Нядаўняя спроба грамадзянаў Беларусі ў чарговы раз дэмакратычным шляхам зьмяніць лёс сваёй Айчыны не пакінула абыякавымі, бадай, нікога зь людзей заангажаваных. Трагічныя пэрыпэтыі ў Беларусі вось ужо больш за год пакідаюць сьлед ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці беларусаў замежжа – як грамадзкай, палітычнай, так і культурнай.

“Беларуская нацыя і дзяржава ў небясьпецы. Падзеі, якія адбываюцца, пагражаюць суверэнітэту і нацыянальнаму існаваньню Рэспублікі Беларусь”. Вось гэтак надоечы Нацыянальны сакратарыят “Вольная Беларусь” абгрунтаваў намер падрыхтаваць і стварыць ні многа ні мала – часовы Нацыянальны ўрад Рэспублікі Беларусь. Чальцамі гэтага ўраду сталі беларусы, што жывуць як унутры Беларусі, так і па-за яе межамі, у тым ліку і ў Літве.

“Працягваецца зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці беларусі, усіх беларускіх арганізацыяў, праяваў беларускага нацыянальнага жыцьця. Распачаты рэпрэсіі супраць народа, створана блакада наземных і авіяцыйных сувязяў з замежжам, уводзяцца жорсткія эканамічныя санкцыі супраць беларускай дзяржавы з нерэальным намерам ліквідаваць уладу Лукашэнкі. Вынішчэньне Беларусі стала вынікам сумарных дзеяньняў і рашэньняў Лукашэнкі, Пуціна і памылак замежных палітыкаў. Цяпер мы, беларусы ў Бацькаўшчыне і ва ўсім сьвеце, мусім выратаваць сваю краіну ад зьнішчэньня” – гэтак гаворыцца ў апавяшчэньні Беларускага нацыянальнага сакратарыяту “Вольная Беларусь” ад 14 верасьня 2021 году. Вось-жа супрацьстаяць ліквідатарскім захадам недобразычліўцаў Беларусі, паводле чальцоў Сакратарыяту, мае Часовы нацыянальны урад Рэспублікі Беларусь. Новы орган выканаўчай улады павінен узяць на сябе функцыю надзвычайнай улады у пэрыяд рэформаў і пераменаў падчас ліквідацыі пануючага рэжыму. Каардынатарам Часовага ўраду стаў палітык з прыстойным стажам, старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронта Зянон Пазьняк.

— Сам урад створаны, зразумела, па ініцыятыве Зянона Пазьняка як альтэрнатыва ужо існуючым урадам, якія, як ён лічыць і як лічаць многія, не адпавядаюць сваёй ролі і спрычыняюцца да дэнацыяналізацыі і русіфікацыі Беларусі, альбо ўвогуле здраджваюць цалкам дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, – сказаў чалец Часовага нацыянальнага ўраду Рэспублікі Беларусь, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандар Адамковіч. – І зараз, на яго думку, і на думку многіх, сытуацыя такая, што рэжым Лукашэнкі можа як праіснаваць яшчэ і дваццаць, і трыццаць гадоў, але можа абваліцца ў любую секунду. І зразумела, што ўтворыцца ніша, і каб у гэты момант, як лічыць спадар Зянон, не прыйшлі прамаскоўскія сілы і не перахапілі ўладу у Рэспубліцы Беларусь, павінен ужо быць створаны пераходны ўрад. Яго асноўная задача – у выніку абвала рэжыму Лукашэнкі ўзяць на сябе абавязкі пераходнага ўраду і такім чынам уратаваць незалежнасьць Беларусі.

Публічна пра тое, што ў Беларусі трэба ствараць нацыянальны часовы ўрад, Зянон Пазьняк казаў яшчэ ў сакавіку 2006-га года. Ідэя сьпелілася паўтара дзясяткі гадоў. Функцыі і працу арганізацыйнага камітэту часовага ўраду ажыцьцяўляе Беларускі нацыянальны сакратарыят “Вольная Беларусь”. Гэткая арганізацыя была створаная яшчэ ў жніўні 2020 году. Апрача Зянона Пазьняка, туды ўвайшлі Юры Беленькі, Віталь Зайка, Павел Усаў, Юры Цехановіч, Анатоль Міхнавец, а таксама Аляксандар Адамковіч, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве.

Пасьля выбараў і пасьля таго трагічнага становішча, якое склалася ў Беларусі, у Зянона Пазьняка зьявілася новая думка: ня проста стварыць праграму, на аснове якой павінен фарміравацца ўрад, але і сам ўрад. Людзей і кадры ён знаходзіў сам, падбіраў, як я разумею, з кожным вялася размова паасобку. Такім чынам, пакуль цяжка сказаць, чаму сярод абраных кандыдатур ён спыніўся і на мне, – прызнаўся Аляксандар Адамковіч.

У Беларускім нацыянальным сакратарыяце “Вольная Беларусь” Аляксандру Адамковічу даручана назіраць за культурай, гісторыяй, навукай і рэлігіяй у Рэспубліцы Беларусь. Займацца пытаньнямі гэтай і іншых ня менш важных частак дзяржаўнага існаваньня Беларусі Аляксандар Адамковіч і астатнія асобы-заснавальнікі Нацыянальнага сакратарыяту будуць, грунтуючыся на вынікаў волевыяўленьня прадстаўнікоў беларускага народа. Але гэта – у будучыні.

Я таксама ня думаю, што, як будзе падзеньне рэжыму Лукашэнкі, а яно ўсё роўна адбудзецца, гэта зразумела, што мае пачатак, тое мае і канец, так створаны ўсе законы, і падчас гэтага хаосу, сумняюся, што будзе час на правядзенне выбараў, рэферэндумаў і гэтак далей. І вось я так прыходжу да такой думкі, што, магчыма, паўторыцца гісторыя 1918 году, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у тых умовах, калі з розных рэгіёнаў прыедуць прадстаўнікі і аддадуць голас за пэўны ўрад. Іншай магчымасці легалізацыі я пакуль не бачу, – заявіў Аляксандар Адамковіч.

Гісторыя Беларусі ўжо ведае прыклады існаваньня ўрадаў у выгнаньні, па-за межамі краіны. Сто гадоў таму, на працягу некалькіх месяцаў 1920 году, паралельна суіснавалі два ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі – адзін на чале з Антонам Луцкевічам, другі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага. Вось-жа таксама ў жніўні 2020 году па ініцыятыве экс-кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай з мэтай пераадоленьня крызысу і забесьпячэньня згоды ў грамадзтве была створаная адмысловая Каардынацыйная рада, што называецца “адзіным прадстаўнічым органам беларускага грамадзтва”. Зрэшты, ніякіх кантактаў ні з Каардынацыйнай радай, ні са штабам Сьвятланы Ціханоўскай чальцы Часовага нацыянальнага ўраду ня маюць.

Гэта не атрымалася, пра гэта быў прагаварыўшыся Зянон Пазьняк ужо ў друку, ніякай ініцыятывы з боку штаба Ціханоўскай не паступала. Плюс, на думку Зянона Станіслававіча, урад Ціханоўскай не зусім адпавядае нацыянальным інтарэсам. Гэта раз. Другое пытаньне – даказаць яе перамогу на выбарах таксама амаль немагчыма, бо бюлетэні спаленыя альбо іншым чынам зьнішчаныя, – зазначыў Аляксандар Адамковіч.

У бліжэйшай пэрспэктыве Часовы нацыянальны ўрад мае на мэце азнаёміць як мага большую аўдыторыю з народнаю праграмай “Вольная Беларусь”. Упершыню ў Вільні яна была прадстаўленая напачатку траўня 2017 году. Напярэдадні Дня Эўропы ў віленскім Доме нацыянальных суполак беларускія грамадзкія й палітычныя дзеячы на чале зь Зянонам Пазьняком прадставілі праект пад назоваю “Вольная Беларусь”. Мерапрыемства собіла арганізаваць Таварыству беларускай культуры разам з асацыяцыяй “Крывія”.

Праект “Вольная Беларусь” уяўляе сабою праграму грамадзка-палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформаў у Беларусі пасьля кардынальных зьменаў у дзяржаўным ладзе краіны.

— Гэта ня ёсьць партыйная праграма, гэта праграма для ўсёй нацыі. Яна зыходзіла з агульных каштоўнасьцяў нашага народа, з мэнтальнасьці нашага народа, стану разьвіцьця эканомікі, кульутры, і зыходзячы з гэтага, яна вельмі канкрэтызаваная, – прамовіў, прадстаўляючы праект “Вольная Беларусь”, палітык Зянон Пазьняк. – Цяжкі час на Беларусі вельмі зацягнуўся. Ужо дваццаць два з паловай гады. І гэты час паказвае на тое, што рана ці позна ён скончыцца. І вось у сувязі з гэтым вельмі важна, каб нацыя, эліта нацыянальная, мела пэўны плян для дзеяньняў, бо перамена можа адбыцца рознымі мэтадамі, і больш гаворыць за тое, што могуць адбыцца перамены нечакана, гвалтоўным мэтадам.

Паводле праграмы Зянона Пазьняка і паплечнікаў Беларусь прапануецца зрабіць парляманцка-прэзыдэнцкай рэспублікай з новым адміністрацыйным падзелам на ваяводзтвы, паветы і староствы з рознымі ўзроўнямі самакіраваньня. Новастворанае заканадаўства павінна забясьпечыць незалежнасьць краіны. Дзяржаўнымі сымбалямі ізноў становяцца бел-чырвона-белы сьцяг і гэрб “Пагоня”. Статус дзяржаўнай захавае беларуская мова, руская-ж стане моваю міжнацыянальных стасункаў зь неабмежаваным, але часовым статусам. Аўтары праграмы дакляруюць, што ўжо праз пяць гадоў пасьля пачатку праграмных рэформаў “Беларусь непазнавальна зьменіцца да лепшага.

— З таго, што я бачу зараз, гэта будзе рэалізоўвацца як першакрыніца, і гэтая праграма, якая была тады закладзеная, будзе асновай, – падсумаваў Аляксандар Адамковіч.