У ноч на 4-га траўня 2022 году ў беларускай сталіцы пасьля працяглай хваробы
спынілася сэрца беларускага навукоўцы і палітыка, першага кіраўніка незалежнай
Беларусі Станіслава Шушкевіча. Колішняму старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі
Беларусь было 87 гадоў.

Дзейнасьць гэтага чалавека цяжка пераацаніць. Пры ім беларуская дзяржава стала
афіцыйна называцца Рэспублікай Беларусь. Нацыянальнымі сымбалямі незалежнай
краіны сталі герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг. 8 сьнежня 1991 году ў Віскулях
Станіслаў Шушкевіч сумесна з кіраўнікамі суседніх краін паставіў подпіс пад Белавежскімі
пагадненьнямі, у выніку чаго перастаў існаваць Савецкі саюз.

Не забываўся ён і пра Вільню.

У 2019 годзе Станіслаў Шушкевіч праводзіў да месца апошняга спачыну на могілках
Росы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Раней, у 2012 годзе, беларускі палітык узяў чынны
ўдзел ва ўрачыстасьцях з нагоды Дня Волі ў літоўскай сталіцы.

За дваццаць гадоў да гэтага, 25-га сакавіка 1992 году, Станіслаў Шушкевіч, выступаючы
са сцэны Літоўскага нацыянальнага драматычнага тэатру, дзякаваў літоўскай дзяржаве за
клопат пра беларусаў.

А яшчэ раней, напачатку сваёй палітычнай кар’еры, у сярэдзіне лістапада 1990 году,
палітык узяў чынны ўдзел ва ўрачыстым адкрыцьці мэмарыяльнай шыльды беларускаму
першадрукару Францішку Скарыну на сьцяне дома нумар 19 па вуліцы Вялікай у Вільні.
З усталяваньня шыльды Францішку Скарыну на сьцяне дома нумар 19 па вуліцы Вялікай
ў літоўскай сталіцы пачаўся новы этап ушанаваньня тут памяці беларускага
першадрукара.