Адным з чынных удзельнікаў беларускага Купальля на беразе Балтыйскага мора сёлета быў біёляг зь Беларусі, дасьледчык Антарктыкі Дзьмітрый Лукашанец. Надоечы ён стаў палітычным эмігрантам. Зрэшты, навуковец ня скардзіцца на жыцьцёвыя пэрыпэтыі. Нездарма: на новым месцы ў новай краіне яму пашчасьціла не згубіць сябе.
Пасьля таго, як былі абвешчаныя афіцыйныя вынікі чарговых выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у Менску і іншых беларускіх гарадох успыхнулі масавыя пратэсты. Беларускія ўлады жорстка падаўлялі іх. Шматлікія беларусы пастанавілі пакінуць Радзіму. Яны шукаюць спакойнага прыстанку па-за яе межамі. Сярод эмігрантаў апынуўся і беларускі біёляг, дасьледчык Антарктыкі Дзьмітрый Лукашанец.
— Навукоўцам працаваць у Беларусі цяпер вельмі цяжка, – прызнаўся дасьледчык. – Сытуацыя ў Беларусі такая, што ўсё зьмянілася. Я вырашыў ў лістападзе 2020 года памяняць месца жыхарства і працы. Я разаслаў сваё CV. Зь Літвы, з Клайпедзкага ўнівэрсытэту прыйшла вельмі цікавая прапанова ад прафэсара з групы марской біялогіі. Я вырашыў яго падтрымаць і прыехаў сюды працаваць.
Дзьмітрыю Лукашанцу давялося пакінуць пасаду намесьніка дырэктара Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі па біярэсурсах. Навуковец заключыў часовы кантракт зь Інстытутам марскіх дасьледаваньняў Клайпедзкага ўнівэрсытэту. Апрача ўсяго іншага, навукоўца зацікавілі пляны вывучэньня Арктыкі. Нездарма: Дзьмітрый Лукашанец праводзіў палярныя дасьледаваньні на практыцы.
— Мая экспэдыцыя ў Антарктыду – гэта была адна з найбольш уражваючых падзей ў маім жыцьці. Гэта немагчыма забыцца. Прырода, атачэньне… Гэта вельмі цікавае месца на плянэце. Так, сьнег, лёд, але там ёсьць і камяні, і скалы, краявід там, дзе бачна на дзясяткі кілямэтраў удалечыню, чыстае паветра, яркае сонца, моцны вецер – гэта фантастыка насамрэч, – падзяліўся навуковец.
Дзмітрый Лукашанец прызнаўся, што ў Клайпедзе ён не забываецца на свой антарктычны досьвед, таму што спадзяецца: можа быць, некалі літоўскія навукоўцы таксама паспрабуюць дасьледаваць Антарктыку.
— Увогуле я не марскі біёляг. Я больш займаюся наземнымі і прэснаводнымі экасыстэмамі. Такі профіль тут сумежны. Там ёсьць і марскія, і іншыя дасьледаваньні, – зазначыў ён.
Дзьмітрый Лукашанец вырашыў пераехаць разам зь сям’ёю ў Клайпеду. Тут ён зноў стаў карысным грамадзтву. Зрэшты, партовы горад знаёмы яму даўно.
— У спакойныя часы, да 2020 года, мы былі тут некалькі разоў. Тут цудоўны клімат, цудоўны горад, цудоўная прырода, людзі, архітэктура, само аблічча горада вельмі прывабнае, можна сказаць. Літоўцы кажуць, што гэта не зусім літоўскі горад, больш нямецкі, можа быць. Гэта цікава, – сказаў дасьледчык. – Беларусы ёсьць паўсюль. Гэта ня важна, што мы – наземная, сухапутная нацыя. У Антарктыцы беларусы былі даўно, зь першых экспедыцый, яшчэ ў савецкія часы. І першы трагічна загінуўшы чалавек – гэта быў беларус, кіроўца трактара Іван Хмара. З тых пор ня менш як сотня беларусаў пабывала ў Антарктыдзе. Незалежная Беларусь таксама дасьледавала Антарктыку. Антарктыка – гэта не толькі суша, але гэта таксама і мора, таму тут ніякіх супярэчнасьцяў няма. Беларусы паўсюль і будуць яшчэ распаўсюджвацца шырэй і шырэй.
Вось жа пасьля жніўня 2020 году, прынамсі, некалькі дзясяткаў тысячаў беларусаў вымушана апынуліся па-за межамі Беларусі. Зь цягам часу надзеі на хуткае вяртаньне на Радзіму марнеюць.
— Сьвет увайшоў у іншую фазу пасьля траўня, пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair, з усім іншым. Нацыя сфармавалася. Палітычная нацыя беларусаў цяпер зьявілася. Гэта здабытак гэтага перыяду. Але дэмакратычная Беларусь хутка ня зьявіцца, на жаль. Таму што мы пачалі сябе паводзіць як Расея. Гэта трагічна, гэта жаль, гэта жах. Таму ў Беларусь я пакуль вяртацца не магу і не хачу. Там толькі людзі засталіся. Канешне, сумую. Там бацькі, сябры, калегі. Як кажуць нашыя людзі, той Беларусі няма, на жаль. Той краіны няма. Пра сябе я скажу. У мяне былі ілюзіі: у 2018, 2019 годзе здавалася, у Беларусі вось-вось адбудзецца лібэралізацыя. Калі адбыўся жнівень, мы пабачылі, як нас жорстка падманулі. Вось я адчуваю такую віну за тое, што быў такі нэўтральны, па крайняй меры, увесь гэты час. Таму пакуль шляху назад няма. Слава Богу, уся мая сям’я ўжо тут. Будзем працаваць, жыць, уладкоўвацца ў жыцьцё ўжо тут, – падсумаваў Дзьмітрый Лукашанец.