25-га Сакавіка – дзень, зь якога вось ужо больш за сто гадоў вя- дзецца адлік
новага, незалежнага пэрыяду беларускай гісторыі. 25- га сакавіка 1918 году бацькі
беларускай дзяржаўнасьці абвесьцілі, што ўсьлед за ярмом расейскага царызму
скідаюць і “апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскія
цары на наш вольны і незалежны край”. Таму й ня дзіва, што гэты дзень беларусы
сьвяткуюць у сусьветным маштабе.

Актуальнасьць запаветаў 25-га Сакавіка вось ужо больш за сотню гадоў не мізарнее.
Балазе спробы гвалтам накінуць на вольны і незалежны край ярмо дзяржаўнай
залежнасьці не перапыняюцца і сёньня.

На сьвітаньні 25 сакавіка 1918 году, на пленарным паседжаньні Рады Рэспублікі,
“пасьля запраўднай баталіі” на працягу дванаццаці гадзінаў, зь вялікай перавагай галасоў
была прынятая пастанова пра абвяшчэньне Беларусі незалежнай і сувэрэннай
дзяржаваю.

Праз год нарадзілася прыгожая традыцыя ўрачыста сьвяткаваць гадавіну прыняцьця
Трэцяй Устаўной Граматы Беларускай Народнай Рэспублікі. Пазьней гэтая дата
атрымала адмысловую назву “Дзень Волі”. Менавіта гэтак угодкі абвяшчэньня
незалежнасьці Беларусі сталі называць ў дзевяностых гадох дваццатага стагодзьдзя.
Нездарма: цягам сямі дзясяткаў гадоў любыя парасткі незалежніцкіх настрояў на
беларускіх палетках старанна выполвала савецкая ўлада.

У гэткіх умовах згадаць пра тое, што незалежнасьць Беларусі зусім не Чырвоная армія
прынесла на штыках, ужо само па сабе было сьвядомым грамадзкім учынкам вольнага
чалавека. Таму нават і праз сем дзясяткаў гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнасьці
дзяржавы працэс станаўленьня беларускай нацыі толькі пачынаўся, мяркуе беларускі
літаратар Сяргей Дубавец.

— У 1990 годзе адбываліся таксама масавыя мітынгі, але мы яшчэ ня бачылі нацыі.
Мы ня бачылі людзей, якія ўсьведамлялі-б сябе народам, – мяркуе Сяргей Дубавец. –
Тыя-ж першыя газэты пісалі, што мы – народ, мы – нацыя, але масавасьць на гэтых усіх
мітынгах тады стваралі рабочыя рухі. Гэта людзі, якія не атрымалі ў школе адпаведных
ведаў па нацыянальнай гісторыі Беларусі, бо падручнікі былі абсалютна выхалашчаныя.
Гэта людзі, якіх школа адварочвала ад беларускай мовы, хоць усе іхныя бацькі былі
вясковага паходжаньня і цудоўна гаварылі па-беларуску, дакладней, стараліся не
гаварыць ў горадзе па-беларуску, а гаварыць “по-городскому”.

На думку Сяргея Дубаўца, паспалітага ўдзельніка мітынгаў за незалежнасьць Беларусі
напачатку 90-х гадоў ад шараговага пратэстоўца, што выступаў супраць афіцыйна
абвешчаных вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі ў жніўні 2020 году, адрозьнівае
ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці. У нашыя часы ён істотна падвышаны, у тым ліку,
дзякуючы пэрыяду нацыянальна арыентаванай адукацыі.

— Сёння мы маем абсалютна іншую сытуацыю, таму што кожны беларус скажа вам, што
ён беларус, што ён усьведамляе сябе беларусам, і чаму гэта важна. Гэта раскажа кожны,
– перакананы Сяргей Дубавец. – Мы ўсё-ж такі мелі каля 10 гадоў школьнай адукацыі з
нармальнымі падручнікамі. Гэта цэлае пакаленьне вырасла на падручніках гісторыі, якія
мелі бела-чырвона-белыя вокладкі. І тое, што сотні тысяч выйшлі зь бел- чырвона-белымі
сьцягамі ў жніўні 2020 г., вельмі моцна здзівіла-б тых, хто масава выходзіў у 1990 годзе.
Адкуль? Чаму? Як? Што гэта за сьцяг? Бо ён тады толькі-толькі зьяўляўся і ў самых-самых
прасунутых актывістаў. Бо яшчэ не было Рэспублікі Беларусь зь адпаведным дзяржаўным
сьцягам, не было звычкі, не было сямейнай традыцыі гэты сьцяг уздымаць. Зараз гэтыя
традыцыі ёсьць, вельмі шмат праяваў сямейнай традыцыі. “Мой бацька з гэтым сьцягам
зь 90-х гадоў па мітынгах хадзіў, і цяпер я іду!”. Такія маладыя людзі вельмі часта
сустракаліся на жніўні 2020 года на вуліцах са сьцягам.

У жніўні 2020 г. адданыя прыхільнікі пераменаў у Беларусі паўсталі пад беларускія
нацыянальныя сымбалі. Бел-чырвона-белыя сьцягі ўзялі ў рукі нават носьбіты і
карыстальнікі рускай мовы. Парадаксальна, бо гістарычна склалася гэтак, што зь
беларускай нацыянальнай сымболікай руская мова ўступае ў культурны дысананс. На

думку Сяргея Дубаўца, у жніўні 2020-га нават не абазнаных у гістарычных акалічнасьцях
людзей прывабіла эстэтыка беларускіх нацыянальных сымбаляў.

— Адбыўся адразу, імгненна, гэты выплеск павагі і любові да сымболікі і захапленьня
гэтай сымболікай. “Ах, як прыгожы сьцяг!”, – казалі людзі, – згадаў літаратар. – Нічога
падобнага ў 1990-м годзе: шэры натоўп, сям- там нейкія сьцяжкі і ня толькі бел-чырвона-
белыя. “Не галасуй за Дземянцея: он жрёт ікру, а мы пацеем”, “Дземянцей – сьмерць
нашых дзяцей”, –. такія лозунгі былі. Меўся на ўвазе і Чарнобыль, і шмат іншага. Вось што
тады было важна і ў цэнтры ўвагі. А ў жніўні 2020 г. зусім іншыя былі лёзунгі.

На думку грамадзкага дзеяча Кірыла Атаманчыка, пратэстнай сымболікай бел-чырвона-
белы сьцяг і герб “Пагоня” сталі зусім ня дзякуючы імгненнаму росту нацыянальнай
самасьвядомасьці беларусаў. Пратэст патрабаваў сымбаль, і ў супрацьвагу дзяржаўнаму
чырвона-зялёнаму з арнамэнтам сьцягу быў узьняты нацыянальны бел-чырвона-белы
штандар. Гэтак адбылося, бо глеба ўжо была падрыхтаваная адмыслоўцамі ў гісторыі і
адукацыі, мяркуе Кірыл Атаманчык. Зрэшты, ахвяры доўгатэрміновай русіфікацыі так і ня
сталі беларусафобамі, а значыць, нацыянальная культура ў Беларусі будучыні мае шанец
на дамінаваньне.

— У нас – клясычная эўрапейская нацыя. Але ня трэба прысьпешваць, – мяркуе Сяргей
Дубавец. – Гэта ўсё высьпельваецца. Зараз гэта масава высьпельваецца ў сем’ях,
наступных пакаленьнях, працэсы ідуць. Ясна, што вельмі шмат перашкодаў, але, можа
быць, гэта робіць нас мацнейшымі на будучыню.