Першая беларуская пісьменніца Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч, больш вядомая пад простым і строгім псеўданімам Цётка… Яна не пражыла і 40 гадоў, напісала не так ужо і шмат, але ў беларускім нацыянальным адраджэньні пачатку XX стагодзьдзя займае асаблівае, пачэснае месца. А чаму так ёсьць, мы пастараемся зразумець, ходзячы яе віленскімі слядамі. Нагодаю для нашай экскурсіі стаў сёлетні сто сорак пяты юбілей літаратаркі і рэвалюцыянеркі Алаізы Пашкевіч-Кайрэне, знакамітай паэткі Цёткі.
Граніт віленскай навукі
Нарадзілася Алаіза Пашкевіч у 1876 годзе ў вёсцы Пешчына. Цяпер гэта Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці. Спачатку яна атрымала добрую хатнюю адукацыю, а ў 1892 годзе разам з братам Войцахам паехала да сястры Марыі ў Вільню рыхтавацца да іспытаў у гімназію. У 1894 годзе яна паступіла адразу ў 4-ты клас прыватнай гімназіі Прозаравай, якую закончыла ў 1892 годзе.
Прыватная жаночая гімназія Веры Міхайлаўны Прозаравай напрыканцы XIX-пачатку XX стагоддзя знаходзілася ў будынку на Jakšto g. 9. Шмат цікавых гісторыяў мог-бы расказаць гэты дом: пра першае каханьне і першыя расчараваньні яго жыхарак, іх удзел у беларускім нацыянальным руху, асьветніцкай працы. 1-2 студзеня 1919 г. тут адбылася зацяжная і цяжкая бітва паміж палякамі і чырвонаармейцамі. А пазьней, у міжваенны час, тут дзейнічала адзіная ў Вільні літоўская гімназія. Пасьля Другой сусьветнай вайны быў адкрыты тэатр (Vaidilos teatras).
Жаночая адукацыя ў той час была амаль цалкам прыватнай, а з боку дзяржавы было шмат абмежаваньняў, такіх, як афіцыйны дазвол бацькі на навучаньне, шляхецкае паходжаньне, пасьведчаньне аб здольнасьці аплаціць увесь курс навучаньня. Год навучаньня ў гімназіі каштаваў 100 рублёў – гэта былі вельмі вялікія грошы, таму тых сродкаў, якія бацька мог даслаць на штодзённыя патрэбы, не хапала, і маладая дзяўчына была вымушана падпрацоўваць рэпетытарствам і шытвом.
Алаіза Пашкевічанка была здольнай і стараннай вучаніцай, але ўжо тады мела сур’ёзныя праблемы са здароўем, на якое негатыўнае ўзьдзеяньне аказвала і хісткае фінансавае становішча. Яна заўсёды была вельмі бледнай, і пасьля аднаго выпадка, калі яна самлела, школьная лекарка прызнала, што здарылася гэта ад недаяданьня.
Вось што піша яе сяброўка, беларуская мастацтвазнаўца Юліяна Вітан-Дубейкаўская ў сваіх мэмуарах: “Памятаю, мая сястра са слязьмі апавядала ў хаце, што Алаіза Пашкевіч гэтак бедная, што на яду не хапае, але яна вельмі амбітная і не хоча прыймаць помачы. Мая маці сказала тады мне: Я буду даваць табе булкі на дваіх, а ты кладзі ў яе столік, калі яе няма ў класе.”
І ўсё роўна ў вучобе прыйшлося зрабіць вялікі перапынак, каб крышку ўмацаваць здароўе, бо ўжо пачыналіся сухоты, якія будуць суправаджаць паэтку да канца жыцьця. Падчас гэтага вымушанага перапынку Алаіза Пашкевіч працавала настаўніцай у вёсцы. Гімназію Прозаравай яна скончыла толькі ў 1902 годзе і атрымала пасьведчаньне хатняй настаўніцы арыфмэтыкі.
Далей Пецярбург, гімназія Александроўскай, агульнаадукацыйныя курсы Лесгафта, актыўны ўдзел у дзейнасьці гуртка студэнтаў-беларусаў “Круг беларускай народнай прасьветы”, першыя літаратурныя творы.
Замуж за рэвалюцыянэра
У віленскім касьцёле сьвятога Рафала ў 1911 годзе пабраліся шлюбам Алаіза Пашкевічанка і Сьцяпонас Кайрыс. Гэта быў зьвяз даўніх аднадумцаў і паплечнікаў. Сьцяпонас Кайрыс, як і Цётка, паходзіў зь нябеднай сям’і, рана далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасьці. Быў выключаны з Шаўляйскай гімназіі за тое, што адмовіўся ісьці ў праваслаўную царкву на малебен. Падчас вучобы ў Пецярбургскім тэхналягічным інстытуце ўдзельнічаў у студэнцкіх дэманстрацыях і за гэта быў выключаны зь інстытута. Гэты інстытут ён закончыў пазьней, у 1908 годзе, і некалькі гадоў працаваў разам з Пятрасам Вілейшасам над рознымі інжынэрнымі праектамі ў Расеі. Але ўжо да гэтага часу ён шмат зрабіў для станаўленьня літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі і нацыянальна-вызваленчага руху ў Літве. З 1911 года, ажаніўшыся з Алаізай Пашкевічанкай – Цёткай, стала жыў у Вільні.
Сьцяпонас Кайрыс быў адным з сігнатараў Акта аб Незалежнасьці Літвы. Менавіта яму і яго паплечнікам Мікалаю Біржышку, Пятрасу Вілейшасу і Станіславу Нарутовічу належыць заслуга, што гэты акт быў падпісаны без абавязку Літвы далучацца да Германіі і тым самым страціць сваю незалежнасьць.
Напрыканцы свайго жыцьця, у эміграцыі ў ЗША Сьцяпонас Кайрыс выдасьць кнігу ўспамінаў “На суд гісторыі: успаміны, дыялогі”, дзе шмат і вельмі цёпла напіша пра сваю першую жонку Алаізу Пашкевіч-Кайрэне.
Вядома, што жыла маладая сям’я на Звярынцы, на вуліцы Сасновай, 11.
Зрэшты, на сёння існуюць здагадкі, што шлюб паміж Кайрысом і Цёткай быў чыста фармальны.
Сяброўка паэткі Паўліна Мядзёлка піша: “У мяне склалася ўражаньне, што Цётка зьяўляецца хутчэй кватаранткай, чым гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просьценька абсталяваны… Прымала яна толькі ў гэтым пакоі… Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыцьцём…” Што-ж, усё магло быць. Ведаем, што сярод рэвалюцыянераў існавала такая практыка – прыкрываць шлюбам сваю рэвалюцыйную дзейнасьць. Таксама таварышы маглі прыняць такое рашэньне, калі аднаму зь іх гэта было патрэбна для легалізацыі ў нейкай краіне.
Але мне самой больш падабаецца рамантычная версія гісторыі гэтых двух палымяных рэвалюцыянераў. А таксама здаецца і больш верагоднай. Варта толькі паглядзець на здымкі гэтых прыгожых маладых людзей зь іх студэнцкіх часоў у Пецярбургу, калі яны там пазнаёміліся! Барацьба барацьбой, а цяжка паверыць, што паміж імі ня ўспыхнуў агеньчык, якога не змаглі загасіць доўгія гады разлукі. Нават калі Цётка жыла ў эміграцыі, і Кайрыс прыязджаў да яе ў Закапанэ, і сама яна ня раз нелегальна прыязджала ў Вільню, хочацца верыць, ня толькі па справах першай беларускай газеты “Наша Доля”.
Цётка і “Наша Доля”
14 верасня 1906 году ў Вільні пабачыў сьвет першы нумар першай легальнай беларускай газеты “Наша Доля”. Пісалі ў гэтай газеце выбітныя паэты, празаікі, дзеячы беларускага адраджэньня, такія, як Цётка, Ядзьвігін Ш., Якуб Колас, Антон Навіна і іншыя. Усяго выйшла толькі 6 нумароў, 5 з якіх было сканфіскавана паліцыяй.
Вестка аб газеце, напісанай па-беларуску, пракацілася па ўсёй Беларусі, людзі плакалі ад радасьці, газету бралі нарасхват, плацілі вялікія грошы, чыталі сабраўшыся вялікімі кучкамі, чыталі газэту ўслых.
Цётка ня раз нелегальна прыязджала ў Вільню, дапамагаючы з арганізацыяй і матар’яламі для газэты. Была яна ў Вільні і ў той дзень, калі выйшаў з друку першы нумар газэты. Вось што згадвае пра гэты дзень яшчэ адзін удзельнік падзей Франук Умястоўскі: “Калі а 12 гадзіне са сьвяжусенькім нумарам “Нашай Долі” я выйшаў з друкарні, сэрца ў мяне стукала ад радасьці і шчасьця за будучыню нашага дарагога дзіцяці. Прыйшоўшы ў рэдакцыю на Віленскай вуліцы, я знайшоў там усю кампанію. Быў тут Ян Тукеркес, Антон і Ян Луцкевічы, і Цётка, і Станіслаў Сымановіч – экспедытар газеты…Усе зь нецярпеньнем чакалі майго прыходу і газету амаль не парвалі, выдзіраючы з рук адзін у аднаго. Не ведаю, скуль узялася гарэлка і закуска, і наліўшы чаркі, ня гледзячы на косыя погляды Цёткі, якая не цярпела п’ючай кампаніі, мы адным духам асушылі іх за будучыню Бацькаўшчыны. Так гулялі на хрэсьбінах “Нашай Долі”.
Цётка-мэдык
За надта радыкальны кірунак “Нашай Долі” у студзені 1907 года Віленская судовая палата забараніла газэту. А яе рэдактар, выдавец Іван Тукеркес быў асуджаны на адзін год крэпасьці, але ён здолеў своечасова эміграваць.
Падчас Першай сусьветнай вайны Цётка пайшла працаваць сястрой міласэрнасьці ў ваенны шпіталь на вуліцы Ковенскай, 7. Тут і зараз знаходзіцца шпіталь імя Мікаласа Марцінкявічуса. Тут яна дапамагала лячыць параненых, прывезеных непасрэдна з полю боя, а потым была пераведзена ў тыфозны барак. Тут яна сустрэлася з маладым, але ўжо вядомым віленскім беларусам, пісьменнікам Максімам Гарэцкім.
Вось як сам пісьменнік успамінае, як яго выходжвала Цётка, калі ён паранены трапіў у шпіталь у 1914 годзе: ”Тут працавала міласэрнаю сястрою і клала мне пад падушкі “Нашу Ніву” нябожчыца Цётка, наша незабытная пяснярка і рэвалюцыянерка Алаіза Пашкевічанка”.
Цётцы не ўпершыню тады давялося працаваць сястрой міласэрнасьці. У 1904 – 1905 гг. Алаіза Пашкевіч працавала фельчаркай у будынку, дзе цяпер знаходзіцца Рэспубліканскі Віленскі псыхіятрычны шпіталь.
У 1903 годзе ў Новай Вільні на землях Раканцішскага двара, за паўкілямэтра ад чыгуначнай станцыі, была адкрытая адна з буйнейшых у Расейскай імпэрыі псіхіятрычная бальніца. Яна магла адначасова прыняць на лячэнне да 1000 хворых.
Ёсьць сьведчаньні, што Цётка жыла тады на тэрыторыі бальніцы ў адным з драўляных будынкаў барачнага тыпу, прызначаных для пэрсаналу.
Першым дырэктарам бальніцы стаў Мікалай Краінскі, “Віленскі Фрэйд”, які быў прыхільнікам гуманных метадаў лячэньня псіхічна хворых людзей.
У бальніцу дазвалялі прыходзіць наведвальнікам, хворыя маглі выходзіць за тэрыторыю лячэбніцы, вакол будынка быў вялізны, большы за гектар, сад, дзе пацыенты маглі працаваць і адпачываць.
Але ў 1905 годзе зьмяніўся дырэктар, і парадкі ў бальніцы зьмяніліся больш жорсткімі. Менавіта на гэтым зломе ў бальніцы і працавала фельчаркай Алаіза Пашкевіч.
Цётку ведалі ў Вільні ўсе
У пачатку XX стагодзьдзя ў Новай Вілейцы кіпела жыцьцё: працавалі 3 заводы, 2 фабрыкі, млын, чыгуначнае дэпо, 120 дробных майстэрняў і крамаў. Калі пачалася рэвалюцыя 1905 г., у пралетарскай Новай Вілейцы ўжо панаваў рэвалюцыйны дух. Веяў ён у тым ліку і з бальніцы, дзе працавала Алаіза Пашкевічанка. У лячэбніцы была нават створана баявая дружына, узброеная нелегальным шляхам.
Алаізу Пашкевіч у Вільні і ваколіцах ведалі ўсе. Вось што пісалі пра яе ў тагачасных публікацыях: “У 1905 годзе ў Вільні ішла грамадоўская работа ў рабочых масах. Асабліва ў падмястовым прамысловым цэнтры Новай Вілейкі. Тут працу вяла Цётка. Яна выступала на мітынгах заўсёды па-беларуску, і яе выступленьні выклікалі гарачы спогад… Цётку ведалі ў Вільні ўсе”.
У гэты час яна пачала карыстацца псэўданімам Цётка – у тыя часы гэта была традыцыйная форма звароту да простай жанчыны ў процьвагу яе юрыдычнаму тытулу пані.
Паводле старшыні Віленскага беларускага клюбу “Сябрына” Валянціна Стэха, трыццаць пяць год таму, у сярэдзіне ліпеня 1986 году, у Нова-Віленскай кнігарні віленчукі арганізавалі юбілейны вечар, прысьвечаны 110-годзьдзю Цёткі. Гэта была адна зь першых беларускіх грамадзкіх імпрэзаў у Вільні пасьля Другой сусьветнай вайны.
Неўзабаве быў заснаваны Віленскі клюб “Сябрына”, за ім – Таварыства беларускай культуры. Можна сказаць, што Цётка блаславіла адраджэньне літоўскай беларушчыны.
Творчасьць у замежжы
Пакінуўшы Новую Вільню і наогул межы Расейскай Імпэрыі, Цётка спачатку была вольнай слухачкай філасофскага факультэту Львоўскага ўніверсітэту, а восеньню 1908 года пачала вучыцца на факультэце гуманітарных навук Кракаўскага ўніверсітэту. На жыцьцё за мяжой Алаіза Пашкевіч зарабляла, працуючы масажысткай. Гэтую прафэсію яна засвоіла яшчэ ў Пецярбургу.
Але грошай усё роўна не хапала, паэтка не клапацілася пра сваё здароўе, і зноў абвастрыліся сухоты. І ўсё-ж зроблена Цёткай шмат: у 1906 годзе выдадзены зборнікі вершаў “Хрэст на свабоду” і “Скрыпка беларуская”, перакладзена з украінскай мовы кніга “Гасьцінец для малых дзяцей”, рыхтуецца падручнік-хрэстаматыя “Першае чытаньне для дзетак беларусаў”. Дзякуючы Цётцы пачатак XX стагодзьдзя стаў для беларусаў часам, калі былі створаныя першыя нацыянальныя падручнікі для дзяцей.
Жаноцкая справа памяці Цёткі
Адукацыя мэдыка адыграла фатальную ролю ў жыцьці Алаізы Пашкевіч. У пачатку 1916 г. Цётка паехала да бацькоў, каб аказваць медыцынскую дапамогу землякам, якія гінулі ад эпідэміі тыфу. Не ўсьцераглася і сама захварэла на тыф, і 5 лютага 1916 г. памерла.
Празь пятнаццаць гадоў пасьля ейнага сыходу ў лепшы сьвет, у сакавіку 1931 году з друкарні Я.Левіна, што месьцілася ў Вільні на вуліцы Нямецкай ў доме пад нумарам 22, выйшаў першы нумар часопіса “Жаноцкая справа”. Рэдагавала яго Надзея Шнаркевіч, а аўтаркамі артыкулаў сталі Зоф’я Луцкевіч, Антаніна Астроўская, а таксама Людвіка Сівіцкая-Войцік – знакамітая беларуская пісьменьніца Зоська Верас.
Супрацоўніцы рэдакцыі часопіса “Жаноцкая справа” ўваходзілі ў Аб’яднаньне беларускіх жанчын імя Алаізы Пашкевіч-Цёткі.
Спадчына Цёткі
У 1915-ым годзе, за год да сваёй сьмерці, калі лінія фронту перасунулася на ўсход і на зьмену расейскай акупацыі пачалася нямецкая, Цётка актыўна займалася ў Вільні грамадзкай і адукацыйнай дзейнасьцю. Немцы зьнялі забарону на адукацыю на літоўскай і беларускай мове.
Вось як піша пра гэты час у сваіх успамінах сяброўка Цёткі Юліяна Мэнке: “Яна, зь нязломнай сваёй энэргіяй, горача бралася за справы і была ў духу і энэргіі найлепшаю калегаю Івана Луцкевіча. Мала нас тады было ў Беларускім камітэце. Польскія дзеячы зласловілі, што ўсіх віленскіх беларускіх дзеячаў можна пасадзіць на адной канапцы. Аднак праца ішла. Цётка, як усе звалі Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс, асабліва рупілася аб адкрыцьці беларускіх школ і дапамагала знайсьці памяшканьні і інвэнтар. Хадзіла з роспытамі па раёне, вышуквала беларускія сем’і і заклікала бацькоў запісваць дзяцей у свае школы. І як мы ўсе цешыліся, калі ў лістападзе 1915 года была адчынена першая беларуская школа ў Вільні. Адсьвяткавалі мы гэтую ўрачыстасьць супольнай гарбаткай у Камітэце“.
Усяго ў 1915 годзе было адкрыта пяць беларускіх пачатковых школаў і настаўніцкія курсы, каб рыхтаваць кадры для гэтых школаў. Таксама вялася падрыхтоўка да адкрыцьця ў Вільні беларускай гімназіі. 13 лістапада 1915 году Алаіза Пашкевіч і ўніяцкі сьвятар Баляслаў Пачопка заснавалі ў Вільні першую сталую беларускую школу. Дата гэтая ў міжваенным дваццацігодзьдзі сьвяткавалася як Дзень беларускага школьніцтва. Гэткая спадчына Цёткі і яе паплечнікаў існуе і цяпер.
Ванда Марцінш душ Рэйш