Калядны час – адмысловы. У хатах і кватэрах рознакаляровымі агеньчыкамі
зіхацяць пахучыя ялінкі, дзеці зь нецярпеньнем чакаюць традыцыйных падарункаў,
а дарослыя нават у цёмных глыбінях самага чэрствага і заімшэлага сэрца ўсё роўна
застаюцца дзецьмі. Таму, гэтаксама як дзеці, на Каляды дарослыя адчайна хочуць
спа- дзявацца на лепшае і вераць у цуд. Цуд Божага нараджэньня.

“Хрыстос нараджаецца. Гэтыя словы дзьве тысячы гадоў паўтараюць хрысьціяне па
ўсім сьвеце. Хрыстос нараджаецца – і гэта вялікая навіна, якая перагарнула ўвесь сьвет,
паставіла яго з галавы на ногі. Хрыстос, які прыйшоў і стаў чалавекам, прыйшоў на гэты
сьвет для таго, каб мы сталі больш людзьмі, бо ў Хрысце мы бачым паўнату гэтага
чалавецтва, тое, да чаго ўсе мы пакліканыя. Мы ведаем свае слабасьці, ведаем свае
хібы, ведаем тое, што мы часта падпадаем пад памылкі, робім так часта і сьвядома
памыляемся, сьвядома выбіраем зло. Але Хрыстос – гэта той, хто дазваляе нам вярнуцца
да глыбіні свайго чалавецтва, бо толькі сам Бог, які чалавека стварыў, можа чалавека
прывесьці да сябе”, – у адмысловым Калядным казаньні зазначыў грэка-каталіцкі сьвятар
а.Яўген Усошын.

Дзень зімовага сонцастаяньня атаясамліваўся з пачаткам новага цыклю і
адраджэньнем яшчэ ў дахрысьціянскую, паганскую эпоху. Шмат тагачасных звычаяў і
традыцый існуюць і дагэтуль. Прыжываюцца яны нават на зусім неўрадлівай глебе –
гарадзкім асфальце.

На пачатак апошняй дэкады сьнежня прыпадае вельмі важная падзея – паварот зімы
на лета. І хоць самыя маразы – яшчэ наперадзе, у прыродзе ўжо назіраюцца відавочныя
зьмены. Прынамсі, штовечар сонца заходзіць ўсё пазьней і пазьней. У традыцыйным
календары беларусаў гэты пэрыяд здаўна вызначаўся зайздроснай колькасьцю важных
рытуалаў. Нездарма на паганскае сьвята зімовага сонцазвароту пазьней наклалася
хрысьціянскае сьвята нараджэньня Збаўцы Сьвету Ісуса Хрыста. Зрэшты, некалькі
стагодзьдзяў панаваньня хрысьціянства дашчэнту зьнішчыць язычніцкія традыцыі так і ня
здолелі.

— У старажытнасьці людзі назіралі за прыродай, за сонцам, у тым ліку, таму што ад
сонца, ад прыроды залежаў дабрабыт, – патлумачыла знаўца народных традыцыяў,
этнасьпявачка Сьвятлана Чакушка. – І сапраўды, найбольш значныя сьвяты беларускага
календара – Купальле і Каляды – былі прымеркаваныя да значных астранамічных падзеяў: зімовага і летняга сонцастаяньня. Людзі нейкім чынам імкнуліся растлумачыць
прыродныя зьявы, і нейкім чынам паўплываць на прыроду дзеля таго, каб забясьпечыць
сабе элемэнтарнае выжываньне. Падчас зімовага сонцастаяньня адбываецца пераход
сонца, як кажуць, зь зімы на лета. То бок паступова пачынае расьці сьветлавы дзень, і
людзі гэта пабачылі. І ў дахрысьціянскія часы гэтае сьвята было прысьвечанае, уласна
кажучы, пачатку новага сонца: нібыта сонца вось памірала-памірала і тут зноў
адрадзілася.

Паводле Сьвятланы Чакушкі, можна толькі меркаваць пра тое, які выгляд мелі
калядныя сьвяты на тэрыторыі Беларусі ў дахрысьціянскую эпоху. Пісьмовыя крыніцы
захоўваюць вельмі мала зьвестак пра гэта. Зрэшты, тое-сёе адмыслоўцы- этнографы
высьветліць пасьпелі. У прыватнасьці, скарбы народнае мудрасьці сьцьвярджаюць: у
калядным цыкле ўрачысты працэс калядаваньня – далёка ня самы асноўны.

— Каляды ўвогуле – гэта два тыдні, пачынаючы ад Нараджэньня Хрыстова да
Вадохрышча ці да Трох Каралёў у каталікоў, — паведаміла Сьвятлана Чакушка. – Гэта
ўсё называецца Каляды ці Крывыя вечары – таксама ёсьць і такая назва.

— Якія вечары?

— Крывыя.

— Чаму?

— Таму што лічылася, што падчас Калядаў нельга нічога рабіць. Акрамя нейкіх асноўных
бытавых справаў. Бо ўсё там будзе крывое, касое, ніткі там будуць блытацца, рвацца.
Барана зламаецца. Гэта быў час, калі трэба было сьвяткаваць і адпачываць. І калі ты
пачнеш падчас Калядаў, умоўна кажучы, вышываць кашулю, то яна ў цябе атрымаецца
крывая, касая і непрыгожая.

Паводле Сьвятланы Чакушкі, у каляднай традыцыі беларусаў існавала, зрэшты, і
працягвае існаваць вячэра, што мае адмысловую назву – куцьця. Ёй частуюцца ў самы
пярэдадзень калядаў: паводле каталіцкай традыцыі, вечарам з 24-га на 25-га сьнежня, у
праваслаўных-жа – з 6-га на 7-га студзеня.

— Было тры куцьці: Посная – падчас Нараджэньня Хрыстовага, Багатая – гэта на Новы
Год ці на Сьвятога Васіля ці Шчодры вечар, Шчодрык ёсьць на поўдні Беларусі яшчэ і
такое паняцьце, і яшчэ адна Посная куцьця ўжо перад Вадо- хрышчам, як заканчэньне
Калядаў.

— Якая паміж імі розьніца?

— Посная куцьця, асабліва першая куцьця, адрозьнівалася тым, што ў ноч перад
Раством, перад пачаткам Калядаў стравы павінны быць абавязкова посныя. Трэба было,
каб іх было дванаццаць, калі не памыляюся, і галоўнай стравай была менавіта куцьця. То
бок гэта адмыслова звараная каша, зь зерняў звычайна ячменя ці пшаніцы, яна
сымбалізавала сабой сямейны дабрабыт. Кожная крупінка гэтай куцьці – гэта вось частка
долі. Долі сям’і. І каб гэтая доля была багатая, варылі гэтую куцьцю, бо зерне – гэта ежа,
гэта выжываньне, гэта дабрабыт.

— То бок чым больш, тым лепш?

— Не зусім. Галоўнае, каб сям’я сабралася разам i разам частавалася гэтай куцьцёй, бо
першая посная куцьця – гэта было вельмі інтымнае, сямейнае сьвята, калі зьбіраліся
менавіта сваякі, каб гэтая доля засталася і ня зьбегла нікуды, і працягвала жыць, існаваць
непасрэдна ў гэтай канкрэтнай сям’і.

Традыцыя годна й весела сустракаць зімовыя сьвяты захавалася яшчэ з дахрысьціянскіх
часоў. Вясёлая рознаўзроставая гурба зь Дзедам, Казою, Цыганом, Папом, Жыдом,
Мядзьведзем ды іншымі абрадавымі істотамі старалася не прамінуць ненаўмысна
ніводнага двара. Калі-ж да кагосьці падчас калядаваньня не завітвалі, гэта лічылася
вялікай ганьбаю. Традыцыя сьвяткаваньня Калядаў, Старога Новага году ды Шчодрага
Вечара ў вёсцы – справа натуральная і зьдзіўленьня не выклікае. Вадзіць-жа казу па
гарадзкім асфальце, пасярод бэтону, шкла ды сталі сталічных хмарачосаў выглядае
даволі экзатычна. Зрэшты, віленчукам гарадзкое калядаваньне знаёмае даўно. Некалькі
гадоў таму актывісты Віленскага беларускага клубу “Сябрына” адрадзілі старую сталічную
традыцыю гарадзкога калядаваньня, калі напярэдадні сьвяточнай вечарыны
імправізаваныя калядоўшчыкі завітваюць у госьці да віленчукоў пераважна паважанага
ўзросту.

— На вёсцы цяпер насамрэч мала чаго засталося, – са скрухаю прызналася
Сьвятлана Чакушка. – І ўсё, што маем у горадзе – плынь па адраджэньні
традыцыйнай культуры – гэта больш алаверды свайму вясковаму паходжаньню ў
тых людзей, якія зь вёскі, і гэта цікавасьць нэафітаў, якія з гэтым, магчыма, ніколі
ўвогуле ў жыцьці не сутыкаліся, але ім цікава, бо гэта весела, асабліва калі казаць
пра моладзь, гэта незвычайна, і плюс на хвалі апошняга года, пасьля ўсім
вядомых падзеяў, я заўважаю хвалю абуджэньня цікавасьці да беларускай
ідэнтычнасьці, да беларускай культуры, у тым ліку да беларускіх традыцыяў. Прынамсі,
Каляды – гэта вельмі клясная штука для сучаснай гарадзкой цывілізацыі, і яна дае
магчымасьць, па-першае, дакрануцца да традыцыяў, якія існавалі, па-другое, вельмі
клясна пабавіць час. Гэта такі абмен энэргіяй, і асабліва ў нашыя такія змрочныя часы
вельмі важна, мне здаецца, нават псыхалягічна адчуць, што ты – не адзін, ёсьць побач
добрыя людзі, якія да цябе прыйшлі і пасьпявалі табе песьні, пазычылі табе здароўя,
дабрабыту, і ты ў сваю чаргу таксама ім аддзячыў. Вось такая сінэргія атрымліваецца, і
гэта вельмі крута.

Яшчэ дахрысьціянскі звычай “ваджэньня казы”, якая сымбалізуе сабой паганскага бога
Вялеса, захаваўся найбольш у беларусаў у параўнаньні з бліжэйшымі суседзямі-
славянамі. Вялес – гэта антаганіст Перуна, бог адначасова дабрабыту, урадлівасьці,
паляваньня, хатніх жывёлаў, зямлі, вады й валадарства мёртвых. Важным момантам у
гэткім абрадзе зьяўляецца сымбалічная “сьмерць” Казы і ейнае “уваскрашэньне” пасьля
пэўных ахвяраваньняў. Гэткім чынам Каза сымбалізуе перамену ў працягласьці
сьветлавога дня, адраджэньне новага жыцьця ў прыродзе пасьля зімы, сыход Старога й
пачатак Новага гадоў.

Сьвятлана Чакушка патлумачыла, як правільна калядаваць у горадзе:

— Па-першае, трэба сабраць каманду. Бо, каб калядаваць, трэба гурт. Як мінімум,
трэба чалавек, які будзе насіць зорку, трэба зорку, яе можна зрабіць зь нейкіх падручных
матар’ялаў і насадзіць на палку. Трэба Каза, Дзед, які водзіць Казу, яшчэ Мядзьведзь,
Механоша, Бусел, Чорт, Цыганка – хто заўгодна. Усё залежыць ад вашай фантазіі і
колькасьці ўдзельнікаў.

Зорка ў дахрысьціянскія часы сымбалізавала сонца, якое нараджаецца, а пасьля прыходу
хрысьціянства зорка стала адсылкай да бэтлеемскай зоркі, першай зоркі, якая
запальваецца гэтай ноччу перад Раством, яна, паводле Сьвятланы Чакушкі, сымбалізуе
“сьвятло ў канцы тунэля”. А Каза – гэта таксама вельмі важны для калядаваньня
пэрсанаж:

— Я думаю, што гэта, па-першае, адсылка да паганскіх часоў, да ахвярапрынашэньня.
Каза сымбалізуе таксама вось гэты абрад, які адбываецца, калі Каза танчыць, памірае і
потым ажывае пры дапамозе розных пачастункаў – гэта такая алюзія на паміраньне і
адраджэньне сонца. То бок каза сымбалізуе пачатак новага года, дабрабыт, яна такая ўся
пухнатая, лахматая і з поўсьцю.

Падчас сонцастаяньня людзі думалі, што ідзе барацьба паміж цёмнымі і сьветлымі сіламі,
і калі мы пакалядуем, то мы пераможам, і сонца народзіцца.

— Здаецца, беларусам трэба калядаваць сёлета.

— Трэба, – пагаджаецца Сьвятлана Чакушка. – Неабходна адпраўляць пажаданьні ў космас, каб
нас пачулі.