Старыя рукапісы, беларускамоўныя выданьні пэрыяду міжваеннага дваццацігодзьдзя і ручнік з фондаў Віленскага беларускага музэю Івана Луцкевіча – вось пад гэткія і шматлікія іншыя экспанаты зь 10 да 31 студзеня 2022 г. былі адведзеныя два стэнды ў чытальнай залі сталічнай Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх.

6 студзеня 2022 г. мінула 130 гадоў з дня народзінаў беларускага сьвятара і асьветніка Адама Станкевіча. З нагоды гэткага юбілею ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх арганізавалі адмысловую выставу пад назоваю “Знакі жыцьця Адама Станкевіча, прысьвечанага сьвятарству і беларускаму нацыянальнаму адраджэньню, у Вільні”.

─ У літоўскай сталіцы Адам Станкевіч правёў большую частку жыцьця, творчай, асьветніцкай, палітычнай дзейнасьці і сьвятарства, − паведаміла супрацоўніца Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы ймя Ўрублеўскіх Рута Казлаўскене. − На пачатку ХХ стагодзьдзя многія віленчукі ведалі беларускага сьвятара Адама Станкевіча: слухалі яго казаньні, чыталі яго кнігі, выпісвалі пэрыядычныя выданьні, якія выдаваліся і рэдагаваліся ім.

Паводле куратараў выставы, Адам Станкевіч добра валодаў літоўскай мовай, а літоўскія каталіцкія святары вельмі цанілі і паважалі яго. “Ён быў сьвятым чалавекам, абдымаў усіх сваёй любоўю”, − успамінаў сьвятар Вацлаў Алюліс.

─ Ён ня толькі вёў да Бога беларускі народ, але і вяртаў беларускаму народу яго гістарычную памяць, прабуджаў яго ад шматвекавога сну і вяртаў у беларускую гісторыю і культуру шмат гістарычных асобаў, такіх, як Вітаўт Вялікі, Францішак Скарына і Кастусь Каліноўскі, − зазначыў арганізатар выставы, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандар Адамковіч.

Беларускі сьвятар, публіцыст, палітык Адам Станкевіч нарадзіўся 6 студзеня 1892 г. ў вёсцы Арляняты на Смаргоншчыне. Ён паходзіў са славутага роду Станкевічаў: сярод ягоных сваякоў − і мовазнаўца Ян Станкевіч, і віленскі кнігар Станіслаў Станкевіч.

Шлях Адама Станкевіча ў Вільню быў доўгім і пакручастым. У 1909 годзе будучаму сьвятару собіла быць карэспандэнтам газэты “Наша ніва”. Адукацыю, атрыманую ў Віленскай духоўнай сэмінарыі, Адам Станкевіч паляпшаў у духоўнай акадэміі ў Пецярбурзе.

Пасьля працы беларускамоўным сьвятаром у розных гарадох і мястэчках Беларусі, Адам Станкевіч ізноў прыехаў у Вільню. Калі ў літоўскай сталіцы адкрылася беларуская гімназія, ён стаў выкладаць там рэлігію. Усе гімназісты памяталі ягоныя лекцыі Закону Божага і лацінскай мовы. Побач, у Базыльянскіх мурох, Адам Станкевіч заснаваў беларускі прытулак для дзяцей-сірот.

Апрача душпастырскай і выкладчыцкай працы, ён займаўся грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. Адам Станкевіч быў у ліку заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Яму собіла рэдагаваць часопісы “Крыніца” і “Хрысьціянская думка”, кіраваць Таварыствам беларускай школы і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры, заснаваць друкарню імя Францішка Скарыны.

Пасьля вайны новая ўлада абвінаваціла сьвятара ў антысавецкай дзейнасьці і асудзіла на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Далёка ня першы, але апошні арышт у красавіку 1949 г. перапыніў стварэньне навуковага сыстэматычнага нарысу “Гісторыя Беларусі”. Сэрца ксяндза Адама спынілася 4 сьнежня 1949 г. ў Азёрным папраўча-працоўным лягеры.

Паводле дасьледчыка Сяргея Харэўскага, апошнюю перад высылкай імшу Адам Станкевіч адслужыў у касьцёле Сьвятога Барталамея, што месьціцца на Райскім пагорку ў віленскім Зарэччы.

Насычанае грамадзкае і прафэсыйнае жыцьцё ксяндза Адама Станкевіча ілюструюць шматлікія экспанаты − гэта і заява будучага сьвятара пра паступленьне ў духоўную сэмінарыю, і дасьледчыя працы гісторыка-літаратуразнаўчага накірунку. Адметнасьцю выставы зьяўляецца тое, што на ёй найбольш поўна прадстаўленая творчая спадчына Адама Станкевіча, што пабачыла сьвет яшчэ пры жыцьці аўтара па-за межамі Беларусі, у Вільні пэрыяду міжваеннага дваццацігодзьдзя.

─ Зроблены акцэнт менавіта на яго віленскі пэрыяд жыцьця, які быў найбольшы, што вось тут жывучы ў літоўскай сталіцы, па-за межамі Беларусі, у неспрыяльных умовах, можна было захоўваць і разьвіваць беларускасьць і таксама займацца асьветай для беларусаў, − паведаміў Аляксандар Адамковіч. − Калі бліжэй пазнаёміцца зь ягонымі працамі, там усё-ж такі дамінуе духоўная аснова. Маладыя дасьледчыкі нават назвалі збор ягоных твораў “З Богам да Беларусі”. На першым месцы ў яго стаіць менавіта духоўная дамінанта. Ён лічыў, што беларускі народ − гэта найперш хрысьціянскі народ, і ён павінен вярнуцца да сваіх хрысьціянскіх каранёў, але на сваёй роднай беларускай мове.

Беларускія дасьледчыкі ў Бібліятэку акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх завітваюць здаўна. Не адна навуковая праца грунтавалася на зробленых тут адкрыцьцях. Ня дзіва: у бібліятэцы імя Ўрублеўскіх захоўваецца архіў Віленскага беларускага музэю Івана Луцкевіча. Экспанаты колішняй прыватнай калекцыі ўтварылі тут асобны фонд. Цяпер у Вільні паболела і паспалітых беларусаў. Штопраўда, наведнікаў бібліятэкі з прычыны пандэміі паменела.

─ Часткова гэтая выстава адрасаваная найперш беларусам, каб яны пазнаёміліся са сваімі выдатнымі суайчыньнікамі, што нават па-за межамі Беларусі, у неспрыяльных, антыбеларускіх умовах можна захоўваць сваю беларускасьць, заставацца беларусам, быць асьветнікам, быць дзеячам, якога паважалі ня толькі беларусы, але і іншыя нацыянальнасьці. І Адам Станкевіч − адзін з такіх прыкладаў, які нёс сваю пастарскую духоўную дзейнасьць і апеку, і закрануў гэтым ня толькі беларусаў, але і літоўцаў. Таму для літоўскага народа гэта выстава таксама мае паказаць беларускіх асьветнікаў, якія змаглі пакінуць сьлед як у беларускай, так і літоўскай гісторыі, − паведаміў Аляксандар Адамковіч.

Здавалася-б, сёньня − зусім іншыя героі. Зусім іншыя пэрыпэтыі хвалююць беларускае грамадзтва. Зрэшты, арганізатары выставы перакананыя, што ў сёньняшніх няпростых умовах згадваць імёны славутых суайчыньнікаў зь мінуўшчыны асабліва важна.

─ Я лічу, што гэта − нашыя асьветнікі, наш фундамэнт, на якіх грунтавалася і будавалася беларуская нацыя, і гэтыя прыклады дапамагалі беларусам найперш духоўна сябе ўсьведамляць беларусамі, вяртацца да беларускасьці, не кідацца ў рускамоўныя крайнасьці, як гэта стала зараз вельмі модна, − падкрэсьліў Аляксандар Адамковіч. − Асобы, якія паказвалі, што шлях Беларусі − не з Усходам і ня з Захадам, у яе ёсьць свая гісторыя, свой гістарычны шлях, які ўжо выпрацаваны, і якім трэба і далей крочыць, і ня збочваць. Менавіта вось гэтыя асобы − гэта вось такія сьветачы, альбо маякі, арыенціры, куды нам далей трэба рухацца.