Алітус – шосты па велічыні горад Літвы. Яго лічаць нефармальнай сталіцай
этнічнага рэгіёну Дзукія. Некалькі гадоў таму ў Алітус пераехала зь Вільні
мовазнаўца, доктар філялягічных навук Лілея Плыгаўка.
— Гэта – сталіца Дзукіі. Тут, дарэчы, вельмі цікавы моўны матар’ял, – зазначыла Лілея
Плыгаўка. Я, праўда, ім яшчэ не займалася, але менавіта тут літоўцы дзекаюць і цекаюць.
І вельмі шмат беларускіх словаў у мове.
Упершыню ў Літву ўраджэнка Беларусі Лілея Плыгаўка патрапіла за Саветамі, падчас
школьнай экскурсіі. Захапленьне сівымі мурамі старадаўняй сталіцы Вялікага княства
Літоўскага засталося ў яе памяці назаўсёды. Ізноў у Вільню, гэтым разам на сталы
пэрыяд, Лілея Плыгаўка пераехала напачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя.
Сюды яе запрасіла Тацяна Дубавец-Сапач, вядоўца адмысловай тэлевізійнай перадачы
для беларусаў Літвы.
Прычына для пераезду Лілеі Плыгаўкі ў Вільню была вельмі ўважлівай: у Віленскім
пэдагагічным унівэрсытэце на факультэце філялёгіі зьявілася катэдра беларускай мовы,
літаратуры і этнакультуры. Не хапала адмыслоўца, які мог-бы яе ўзначаліць. За справу
ўзялася Лілея Плыгаўка.
Пасьля амаль паўвекавога перапынку аднаўленьне беларускага школьніцтва ў Вільні
стала натуральным працягам адраджэньня Беларусі. З 1991 году на факультэце
славістыкі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту была адкрытая катэдра беларускай
мовы, літаратуры і этнакультуры, на якой распачалі падрыхтоўку будучыя віленскія
беларускія настаўнікі. Па ініцыятыве кіраўніцы катэдры Лілеі Плыгаўкі ў 1992 годзе пачалі
дзейнічаць пачатковыя беларускія клясы ў школе № 13, а таксама былі створаныя
сярэднія клясы ў школе № 17, што на Зьвярынцы. Неўзабаве, у 1994 годзе яны былі
злучаныя ў новую, першую ў Вільні дванаццацігадовую школу № 68, кіраўніцтва якой
прыняла спадарыня Галіна Сівалава. Гэтая школа стала насіць ганаровае імя генія
беларускай культуры Францішка Скарыны.
Колішняя школа, а цяпер гімназія ймя Францішка Скарыны стала своеасаблівай
рэінкарнацыяй легендарнай Віленскай беларускай гімназіі, якая на працягу другой чвэрці
20 стагодзьдзя была ўнікальнай кузьняй беларускіх кадраў. Сустрэўшы ў 1944 годзе сваю
дваццаць пятую вясну, Віленская беларуская гімназія была ліквідаваная новымі савецкімі
ўладамі. У 2016 годзе колішняя катэдра, а пазьней цэнтар беларускай мовы, літаратуры і
этнакультуры Літоўскага ўнівэрсытэту эдукалёгіі адсьвяткавала дваццаціпяцігодзьдзе
руплівай дзейнасьці.
Неўзабаве супрацоўнікі Цэнтру абвесьцілі: праграма набору студэнтаў завершаная.
Апошнія бакаляўры беларускай філялёгіі ў Літоўскім унівэрсытэце эдукалёгіі атрымалі
свае дыплёмы напрыканцы 2015 году.
Вось-жа празь некалькі гадоў пасьля таго, як перастаў існаваць Цэнтар беларускай
мовы, літаратуры і этнакультуры Лілея Плыгаўка пераехала зь Вільні ў Алітус. Зрэшты, і ў Алітусе дасьледчыца няспынна працягвае руплівую мовазнаўчую дзейнасьць. Гэтаму
спрыяе само асяродзьдзе.
— Я як займалася выкладаньнем і дасьледаваньнем беларускай мовы, так і займаюся,
– сказала Ллея Плыгаўка. – Таму гэта – ня толькі мая прафэсыйная дзейнасьць, відаць,
гэта ўжо лад жыцьця. Толькі што крышачку іншы фармат. Так, была катэдра, затым
цэнтар. Мы арганізоўвалі шмат культурных мерапрыемстваў, вакол нас было шмат
людзей, мы былі своеасаблівым цэнтрам, які злучаў Беларусь і Літву. Сёньня мая
дзейнасьць іншая, яна цалкам дыстанцыйная, але дзякуючы гэтаму ў мяне шмат вучняў з
розных краінаў.
Па каштоўныя веды да Лілеі Плыгаўкі ў пераважнай бальшыні зьвяртаюцца людзі, якія
хочуць ведаць беларускую мову. Сярод іх ёсьць як беларусы, так і прадстаўнікі іншых
народаў. Асабліва актыўныя ў вывучэньні беларушчыны вымушаныя перасяленцы, якія
былі вымушаныя пакінуць Беларусь, ратуючыся ад гвалту і перасьледу з боку дзяржаўных
сілавых структураў. Разуменьне беларускай існасьці, мяркуе Лілея Плыгаўка, дапамагае
людзям утрымацца у іншамоўным асяродзьдзі.
— Як ні дзіўна, часам трэба пакінуць Радзіму для таго, каб зразумець, што ты ёсьць
беларус, менавіта беларус, беларускамоўны беларус, якому баліць і стан беларускай
мовы, і які цікавіцца беларускай літаратурай, – сказала мовазнаўца. – Я думаю, што гэта
зьвязана з тым, што, калі мы выязджаем у іншую краіну, мы нібы губляем глебу пад
нагамі. Калі ты знаходзішся на Радзіме, ты гэтага не заўважаеш. Ёсьць звычайнае тваё
асяродзьдзе, сваякі, сябры, ёсьць беларуская мова. Няхай яе ня столькі, колькі мы хацелі-
б сёньня ў Беларусі, але яна ёсьць. І ёсьць славутая беларуская трасянка, якая кажа пра
тое, што тут – Беларусь. А калі чалавек трапляе ў іншамоўнае асяродзьдзе, яму трэба
спасьцігаць зусім іншы сьвет. Бо любая-ж мова – гэта ня проста набор літар і гукаў. Гэта –
цэлая сыстэма поглядаў канкрэтнага народа. Гэта такі сакральны ключ, такі культурны код
да пэўнага народа, і гэта выяўляецца праз мову, і таму, калі чалавек пачынае
адаптоўвацца ў іншым асяродзьдзі, ён пачынае задумвацца і пра сябе. Чаму, напрыклад,
у Літве літоўцы размаўляюць па-літоўску і ніхто не зьдзіўляецца, чаму ў Польшчы
размаўляюць па- польску, а я, беларус, размаўляю на чужой мове? І вось такім чынам
атрымліваецца спасьціжэньне сябе, так сказаць.
На думку Лілеі Плыгаўкі, апынуўшыся ў іншай краіне, людзі інстынктыўна шукаюць
супляменьнікаў, бо толькі ў асяродзьдзі сваіх могуць адчуць сябе камфортна і спакойна
спасьцігаць чужую культуру. Пэрыяд адаптацыі перасяленцаў да новых акалічнасьцяў
цяжкі і ў псыхалягічным, і ў лінгвістычным, і ў побытавым плане. Усё гэта Лілеі Плыгаўцы
собіла адчуць, калі ў 1991 годзе яна прыехала ў Вільню, і паралельна з адказамі на
выклікі ў прафэсыйнай дзейнасьці мела вырашаць процьму побытавых праблем.
— Я сюды прыехала па запрашэньні ў сувязі з адкрыцьцём катэдры беларускай мовы,
літаратуры й этнакультуры ў пэдагагічным інстытуце. Безумоўна, тут мне ніхто ня даў
кватэру. Безумоўна, я два месяцы працавала без афармленьня, таму што былі нейкія
чыста юрыдычныя складанасьці, – сказала Лілея Плыгаўка. – Але я ведала, для чаго я
сюды еду. У мяне была ідэя – гэта адраджэньне беларускай адукацыі тут, і таму нейкія
чыста побытавыя цяжкасьці ўспрымаліся зусім па- іншаму. Сёньня-ж шмат тых, хто
прыязджае зь Беларусі, вымушаны пакідаць сваю радзіму па іншых прычынах. І вельмі
часта яны вымушаныя бегчы, можа быць, зь мінімумам рэчаў. І зразумела, што яны
выязджаюць у стрэсе. І вельмі добра, што ёсьць людзі, пэўныя арганізацыі, якія могуць
дапамагчы пэўнаму чалавеку знайсьці апірышча на пэўны час. А потым, ужо калі чалавек
агледзеўся, ён тады ўжо ў стане вырашаць свае ў тым ліку і побытавыя пытаньні. Ёсьць,
канешне, такая катэгорыя, якая мэтанакіравана, не раптоўна пераязджае. Але, тым ня
менш, таксама на гэта ўплывае сытуацыя ў Беларусі. І яны таксама сутыкаюцца з
абсалютна іншым сьветам, і я думаю, што ім, канешне, цяжэй, чым было мне ў свой час,
калі я сюды пераехала. Тым больш, пачатак 90-х гадоў – гэта было адраджэньне і тут, і ў
Беларусі, і тут стварылася вельмі шмат беларускіх культурных арганізацыяў, гэта быў час
вялікага натхненьня.
У незнаёмым асяродзьдзі перасяленцам адаптавацца нялёгка. Ускладняюць
становішча і няўцешлівыя весткі з Радзімы, і трывожныя пэрыпэтыі ў рэгіёне.
Няўпэўненасьць у будучыні спараджае трывожнасьць і напружанасьць нэрвовай сыстэмы.
— Зразумела, што сёньня падзеі ў нашым рэгіёне нас ня цешаць. І ў выніку з гэтым
шмат у каго адсутнасьць добрага настрою ці дэпрэсыўнасьць, і гэта я цудоўна разумею, –
сказала мовазнаўца. – Ёсьць такое адчуваньне напружанасьці ва ўсіх, таму што мы ня
ведаем, што будзе далей, а калі чалавек ня ведае, што будзе далей, і ня ўпэўнены ў
будучыні, ён заўсёжы нэрвуецца. Я думаю, што трэба шукаць апірышча ў сваіх
штодзённых занятках, у справе, для сябе і для іншых, абавязкова для іншых, таму што мы
сацыяльныя істоты, мы ня можам працаваць толькі дзеля сябе, і крок за крокам ісьці да
нейкай пэўнай сваёй мэты, ставіць мэты і ісьці да іх.
Лілея Плыгаўка мяркуе: нават у самых неспрыяльных і дэпрэсыўных умовах беларусам
варта заставацца беларусамі, захоўваць сваю ідэнтычнасьць і пашыраць беларускі сьвет
ва ўсіх ягоных праявах.
— Гэта вельмі важна – застацца беларусам. Гэта першы рэцэпт, як захаваць сваё
псыхічнае здароўе і раўнавагу, – сказала дасьледчыца. – Трэба аб’ядноўвацца. Трэба
шукаць такіх, як ты сам, трэба наведваць беларускія культурныя мерапрыемствы, трэба
вучыць беларускую мову, трэба чытаць беларускія кнігі, старацца размаўляць, карацей
кажучы, ствараць свой беларускі сьвет.
Не пакінуць сваю беларушчыну дапаможа ня толькі чытаньне літаратуры ці стасункі на
беларускай мове. Галоўнае – займацца справаю, дзякуючы якой чалавек зможа
рэалізаваць сябе і будзе адчуваць сваю неабходнасьць. А гэта можна рабіць і
самастойна.
— У Літве ёсьць такая вялікая беларуская культура, якая не дасьледаваная, якія архівы! – сказала
Лілея Плыгаўка. – Калі ласка, знаходзьце сабе такім чынам нейкае прымяненьне. Стаўце пэўную
мэту, шукайце тое, што да вас ніхто яшчэ не знайшоў, і потым паказвайце гэта людзям.