Кажуць, што падчас працы на пленэры галоўнае для мастака – перадаць фарбамі на палатне свой стан душы, падзяліцца ўражаньнямі ад убачанага. Вось-жа якія аб’екты найперш утвараюць непаўторны віленскі краявід? Якой літоўская сталіца бачыцца тым, каму яна зусім не чужая? Адказы на гэткія пытаньні ўжо ня першы год шукаюць у Вільні мастакі зь Беларусі, Літвы і Польшчы. Майстры алоўка ды пэндзлю з трох краінаў бяруць чынны ўдзел у адмысловых пленэрах, якія зь 2018-га году арганізуюць Таварыства беларускай культуры ў Літве і Культурны цэнтар Якуба Коласа. Штогадовыя зьезды жывапісцаў у літоўскай сталіцы атрымалі назову “Вільня вачыма беларускіх мастакоў”. Плён іхнай вольнай творчасьці пад адкрытым сталічным небам і ўтварыў аднайменную выставу: кожны ахвотны пабачыць, якой Вільня паўстае ў вачох беларускіх мастакоў, меў гэткую мажлівасьць у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх.

Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх ужо не ўпершыню ператвараецца ў імправізаваную мастацкую галерэю. Вынікі руплівай працы чынных удзельнікаў мастацкіх пленэраў у Вільні ўпершыню пачалі прэзэнтаваць тут некалькі гадоў таму. Пляны арганізатараў выставы істотна падкарэктавала сёлетняя пандэмія, а таксама высновы, зробленыя падчас папярэдніх прэзэнтацыяў. Тады, паводле старшыні Таварыства беларускай культуры Аляксандра Адамковіча, наведнікі імпрэзы крытыкавалі складальнікаў экспазыцыі за загрувашчанасьць невялікага памяшканьня шматлікімі палотнамі, якія часта не адпавядалі адно аднаму паводле стылю. Таму сёлета падчас вернісажу і паспалітыя аматары жывапісу змаглі пабачыць толькі частку таго, што пасьпелі стварыць цягам пленэраў чынныя іх ўдзельнікі: астатнія экспанаты, паводле задумы арганізатараў выставы, на працягу некалькіх тыдняў замянялі ўжо паказаныя. Таму побач з новымі творамі беларускіх мастакоў суседнічалі леташнія і пазалеташнія карціны.

— Асноўная крыніца паступленьня – гэта мастацкія пленэры, якія праводзяцца летам, і кожны раз, само сабой, прыязджаюць розныя мастакі, – паведаміў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандар Адамковіч.

Зразумець, якой у вачох беларускіх мастакоў паўстае літоўская сталіца, гэтым разам собіла дзякуючы супольнай працы некалькіх грамадзкіх суполак. Разам зь сябрамі Таварыства беларускай культуры выставу зладзілі і чальцы Згуртаваньня беларускіх грамадзкіх арганізацыяў Літвы, і ўдзельнікі Клайпедзкай беларускай суполкі “Крыніца”. Нездарма: летам 2021-га году на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора адбыліся мастацкія пленэры пад назоваю “Краса Балтыі”. Калектыўны досьвед спатрэбіўся і ў Вільні падчас арганізацыі супольнай выставы.

— Яшчэ гадоў пяць таму назад цяжка было ўявіць Таварыства беларускай культуры і Згуртаваньне беларускіх грамадзкіх арганізацыяў Літвы разам, але усё мяняецца, – зазначыў Аляксандар Адамковіч. – Важна, што прыйшлі, важна, што захоўваеце беларускасьць, і спадзяюся на далейшае і больш плённае супрацоўніцтва.

Паводле грамадзкага дзеяча, тое, што прадстаўнікі іншых беларускіх арганізацыяў у Літве знайшлі сілы пераадолець і пераступіць цераз уласныя амбіцыі і рознасьць у поглядах, – гэта якраз вельмі добры прыклад, які аб’яднаў, а не разьяднаў беларусаў.

— Тыя, хто захацеў разьяднацца, нас разьяднаць, тыя гэта і зрабілі. А тыя арганізацыі, якія захацелі быць разам, знайшлі на гэта сілы, нягледзячы на тое, што яны – пад рознымі сьцягамі, на розных баках барыкадаў, але ўсё-такі яны адкінулі амбіцыі, – сказаў Аляксандар Адамковіч. – Я лічу, што атрымаўся цыкл выдатных мерапрыемстваў, таму што гэта выстава папярэднічала выставе ў Клайпедзе, дзе былi і карціны ТБК, большасьць, канешне, там была Згуртаваньня, а зараз наадварот: ТБК прадастаўляе магчымасьць Згуртаваньню выставіцца, таму і якраз атрымалася наадварот. Гэта выдатная супраца, і, можа, у прыклад для іншых, паказаць, што мы тут не разьядноўваемся, не крадзем нешта адзін у аднаго, а наадварот, дапаўняем адзін аднаго.

— Я лічу гэта нармальнай зьявай, калі беларускія мастакі ў Літве аб’ядноўваюцца, паказваюць, робяць свае выставы незалежна ад таго, што цябе нешта прымушае. Не, гэта нармальная зьява, таму што, увогуле, гэта частка нашага жыцьця, частка нашай гісторыі. Чаму мы мусім адмаўляцца? – зьдзівіўся ўдзельнік пленэру, віленскі мастак Уладзімір Голуб.

У розны час чынны ўдзел у віленскіх пленэрах бралі старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, ягоны намесьнік Глеб Отчык, Сьвятлана Баранкоўская зь Віцебска, Тацяна Козік з Полацка, Марына Канавалава і Ўладзімір Сытчанка зь Менску, Віктар Кабац і Міраслаў Здрайкоўскі зь Беластоку. Не абмінулі пленэры і віленскія беларускія майстры пэндзля. Ня дзіва: у літоўскай сталіцы кожны знойдзе нешта сваё.

— Архітэктура – як застылая музыка, гэта значыць, яе ўсе ўспрымаюць прыблізна аднолькава. Іншая справа, што беларускія мастакі ставяцца да віленскай архітэктуры як да настальгійнага пачатку, да сваіх гістарычных каранёў. Таму ёсьць элемент вызначанай нэрвовасьці, нейкага такога нэрву, – сказаў Уладзімір Голуб.

— Сапраўды, беларуская культура тут, можа, нават болей захавалася, чым у Беларусі. У нас багатая гісторыя, вельмі багатая. Можаце самі палічыць, што мы разам зь літоўцамі былі ў Вялікім княстве Літоўскім 560 гадоў, – зазначыў мастак Барыс Шандроха.

— Прапаганда робіць усё, каб у нас не было гісторыі, каб у нас гісторыя пачалася з 1941 году. Але мастакі – адукаваныя людзі. Яны-ж разумеюць, што мы тут жывем 1000 год, і ў нас ёсьць тысячагадовая гісторыя. І вось гэтае ўсьведамленьне таго, што ты дакранаешся да сваёй гістарычнай сутнасьці, дае ў працах мастакоў свой элемент жвавасьці і душэўнасьці. Вось гэта – самае галоўнае. Я лічу, што трэба заставацца самім сабой найперш. Гэта – калі ты адстойваеш свой погляд на сьвет. Вось гэта важна тады. Гэта ўсім цікава, гэта будзе і гледачоў прыцягваць, і саміх мастакоў крыху дражніць, – заявіў Уладзімір Голуб.

Арганізатары віленскіх пленэраў беларускіх мастакоў спыняцца на дасягнутым не плянуюць. Сярод задумаў на будучыню ёсьць і намер выбрацца па-за межы літоўскай сталіцы. Балазе прэцэдэнт ужо ёсьць.

— Мы рабілі выезд у Савічуны, на радзіму Францішка Багушэвіча, і там мастакі малявалі. Калі будзе знойдзенае лепшае фінансаваньне, зразумела, як мінімум, будуць адбывацца выезды на Віленшчыне, па розных мясьцінах – Багушэвіча, Тарашкевіча. У ідэале, магчыма, думаю, пабываем і ў іншых гарадах Літвы, – паабяцаў Аляксандар Адамковіч.