У жніўні 2020-га году незадаволеная абвешчанымі вынікамі леташніх выбараў прэзыдэнта Беларусі, краіна выбухнула масавымі пратэстамі. Супраць іх выступілі праўладныя сілавікі. Неўзабаве зьявіліся першыя ахвяры няроўнага супрацьстаяньня. Праз тры дні пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі жанчыны ў белым. Яны хацелі выказаць сваю нязгоду з распачатым гвалтам і жорсткасьцю. Гэтак у краіне пачаліся жаночыя пратэсты, гадавіну якіх у Вільні адзначылі адмысловай дабрачыннай акцыяй.

У вайны не жаночае аблічча – перакананая беларуская набэлістка, літаратарка Сьвятлана Алексіевіч. Між тым у рэвалюцыі жаночае аблічча цалкам можа быць. “Рэвалюцыя з жаночым тварам” – менавіта гэтак называецца неардынарная калекцыя адзеньня. Яе стварылі беларускія дызайнеры на чале з мадэльерам Сашам Варламавым. Строі ў белых і чырвоных колерах 12-га жніўня на Ратушнай плошчы ў Вільні прэзэнтавалі чынныя ўдзельніцы жаночых маршаў пратэсту, якія былі вымушаныя эміграваць зь Беларусі, ратуючыся ад гвалту. Яны-ж прадставілі саколкі з прынтамі аўтарства беларускага дызайнэра Ўладзіміра Цэсьлера.

— 9, 10 і 11 жніўня я кожны вечар удзельнічала ў гэтых акцыях пратэсту, – згадала сузаснавальніца Руху “Жанчыны ў белым” Анастасія Касьцюгова. – Было страшна. Я бачыла усю брыдоту ўлады, як яна ставіцца да сваіх людзей, я бачыла, як людзей выцягвалі з машын, кроў на зямлі. Увесь гэты гвалт страшэнна палохаў. 10 жніўня я сустрэла сябра, зь якім мы абмяркоўвалі, што трэба неяк зьмяніць гэты кантэкст, зьмяніць яго выгляд, адчуць, даць надзею. У той-жа дзень нам напісалі іншыя дзяўчаты з такой-жа ідэяй выйсьці пратэставаць у белым. У нас была сумесная прыватная размова, сябры далі спасылку на сваіх сяброў, і за дзень сабралася 10 тысяч чалавек. Нас часта пытаюць, ці ведалі мы, што сілавікі нас ня будуць чапаць, калі мы выйдзем на гэтыя акцыі, ці разумелі мы, што пасьля гэтага столькі людзей выйдзе па ўсёй краіне. Мы ня ведалі. Мы ня ведалі, што будзе. І гэта гісторыя пра тое, што ня трэба дакладна ведаць, ці зьменіцца нешта. І таму мы не павінны спыняцца, каб сапраўды ведаць, што мы дасягнем посьпеху.

Белы і чырвоны колеры адзеньня сымбалізавалі волю і перамены – у абарону гэтага і выступалі мірныя пратэстоўцы. “Уніформа жаночых маршаў” рэзка кантраставала з чорнымі балаклавамі, часткаю працоўнай формы прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў.

— Мы проста хацелі, каб нашы натуральныя і канстытуцыйныя правы паважаліся, – прамовіла тэлевядоўца Кацярына Пытлева. – Аднак мы былі вымушаныя пакінуць краіну, пакінуць сваіх блізкіх, сяброў, бацькоў, школы, дзіцячыя садкі, любімыя месцы, звыклыя маршруты. У Вільні мы адчулі сябе ў бясьпецы.

Пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў выбарчай кампаніі 2020 года беларусы прыйшлі ў цэнтар Менска, каб паказаць, колькі людзей насамрэч прагаласавала за Сьвятлану Ціханоўскую, а не за Лукашэнку. На працягу наступных трох дзён людзі працягвалі мірна выходзіць, нягледзячы на беспрэцэдэнтны гвалт з боку сілавікоў, сьвятлошумавыя гранаты і зброю.

— За гэтыя тры дні і ночы было затрымана каля 6 тысяч чалавек. Усе яны сутыкнуліся з бесчалавечным абыходжаньнем з боку нібыта праваахоўных органаў. Іх чакалі катаваньні, прыніжэньні і зьбіцьці. Тады-ж зьявіліся і першыя ахвяры. 12 жніўня зьнік Андрэй Крыўцоў, памёр Аляксандр Віхор, – нагадала Кацярына Пытлева.

Грашовыя сродкі, сабраныя падчас прэзэнтацыі, арганізатары пастанавілі скіраваць на падтрымку сем’яў палітычных зьняволеных. Дабрачынны паказ мод зладзіў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у шчыльным супрацоўніцтве з Фондам “Краіна для жыцьця”, Беларускай радай культуры і іншымі арганізацыямі. Акцыю падтрымаў і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

— Салідарнасьць Беларусі робіць нас мацнейшымі, дае адчуваньне, што, як і год таму, мы працягваем ісьці плячо да пляча ў барацьбе за нашу свабоду, і гэта гарантуе, што мы будзем падтрымліваць адзін аднаго нават у самыя змрочныя часы, – прамовіў выканаўчы дырэктар Фонду салідарнасьці BYSOL Яраслаў Ліхачэўскі.

Студэнты ЭГУ бралі чынны ўдзел ня толькі ў падрыхтоўцы імпрэзы, але і ў стварэньні адмысловай мастацкай інсталяцыі ў гонар знакамітых беларускіх жанчын – актыўнай удзельніцы шматлікіх пратэстных акцыяў Ніны Багінскай, рэдактаркі інфармацыйнага інтэрнэт-парталу Tut.by Марыі Золатавай і Марыі Калесьнікавай, былой прадстаўніцы аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай. Дэфіле перад віленскай Ратушай паставіла кропку ў сэрыі мерапрыемстваў пад назоваю “Беларускія мастакі ў выгнаньні”.