Празь пяцьсот пяць гадоў пасьля таго, як Францішак Скарына выдаў у Празе
“Псалтыр”, у той самай Празе, у выдавецтве “Вясна” выйшла адмысловая кніга пад
назоваю “Гаспадыня восеньскага дому”.
26 жніўня 2022 году прамінула 60 гадоў з дня народзінаў беларускай паэткі і
журналісткі, вядоўцы тэлеперадачы “Віленскі сшытак” на Літоўскай тэлевізіі Тацяны
Сапач.
Некалькі гадоў запар на малой радзіме паэткі, у вёсцы Маркава Маладэчанскага раёну,
што ў Менскай вобласьці, у гэты дзень пачынаўся творчы летнік для маладых паэтаў.
Круглую-ж дату Тацяны Сапач аздобіла выданьне пад цьвёрдай жоўтай вокладкай –
зборнік яе ўсіх вядомых паэтычных твораў, перакладаў, эсэ, а таксама эпісталярнай
спадчыны – цёплых і шчырых лістоў да родных і блізкіх.
— Гэта – пэўнае завяршэньне пэўнага этапу, таму што Тані няма ўжо 12 гадоў, і ўвесь
гэты час я, як прафэсыйны літаратурны рэдактар, мусіў прыдумаць вобраз гэтай кнігі, –
прызнаўся ініцыятар стварэньня кнігі “Гаспадыня восеньскага дому” Сяргей Дубавец. –
Для мяне кніга пачынаецца з вобраза. Гэта даволі доўгі працэс, і тым ня менш, я цалкам
задаволены тым, чым ён завяршыўся.
“Гаспадыня восеньскага дому” – ужо чацьвёрты зборнік твораў Тацяны Сапач. У 1991
годзе на сьвет зьявілася першая яе кніга пад назоваю “Восень”. Празь сямнаццаць гадоў з
друку выйшаў зборнік вершаў Тацяны Сапач зь іх перакладамі на ангельскую мову Веры
Рыч. Дзьвюхмоўнае выданьне атрымала назову “Няхай не пакіне нас восень”. Пасьля
сыходу паэткі у лепшы сьвет зьявілася трэцяя кніга Тацяны сапач зь немудрагелістай
назоваю “Раньнія вершы”.
— У бацькоўскай хаце Тані мы знайшлі рукапісны зборнік вершаў, вельмі акуратна
аформлены, я яго назваў “Раньнія вершы”, – згадаў Сяргей Дубавец. — Там уся гэтая
эвалюцыя відаць, як зь першых спробаў патрапіць у плынь тагачаснай жаночай паэзіі, як
пісалі Данута Бічэль- Загнетава, Раіса Баравікова, усе вельмі любімыя Таняй паэткі, са
школьных вершаў, са студэнцкіх вершаў паступова акрэсьлівалася тая абсалютна
адметная паэтка, якой яна стане ў будучыні. Цяпер мы ведаем, адкуль яна прыйшла, і
гэта больш ня тайна, не загадка для нас.
У 2011 годзе ў нумары 118 віленскага выданьня “Зьвястун Зарэчча” быў апублікаваны
артыкул літаратуразнаўцы Андрэя Антонава пад назоваю “Таня-Таня”. У ім аўтар дзяліўся
з чытачом скрухаю і горыччу з нагоды заўчаснага сыходу Тацяны Сапач у лепшы сьвет, а
таксама падкрэсьліваў фэнамэнальную сьпеласьць і дасканаласьць яе паэтычнага
зборніка “Восень”.
“У 1992 годзе выйшаў яе першы, фактычна адзіны, паэтычны зборнік “Восень”, які бязь
нейкага пераходнага перыяду увёў яе ў шэрагі паэтаў, якія адбыліся і сфармаваліся.
(Магчыма), у Тані Сапач быў час вучнёўства, пробаў голасу, а таксама вершы, якіх варта
саромецца, але гэта засталося па-за кадрам. Чытач яго не заўважыў. У літаратуру яна
ўвайшла цэласнай паэткай. Ёй для гэтага хапіла кніжкі на 48 старонак малюпасенькага
фармату. Была яна паэтам безь мінулага. І, як аказалася, бяз будучыні. Шчасьлівы
літаратурны лёс”, – пісаў у артыкуле Андрэй Антонаў.
— Зборнічак “Восень”, безумоўна, вартасны, – сказаў Андрэй Антонаў, – і я думаю, што ён
перажыў Таню, але і перажыве не адно пакаленьне, і гэта вельмі дасьпелы твор. А да
гэтай усёй тэлевізійнай спадчыны я ня стаўлюся на дадзены момант ніяк.
— Я лічу, што самае важнае, вялікае, самае фундамэнтальнае, што Таня пакінула па сабе
– гэта “Віленскі сшытак”, – сказала мовазнаўца Лілея Плыгаўка. – І яна настолькі там
была засяроджаная, настолькі яна сябе там выяўляла і як паэт, і як журналіст, і як
вядоўца, рэжысэр і гэтак далей, што, магчыма, проста да вершаў, ну, ня тое, што рукі не
даходзілі, але не было такой патрэбы, можа быць, іх больш пісаць, часьцей пісаць, а калі
напісаць, то друкаваць, выпкскаць іх у сьвет. Таму што ейнае дзіця – гэта “Віленскі
сшытак”.
— На жаль, асабліва ў апошнія часы яна перавагу аддавала працы. Бо яна не магла не
працаваць, – сказаў Сяргей Дубавец. – Яна вельмі любіла справу тэлевізійнай
журналістыкі, любіла здымаць дакумантальнае кіно, любіла, каб гэта было пранікнёна,
прыгожа, вельмі прафэсыйна. Пачынаючы з 1995 года, ўмоўна кажучы, у самой Беларусі
беларускага тэлебачаньня ня стала. Пачалася прапаганда, пачалася русіфікацыя, і тое,
што мы сёньня бачым, гэта пэўны апатэоз гэтай імітацыі тэлебачаньня, якая пачалася
тады. І ўсе гэтыя гады Тацяна рабіла прафэсыйную беларускую тэлевізію тут, у Вільні.
— Нашыя адносіны, тыя рамантычныя, маладыя ўзаемаадносіны складаліся ў Менску,
калі мы стваралі разам “Тутэйшых”, калі былі паэтычныя вечарыны ў Менску, – згадаў
паэт і мастак Адам Глёбус. – Вільня – тут быў ужо побыт. Былі дзеці, было тэлебачаньне,
была праца, а тая рамантыка… Не, яна вельмі менскі пэрсанаж.
— Яна вельмі любіла Вільню, і калі ў інтэрвію запыталіся, які горад ёй найбольш
падабаецца, яна сказала, што яна бясконца любіць Вільню, а Менску яна не разумее. Ну,
а іншыя гарады былі пастолькі паколькі, – сказаў Сяргей Дубавец. – Вось была Вільня, і
жыцьцё было ня толькі тэлевізіі прысьвечана, але і Вільні, і беларускім справам, якімі яна
тут займалася. Яна і не была такім паэтам, які павінен сёньня напісаць пяць вершаў. Не
ідзе – то і не ідзе. Тады быў час для ўсіх такі – у сярэдзіне дзевяностых, як сказаў Адам
Глёбус, паэзія пакінула нас, але ўсе мы гатовыя, калі яна вернецца, сустрэць яе ў кожны
момант. Што будзе далей? Адкрыюцца нейкія іншыя ідэі, іншыя вобразы, у якіх будзе
працягваць жыць гэтая паэзія, можа быць, і гэтая тэлежурналістыка, але гэта ўсё жывое
жыцьцё. Важна, каб заўсёды быў этап. Я якраз марыў, што я выдам такі клясычны ва ўсіх
сэнсах томік паэзіі, тым больш, што папярэднія кніжкі былі малатыражныя і выходзілі
даўно, хоць шмат хто іх і захоўвае. Тым ня менш, для больш шырокага і новага чытача я
хацеў, каб зьявіўся такі вось томік.