У літоўскай сталіцы пасьля цяжкой хваробы спынілася сэрца грамадзкага дзеяча й журналіста Віталя Каракорскага. У лепшы сьвет ён пайшоў на 67-м годзе жыцьця 6 ліпеня 2024 году.

Журналіст, аўтар тэлеперадачы для жыдоў Літвы „Мэнора“ Віталь Каракорскі. Вільня, Літва, 5 сакавіка 2019 г.
Журналіст, аўтар тэлеперадачы для жыдоў Літвы „Мэнора“ Віталь Каракорскі. Вільня, Літва, 5 сакавіка 2019 г.

Народжаны ў Бабруйску 2 студзеня 1958 году, пасьля заканчэньня сярэдняй школы Віталь Каракорскі пакінуў радзіму й пераехаў у Літву. Тут ён навучаўся ў Шавельскім пэдагагічным інстытуце і Віленскім ўнівэрсытэце па спэцыяльнасьці “руская філялёгія”. Журналістыку Віталь Каракорскі вывучаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.

У 1990 годзе Віталь Каракорскі пераехаў у Вільню. Тут ён пачаў супрацоўніцтва зь Літоўскім нацыянальным радыё і тэлевізіяй, стаўшы стваральнікам тэлевізійнай перадачы пра жыдоў Літвы “Мэнора”. На працягу 15 гадоў (2008–2023) Віталь Каракорскі быў прадусарам, удзельнікам, а часам і суаўтарам беларускамоўнай тэлеперадачы “Віленскі сшытак”, якая выходзіла ў этэры Літоўскай тэлевізіі. Пасьля сьмерці доўгатэрміновай аўтаркі і вядоўцы “Віленскага сшытка” Тацяны Дубавец 27 сьнежня 2010 году Віталь Каракорскі парупіўся пра захаваньне тэлеперадачы і стварэньне яе новай рэдкалегіі.

Тацяна Дубавец, Віталь Каракорскі і Лілея Копач. Скрыншот: “Віленскі сшытак”

Не цураўся Віталь Каракорскі і грамадзкай ды палітычнай дзейнасьці. У 2006 годзе ён узначаліў Раду нацыянальных суполак пры Дэпартаменце нацыянальных мяншыняў пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі. Тады-ж ён стаў чальцом Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. У 2008 годзе дэлегатам ад Партыі нацыянальнага адраджэньня Віталь Каракорскі балятаваўся ў Сэйм Літоўскай Рэспублікі.

У 2014 годзе Віталь Каракорскі за прафэсыйную дзейнасьць ад Таварыства журналістаў Літвы атрымаў прэмію ймя Стасіса Лазарайціса “На шляху да Літвы Прэзыдэнта Надзеі”.

Цікавіла Віталя Каракорскага і кінадакуманталістыка. Напрыканцы 90-х гадоў XX стагодзьдзя ён стаў аўтарам шэрагу дакумантальных фільмаў: “Už jūsų ir mūsų laisvę” (“За вашу і нашу свабоду”, 1998 г.), “Dešimt metų amžinybėje” (“Дзесяць гадоў у вечнасьці”, 1998 г.), “Gyvybės medis” (“Дрэва жыцьця”, 1999 г.), “Kovo 11-osios kontekstai” (“Кантэксты 11 Сакавіка”, 2000 г.). Адным з герояў дакумантальнага фільма “Vėliavos” (“Сьцягі”, 1999 г.) пра супольны супраціў жыхароў шматнацыянальнае Літвы савецкай агрэсіі ў студзені 1991 году стаў віленскі беларускі літаратар Алег Мінкін.

“Як сапраўдны патрыёт Літвы, Віталь абраў дзень 6 Ліпеня”, — напісаў у Facebook сын Віталя Каракорскага Даніэль. У Літве 6 ліпеня адзначаецца Дзень дзяржавы (каранацыі караля Літвы Міндоўга).

Рэдакцыя газэты “Рунь” і творчая група тэлевізійнай перадачы “Віленскі сшытак” ад шчырага сэрца выказваюць спачуваньне сям’і, родным і блізкім Віталя Каракорскага.