Здаўна вядома: добрай зброяй супраць разнастайных хібаў грамадзтва зьяўляюцца
гумар і сатыра. Вось жа зь іхнай дапамогаю ёсьць эфэктыўна чыніць супраціў
бязьлітаснай сыстэме. Зрэшты, ёсьць асабліва карысна пасьмяяцца над
бясслаўнасьцю непазьбежнага канца тыраніі яшчэ тады, калі вераць у гэта толькі
адзінкі.

“Ёсьць на сьвеце такая Краіна Хлудаў, ці, як яе найчасьцей называюць самі хлуды,
Хлудзія. Дакладней, гэта нават ніякая не краіна, а толькі невялічкае мястэчка,
забудаванае драўлянымі хацінамі ды аднапавярховымі камяніцамі й абнесенае Высокім
квадратным парканам”. Гэтак пачынаецца “Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў”, кніга,
падобныя якой рэдка сустракаюцца на беларускіх літаратурных палетках. Адмысловасьць
выданьня ў тым, што напісаная яна ў жанры сацыяльнай антыўтопіі.

— Кніга напісана ў жанры сацыяльнай фантастыкі, – паведаміў аўтар кнігі “Праўдзівая
гісторыя Краіны хлудаў” Алег Мінкін. – Гэта антыўтопія, а там унутраныя такія законы, што
калі добра выпісаць такую кнігу на гэтую тэму, так яна і не старэе. Вось, напрыклад, кніга
Оруэла “1984”. Зараз такі час, што ўсё, што там адбываецца – яно менавіта зараз
усплыло. Здаецца, павінна было тады актуальнасьць набыць, калі рушылася Савецкая
імпэрыя, тады яна павінна была быць вельмі цікавай, а атрымалася так, што менавіта
зараз гэта ўсё актуалізавалася.

“Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў” распавядае пра непрацяглае існаваньне
невялікага населенага пункту, ізаляванага ад сусьвету непераадольнай перашкодаю.
Нягледзячы на незайздросныя памеры, Краіна хлудаў прытуліла і багему, і плебс, і
рафінаваных інтэлігентаў, і сьмецяроў- пралетараў. Месца на квадратнай мапе Краіны
хлудаў знайшлося і бязьлітасным дыктатарам, і лідарам кішэннай апазыцыі, і
арыстакратыі, і народным пісьменьнікам, чыіх кнігаў ніхто ніколі не чытаў. Зманлівая
прывабнасьць замежжа, ці Запарканьня, робіць трагічным лёс ураджэнца краіны зь
іншаземным пашпартам, які ўвесь час імкнецца некуды зьехаць, ды так і застаецца на
Радзіме да самага канца, бо ехаць яму, па вялікім рахунку, няма куды. Усё гэта актуалізуе
напісанае і для сучаснага чытача.

— Гэта паказьнік, што я напісаў сапраўдную кнігу, раз яна працуе ў будучым, –
падкрэсьліў Алег Мінкін. – Як творца гэтай Краіны хлудаў, я радуюся, што так вось
напісалі сьмехам гэтую кніжку, без усялякіх напружаньняў, а тут аказваецца, што стварылі
рэч такую, якая дагэтуль яшчэ цікавая.

Упершыню “Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў” пабачыла сьвет у зборніку “Тутэйшыя”
ў 1989 годзе, пазьней, у 1991 годзе – на старонках берасьцейскага часопіса “Дамавік”.
Тады-ж яна выйшла асобнай кнігай на рускай мове. Ілюстрацыі да выданьня падрыхтаваў
віленскі мастак Алег Аблажэй. У той час Алег Мінкін ужо быў у Вільні. Сюды ён пераехаў
разам з адраджэнцамі першай беларускай газэты з рысункамі “Наша ніва”. У літоўскай
сталіцы Алег Мінкін назіраў крывавую агонію савецкай сыстэмы. У беларускую літаратуру
Алег Мінкін прыйшоў “унутрана сьпелым паэтам”. Першыя ягоныя публікацыі пабачылі

сьвет у пэрыёдыцы ў 1980 годзе. Празь пяць гадоў пасьля дэбюту Алега Мінкіна ў газэтах
на сьвет зьявіўся зборнік вершаў “Сурма”. Вершы Алега Мінкіна высока цаніла віленская
паэтка Зоська Верас. Між тым не цураўся паэт і прозы. Першыя накіды аповесьці
“Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў” пачалі зьяўляцца ажно за дваццаць гадоў да першай
публікацыі. Суаўтарам Алега Мінкіна стаў ураджэнец Кішынёва Віктар Галкоў.

— Пісаць гэтую кніжку я пачаў у 1972 годзе, – згадаў Алег Мінкін. – Па-расейску я тады
пісаў. Упершыню яе Сяргей Дубавец апублікаваў у зборніку “Тутэйшыя”. Прыкольная
такая кніжка, пачыналася са студэнцкага сьцёбу. Я тады ў Маскве вучыўся, у тэхнічным
інстытуце. Да мяне абсалютна выпадкова прыехаў паступаць і гэты чалавек. Зараз ён –
вядомы расейскі паэт. Мы пачыналі пісаць – я пісаў сюжэт, а ён распрацоўваў стыль.
Ягоны стыль, мае сюжэты, так можна сказаць. Скончылі мы працаваць творча з маім
суаўтарам у 1991 годзе. У 1992 годзе ён зьехаў з Малдовы. І праца перапынілася. І ў мяне
праз усё жыцьцё было вось гэтае разуменьне, што кніга недапісаная, недаробленая. А
пісалася яна – вось сёлета ўжо пяцьдзясят гадоў гэтай кніжцы. Ну я проста падумаў, што
трэба яе дарабіць і зрабіць найперш нам зь ім такі падарунак. Ня вельмі я хацеў выдаваць
гэтую кнігу: распачалася гэтая вайна расейска- украінская, і я доўгі час разважаў над тым,
ці варта выдаваць на фоне вайны кніжку на расейскай мове, тым больш супольна зь
беларускай мовай.

У розны час жанр антыўтопіі “Праўдзівая гісторыя Краіны хлудаў” вызначалі па-рознаму: і
прыпавесьць, і раман-гульня, і фэнтэзі. Паводле “дэміургаў” Хлудзіі, насамрэч гэты твор
належыць лічыць сацыяльнай фантастыкай. Зрэшты, пакручасты лёс герояў антыўтопіі, а
таксама трагічная хлудзкая гісторыя, нібыта складзеная са змрочных імгненьняў
беларускай мінуўшчыны, сучаснасьці і вераемнай будучыні, – робяць твор Алега Мінкіна і
Віктара Галкова ўсё больш сацыяльным і ўсё менш фантастычным.

— Гэта ўласьцівасьць гэтага жанру. Гэта антыўтопія, – патлумачыў літаратар. – Калі яе
па-сапраўднаму напісаць, то яна працуе. Гэта такі мэханізм кожнай антыўтопіі, што
спрацоўвае потым. Там, як у “1984” Оруэла, напрыклад. Час ідзе, але ўсё вяртаецца на
адно і тое-ж. Нават пісаныя камбінацыі ў гісторыі паўтараюцца, тыя самыя хады. Нічога
новага няма пад сонцам.

Напрыканцы сакавіка 2022 году Алег Мінкін адсьвяткаваў сямідзесяцігодзьдзе. Гэтак вось
сьвежае выданьне “Праўдзівай гісторыі Краіны хлудаў” стала паэту падарункам самому
сабе. А таксама – разьвітальным паклонам усім аматарам творчасьці літаратара.

— Я ўжо не пішу ні прозу, ні паэзію. Зараз дапрацоўваю нейкія слоўнічкі. У мяне ёсьць два
грандыёзныя слоўнікі, я іх дапрацоўваю, – паведаміў паэт. – І таму праца такая – таксама
творчая праца. Мне хопіць. А так я творчасьцю больш займацца не хачу. Гэта знутры ідзе.
Усё, я пісаць ня буду. Гэта прыходзіць такі час. Я раней зьдзіўляўся, як было, але
прыходзіць час, перастаеш пісаць – і ўсё. Я ведаю, што гэта тое, што ёсьць. Усё.

— Шкадуеце?

– Не, шкадаваньняў няма. Проста сьвет зьмяніўся, і тое, што напісанае, здаецца, напісаў
ужо іншы чалавек, а той, які зараз ёсьць, ён ужо вельмі не паэтычны чалавек. Так што ўсё
натуральна і рэальна. Я раней сам зьдзіўляўся. А зараз сам ведаю, што гэта такое. І
наогул, навошта пісаць, калі задумацца? Навошта пісаць? Навошта рыфмаваць?
Навошта вылузвацца, калі можна проста чытаць добрую паэзію? Калі знутры напісаўся
верш – навошта яго абавязкова фіксаваць? Што гэта дае? Ці не дастаткова таго, што
адбываецца там недзе? Вось такія пытаньні. Адкажаш, не?