Толькі вольны чалавек здатны на творчасьць. Да безьлічы доказаў гэтай тэзы
надоечы зьявіўся яшчэ адзін. Гэта выстава працаў віленскай мастачкі і журналісткі
Ганны Русінавай пад сымбалічнай назоваю “Balta-чырвона-balta”.
Жыхары літоўскай сталіцы, а найперш тыя, хто сочыць за падзеямі ў Беларусі зь
недзяржаўных мэдыяў, аўтарку карцінаў, прадстаўленых на вернісажы, Ганну Русінаву
ведаюць як беларускую тэлежурналістку. Яшчэ яна вядомая і як мастачка, што толькі
пачынае ўздым на крутым небасхіле літоўскага і беларускага жывапісу. З нагоды Дня
незалежнасьці Літвы пад дахам сядзібы Саюзу мастакоў Літвы адбылася выстава твораў
Ганны Русінавай пад неардынарнай, дзьвюхмоўнай назоваю “Balta-чырвона-balta”.
— Ганна ў сваіх мастацкіх працах мае вельмі індывідуальны погляд. Яна інтэрпрэтуе
людзей, якія маюць вялікае значэньне для беларускай гісторыі, і, відаць, для яе асабістых
поглядаў, – падкрэсьліла старшыня Саюзу мастакоў Літвы Эгле Багдонене. – Ганна сама
ня ёсьць прафэсіяналам. Але яна зьяўляецца журналісткай, цудоўнай журналісткай, якая
рэфлексуе і прадстаўляе лад жыцьця беларусаў і іх сувязь як з жыцьцём у Літве, так і са
зьменамі, што адбываюцца ў Беларусі.
Сур’ёзна займацца выяўленчым мастацтвам Ганна Русінава пачала яшчэ ў дзяцінстве.
Кшталціць прыродны талент ёй давялося ў менскай мастацкай вучэльні. Уражаньні Ганны
Русінавай ад падарожжаў і назіраньні за жыцьцём увасобіліся ў шэраг выяваў, што
ўтварылі ў Беларусі адмысловую выставу. Такім чынам, выстава “Balta-чырвона-balta” –
ужо ня першая ў жыцьці мастачкі. Але – першая ў Вільні. І першая пэрсанальная.
— Я лічу, што для мастака гэта – магчымасьць мастацкім чынам перадаць сваё
ўяўленьне рэчаіснасьці і праз гэты формы гэта рабіць больш зразумелым для гледача, –
сказала Ганна Русінава.
— Ганна паказала мне свае творы, свае працы, свае журналісцкія фатаграфіі, якія
насамрэч насычаныя эмацыйным асабістым досьведам. Аказалася, што гэта ня толькі
журналісцкія працы, але і мастацкія, – паведаміла старшыня Саюзу мастакоў Літвы Эгле
Багдонене.
Выставу Ганны Русінавай пад дахам Саюзу мастакоў Літвы склалі карціны, якія
мастачка стварыла, знаходзячыся пад уражаньнем ад падзеяў найноўшай гісторыі
Беларусі. Візуальны шэраг дапаўняюць рэпартажныя і партрэтныя фотаздымкі, на якіх
адлюстраваныя моманты зь нядаўняга перапахаваньня правадыра Студзеньскага
паўстаньня 1863-64 гадоў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў, а таксама зь
літоўскага пэрыяду жыцьця некаторых беларускіх перасяленцаў.
— З Ганнай я пазнаёмілася як з журналісткай, калі яна прыходзіла да мяне браць
інтэрвію наконт таго, як я апынулася ў Літве і як я пакутавала ў Беларусі, пакуль была
там, – сказала адна з гераіняў Ганны Русінавай, музыка Ганна Лепяшкевіч. – Гэта было
вельмі прыемнае знаёмства. Мы потым яшчэ некалькі разоў сустракаліся на некаторых
акцыях і таксама на інтэрвію. Я была вельмі зацікаўленая, даведаўшыся, што Ганна
мастачка, і мяне зараз уразілі яе працы, гэта цікава і крута.
— Я ўвогуле, канешне, не хацела-б, каб паўставала такая выстава, каб не было вось
гэтых маіх пакутаў, перажываньняў, тады не было-б выставы, – прызналася мастачка. –
Але, на жаль, сытуацыя такая, што проста вымушае цябе неяк рэагаваць і нейкім чынам
гэта ўсё можна перажыць.
Цэнтральнае месца на выставе Ганны Русінавай займае сьвежа створаны трыпціх.
Квадратнай формы палотны адразу кідаюцца ў вочы кожнаму паспалітаму наведніку
выставы, і ня толькі дзякуючы адмысловай колеравай гаме. Паводле задумы мастачкі,
тры выявы адлюстроўваюць беларускі супраціў у гістарычным аспэкце.
— Я лічу, што гэта так сымбалічна паказаць, якім чынам зараз адбываецца працяг
змаганьня за сваю незалежнасьць, як гэта і было стагодзьдзямі. Я спрабавала перадаць
свой боль за лёс Беларусі, за тое, што адбываецца несправядлівасць у грамадзтве, такім
чынам, і зрабіла серыю карцін трыпціх, – патлумачыла мастачка.
На карціне, якая запачаткоўвае трыпціх, зьмешчаная аблічча беларускай паэткі і
рэвалюцыянеркі Аляізы Пашкевіч-Кайрэне, больш вядомай пад літаратурным
псэўданімам “Цётка”. У 1911 годзе беларуская паэтка ў Вільні стала жонкаю літоўскага
грамадзкага дзеяча і палітыка, сігнатара Акту пра незалежнасьць Літвы Сьцяпонаса
Кайрыса. Гэтая акалічнасьць, а таксама тое, што ўрачыстае адкрыцьцё выставы
адбылося напярэдадні дня аднаўленьня незалежнасьці Літвы, паводле аўтарскай задумы,
сымбалізуе непарыўную сувязь гісторый і лёсаў беларускага і літоўскага народаў.
— Трыпціх – гэта адлюстраваньне таго, якім чынам выглядае супраціў Беларусі, –
паведаміла Ганна Русінава. – Перш за ўсё гэта зьвязана і з тым, што мы маем агульную
гісторыю зь Літвой. Я намалявала вобраз Алаізы Пашкевіч-Цёткі, якая, можна сказаць,
таксама была сімвалам у тыя часы, падчас адраджэньня беларускай нацыі. Гэта – сувязь
паміж цяперашнім часам і мінулым.
— Ганна бясконца шчырая. І гэтая шчырасьць, відаць, нас і падкупіла, – прызналася Эгле
Багдонене. – Мы падумалі, што, насамрэч, літоўскі народ таксама перажыў бясконца
складаныя сытуацыі, таму не дарма я падчас адкрыцьця выставы таксама згадала той
пэрыяд, які памятаю асабіста: холад, нястачы, голад, невядомасьць, вельмі шмат
пытаньняў было. Была заўважная еднасьць народа. Літва аб’ядналася і вытрымала той
складаны пэрыяд. Сёньня з пэрспэктывы пэўнага часу мне самой складана гэта ўявіць,
што аб’яднала гэты народ, чаму літоўцы былі такія моцныя, аб’яднаныя ў сваім рашэньні
змагацца за свабоду, быць свабоднай, незалежнай рэспублікай, ствараць сваю
будучыню, эканоміку, культуру, усё.
Астатнія карціны – гэта больш уяўленьне цяперашняга: выява беларуса, які змагаецца за
сваю будучыню, змагаецца з сыстэмай. Гэта было прадстаўлена праз вобраз блогера і
журналіста Аляксандра Івуліна.
— Аляксандр Івулін знаходзіцца за кратамі, за тое, што проста рабіў сваю працу, за тое,
што асьвятляў акцыі пратэсту. І такія гісторыі – гэта не адзінкавы выпадак, – падкрэсьліла
Ганна Русінава. – На жаль, таксама мы ведаем пра нашых журналістак, якія знаходзяцца
за кратамі, гэта Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, Уладзімір Мацкевіч, якія зараз
таксама апынуліся ў той жа сытуацыі. А трэцяя карціна – гэта выява асабіста мяне.
Кожнага чалавека гэта датычна. Проста паламаныя лёсы людзей, калі нават не цябе, то
ўсё ж такі гэта закранае тваіх блізкіх ці знаёмых. Проста такая пакута беларускага народа.
Свой пакручасты шлях на ніве выяўленчага мастацтва Ганна Русінава пачынала з
фіксаваньня на палотнах захапляльнай прыгажосьці навакольнага асяродзьдзя. Падзеі
апошніх гадоў у Беларусі прымусілі мастачку перагледзець творчыя прыярытэты. Цяпер
Ганна Русінава імкнецца сваёй творчасьцю трансьляваць як душэўны, так і цялесны боль
ахвяраў беларускіх пэрыпэтыяў.
— Усё пачыналася з таго, што ты чытаеш нейкую дрэнную навіну і проста хапаешся за
галаву, і адна горш за іншую. І так вось узьнікалі нейкія вобразы. Ты ўспрымаеш гэта як
таксама датычнае і да цябе. Ты чытаеш пра гэтыя зьдзекі, пра гэты гвалт, якім чынам
людзей ставілі да сьценак у РАУС, якім чынам іх проста зьбівалі, якім чынам на іх
надзявалі кайданкі, і вось гэта пераасэнсоўваеш, – падзялілася мастачка. – Я лічу, што
ўвогуле ўсе працы – гэта дэманстраваньне ўсіх маіх пачуцьцяў, што ў нашай краіне робіцца беззаконьне, і гэта – адбіткі частак майго цела. Я лічу, што важна паказаць, што
чалавек пакутуе, пакутуе ягонае цела, пакутуе ягоная душа. Я лічу, што кожны беларус
зараз нейкім чынам зьвязаны з гэтымі падзеямі, і кожнага датычны вось гэты жах, што
творыцца ў нашай краіне, і ніхто ня можа застацца абыякавым.