XXVII Сьвята беларускай песьні, якое арганізавала Згуртаваньне беларускіх
грамадзкіх арганізацый Літвы, адбылося 16 верасьня ў Доме настаўнікаў у літоўскай
сталіцы. Беларуская песьня на гэты раз злучыла тры суседнiя краіны – Лiтву, Латвiю i
Польшчу, якiя былi прадстаўленыя амаль дзясяткам музычных калектываў, а
таксама салістамі ды паэтамi.
Нагадаем, што дадзенае штогадовае мерапрыемства ўпершыню адбылося – і гэта
варта ўсьведаміць асобна – яшчэ ў 1996 годзе! Таму Сьвята беларускай песьні –
гэта мерапрыемства з глыбокай і сталай традыцыяй, мерапрыемства, якое чакаюць,
імпрэза, якая мае сваіх удзельнікаў i прыхільнікаў, для якіх яна – сапраўдны эліксір
маладосьці.
Вядоўца Cьвята беларускай песьні, мастацкі кіраўнік ансамбля беларускай песьні
“Сьвітанак” Вісагінскага беларускага культурнага цэнтру “Крок” Сяргей Шабадалаў на
пачатку імпрэзы адзначыў, што галоўная мэта фэстываля – гэта разьвіцьцё i
папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры ў супрацоўніцтве i дыялёгу зь
лiтоўскай культурай, а таксама з культурамі іншых нацыянальных меншасьцяў, якія
пражываюць у Лiтве.
Паводле традыцыі, Cьвята беларускай песьні штогод праводзіцца ў тым горадзе
Літвы, дзе мясцовая беларуская суполка сьвяткуе юбілей. Таму адна з самых
адметных у календары беларусаў Літвы музычная імпрэза пабывала ў Клайпедзе і ў
Друскеніках, у Вісагінасе і ў Салечніках, у Шаўлях і ў Сьвянцянах. Сёлета-ж у Вільні,
паводле падлікаў аўтара, удзельнічаць у Сьвяце і паслухаць беларускія песьні
сабралася больш за паўтары сотні слухачоў. Асобна хочацца адзначыць, што сярод
гасьцей імпрэзы ў Доме настаўнікаў былі ня толькі беларусы, якія традыцыйна
цікавяцца і бяруць актыўны ўдзел у сваіх мерапрыемствах, але й літоўцы, прычым
была заўважаная цэлая літоўская сям’я ў поўным складзе ажно з трох пакаленьняў, у
тым ліку, з двума дзецьмі пачатковага школьнага ўзросту. А гэта яшчэ раз
падкрэсьлівае ўсеагульнасьць культуры і спадчыны гэтых людзей, сапраўдных
нашчадкаў тых, чые продкі паходзяць зь некалі адзiнaй супэрдзяржавы – Вялікага
Княства Літоўскага.
На працягу ўсяго сьвята слухачы актыўна адгукаліся на заклікі тых, хто знаходзіўся
на сцэне, падпявалі і рухаліся ў такт музыкі. А сярод усіх годных выканаўцаў
калектыў беларусаў з Польшчы (ансамбль беларускай песьні “Сьвітанак”,
г. Беласток, мастацкі кіраўнік Анна Бабiк) слухачы так актыўна падтрымлівалі
апладысмэнтамі, што госьці-музыкі з суседняй краіны, выканаўшы чатыры свае
творы (пры тым, што іншыя калектывы цешылі слых гасьцей імпрэзы адной або
дзьвюма кампазыцыямі), напрыканцы сьвята на “патрабаваньне” слухачоў “на біс”
прасьпявалі нават пятую песьню!
Таксама варта зьвярнуць увагу на тое, што на суд гасьцей сьвята былі прадстаўлены
песьні ў выкананьні як ужо пастаянных удзельнікаў дадзенага мерапрыемства, так і
абсалютных дэбютантаў – гурту традыцыйных сьпеваў “Беларускі цуд”, які ніяк не
згубіўся сярод старажылаў. Гурт “Беларускі цуд” утварыўся ў Вільні з аматараў
народнага сьпеву, якія вымушаныя былі зьехаць зь Беларусі пасьля 2020 г. Кіруе
калектывам знаўца народных традыцыяў, этнасьпявачка Сьвятлана Чакушка.
А яшчэ хачу адзначыць, што Сьвята беларускай песьні не абмежавалася толькі
выключна песьнямі. На суд наведвальнікаў мерапрыемства былі прадстаўленыя
вершы ў выкананьні саміх аўтараў (асабліва запомніўся выступ Станіслава Валодзькі
з Даўгаўпілса). Госьці імпрэзы ўпадабалі бліскучыя карэктныя жартачкі з вуснаў вядоўцы
гэтага сьвята.
Сьветлыя твары відавочна задаволеных наведнікаў музычнай імпрэзы бязь лішніх
словаў пераконвалі: нягледзячы на паважаны ўзрост Сьвята беларускай песьні, усё
яшчэ толькі пачынаецца, і гэтая традыцыя абавязкова мае доўжыцца, каб наперадзе
нас чакала яшчэ шмат гэткіх чароўных і карысных сустрэч.
Аляксандр АНТАНОВІЧ