Неўзабаве празь літоўскую сталіцу, па дарозе зь Вільні на Полацак, мае прайсьці “культурны шлях Францішка Скарыны”. Менавіта гэтак называецца неардынарная ініцыятыва па аднаўленьні вандровак беларускага першадрукара. Задуму ажыцьцяўляюць адмыслоўцы зь беларускіх і літоўскіх установаў культуры ды адукацыі, у тым ліку супрацоўнікі Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны і Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Праект прымеркаваны да пяцісотгодзьдзя выданьня ў Вільні “Малой падарожнай кніжкі”. З гэтай нагоды, дарэчы, 2022 год Сойм Літоўскай Рэспублікі абвесьціў Годам Францішка Скарыны. Задуму аднавіць дарогу асьветніка ад роднага Полацка да сталіцаў эўрапейскіх дзяржаваў ажыцьцяўляюць адмыслоўцы зь беларускіх і літоўскіх установаў культуры ды адукацыі, у тым ліку супрацоўнікі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны.

— Прыйшла ідэя паспрабаваць выбудаваць і, абгрунтаваўшы, падаць заяўку на своеасаблівы эўрапейскі шлях, які б імем Скарыны і тымі пуцявінамі, што яму выпадалі, злучыў некалькі эўрапейскіх гарадоў, пачынаючы ад Полацка: Вільню, Кракаў, Прагу і Падую, – сказаў ініцыятар праекту “Культурны шлях Францішка Скарыны”, прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Аляксандар Калбаска.

Больш за паўтысячы гадоў таму ў доўгую дарогу з Полацка ў Вільню па навуку вырушыў будучы беларускі першадрукар Францішак Скарына. Беларускія навукоўцы пастанавілі гэтым летам аднавіць шлях славутага суайчыньніка. Не засталася ўбаку і Віленская гімназія імя Францішка Скарыны.

— Мы ўдзельнічаем па магчымасьці, па меры сваіх сіл і магчымасьцей, – запэўніла дырэктарка Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны Дзіяна Стахновіч. – Я не магу сказаць, што мы там вельмі моцна нешта робім, але ўдзельнічаем у гэтых мерапрыемствах, якія ладзяць нашы партнёры.

Паводле Аляксандра Калбаскі, самае складанае пры ажыцьцяўленьні праекту “Культурны шлях Францішка Скарыны” – стварыць міжнародную асацыяцыю.

— Гэта павінен быць самадастатковы ў фінансавым плане праект, які-б працаваў незалежна ад бюджэту Эўразьвязу, які-б сам сябе абслугоўваў. Ну, а ўлічваючы той стан, у якім знаходзіцца турбізнэс і усё, што акаляе дарогі і ў Літве і ў Беларусі, у Літве трошкі лепей, у Беларусі трошкі горай, да гэтага – яшчэ вялікая дарога, – зазначыў Аляксандр Калбаска.

На першым этапе ініцыятары амбіцыйнага праекту пастанавілі канцэптуальна асэнсаваць доўгі шлях сусьветна вядомага беларускага асьветніка і гуманіста. Ажыцьцяўляць задуму маральна і матар’яльна, у рамках Праграмы разьвіцьця супрацоўніцтва і падтрымкі дэмакратыі, паспрыяла Міністэрства замежных справаў Літвы. Нездарма: некароткі эўрапейскі шлях Францішка Скарыны пачынаецца з дарогі паміж Вільняй і Полацкам. Менавіта адтуль выправіўся за навукаю будучы беларускі першадрукар. Дасьледчыкі падрыхтавалі адмысловыя экспэдыцыі для вывучэньня як таго, што падчас свайго падарожжа мог на ўласныя вочы бачыць Францішак Скарына, так і таго, што зьявілася ўздоўж ягонага шляху значна пазьней.

— Скарына-кнігадрукар – гэта вельмі лёгка і павярхоўна, – заявіў Аляксандр Калбаска. – Мы хацелі б расказваць пра яго як пра доктара, спэцыяліста па будаўніцтву садоў, спэцыяліста, які перамерыў эўрапейскія краіны сваім досьведам, сваёю асобаю і злучыў, памножыўшы еўрапейскую сутнасьць на шматкроць. Мы хацелі б паказаць яго шматбаковую асобу. Таму па Вільні асобна, па праезджых частках і мясьцінах асобна зьбіраем усё, што магло тым ці іншым чынам пра Скарыну ў будучыні вандраўнікам расказаць.

Новы праект ажыцьцяўляецца на аснове мадэлі культурных маршрутаў Рады Эўропы. Гэткая праграма вандроўкаю скрозь час і прастору дэманструе, як спадчына розных краінаў і культураў Эўропы спрыяе разьвіцьцю і асэнсаваньню агульнай эўрапейскай культурнай спадчыны. За ўзор ініцыятары ажыцьцяўленьня праекту “Культурны шлях Францішка Скарыны” пастанавілі ўзяць адзін з самых вядомых у Эўропе маршрутаў да меркаванай магілы сьвятога апостала Якава – Camino de Santiago. Імаверна, неўзабаве кожны ахвочы зможа прайсьціся ці праехаць па дарозе Camino de Skaryna – Шляхам Францішка Скарыны з Полацка да Вільні. А можа, і далей.

— Калі арыентавацца на найлепшыя прыклады, якім, на мой пагляд, зьяўляецца шлях Сьвятога Якава, рабіць на ім можна шмат што, – сказаў Аляксандр Калбаска. – Маючы пэўны досьвед праходжаньня гэтага шляху, я хачу сказаць, што шлях уплывае на чалавека і чалавек уплывае на шлях. Ты ня толькі знаёмішся з штодзённым побытам людзей, празь які твой пешы, ці конны, ці аўташлях праходзіць, ты сам знаёмішся з сабою, гэта выпрабаваньне не ў апошнюю чаргу для таго, хто адважыцца на такі шлях прайсьці. Ты даведаешся шмат новага пра Эўропу, пра эўрапейскую традывцыю. Гэта яшчэ адна магчымасьць чалавеку людзям далучыцца да гэтай традыцыі, паспытаць сябе, наколькі далёка ці глыбока яны яе ведаюць. Як для Беларусі, то гэта стрыжань, які яднае і яшчэ раз дапаможа знайсьці шлях у Эўропу, і людзям, якія па шляху гэтым ідуць, прыносяць, як і Скарына, нейкія эўрапейскія веды назад да сябе ў краіну. Гэта шматбаковае ўзбагачэньне людзей і краін, ня кажучы ўжо пра ажыўленьне інфраструктуры. Такога шляху, які-б аддадзены быў адной беларускай асобе, пакуль няма, і я думаю, што гэта будзе, калі будзе і атрымаецца некалі гэта зрабіць, цікавы ўнёсак беларусаў у такую эўрапейскую традыцыю.

Першы, экспэдыцыйны, этап праекту “Культурны шлях Францішка Скарыны” даводзіцца ажыцьцяўляць па частках: асобна на тэрыторыі Літвы, асобна – на тэрыторыі Беларусі. Істотнай перашкодаю, якую дастаткова цяжка пераадолець нават навукоўцам, зьяўляецца дзяржаўная беларуска-літоўская мяжа. Зрэшты, стваральнікі культурнага шляху беларускага першадрукара спадзяюцца, што Camino de Skaryna стане таксама і своеасаблівай дарогаю ў лепшую будучыню новай, эўрапейскай Беларусі.

— Зараз складана разважаць менавіта зараз пра тое, якім менавіта чынам мяжа ці сьцяна, якая выбудоўваецца паміж Беларусьсю і сьветам будзе пераадоленая, але некалі гэта сапраўды будзе пераадолена. І ўнёсак такога шляху гэта можа быць відавочны. Гэта не зробіцца ініцыятываю асобных інстытуцыяў і людзей. Гэта павінна некалі вырасьці на ўзровень дзяржавы. І калі беларуская дзяржава насьпее настолькі, што падтрымае гэты праект і стане ўдзельніцаю кансорцыюму ці асацыяцыі зь іншымі эўрапейскімі краінамі, якія б гэты шлях падтрымлівалі, у такім выпадку пэрспэктыва будзе і для шляху і для Беларусі. У іншым гэта пэрспэктыва застацца зноў за жалезным занавесам. І гэта тэст своеасаблівы, – падсумаваў Аляксандр Калбаска.