаў вялікае агульнае мінулае. І гэтай спадчынай мы можам толькі ганарыцца. Праз свае карціны я хачу вярнуць памяць і цікавасьць да гэтай спадчыны.

На думку мастака, бальшыня прадстаўленых ім на вернісажы працаў створаныя ў стылі гістарычнага рамантызму, хоць не цураецца Барыс Шандроха і сюррэалістычных сюжэтаў. Паводле ўдзельнікаў імпрэзы, выстава сьведчыць пра высокі прафэсыйны ўзровень творцы: шмат якія аб’екты, зьнішчаныя цягам гістарычных пэрыпэтыяў, існуюць цяпер толькі на карцінах мастака. А ўявіць будынак, паглядзеўшы на рэшткі ягоных падмуркаў, можа далёка ня кожны. Зрэшты, багатыя дэталі твораў Барыса Шандрохі – зусім ня плод ягонага ўяўленьня, а вынік папярэдняй карпатлівай дасьледчай працы. Падчас яе мастаку собіла раскрыць не адну гістарычную і архітэктурную таямніцу.

Гэтую карціну я намаляваў не з сваіх фантазій, – патлумачыў мастак. – Я знайшоў старыя пляны тэрыторыі, паводле якіх быў пабудаваны палац, і ўсё выглядала менавіта так, як гэтыя карціны намаляваныя. Так яно выглядала калісьці. Цяпер яно адбудавана часткова. Вельмі цікавае месца. Нават пабудаваны ён нашымі продкамі ня проста так. Я яго называю яшчэ іншымі словамі: палац пораў году. Ён пабудаваны строга па астранамічных датах. Возьмем гэтае круглае возера: у дні Яна Хрысьціцеля, 22 чэрвеня, калі самы вялікі дзень і самая маленькая ноч, сонца ўзыдзе, усё роўна як папараць-кветка расквітнее, роўна-роўна, калі стаць на ганак палаца і паглядзець, як над востравам ўзыдзе сонца. А які гэта захапляльны від! Я рабіў фотаздымкі. Сонца ўзыходзіць – усё роўна як з бутона вылазіць гэтая таямнічая папараць-кветка.

Прысьвечаная памяці Тадэвуша Касьцюшкі выстава для Барыса Шандрохі – ня першая. Апрача Косаўскага палаца, на карцінах мастака знайшлося месца і сядзібе Сапегаў у Ружанах, і паштовай станцыі ў вёсцы Няхачава, і царкве Прарока Ільлі ў вёсцы Бялавічы. Аднавіў мастак і краявіды з замкамі ў Троках і Раканцішках, што пад Новаю Вільняю.

Перад тым, як нешта намаляваць, я дасканальна вывучаю, што я буду маляваць, што гэта за аб’ект, якая гісторыя зь ім зьвязаная. І калі ты паглыбляешся ў гэтую гісторыю, ты разумееш, што некалі, і нямала год, 650 год, гэта была адна дзяржава: разам з цяперашняй Літвой цяперашняя Беларусь пражылі ў гэтай дзяржаве больш за палову тысячагодзьдзя. І яны гэтак зьвязаныя, як адзін арганізм. Дзе ты што ні вывучаеш у Беларусі, натыкаешся на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, – паведаміў Барыс Шандроха.

Мастак лічыць сябе грамадзянінам колішняй супэрдзяржавы – Вялікага княства Літоўскага. Берасьцейская зямля, адкуль паходзіць майстар пэндзля, багатая на знакамітых яе ўраджэнцаў. Побач з Марачоўшчынай, дзе ад нядаўняга часу дзейнічае дом-музэй Тадэвуша Касьцюшкі, знаходзіцца Косаўскі палац – колішняя сядзіба графа Вандаліна Пуслоўскага. Непадалёку, за дваццаць кілямэтраў ад Косава, знаходзяцца Ружаны, галоўная рэзыдэнцыя ўкладальніка Статутаў Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. Зрэшты, славіць Берасьцейшчыну ня толькі сівая даўніна.

Гэта ўсё, гэтыя месцы – з радзімы Тадэвуша Касьцюшкі, – сказаў мастак. – У Беларусі ёсьць шмат цікавых месцаў, але я хацеў паказаць тыя месцы, дзе прайшло маё дзяцінства. Гэта – палац Пуслоўскіх у Косава. Тут-жа ёсьць домік Тадэвуша Касьцюшкі. Тут-жа ёсьць касцёл, дзе яго хрысьцілі. Гэта – адзін маршрут. Недалёка ад гэтага месца знаходзіцца паштовая станцыя, каторая была пабудавана ў 1841 годзе. Гэта – не паштовая станцыя ў сучасным разуменьні. Раней там трымалі коні (не было яшчэ ні машын, ні паяздоў, рухаліся на конях) і месца для адпачынку. У гэтым Няхачаве нарадзілася маці вядомага актора Анатоля Папанава. Ён вельмі часта там бываў. Нават ёсьць нумар, дзе ён спыняўся. І аматары ягонай творчасьці прыязджаюць начаваць у гэтым нумары.

Крыху далей ад Косава, на рацэ Башты пры яе сутоцы зь Ясельдай месьціцца вёска Сялец – тут нарадзіліся Віленскі Гаон талмудыст Эліяху бен Шлома Залман і беларускі паэт Алесь Разанаў. Ёсьць у ваколіцах Марачоўшчыны населеныя пункты з назовамі Жамайдзякі, Юрашкі, Ёдчыкі, Тоўцьвілы, Яцьвязь. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ў гісторыю Вялікага княства Літоўскага Берасьцейшчына ўпісала нямала цікавых старонак. Шмат якія зь іх праілюстравалі экспанаты выставы Барыса Шандрохі.

— У шасьці кіламетрах ад Косава знаходзіцца вёсачка Бялавічы. Як гавораць навукоўцы, гэтай вёсачцы болей за 5000 гадоў. Гэта вельмі старое месца, – заявіў мастак. – Чым гэтая знакамітая вёсачка? У ёй у час Вялікага княства Літоўскага у ваяводы Слонімскага павета Глінскага нарадзілася дачка Алена Глінская. Яе браты Глінскія спрабавалі падняць мяцеж, каб захапіць уладу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Мяцеж іх праваліўся, ня ўдаўся. Ім давялося ўцякаць, недзе ратавацца. Яны ўцяклі ў Масковію, у Маскву ў той час. У Маскве Алена Глінская стала вялікай княгіняй. Яна выйшла замуж за Васіля Трэцяга, вялікага князя Масковіі. Ёй не было нават дваццаці гадоў, яму было болей за сорак сем гадоў. І ў іх нарадзіўся сын Іван Васільевіч Грозны. Гэта быў першы рускі цар. Вось і глядзіце: тут табе Касьцюшка, тут табе Папанаў, а тут – маці Івана Грознага. А хто, як ня я, меў намаляваць гэтыя месцы? Каму гэта паказаць?