Цягам 2021 году ў літоўскай сталіцы пабачыў сьвет цэлы шэраг выданьняў пра
Беларусь і беларусаў. І першым у гэтым шэрагу ідзе зборнік паэзіі Ванды Марцінш
душ Рэйш пад назоваю “Мора мары”.
Віленскую прэзэнтацыю новага выданьня з рамантычна- астранамічнай назоваю
давялося чакаць вельмі доўга.
— Ня ўсе ведалі, а некаторыя, магчыма, і па сёньня ня ведаюць, што спадарыня Ванда
піша вершы. Піша іх, аказваецца, усё жыцьцё. Праўда, асаблівага значэньня да нядаўняга
часу нават яна гэтаму не надавала. То бок пісала для душы, а не для друку. Так-бы
мовіць, у стол. І першыя свае вершы апублікавала ўжо па вяртаньні на радзіму, –
паведаміў старшыня Віленскага беларускага клюбу “Сябрына” Валянцін Стэх. –
Дэбютавала яна падборкай сваіх вершаў у літаратурным альманаху беларускіх
пісьменьнікаў замежжа “Беларус” за 2018 год, які выдаецца ў ЗША. Яшчэ праз год яна ўжо
выдае ў выдавецтве “Рунь” у Вільні свой першы паэтычны зборнік “Плод авакада” пад
рэдакцыяй слыннага паэта і перакладчыка Алега Мінкіна.
Вось-жа другая кніга Ванды Марцінш душ Рэйш пабачыла сьвет яшчэ вясною 2020
году. Наклад выданьня склаў трыста асобнікаў. Пра друк паэтычнага зборніка парупілася
менскае выдавецтва “Кнігазбор”. А рэдагаваць “Мора мары” ізноў выпала віленскаму
беларускаму паэту Алегу Мінкіну.
— Паэзія Ванды Марцінш душ Рэйш дужа рэдкая, а ў наш “камунікабельны” век дык і
зусім анамальная зьява, – зазначыў Алег Мінкін. – Ходзіць пра тое, што свае вершы
Ванда Марцінш праз усё жыцьцё пісала, як казаў той, “у стол”, “для сябе”, “для душы”, не
ўважаючы іх за творы, вартыя надрукаваньня. Пісала ў абсалютнай ізаляцыі ад сучасных
літаратурных працэсаў у Беларусі, паэтычных школ і кірункаў, арыентуючыся хіба на
беларускую й замежную клясыку. I, як мне здаецца, гэтая “ізаляцыя” толькі пайшла ёй на
карысьць. Калі я ўпершыню ўчытаўся ў творы паэткі, дык мне падалося, што я чытаю
нейкую “прапушчаную” мною старонку беларускай клясыкі. Здзівіла некранутая
сьвежасьць вершаў, жыцьцярадаснае, такое рэдкае ў наш час, сьветаўспрыманьне,
сакавітыя, “барочныя” фарбы. Паэтка мае сваю манеру пісьма, надзеленая тонкім
лірызмам, надзвычайнай назіральнасьцю і толькі ёй уласьцівым досьціпам, самаіроніяй.
— Пішу я ў першую чаргу для сваіх людзей, – сказала Ванда Марцінш душ Рэйш. –
Вось у Вільні тут зьбіраюцца менавіта мае людзі. Напэўна, ні адзін аўтар, ні адзін паэт ня
скажа, што ня хоча, каб сьвет яго чытаў, каб сьвет яго ведаў. Вядома, мне прыемна, калі
нехта іншы чытае. Мне вельмі прыемна, што ў Беларусі добра прынялі маю кнігу.
Алег Мінкін і Ванда Марцінш пазнаёміліся ня так даўно.
— Я пагадзіўся, што перагледжу яе ўсю, так сказаць, вершаваную прадукцыю, – сказаў
Алег Мінкін. – Яна сказала, што вельмі даўно, ўсё жыцьцё піша. Думаю: нідзе не
друкавалася. Значыцца, падазрона. Потым раптам яна дасылае вершы. Напачатку я так
пачаў гартаць, адзін за адным, потым раптам бачу: клясыка! Празь дзесяць вершаў,
напрыклад. Здалося: можа, сьпісала адкуль-небудзь. Бывае так. Гартаю далей – зноў
клясыка! Гэта мяне проста зьдзівіла. Потым я сур’ёзна пачаў гэта перачытваць і раптам
убачыў вобраз, убачыў, што ёсьць паэтка.
— Гэтую кнігу я лічу такой маленькай цаглінкай, маленькім маім унёскам у агульную
беларускую культуру, будынак беларускай культуры ў Літве, у Вільні, — прызналася
Ванда Марцінш. – Яна выйшла ў Менску, яна выйшла ў Беларусі, і таму, вядома, яна
знайшла свайго чытача як сярод пісьменьнікаў, паэтаў, так і сярод паспалітых чытачоў. І
мне пішуць, мне шмат пішуць, пішуць, што ў тыя цяжкія часы, якія цяпер перажывае
Беларусь, у змрочныя часы, вось такія простыя словы, сьветлыя, сонечныя словы,
дапамагаюць людзям. Мне гэта, вядома, вельмі прыемна.
Сёньня я пабачыла сьлёзы на вачах у маёй дачкі і таксама маіх пляменьніц. Для мяне
гэта было самае галоўнае. Таму што пішу я пра сваю вёску, я пішу пра людзей, якіх яны
ведалі, я пішу пра мясьціны, якія дарагія іхнаму сэрцу.
У адрозьненьне ад прэзэнтацыі першага зборніка вершаў “Плод авакада”, творы з кнігі
“Мора мары” гучалі ня толькі на беларускай мове. Літаратуразнаўца Альма Лапінскене і
інжынэр грамадзянскай авіяцыі, паэт Аляксандар Сьнежка перастварылі лірыку Ванды
Марцінш адпаведна па- літоўску і па-польску.
Мора мары існуе ў рэчаіснасьці. Гэтак называецца нізіна, якая знаходзіцца на
адваротным, нябачным нам баку Месяца. Дарэчы, літаральна назва гэтай мясцовасьці
перакладаецца як “Мора розуму”. Вось-жа спалучэньне мары і цяжкасьці яе ўбачыць, а
пагатоў дасягнуць, спадабалася аўтарцы новага зборніка вершаў і яго рэдактару.
— Я яшчэ лепш зразумела, што мы жывем тут на вельмі незвычайнай, урадлівай зямлі,
якая родзіць шмат культураў. І кожная з гэтых культураў толькі ўзбагаціцца, калі мы
будзем абменьвацца, калі мы будзем супрацоўнічаць, – паведаміла Ванда Марцінш.
Як і ў першым зборніку твораў Ванды Марцінш “Плод Авакада”, у “Моры мары” ёсьць
вершы пра далёкія краіны, дзе паэтцы собіла пражыць не адзін дзясятак гадоў. Зрэшты,
гэаграфія твораў, дэклямаваных падчас прэзэнтацыі кнігі “Мора мары”, гэтым разам
істотна звузілася. Ня згадвалі ані пра Мадэйру, ані пра Шатляндыю.
— Я вярнулася дадому. І сьледам за вядомым паэтам Чэславам Мілашам магу сказаць,
што я – грамадзянка Вялікага княства Літоўскага, – заявіла Ванда Марцінш.
Грамадзянам Вялікага княства Літоўскага наканавана жыць у іншых краінах. Зрэшты,
палёт іхнай думкі, пэўна-ж, ня сьціснуты рамкамі дзяржаўных межаў. Пра гэта, плянуе
паэтка, пойдзе гаворка ў яе новай кнізе, зьяўленьне якой – не за гарамі.
— Цяпер я больш буду пісаць менавіта пра сваю малую радзіму. Для мяне яна
непадзельная – ці гэта той беражок Беларусі, ці гэта той беражок Літвы. Ці гэта Муляры,
Паставы, Камаі, ці гэта Гадуцішкі і Сьвянцяны. Для мяне яны былі заўсёды разам, –
сказала Ванда Марцінш. – Я нарадзілася ў такім асяродзьдзі, у такой сям’і, ва ўяўленьні
якой гэта было нешта непадзельнае. І таму я ад іх вось гэтае ўзяла, і ад гэтага, як кажуць,
пазбавіцца не магу, ды і не хачу. Навошта ад гэтага пазбаўляцца? Гэта добра. Гэта была
адна культурная прастора, таму што ўсё так пераблытана было ў гісторыі, і ў нашых
сем’ях, і ў маім жыцьці, што адблытаць я не магу. І ня трэба.
— Галоўны клопат – каб наступная кніжка ня толькі захавала ўзровень “Мора мары”, а
была крыху вышэйшай па сваёй прафэсыйнасьці, – падкрэсьліў Алег Мінкін. – І я мяркую,
што гэтая трэцяя кніжка такой будзе, таму што я ўжо атрымаў ад яе некалькі, здаецца,
пяць ці шэсць даволі вялікіх падборак новых вершаў, каторыя ўжо напісаныя пасьля гэтай
кнігі, і магу сказаць так, што прафэсыйны ўзровень наступнай кніжкі будзе трохі вышэйшы,
чым “Мора мары”.
— Тое, што ў Беларусі ўзьнік нацыянальны дух, нацыянальная гісторыя, з аднаго боку,
добра, вядома, таму што яна супроцьпастаўляе навязаныя нам стэрэатыпы, навязаную
нам савецкую гісторыю, а з другога боку, крайні гэты бок варожа ставіцца, напрыклад, да
Літвы, да літоўцаў, – падзялілася Ванда Марцінш. – Пачынаюць лічыць, а каго-ж там было
болей. Пачынаюць лічыць, а хто-ж там быў больш важны, больш уплывовы. Я лічыла, што
гэта мужчыны там сваёй зброяй бразгочуць. Не, і жанчыны! Маўляў, гэтыя літоўцы там
непісьменныя, дзікуны былі. І гэта мне глыбока агідна.
І таму тэма малой радзімы і Вялікага княства Літоўскага для мяне, вядома, будзе важнай. Гэта
вельмі добра падмеціла Альма Лапінскене. І пераклала яна менавіта тыя вершы, дзе
падкрэсьліваецца еднасьць нашых народаў. І надалей я буду пісаць пра гэта.