У літоўскай сталіцы чарговы навучальны год завяршае Гімназія імя Францішка Скарыны. Нягледзячы на каранцінавыя перашкоды, установа адукацыі пасьпяхова працягвае сваю дзейнасьць, а яе навучэнцаў у верасьні чакае нават некалькі сюрпрызаў.

Абвешчаны ў выніку пандэміі каранавіруса каранцін істотна паўплываў на ўсе сфэры жыцьця нашага грамадзтва. Шмат каму з нас выпала нямала гадзінаў прабавіць не на працоўным месцы, а дома, сам-насам з экранам электроннай прылады. Асаблівую “асалоду” ад вымушанага самотніцтва атрымалі навучэнцы, іхныя бацькі і супрацоўнікі разнастайных установаў адукацыі. Заканчваць навучальны год у сьценах Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны змаглі толькі перша- і дванаццаціклясьнікі. Астатнія гімназісты грызьлі граніт навукі дома. Тамсама рыхтаваліся і да іспытаў. Зрэшты, жыцьцё ў экстрэмальных умовах каранцінавых абмежаваньняў у гімназіі разглядаюць як новы і карысны досьвед.

— Мы навучыліся працаваць у віртуальнай прасторы, – зазначыла дырэктарка гімназіі Дзіяна Стахновіч. – Мы навучыліся ня толькі вучыць і вучыцца ў віртуальнай прасторы, але і праводзіць сьвяты, міжнародныя канфэрэнцыі, мы навучыліся многа чаму менавіта дзякуючы вось гэтаму каронавірусу, гэтым экстрэмальным умовам, у якіх мы аказаліся. Хачу сказаць, што гэты досьвед быў карысным, і нават калі мы вернемся да звычайнага жыцця, вельмі спадзяюся, што да яго вернемся, некаторыя формы працы застануцца. Гэта і сустрэчы з бацькамі, якія можна праводзіць віртуальна, гэта і сустрэчы зь міжнароднымі партнёрамі, якія таксама можна праводзіць віртуальна, эканомячы тым самым і час, і грошы.

Зрэшты, гэта – далёка ня ўся карысьць, якую гімназіі прынесьлі каранцінавыя абмежаваньні. Новы навучальны год установа адукацыі плянуе распачаць уваходзінамі ў сьвежапабудаваны корпус. Знойдзецца тут месца і новай групе дашкольнага выхаваньня.

— У нас новыя пляны, новы будынак. Новая група – у нас зараз 12 клясаў і падрыхтоўчая група для дзетак пяці-шасьці гадоў. З новага навучальнага года мы плануем браць дзяцей дашкольнага ўзросту чатырох-пяці гадоў. І ў нас будзе новая спартыўная заля і цудоўны новы будынак. Я спадзяюся, што мы зможам яго адкрыць 1-га верасьня, ну, але, калі ня зможам 1-га верасьня, то ў гэтым годзе абавязкова ён будзе закончаны, і гэта будуць цудоўныя абсталяваныя класы, і спадзяюся, што гэта ўсё дапаможа нам яшчэ з большай любоўю, большай аддачай працаваць, вучыцца і любіць сваю гімназію.