Сэйм Літоўскай Рэспублікі пастанавіў, што 2022 год будзе абвешчаны годам Францішка
Скарыны. Нагодаю для такой пастановы стала прыгожая круглая дата. Роўна пяцьсот
гадоў таму ў віленскай друкарні пабачыла сьвет першая ў Вялікім княстве Літоўскім
друкаваная кніга “Малая падарожная кніжка”.

Імя Францішка Скарыны на высокім дзяржаўным узроўні году зусім нядаўна ўжо
надавалі. 2017 год быў абвешчаны годам беларускага першадрукара ў літоўскай сталіцы.
Тады ў Вільні ўпершыню за доўгі час на некалькі тыдняў сабралася ўся творчая спадчына
Скарыны.

У бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту захоўваецца асобнік апошняй выдадзенай
Скарынам кнігі “Апостал”. Гэткая кніга – адзіная ў Літве.

На адмысловай выставе ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Ўрублеўскіх
прэзэнтавалася Біблія Скарыны, дакладней сказаць, гэта быў амаль некрануты часам і
чалавекам канвалют. Яго склалі адзінаццаць біблійных кнігаў, выдадзеных
паўтысячагодзьдзя гадоў таму ў Празе доктарам са слаўнага горада Полацка.
А ў Палацы ўладароў, у межах адмысловага міжнароднага выставачнага праекту
“Дарогамі Скарыны зь Белгазпрамбанкам” прэзэнтавалі яшчэ адно выданьне беларускага
першадрукара – “Малую падарожную кніжку”, што пабачыла сьвет у Вільні ў 1522 годзе.
Празь без малога пяць стагодзьдзяў кніга ненадоўга вярнулася ў горад, дзе была
надрукаваная.

Да нядаўняга часу “Малая падарожная кніжка” знаходзілася ў карпаратыўнай калекцыі
адкрытага акцыянернага таварыства “Белгазпрамбанк”. Кіраўніком арганізацыі тады
зьяўляўся экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі, прызнаны праваабарончай
супольнасьцю палітычным вязьнем Віктар Бабарыка.

“Малая падарожная кніжка” на самой справе – зусім не малая. Пад адной вокладкай тут
сабраныя два дзясяткі розных выданьняў: “Часасловец”, 8 акафістаў і 10 канонаў,
“Шасьцідневец”, “Сьвятцы” і “Пасхалія”, якая ўтрымлівае зьвесткі з астраноміі і
грамадзянскага календара. Завяршае вялікую “Малую кніжку” пасьляслоўе. А пачынае –
Псалтыр.

Гэткім чынам Францішак Скарына у 1522 годзе аднавіў у Вільні дзейнасьць, якую
распачаў у Празе за пяць гадоў да гэтага, 6 жніўня 1517 году выданьнем кнігі “Псалтыр”.
Мяркуюць, што за першай навукаю з горада Полацка, старажытнай крывіцкай сталіцы,
Францішак Скарына прыйшоў у Крывіцкую Мекку – Вільню. Брукаванка вуліцы
Полацкай, якой, мабыць, крочыў беларускі першадрукар, праз стагодзьдзі адчуе і
асьцярожную хаду Кастуся Каліноўскага, які хаваўся на Зарэччы ад перасьледу царскіх
уладаў, і лёгкія крокі загадчыцы дзіцячага прытулку для беларускіх сіротаў Марыі
Шутовіч, і ўпэўнены поступ ксяндза Адама Станкевіча, які жыў побач з касьцёлам
Сьвятога Барталамея, што вось ужо дваццаць гадоў дзейнічае поблізу на карысьць
беларусаў Вільні і ваколіцаў.

Далібог, сёлета вуліца Полацкая прэтэндуе на званьне самай беларускай вуліцы Вільні.
Цяжка знайсьці ў літоўскай сталіцы лепшае месца для помніка беларускаму, ды, зрэшты, і
вялікалітоўскаму першадрукару…

Паводле некаторых дасьледчыкаў, першую істотную адукацыю Францішак Скарына
мог атрымаць у Вільні – сталіцы Вялікага княства Літоўскага – напачатку 16 стагодзьдзя.
Бязьмежнае мастацкае ўяўленьне Язэпа Драздовіча стварыла вобраз цікаўнага і лёгкага на

пад’ём юнака, які старым каралеўскім трактам хутка крочыць далей і далей ад роднага
места, каб хутчэй прыпасьці да крыніцы мудрасьці ў стольным горадзе. Між тым, паводле
сьвежых досьледаў, на той час быў Скарына не такім ужо і маладым.

Упершыню ў пасьляваеннай Вільні мэмарыяльная табліца з надпісам на беларускай
мове зьявілася ў лістападзе 1990 году на сьцяне дома нумар 19 па вуліцы Вялікай. Гэткім
чынам віленчукі пастанавілі адзначыць юбілей беларускага першадрукара. Тады
меркавалі, што годам нараджэньня Францішка Скарыны варта лічыць 1490 год.

Праз 25 гадоў сябры Віленскага беларускага клюбу “Сябрына” пастанавілі ўшанаваць
чарговы юбілей першадрукара. Гэтак была запачаткаваная добрая традыцыя праводзіць у
літоўскай сталіцы адмысловыя Скарынаўскія чытаньні.

Першым мерапрыемствам стала міжнародная навуковая канфэрэнцыя над назоваю
“Кніжная традыцыя Вялікага княства Літоўскага”. Некалькі гадоў запар у Вільні зьбіраліся
навукоўцы, што дбайна шчыруюць на ніве скарыніяны. У 2021 годзе канфэрэнцыю
“Кніжная традыцыя Вялікага княства Літоўскага” замяніла публічная лекцыя доктара
гуманітарных навук, прафэсара Сяргеюса Цемчынаса.

— Францішак Скарына вельмі цікавы для нас зь некалькіх прычынаў. Перш за ўсё, ён
першы пачаў друкаваць кнігі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Тыя кнігі былі надрукаваныя
кірыліцай, трэба было ўмець арганізаваць гэтую тэхнічна новую тады дзейнасьць, і гэта
яму собіла зрабіць на вельмі высокім тэхнічным, мастацкім і паліграфічным узроўні.

Гэтыя кнігі захаваліся да нашых дзён, і большасьць людзей па-ранейшаму захапляецца іх
мастацкім афармленьнем, яго клопатам падаць тэкст у зручнай для чытача форме, і сам
факт, што да яго ніхто іншы не займаўся кнігадрукаваньнем, вядома, надае яму
адмысловую адрознасьць, якая застанецца навечна, – сказаў дасьледчык.

Сяргеюс Цемчынас і раней браў чынны ўдзел у Скарынаўскіх чытаньнях, цягам якіх
дасьледчыкі зь Літвы, Беларусі, Расеі ды Чэхіі імкнуліся хоць крыху запоўніць прабелы ў
таямнічай біяграфіі беларускага першадрукара. А прабелаў гэтых шмат: дакладна не
вядомы ні час і месца, адкуль беларускі першадрукар вырушыў у сваю апошнюю далёкую
і незваротную дарогу за небакрай, ні пагатоў дзень і год ягонага нараджэньня. Зрэшты,
напрыканцы 2021 году завеса гэтай таямніцы нібыта прыўзьнялася.

Праскі лінгвіст доктар Ільля Лямешкін параўнаў вядомы партрэт Францішка Скарыны
зь іншымі тагачаснымі чэскімі гравюрамі падобнага кшталту. Высьветлілася
немалаважная тэндэнцыя: паводле дасьледчыка, мастакі, увекавечваючы вобраз таго ці
іншага чалавека, мелі звычку пазначаць і ягоны ўзрост. Доктар Лямешкін уважліва
прыгледзеўся да таямнічага спалучэньня літараў М і З, што знаходзяцца ў левай ніжняй
частцы Скарынаўскага партрэта.

Доўгі час дасьледчыкі меркавалі, што гэткай манаграмаю падпісаўся мастак, ці
рысавальшчык, ці рэзчык, асоба якога так і засталася невядомай. Літары гэтыя ў кірыліцы
маюць і лікавае значэньне: літара М, “мысьлеце”, адпавядае лічбе 40, а літара З, “зямля” –
лічбе 7. На думку доктара Лямешкіна, атрымоўваецца, чалавеку на знакамітым партрэце
сорак сем гадоў. Рэзчык пазначыў на выяве і год яе стварэньня – 1517-ты.

Такім чынам, робіць выснову Ільля Лямешкін, Францішку Скарыну ў 1517 годзе было
сорак сем гадоў, а значыць, нарадзіўся ён прыблізна ў 1470 годзе. Новыя досьледы
састарылі першадрукара на дваццаць гадоў. Зрэшты, параўнаньне зь іншымі тагачаснымі
працамі дазваляе рабіць і іншыя займальныя высновы.

— Гэта, вядома, дробязь, але, тым ня менш, рэч цікавая: Ільля Лямешкін у супрацоўніцтве
з мастацтвазнаўцам, які вывучае чэскія гравюры таго-ж часу, прааналізаваў яшчэ раз
гэтую гравюру, вось гэты партрэт. Скарына часта з вусамі малюецца, бо на гравюрным
партрэце ёсьць вусы. Але дасьледнікі гравюраў убачылі, што гэта проста штрыхоўка, якая
паказвае цень. Вусаў тут няма. Я веру спэцыялістам, якія ў гэтай галіне працуюць. Яны
кажуць, што гэта стыль працы гэтага канкрэтнага майстра (імя яго невядомае, але ягоныя
гравюры вядомыя ў некаторых іншых выданьнях). Аказваецца, што чалавек быў без вусаў
паводле каталіцкага звычаю, – сказаў Сяргеюс Цемчынас.

Паводле дасьледчыка, што Скарына быў каталіком, прынамсі, у сталым узросце, цяпер
ужо мала хто сумняваецца, бо пра гэта сьведчаць ўсё больш і больш фактаў з яго жыцьця,
ня толькі імёны яго, яго дзяцей, яго жонкі Маргарыты, яго дзейнасьць, тыя месцы, дзе ён
жыў і працаваў, з кім ён супрацоўнічаў. У афармленьні кніг Скарыны вельмі шмат
элемэнтаў, калі не цалкам каталіцкіх, то пераважна каталіцкіх.

— Таксама вартае ўвагі і тое, што ён, будучы сам католікам, цяпер практычна ніхто ў
гэтым не сумняваецца, усё сваё жыцьцё прысвяціў друкаваньню кніг, разьлічаных на
праваслаўнага чытача. І ў гэтым я бачу асаблівы экуменізм, актуальны ня толькі для
сучаснай Беларусі, дзе таксама існуюць дзьве роднасныя, але ўсё-ж даволі розныя
хрысьціянскія традыцыі, што можа існаваць у адной культуры, у адным народзе, гэткая
культурная дзейнасьць, якая не падзяляе гэтыя дзьве культурныя традыцыі, а яднае. І
Скарына — выдатны таму прыклад, – падкрэсьліў Сяргеюс Цемчынас.

На думку дасьледчыка, яшчэ адной своеасаблівасьцю Францішка Скарыны зьяўляецца
глыбокая ягоная павага да горада, у якім ён зьявіўся на сьвет.

Нягледзячы на тое, што амаль усё жыцьцё асьветніка прайшло ў краінах Заходняй
Эўропы, Скарына ні на хвіліну не забываўся на родную Полаччыну.

Зрэшты, пільна ўглядаючыся ў зорку першадрукара, мы рызыкуем не заўважыць іншых,
ня менш важных нябесных аб’ектаў.

— Скарына займае асаблівае месца ня толькі ў беларускай культуры, але асабліва ў
беларускай культуры. І я нават бачу пэўную дыс-прапорцыю, што часам можа здацца
звонку, што Скарына — ледзь не адзіны прадстаўнік старабеларускай культуры. Але мне
здаецца, што мы ўзбагацілі-б беларускую культуру, калі-б гэтаксама актыўна, гэтаксама
шчыра, гэтаксама настойліва пачалі размаўляць і пра іншых суб’ектаў беларускай
культуры, чый унёсак у яе таксама для нас вельмі важны, каб вакол Скарыны ўтварылася
цэлая група старабеларускіх дзеячаў культуры, бо насамрэч гэта будзе больш адпавядаць
той гістарычнай рэчаіснасьці, пра якую мы з вамі сёньня гаворым. Гэта Сымон Будны,
гэта Васіль Цяпінскі, і ня толькі людзі, якія пісалі на старабеларускай мове, ці, як мы
цяпер называем у Літве, па-русінску, але ня трэба забывацца на тых дзеячоў беларускай
культуры, якія пісалі на царкоўнаславянскай мове, на лацінскай мове, на польскай мове, і
тады мы ўбачым, што старабеларуская культура значна багацейшая і зусім ня зводзіцца да
адной асобы, якой-бы важнай, выбітнай і каштоўнай яна ні была для нас сёньня, – сказаў
Сяргеюс Цемчынас.