Новы навучальны год у Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны аздобіўся
істотнымі пераменамі ў звычайным побыце гэтай адмысловай установы адукацыі.
Унутраны падворак паміж старым і новым будынкамі навучальнай установы ня
надта быў у стане зьмясьціць усіх гімназістаў, іхных бацькоў і выкладчыкаў, таму
ўрачыстасьці з нагоды Дня ведаў давялося разьмежаваць у часе.
Сёлета Віленская гімназія імя Францішка Скарыны адсьвяткавала доўгачаканае
навасельле: ладная доля тутэйшай акадэмічнай супольнасьці атрымала мажлівасьць
разьмясьціцца ў новым навучальным корпусе.
— 2022 год, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, зь якімі мы сутыкнуліся, быў для нас вельмі
плённым, – паведаміла дырэктарка гімназіі Дзіяна Стахновіч. – Па-першае, гэты год быў
абвешчаны годам Скарыны, і нам пашчасьціла паўдзельнічаць у многіх мерапрыемствах і
праектах, зьвязаных зь імем Францішка Скарыны. Самае вялікае наша дасягненьне – гэта
тое, што нам пашчасьціла ажыцьцявіць інфраструктурны праект, які фінансаваўся
Эўразьвязам, і ў выніку якога мы маем вось гэты цудоўны будынак, новы гімназічны
корпус.
Новы гімназічны корпус мае задаволіць патрэбы, даўно насьпелыя ў працэсе
навучаньня. Аматараў фізычнай падрыхтоўкі тут чакае вялікая спартовая заля.
Прыхільнікі прыродазнаўчых навук будуць працаваць у кабінэтах зь інтэрактыўнымі
дошкамі, лябараторыямі і адпаведным абсталяваньнем для правядзеньня досьледаў.
Урэшце, для захоўваньня рэчаў кожнага вучня прызначаная асобная шафа.
Зрэшты, бацькі першаклясьнікаў спынілі свой выбар менавіта на гэтай навучальнай
установе далёка не таму, што сёлета ў гімназіі зьявілася шмат матар’яльных выгодаў.
— Па-першае, для мяне галоўнае, каб была беларуская мова навучаньня, – сказаў
бацька першаклясьніка Вітаўта Канстанцін Манкус. – Гэта – адзіная беларускамоўная
школа ў Вільні, у Літве. А па-другое, я чуў вельмі шмат добрых водгукаў ад сяброў, дзеці
якіх ужо вучацца шмат гадоў у гэтай школе, і нават ад выпускнікоў гэтай школы. Таму
выбар быў толькі за гэтую школу. Я думаю, што ёсьць добры выраз: чалавек столькі раз
зьяўляецца чалавекам, колькі моваў ён ведае. Таму лішняй мовы ніколі ня будзе. І мне
здаецца, чым больш моваў ты ведаеш, тым больш ты адкрыты гэтаму сусьвету.
— У мяне сюды пайшлі дачка ў першую клясу і сын у трэцюю, – сказала журналістка
Алёна Дубовік. – Гэта менавіта таму, што тут – беларуская мова навучаньня, і гэта –
адзіны спосаб захаваць родную мову, і для мяне сапраўды гэта цуд, што ў Літве ёсьць
школа, дзе можна нейкім чынам даць магчымасьць дзецям захоўваць родную мову.
Шэрагі навучэнцаў гімназіі сёлета папоўнілі дзеці як літоўскіх беларусаў, так і
перасяленцаў зь Беларусі, якія знайшлі ў Літве прытулак, ратуючыся ад гвалту і
перасьледу з боку сілавых структураў на радзіме. Зрэшты, цягам апошніх гадоў гімназія імя Францішка Скарыны пасьлядоўна біла ўласныя рэкорды па колькасьці навучэнцаў.
Гімназістаў тут большала штогод на два-тры дзясяткі чалавек. Летась тут вучыліся 288
асобаў. Напачатку-ж верасьня 2022 году парог установы адукацыі пераступілі больш за
тры з паловай сотні навучэнцаў. Зь іх – два з паловай дзясяткі першакляснікаў і больш за
сорак наведвальнікаў дашкольнага і падрыхтоўчага аддзяленьняў.
— У нас у гэтым годзе колькасьць вучняў рэкордная насамрэч: 360 вучняў. Для нашай
гімназіі гэта многа, – пахвалілася Дзіяна Стахновіч.
Пераступіць парог гімназіі азначае выйсьці на дарогу ў самастойнае, дарослае жыцьцё.
Пра адказнасьць за свае ўчынкі, пра правы і абавязкі самым юным навучэнцам
паведамляе адмысловая Канстытуцыя першаклясьніка. Гэткі дакумант яны атрымалі ў
падарунак да Дня ведаў.
— Наш сын ужо хадзіў у нулявы, у падрыхтоўчы клас, таму, мне здаецца, калі мы падалі
заяўку, то адразу атрымалі станоўчы адказ, – сказаў Канстанцін Манкус. – Я ня ведаю, які
быў конкурс, але мы атрымалі станоўчы адказ адразу.
— У Беларусі мы таксама хадзілі ў беларускамоўную гімназію. Яна таксама была адна зь
лепшых у нас у Менску, – згадала Алёна Дубовік. – І вельмі падобна – вось зараз я стаяла
на лінейцы, і адчуваньне, быццам-бы я вярнулася дамоў. Па-першае, мова, па-другое,
людзі: траціна бацькоў і ў трэцяй клясе, і ў першай – гэта мае знаёмыя па Беларусі,
нашыя актывісты, журналісты і іншыя людзі. Для мяне значнае адрозьненьне ў
параўнаньні зь Беларусьсю тое, што тут няма жорсткіх рамак наконт колеру сшыткаў,
вокладкі дзёньніка. Там мы нават выбіралі, ці вялікая будзе клетка, ці малая. Карацей, тут
вось няма гэтага ўсяго таго, што ёсьць у Беларусі: там жорстка прызначылі, што ты мусіш
гэта выконваць, – і ўсё. Таксама з адзеньнем больш свабоды. І ўвогуле адчуваецца, што
свабоды ўсё-ж такі больш. І людзі – не такія, мабыць, напужаныя, заціснутыя, і настаўнікі
больш свабодныя для мяне. Але паглядзім!
Выпускнікі гімназіі не забываюцца па магчымасьці наведваць сьцены сваёй альма матэр –
незалежна ад таго, дзе-б яны ні апынуліся і кім-бы ні сталі. Сёлета навучальная ўстанова
з нагоды Дня ведаў атрымала ад абсальвэнтаў незвычайны музычны падарунак.
Урачыстасьці 1-га Верасьня аздобіў канцэрт ансамбля духавых інструмантаў JD brass.
Сярод ягоных удзельнікаў – выпускнік гімназіі Ігар Жаўнерчык.
— Я заўсёды хацеў зайграць тут, але неяк не даходзілі рукі да гэтага, – прызнаўся музыка.
– Але тут спадарыня Валянціна паклікала, і я падумаў: гэта клясна зайграць у школе, дзе
я вучыўся, перад людзьмі, якіх я бачыў, памятаю, перад настаўнікамі. Я падумаў, што
згаджуся. І мы з ансамблем усе пагадзіліся і прыехалі сюды сёньня, на Першага верасьня
зайграць у нашай школе.
Прысутнічала на сьвяце і яшчэ адна выпускніца гімназіі – чэмпіёнка Літвы па лёгкай
атлетыцы Дзіяна Загайнава.
— Асабіста для мяне як для прадстаўніцы спорту гэта – вялікая падзея, –
заявіла спартсмэнка. – Спорт займае вялікую частку майго жыцьця, і першыя крокі я
рабіла менавіта тут, з паважанай настаўніцай Лінай. Безумоўна, я вельмі цешуся, што ва
ўсіх вучняў будзе асабліва добрая сучасная заля і магчымасьць займацца спортам і
аздараўленьнем, чаго не было ў нас, і пра што калісьці можна было толькі марыць. Гэта
наша мара, якая ператварылася ў падарунак вам, і я вельмі жадаю, каб вы ўпадабалі і
ацанілі яго.
Сёлета ў Беларусі ўдвая скарацілася колькасьць школаў зь літоўскай мовай
навучаньня: улады пастанавілі прыпыніць дзейнасьць Пяляскай сярэдняй школы, што ў
Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласьці. Фармальнай прычынаю закрыцьця
навучальнай установы стаў “шэраг парушэньняў пажарнай бясьпекі”, якія нібыта выявіла
адмыслова складзеная камісія. У іншай – Рымдзюнскай школе зь 1-га верасьня
выкладаньне мае весьціся не на літоўскай, як дагэтуль, а на рускай ці беларускай мовах.
Сярэдняя школа ў Пелясе была створаная і існавала на сродкі Літоўскай Рэспублікі.
Дзяржаўнай літоўскай установай адукацыі зьяўляецца Віленская гімназія імя
Францішка Скарыны. Асноўная мова навучаньня тут – беларуская. Гэтая асаблівасьць
робіць гімназію адзінай гэткай ў Літве. Пагрозы яе дзейнасьці з боку дзяржавы
адсутнічаюць. Нягледзячы на тое, што вучняў тут штогод большае, адміністрацыя гімназіі
плянуе захаваць традыцыйныя адметнасьці арганізаванага тут навучальнага працэсу. У
прыватнасьці – індывідуальны падыход да кожнага гімназіста.
— Больш вучняў – гэта заўсёды і больш працоўных ставак для настаўнікаў, і ў сувязі з гэтым больш
магчымасьцей, – сказала Дзіяна Стахновіч. – Магчыма, будзе больш нейкіх гурткоў, дзе могуць
дзеці займацца, канешне, зноў-такі спартыўная заля – гэта магчымасьць і займацца фізкультурай.
Я думаю, што гэта толькі пачатак, і спадзяюся, што наша гімназія з кожным годам будзе прыгожай
ня толькі звонку, але і ўнутры таксама.