Вільня шчыльна зьнітаваная з пакручастым жыцьцём беларускага і
вялікалітоўскага першадрукара Францішка Скарыны. Сюды ён часта наведваўся ў
юнацтве, а ў сталасьці пражыў тут амаль дзясятак гадоў. У сярэдзіне 30-х гадоў 16
стагодзьдзя асьветнік пакінуў сталіцу Вялікага княства Літоўскага назаўсёды. Аднак
і да сёньняшняга дня ў Вільні засталося багата месцаў, што нагадваюць пра
славутага палачаніна. Сьляды Францішка Скарыны ў Вільні сёлета шукалі чынныя
ўдзельнікі аднайменнага неардынарнага мастацкага пленэру.

Неардынарнага, бо ягоныя ўдзельнікі, мастакі зь Літвы, Беларусі, Польшчы і Латвіі,
мелі шукаць у Вільні сьляды Францішка Скарыны. Творчае мерапрыемства з гэткай
назоваю зладзіла Таварыства беларускай культуры ў Літве разам з Культурным цэнтрам
імя Якуба Коласа і Саюзам мастакоў Літвы пры падтрымцы сталічнага самакіраваньня.

— Тут ужо ня мы выбіралі тэму пленэра, а тэма выбірала нас, – сказаў арганізатар
пленэру старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч. –
Паколькі ўжо праводзім мастацкія пленэры, калі Сойм абвесьціў гэты год Годам
Францішка Скарыны, якраз спаўняецца 500 год, калі ў гэтых мурах выйшла першая
друкаваная кніжка на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і ўсёй Усходняй Эўропы, то
зразумела, што ў нас нават выбару не было, і мы вырашылі далучыцца да гэтай даты і
адзначыць гэта правядзеньнем мастацкага пленэра.

— Францішак Скарына займае ў гісторыі Вільні, у гісторыі беларускага народа
асаблівае месца, – адзначыў старшыня Віленскага гарадзкога клюбу “Сябрына” Валянцін
Стэх. – Гэта дзякуючы яму ў Вялікім княстве Літоўскім, у Вільні была заснаваная першая
друкарня. Дзякуючы яму і яго наступнікам, такім, як браты Мамонічы, Пётр Мсьціславец і
іншыя, Вільня пазьней стала адным з галоўных цэнтраў кнігадрукаваньня ў Эўропе.

— Ён дарагі і нам, літоўцам, – падкрэсьліў дырэктар Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя
Ўрублеўскіх Сігітас Нарбутас. – Яшчэ і з той прычыны, што мы разам зь беларусамі і
ўкраінцамі зьяўляемся нашчадкамі, распаўсюджвальнікамі культуры той самай вялікай
айчыны, Вялікага княства Літоўскага.

Мастацкія пленэры Таварыства беларускай культуры ў Літве ладзіць ужо не
ўпершыню. Прамінулыя зьезды майстроў пэндзляў ды алоўкаў мелі назову “Вільня
вачыма беларускіх мастакоў”. Некаторыя ўдзельнікі папярэдніх пленэраў пастанавілі
ўвекавечыць краявіды літоўскай сталіцы і сёлета. Такім чынам, на прапанову Таварыства
беларускай культуры ў Літве адгукнуліся больш за два дзясяткі мастакоў зь Вільні,
Віцебска, Менску, латвійскай Дурбэ і польскай Гайнаўкі, а таксама Кракава – горада, дзе
месьціцца Ягелонскі ўнівэрсытэт. Менавіта там Францішак Скарына атрымаў ступень
бакалаўра вольных мастацтваў. Апрача саміх мастакоў, ва ўрачыстай імпрэзе ўзялі
чынны ўдзел беларускія і літоўскія грамадзкія і палітычныя дзеячы.

— Як сказаў нават папскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь, Скарына – гэта асоба, якая
лучыць беларусаў зь іншымі краінамі, іншымі нацыянальнасьцямі, адпаведна, і зараз тут
так адбылося, што гэты пленэр злучыў мастакоў розных нацыянальнасьцяў, грамадзянаў
розных краін, – сказаў Аляксандр Адамковіч. – Зразумела, што ня ўсе яго ўспрымаюць
аднолькава. Але для беларусаў гэта – сьвятая асоба, для людзей іншых
нацыянальнасьцяў яна ўсё-ж такі, я сказаў-бы, па-за колам інтарэсаў. Нават спытайся ў літоўцаў – яны далёка ня ўсе ведаюць, хто такі Францыск Скарына. І таму гэты пленэр
нават будзе спрыяць ня толькі дыялогу культур, але і вяртаньню імя Скарыны найперш і ў
літоўскую, і ў польскую культуры.

Каб замежныя госьці лепш пазнаёміліся з асаблівасьцямі старадаўняй літоўскай
культуры, арганізатары мастацкага пленэру пастанавілі зладзіць вандроўку на поўнач
Літвы, у ваколіцы Шаўляў. Мастакі і іхныя спадарожнікі наведалі вёску Найсяй –
мясцовасьць, напоўненую сымбалямі дахрысьціянскай эпохі.

Вандроўнікаў сустрэлі Арэна балтаў – рукатворны пагорак правільнай формы, Музэі
балцкіх зёлак, скульптураў балцкіх багоў, вадзяных лілеяў, а таксама Плошча Сонца і
Возера Шчасьця. Па-над роўнядзьдзю ваколіцаў Найсяй узвышаецца Гара сьвятыні. А
зусім непадалёк адсюль месьціцца іншая гара – Гара крыжоў, месца, куды здаўна
зьбягаюцца шляхі шматлікіх паломнікаў з усяго сьвету. Чынных удзельнікаў вандроўкі
глыбока ўразіў маляўнічы кантраст паміж сучаснасьцю і даўніной, паганствам і
хрысьціяствам.

— Гэта было такое падарожжа ў часе, каб паказаць, як зьмянялася цывілізацыя балтаў ад
паганства да хрысьціянства, – патлумачыў Аляксандр Адамковіч. – І колькі яшчэ мы тут
бачым на Гары крыжоў балцкіх паганцкіх элементаў. І вось гэта хацелася паказаць, як
адна рэлігія накладвалася на другую, як яны трансфармаваліся, як паганскі субстрат
яшчэ, скажам, прыгожа ўпісваецца ў новы хрысціянскі сьветапогляд. Гара крыжоў стала
адным з хрысьціянскіх сімвалаў Літвы, ужо хрысьціянскай Літвы, якая набліжала літоўскую
нацыю да хрысьціянскай эўрапейскай цывілізацыі. Тая самая задача была і ў Скарыны.
Ён друкаваў кнігі, найперш яны былі рэлігійнага зьместу, мы ведаем, большасьць кніг
Бібліі, малітоўнікі, якіх сэнс той самы: наблізіць Беларусь да эўрапейскай культуры, да
эўрапейскай хрысьціянскай культуры, даць Божае слова ў зразумелай для народа мове,
каб народ спазнаваў Божае слова, а ня толькі слухаў прыгожыя сьпевы ў касьцёлах. І
таму адна з гэтых задач – паказаць гэтыя сімвалы, відавочныя сімвалы, відавочныя знакі,
каб тым самым мастакам лягчэй было адчуць Эўропу, адчуць эпоху Сярэднявечча і эпоху
хрысціянскай сярэднявечнай Эўропы.

Сымбалічна, што падводзіць вынікі мастацкага пленэру яго арганізатары пастанавілі у
сьвятыні – віленскай грэка-каталіцкай царкве Сьвятой Тройцы. Дзень, калі творцы мелі
прэзэнтаваць напрацаванае, амаль супадаў зь пяцьсот пятай гадавінай выхаду ў сьвет
“Псалтыра” – першай кнігі, якую Францішак Скарына 6-га жніўня 1517 году, на сьвята
Перамяненьня Гасподняга, выдаў у далёкай Празе.

— Скарына – гэта ня толькі тэхноляг, ня толькі бізнэсовец, ня толькі дзяяч Адраджэньня.
Гэта таксама той, хто даў магчымасьць шырокаму колу людзей нашай зямлі карыстацца
актывам Божага слова, – адзначыў грэка-каталіцкі сьвятар а.Яўген Усошын.

Афіцыйны вэрнісаж арганізатары мастацкага пленэру пастанавілі прымеркаваць да
пачатку міжнароднай навуковай канфэрэнцыі пад назоваю “Францішак Скарына і культура
кнігі Рэнэсансу” напрыканцы верасьня 2022 году. На момант завяршэньня пленэру творы
некаторых мастакоў патрабавалі дапрацоўкі.

Але і закончаных працаў хапіла на невялікую імправізаваную выставу, якая засьведчыла:
майстры пэндзляў і алоўкаў знайшлі ў сучаснай Вільні багата сьлядоў беларускага і
вялікалітоўскага першадрукара.

— Зразумела, што яны знайшлі гэтыя сьляды, таму што былі і каля дошкі Скарыны, і каля
гэтай друкарні, дзе ён друкаваў, і пабачылі вулкі сярэднявечнай Вільні, старажытнага
горада, якімі хадзіў Скарына. Таму ўдзельнікі ўсё гэта адшукалі, усё знайшлі, усё
пабачылі, лічу, узбагацілі свой сьвет і могуць рухацца далей, – сказаў Аляксандр
Адамковіч.

— Ну сам-жа горад усё яшчэ ёсьць, – зьдзівіўся наіўнасьці пытаньня ўдзельнік пленэру,
мастак Кястуціс Шаўліціс. – Менавіта сам горад, які славіўся друкаваньнем,
кнігавыдаўніцтвам. За кожнай кнігай можна бачыць Скарыну. Ён – выдавец, пачынальнік
гэтага рамяства ў Вялікім княстве Літоўскім. Насамрэч гэта чалавек, якога варта
памятаць. Гэта быў сапраўдны рэнэсансавы мастак, герой Адраджэньня. Ён быў ня толькі
выдаўцом, але і садоўнікам, урачом, магістрам сямі вольных навук. Гэтая асоба вельмі
імпануе.

Мастачка Анэтэ Сіманоўска з Латвіі не наведвала Вільню больш за пяць гадоў.
Нягледзячы на тое, што ў сваім мястэчку на паўднёвым захадзе Латвіі яна дагэтуль не сустрэла ніводнага беларуса, беларуская мова і культура ёй зусім не чужыя. Усё
дзякуючы добрым сябрам, якія сталі мастачцы цярплівымі настаўнікамі.
Паводле адукацыі Анэтэ – культуроляг і графік. Каб узнавіць напаўзабытыя навыкі,
наведаць літоўскую сталіцу і далучыцца тут да беларускай культуры, яна і пастанавіла
паўдзельнічаць у сёлетнім мастацкім пленэры. На думку мастачкі, сьляды Францішка
Скарыны ляжаць не на паверхні, іх трэба шукаць у глыбіні гарадзкой прасторы.

— Горад як зьяву я ўспрымаю менавіта гэтак, што гэта як слаі адзін над другім, –
сказала Анэтэ Сіманоўска. – Калі я прыехала ў Вільню, я нібыта знаёмілася з духам
горада. І Францішак Скарына, і дух Вільні ўплывалі адзін на аднаго, мне так здаецца.
Учора пасьля поўдня я хадзіла далей па гораду, і тады мяне мяне дастаў дождж. І я
проста схавалася ад дажджу. Дождж быў ішоў доўга-доўга, і я стаяла, і там, дзе я стаяла,
пачала цячы рака ўсё большая і большая, і на вуліцы было яшчэ большая рака. І я проста
стаяла на адзіным сухім месцы і вырашыла не марнаваць час. І потым, калі дождж крыху
прыпыніўся, я перайшла вуліцу і намалявала агульны від. Я не магу сказаць, калі
дакладна гэта пабудавана, але форма такая агульнарэнэсансавая.

Мастаку-рэстаўратару Чэславасу Палонскісу беларуская культура таксама не чужая.
Нездарма: дзяцінства творцы прайшло каля самай дзяржаўнай мяжы, побач з
Астравеччынай. Там продкі мастака некалі мелі зямельны ўчастак. Таму з маленства
Чэславас Палонскіс ведае і беларускую мову. Каштоўная спадчына дазволіла мастаку
стасавацца з удзельнікамі пленэру зь іншых краінаў. Гэтак вось беларушчына аб’яднала
народы. Зрэшты, як і Францішак Скарына.

— Мае работы зьвязаныя з Францыскам Скарынам. Ён вельмі ў нас знакаміты, нават мы
яго ўшаноўваем, – паведаміў Чэславас Палонскіс. – Я зрабіў адну працу, калі быў канцэрт
каля мэмарыяльнай дошкі, а на другой – таксама фігура Францішка Скарыны. Там не
канкрэтнае месца, таму што ніхто канкрэтна ня ведае, дзе была яго друкарня.

— Такім чынам, шмат мастакоў пазнала і Скарыну, і беларусаў, таму што прыкладна палова – гэта
не беларусы, якія прымаюць удзел у гэтым пленэры. Ну, і таксама калекцыя Таварыства
папоўнілася новымі карцінамі, – падсумаваў Аляксандр Адамковіч.