У лістападзе 2019 году ў Вільні адбылася знакавая для літоўскага, польскага і
беларускага народу падзея: на могілках Росы вечны спачын знайшлі парэшткі
ўдзельнікаў Студзеньскага паўстаньня 1863-64 гадоў, у тым ліку правадыроў
інсурэкцыі Зыгмунта Серакоўскага і Кастуся Каліноўскага. Каб належным чынам
ушанаваць памяць паўстанцаў, сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве
летам 2021 году зладзілі адмысловае падарожжа.
— У нас у Таварыстве зьявіўся такі накірунак дзейнасьці: наведваць месцы ў Літве, якія
тым ці іншым чынам зьвязаныя і зь беларускай гісторыяй. Раней мы прайшліся сьлядамі
кніганошаў, гэтым разам вырашылі прайсьціся сьлядамі паўстаньня 1863-64-га гадоў, –
паведаміў старшыня Таварыства беларускай культуры Аляксандар Адамковіч.
Студзеньскае паўстаньне 1863- 64 гадоў ахапіла тэрыторыю Польшчы, Беларусі і
Літвы. Апошнія баі інсургентаў і царскіх войскаў адбываліся на поўначы цяперашняй
Літвы, у ваколіцах горада Біржай. Менавіта там, пры мясцовых вёсках, 7-9 траўня 1863
году войскі паўстанцаў былі канчаткова разьбітыя імпэрскай арміяй, а адзін з кіраўнікоў
паўстаньня, Зыгмунт Серакоўскі, быў паранены ў грудзі і трапіў у палон.
— Я не зусім згодны, што паўстаньне прайграла, – зазначыў Аляксандар Адамковіч. –
Калі-б прайграла паўстаньне, да гэтага часу тут была-б Расея, але мы знаходзімся ў
Эўропе, і гэта значыць, што ўсе баі не былі дарэмнымі: яны якраз ляглі ў аснову перамогі
нашых тэрыторыяў над ўсходнім суседам. Таму мы й вырашылі наведаць гэтыя мясьціны.
З аднаго боку, каб у чарговы раз паказаць гаспадаром краіны, што нам, беларусам,
таксама важнае гэтае паўстаньне, што беларусы яго не забываюць. Хочам, як кажуць, ня
толькі ведаць, што адбывалася на тэрыторыі Беларусі, але і як увогуле выглядала гэтае
паўстаньне, зь якіх частак яно складалася, і тым самым аднаўляць поўную карціну самаго
паўстаньня. На тэрыторыі сучаснага Біржайскага раёна адбыліся тры вялікія
лёсавызначальныя бітвы ці баі, і, па сутнасьці, гэтымі баямі паўстаньне і заканчвалася.
Дванаццаць сяброў Таварыства беларускай культуры наведала Біржай і ваколіцы на
запрашэньне мясцовай адміністрацыі. Прафінансаваў вандроўку Дэпартамэнт
нацыянальных мяншыняў пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі. Мэрыя Біржайскага раёна
дапамагла з транспартам і гідам, дзякуючы якому віленскія беларусы даведаліся пра
апошнія імгненьні Студзеньскага паўстаньня.
— Вельмі прыемна, што і ў Біржайскім раёне памяць пра паўстаньне жыве, жыве па
сёньняшні дзень, – падзяліўся Аляксандар Адамковіч. – Ёсьць некалькі помнікаў гэтым
паўстанцам. Пра іх не забываліся і у часы сьмятонаўскай Літвы, і ў часы
антыбальшавіцкага супраціву, калі літоўскія партызаны менавіта каля гэтых помнікаў
давалі прысягу на вернасьць Літве. А таму гісторыя там ня скончылася ў 1863 годзе, а
мела некалькі працягаў, і менавіта ў гэтых біржайскіх лясох, у гэтай пушчы, змагаліся з
усходнім суседам на працягу добрых 100 гадоў, пакуль перамога, у рэшце рэшт, не была
дасягнутая, і сёньня Літва знаходзіцца ў сям’і эўрапейскіх народаў, там, дзе ёй і належыць
быць.
Мы наведалі вёску Мядзейкяй, дзе адбылася самая першая бітва з царскім войскам. Там
пастаўленая невялічкая каплічка, стоўп у стылі каплічкі, там, праўда, зараз ужо лесу няма,
чыстае поле, побач школа. І далей наведалі ўжо ў лясах два месцы, дзе пастаўленыя
крыжы паўстанцам.
А сам ход паўстаньня трошкі адрозьніваўся тут ад таго, што адбывалася на тэрыторыі
Беларусі, і ў сярэдняй Літве. Найперш, з-за канфэсыйнага складу, бо Біржай – гэта
рэзыдэнцыя якраз тых адгалінаваньняў роду Радзівілаў, якія прынялі пратэстантызм.
Пратэстанты – больш камэрцыйныя, і калі ў нас сяляне проста так кармілі паўстанцаў, аддавалі ежу, то там – за грошы. Магчыма, таму там паўстаньне не набыло такога
шырокага размаху, як, скажам, у Беларусі.
Нягледзячы на тое, што наведаныя сябрамі Таварыства беларускай культуры мясьціны
знаходзяцца пад самай літоўска-латвійскаю мяжою, туды, прынамсі, раней раз-пораз
завітвалі і беларускія дэлегацыі. Нездарма: апрача знакавай ролі ў гісторыі паўстаньня,
гэтыя мясьціны таксама вядомыя наяўнасьцю рэзыдэнцыі княскага роду Радзівілаў. Усё
гэта, на думку Аляксандра Адамковіча, спрыяе таму, што ў недалёкай будучыні біржайскія
ваколіцы стануць наведваць шматлікія турысты зь Беларусі.
— Думаю, што зь Беларусі паедзе шмат людзей, таму што мы бачым тое, што
адбываецца сёньня на тэрыторыі Беларусі, што ўлады ўпарта зносяць крыжы, помнікі, а
яны аднаўляюцца, людзі, рызыкуючы працай, здароўем, жыцьцём, як той-жа Вітольд
Ашурак, аднаўляюць гэтыя крыжы, аднаўляюць гэтыя помнікі, захоўваюць гэтыя месцы, і
зразумела, што тыя людзі без дыктатуры таксама будуць захоўваць памяць пра гэтае
паўстаньне, і наведаюць месцы і ў Біржайскім раёне, дзе таксама змагаліся супраць
усходняга суседа, – сказаў Аляксандар Адамковіч. – Найперш я-б хацеў, каб гэта
адбывалася ў выхаваўчых працэсах, каб больш беларусаў наведвалі і гэтыя мясьціны,
дзе змагаліся паўстанцы, дзе аддавалі свае жыцьці, каб прыязджала туды больш
беларускіх дэлегацый, і такім чынам гэта-б спрыяла збліжэньню двух народаў – літоўскага
і беларускага, гэта-б паказала, што мы маем ня дзьве асобныя гісторыі паўстаньня, а
агульную. Гэта-б збліжала і дапамагала выпрацоўваць агульную канцэпцыю паўстаньня,
як гэта й адбылося гэтым разам.